агаро́д, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Участак зямлі засаджаны агароднінай. Мінулі хлеў, між густых зарас[нікаў] кіяшніку і маку, што буяў на агародзе, выбраліся на прыгуменне. Мележ. Хлопчыкі падышлі ўжо блізка да агародаў, як учулі плач на ўскраі вёскі. Лынькоў.

2. ‑у. Агародныя культуры. На папялішчы тым сусед Сабе пасеяў агарод. Астрэйка.

•••

Агарод гарадзіць гл. гарадзіць.

Кідаць каменьчыкі ў агарод чый гл. кідаць.

Пусціць казла ў агарод гл. пусціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разду́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад раздуць.

2. у знач. прым. Разм. Павялічаны ў аб’ёме, уздуты. Зброі ў .. [Жэнькі] не было бачна, але Таццяна звярнула ўвагу на адтапыранае крысо кажуха і на раздутыя кішэні. Шамякін. Піліп — наш сусед, і ў яго сапраўды быў вол, шэры, худы, з раздутым, пераплеценым жыламі жыватом. Ваданосаў.

3. перан.; у знач. прым. Разм. Непамерна павялічаны, неапраўдана вялікі. — У нашым цэху празмерна раздутае сярэдняе звяно. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ссы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; заг. ссып; зак., што.

1. Сыплючы, сабраць разам (што‑н. дробнае або сыпкае). Пакуль Яўгена не было, мы старанна заслалі карычневымі коўдрамі ложкі, падмялі падлогу,.. а ўсё смецце ссыпалі ў скрынку. Савіцкі. Навыбірае сусед кашы тры бульбы, гладкай, жаўтавата-белай, і ссыпле ў мяшок. Кулакоўскі.

2. Скінуць уніз, заставіць упасці (што‑н. дробнае, сыпкае). Прыйшла машына, ссыпала зерне і паехала зноў у поле. Скрыган.

ссыпа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да ссы́паць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няда́ўні, ‑яя, ‑яе.

1. Які адбыўся ў недалёкім мінулым, незадоўга да сучаснага моманту. Хай змываюць хмары чыстымі дажджамі След вайны нядаўняй, што прайшла лясамі. Куляшоў. // Які існуе мала часу, узнік, з’явіўся нядаўна. Нядаўняе знаёмства. □ Старэюць многія нядаўнія песні. Караткевіч.

2. Які быў кім‑н. незадоўга да сучаснага моманту. [Ніна] ішла.. па вуліцы Мінска і раптам сустрэла свайго нядаўняга педагога. Шчарбатаў. [Каця] чакала Аўдоццю, але тая доўга не выходзіла з хаты. — Каго пільнуеце? — Да яе падышоў хлопец, нядаўні сусед. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папуля́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Просты, зразумелы, даступны (па зместу, мове, форме і пад.). Папулярная літаратура. Папулярная музыка.

2. Які карыстаецца сімпатыямі грамадскасці, шырока вядомы. Яго [Каліноўскага] імя было вельмі папулярным сярод мае. Ларчанка. Па той зацікаўленасці, якую праяўлялі палітвязні да Мікодыма Вайцяхоўскага, Максім здагадаўся, што яго новы сусед сярод палітвязняў з’яўляецца папулярнай асобай. Машара. // Распаўсюджаны, шырока вядомы. Папулярная песня. □ Верш [М. Танка] «Спатканне» — адзін з лепшых і найбольш папулярных у свой час узораў грамадзянскай лірыкі паэта давераснёўскай пары. Бугаёў.

[Ад лац. popularis — народны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

задаво́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; заг. задаволь; зак., каго-што.

1. Выканаць, ажыццявіць чыё‑н. патрабаванне, жаданне і пад. Задаволіць попыт спажыўцоў. □ Нікіфаровіч ахвотна задаволіў .. просьбу [Шавейкі]. Броўка. // Заспакоіць, наталіць. Хлопцы ж, сярод іх і Барыс, мелі добры апетыт, але не заўсёды мелі чым яго задаволіць. Лось. Я застаюся адна. І ніяк не магу задаволіць сваю прафесійную цікавасць: з кім я еду, хто мой сусед... Васілевіч.

2. Даць, прынесці каму‑н. задавальненне чым‑н. Адказ зусім задаволіў маладую жанчыну, а Пракоп адчуў некаторую палёгку. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гатава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; заг. гатуй; незак., што.

1. Варыць, рыхтаваць ежу. Вячэра, якую гатавала Вера, яшчэ не зварылася. Мікуліч. А маці старалася і яду гатаваць госцю лепшую, не зважаючы на яго пратэсты. Колас. // Кіпяціць (ваду, чай).

2. Разм. Рыхтаваць, прыводзіць што‑н. у прыгодны для выкарыстання стан. Гатаваць насенне да пасеву. □ Я па вуліцы крочу. Калгаснік-сусед Воз вязе, поўна збожжам нагружаны. Расчыняйце вароты, гатуйце засек, Сустракайце вясёлымі ружамі! Панчанка. // Рабіць запас чаго‑н.; нарыхтоўваць. Гатаваць дровы на зіму.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ду́жы, ‑ая, ‑ае; дуж, дужа.

1. Значнай фізічнай сілы; здаровы, вынослівы. Першы сусед, які прыйшоў пабачыцца з .. [Антосем], быў Яўхім Мядзведзь, дужы, здаравенны мужчына, заядлы паляўнічы. Чарнышэвіч. Спадабалася і сама гаспадыня, гэткая працавітая калгасніца, дзябёлая, дужая. Шамякін. Узяўся за гуж, не кажы, што не дуж. Прыказка. / Пра часткі цела. Юркавы рукі былі нязвыкла дужыя і па-мужчынску ўпэўненыя. Карпаў.

2. Разм. Вялікі, значны па ступені праяўлення, велічыні. Дужы вецер. Дужы мароз. □ Хвалі дужыя падпёрлі Лёд цяжкі. На дне ракі Тлустыя самы замёрзлі, Спяць пра лета шчупакі... Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасаро́міць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., каго.

1. Зрабіць так, каб было сорамна каму‑н.; пасарамаціць. Данілка хацеў пасароміць хлапчукоў, але яго апярэдзіў сусед. Кавалёў. Маша знайшла конюха і пасароміла яго за.. [дрэнныя] сані, загадала зацягнуць іх на вышкі. Шамякін. — Ты ведаеш, як пасароміў мяне гэты малады чалавек? — звярнуўся Аркадзь Цімафеевіч да Веры Васільеўны і расказаў, як Андрэй вырашыў асушыць Галы. Дуброўскі.

2. Зняславіць, абняславіць. Вучань я быў кемлівы, настаўніка не пасароміў. Шамякін. Сэрца маці згаджалася, а розум пратэставаў, баяўся, каб, крый божа, не нарабіла глупства па дурноце... Не пасароміла б сябе і яе, матку... Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слуха́ч, ‑а, м.

1. Той, хто слухае каго‑, што‑н. Халімону сусед патрэбен быў, каб мець слухача. Галавач. А калі пачалі выступаць салігорцы, нельга было знайсці такога слухача, які б не захапляўся. Кулакоўскі. Толькі грыбы засядаюць маўкліва — Песням патрэбны свае слухачы. Агняцвет.

2. Навучэнец некаторых навучальных устаноў. Слухач ваеннай акадэміі. Слухач палітасветных курсаў. □ — Гэта слухачы інстытута ўдасканалення ўрачоў, — сказаў хтосьці. Мяжэвіч.

3. Спец. Работнік радыёсувязі, які прымае на слых сігналы, што перадаюцца па радыё.

•••

Вольны слухач (уст.) — асоба, якая дапушчана да заняткаў і экзаменаў у вышэйшай навучальнай установе без залічэння студэнтам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)