Салупа́ць ’высоўваць язык, лізаць’, салу́п, салы́п ’аддзеяслоўная часціца, якая азначае частае высоўванне языка’ (Нас., Бяльк.), салапе́ць ’тс’ (Мартынаў, Бел.-укр. ізал., 49), салапа́ць ’высоўваць язык, балбатаць’ (Сл. ПЗБ); сюды ж *селяпа́ць, селепа́ць ’хутка чэрпаць, сёрбаць, хлёбаць лыжкаю’, *саляпану́ць, салепану́ць ’сцябаць чым-небудзь гнуткім’, *селяпа́йла > селепа́йла ’хто хутка чэрпае лыжкаю’ (Нас.). Часцей ужываецца з прыст., параўн. высалапіць, асалапець (гл.). Бел.-укр. ізалекса: укр. солопі́ті, высолопі́ти; у рус. гаворках (солопи́ть ’высоўваць язык, лізаць’, вы́солопить) толькі на сумежных з бел. гаворкамі тэрыторыях (Мартынаў, Бел.-укр. ізал., 49). Фасмер (3, 714) лічыць гукаперайманнем. Паводле Мартынава (там жа; Лекс. Палесся, 14) пранікненне з балт. моў, гл. падрабязна ЭСБМ, 2, 282. Трубачоў (Слав. языкозн. V, 177) высунуў гіпотэзу аб сувязі разглядаемых усх.-слав. слоў са ст.-слав. слѣпати ’скакаць’, рус.-ц.-слав. слѣпати ’цячы, біць крыніцай’; на яго думку, яны працягваюць прасл. дыял. *vysolpiti, *vyselpiti, *vyselpati, *selpati. Гэта сувязь была намечана яшчэ ў Патабні (гл. Патабня, К истории, 206). Фасмер, 3, 715 рускі гідронім Солпа таксама звязваў з вышэйназванымі стараславянскімі і царкоўнаславянскімі словамі, прыцягваючы сюды ж ст.-слав. слапъ ’хваля’, чэш. slap ’парог на рацэ’, серб.-харв. сла̑п, славен. slȃp ’вадаспад; вал, хваля’; сюды ж і балг. слап ’хваля’, макед. слап ’вадаспад’. Агляд усіх версій і семантыкі гл. Анікін, Этимология–1982, 65 і наст., які рэканструюе прасл. *selpati, *sьlpati, *solpъ, якія ўзыходзяць да і.-е. *sel‑ ’скакаць’ з семантычным пераходам ’скакаць’ — ’бурна цячы, струменіць’, уласна кажучы ’скакаць (аб вадзе)’. Прыцягваючы для параўнання яшчэ ўкр. палес. совпатисʼ ’тыкацца, таўчыся’ (гл. і бел. соўпаць(ца)) < прасл. *sъlpati sę (’высунуць язык’, уласна ’выткнуць язык’, а ’тыкацца’ — гэта своеасаблівы варыянт ’скакаць’), для беларуска-ўкраінскай групы ён рэканструюе прасл. *solpati (салупаць) з адпаведнікамі ў славен. slápati ’цячы, выпарацца’, серб.-харв. slàpati ’удараць (па вадзе)’, *solpěti (салапе́ць, славен. slapéti ’сцякаць уніз’, укр. солопі́ти ’глядзець бессэнсоўна’, *selpati ’селепаць’, ст.-слав. слѣпати, *vysolpiti ’высалапіць язык’. Гл. яшчэ Супрун, Веснік БДУ, 1970, 3, 58: бел. асалапець, высалапіць разглядаў як кантамінацыю прасл. *solp‑ і *slop‑, параўн. польск. osłupieć; крытыку яго версіі і гіпотэзы Мартынава гл. Анікін, там жа; гл. яшчэ Скок, 3, 279.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́га1 ’прылада да паганяння, пужка’ (Нас., Шат., Шпіл., Мал., Бяльк., Сцяшк. Сл., Сл. Брэс., Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Гом., Яруш., Гарэц., ТСБМ), púha ’тс’ (Тарн., Маш.), укр. пу́га ’тс’, ст.-польск. pąga, pęga ’раменны біч’ (з XV ст.); Шымкевіч спасылаецца на “валашска-малдаўскае пꙋ́гъ ’пужка’ (Шымк. Собр., 167). Звычайна звязваюць з пуга́ць < пужа́ць ’палохаць’, так ужо Чачот (“púha: bicz włościański i długi pastuszy. Musi pochodzić od pużać, straszyć”, Чач.) і Насовіч, што сустракае пярэчанне, паколькі названы дзеяслоў вядомы пераважна на рускай тэрыторыі, дзе назоўнік малаўжывальны (Праабражэнскі, 2, 148); аднак больш верагодная сувязь з гукапераймальным пуг(у), параўн.: шугу‑пугу кымару (веліжск., Шлюб.), пу́гацьсёрбаць, есці з прысвістам’, што перадае гукавы вобраз сцябання пугай, гл. у Праабражэнскага, 2, 148: “пуга — орудіе, которымъ щелкаютъ, хлопаютъ”, параўн. таксама сцяба́ць ’біць, лупцаваць’ і ’прагна есці, хлябтаць’. Менш верагодна з пу́га ’невялікі круглы прадмет, гузік, шарык’, паколькі такія прадметы прымацоўвалі на канцы (або завязвалі вузел у пугі), параўн. польск. pęga ’kulka ołowiana na rzemieniu do biczowania’, pąga ’coś kulistego’ (Банькоўскі, 2, 537). Страхаў (Балто-слав. этнояз. отнош., 45) следам за Талстым звязвае пу́га ’біч’ і праслав. *pǫga ’вясёлка’, рэканструяванае на падставе польск. сілез. puhga, славен. póga і серб.-харв. кайк. puga ’тс’, і прыводзіць літоўскія паралелі для назваў вясёлкі: diẽvo rykštė ’божы дубец’, orãrykštė, dangaus rýkšte ’нябесны дубец’. Сюды ж, відаць, пу́га ’сцябло без лісцяў’ (Ян.), ’адростак агурка, гарбуза’ (Мат. Гом.), параўн. рус. пле́ти ’сцябліны некаторых раслін’, пу́гавыця ’вяроўка’ (Бес.). Гл. таксама пу́га2.

Пу́га2 ’вага ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, камент., 809), ’журавель у калодзежы’: стаіш стовп, а на ставпу пуга лежыт, а до пугы прывязан ключ (бяроз., Шатал.). Хутчэй за ўсё, да пуга1 з-за знешняга падабенства, параўн. рус. хлыст ’тонкая жэрдка, шост’ і ’пуга, бізун’; менш верагодна да пу́га ’круглы прадмет, патаўшчэнне’ для абазначэння груза на канцы жураўля, гл. пуга3.

Пу́га3 ’божая кароўка’ (брэсц., Цыхун, вусн. паведамл.), сюды ж, магчыма, экспр. пу́га ’той, хто непакоіць, перашкаджае (аб дзецях, малых свойскіх жывёлах)’: чого гэта пуга малая мышае? (драг., Сл. Брэс., З нар. сл.). Узыходзіць да прасл. *pǫgy ’невялікі круглы прадмет, шарык, гузік, патаўшчэнне, вузел’, да семантыкі параўн. вузёл (пра малога хлопчыка) (гл.), балг. въ́зил ’вузел’; жарт. ’малы чалавечак’ і пад. Звычайна параўноўваюць з лат. puőga, puogs ’гузік’, ст.-інд. puñjas ’камяк, маса’ (Фасмер, 3, 400).

Пу́га4 ’жанчына, якая любіць хадзіць па сяле’ (кобр., ЛА, 3). Няясна, магчыма, да наступнага слова.

Пу́га5 ’маланка, разрад’: у буру вялікая пу́га была на небе (брагін., Мат. Гом.). Геаграфічна блізкае бранск. пу́га ’мяцеліца’ (гл. Bałto-słow. zw. jęz., 29) дазваляе звязаць названае слова з лат. pűga ’парыў ветру, віхор’, літ. pugà ’мяцеліца, буран’ і асабліва з выразам versti pugàs ’утвараць шум, мітусіцца’, іншыя паралелі: ст.-ісл. fok: ’мяцеліца, завея’ ад fjúka ’гнаць, мясці’, с.-в.-ням. vochen ’дуць’ (Фасмер, 3, 399); пры гэтым нельга выключыць зрокавую і гукавую асацыятыўную сувязь з пу́га1 (гл.). Паводле Страхава (Балтослав. этнояз. отнош., 45), пу́га ’біч’ — атрыбут славянскага “громовержца” Іллі ў беларускіх і ўкраінскіх калядках: Дзе пугаю махне — там жыта расце.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)