мінулаго́дні, ‑яя, ‑яе.

Які мае адносіны да мінулага года; леташні. Мінулагодні тэатральны сезон. Мінулагоднія моды. // Які застаўся, захаваўся ад мінулага года. У затоне, паміж сухіх мінулагодніх чаротаў, раптам голасна закрычаў качур. Краўчанка. Гірляндамі вісяць на .. яловых лапках мінулагоднія шышкі. Зуб. // Зроблены, створаны ў мінулым годзе. Успомніўшы, відаць, мінулагодні праект моста, [дырэктар] махнуў рукой і сур’ёзна сказаў: — Добрую справу не забракуеш: яна праб’е сабе дарогу. Рунец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ната́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Кароткі запіс аб чым‑н. Да гэтую справу Сцёпка глядзеў сур’ёзна. Чытаючы, рабіў сякія-такія нататкі, выпіскі. Колас. [Люба] дастане запісную кніжку і спешна пачала чытаць карандашныя нататкі. Гартны. // Кароткае пісьмовае або друкаванае паведамленне; артыкул. Сонцаў перапісаў некалькі радкоў з газетнай нататкі. Мележ. [Шуст:] — Я чытаў, выступаў на сходах, пісаў нататкі для насеннай і гарадской газет. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ванта́жыццасур’ёзна, не на жарт бароцца’ (Мядзв.). Можна вылучыць некалькі версій, звязваемых з рознымі значэннямі гэтага слова. Рус. вантажиться, вантажничать ’адводзіць шмат часу заляцанням’ (адкуль вальтажиться ’тс’), укр. вантаж ’карысць, выгада’ да франц. avantager ’садзейнічаць; павялічваць долю’ (Фасмер, 1, 270); параўн. польск. (у сярэднія вякі) awantaż ’даход, набытак’. Укр. вантаж, вантага ’груз’, вантажити ’грузіць’. Рудніцкі (1, 309) услед за Шавялёвым (ZfslPh, 23, 146–167) выводзіць з ватага, тлумачачы ‑н‑ як аргатычны інфікс; параўн. рус. ватажаться ’вадзіцца’ (Дабр., 53). Гэту версію аспрэчвае Краўчук (ВЯ, 1968, 4, 130), які схіляецца да думкі, што зыходным значэннем укр. вантажити было ’звязваць, абмотваць, загортваць’, вантажити да вантух ’вялікі мех, грубае палатно для запакоўкі’. З апошняй версіі і трэба, відаць, выводзіць бел. вантажыцца з развіццём значэння ’звязвацца > вазіцца > бароцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

то́лкам, прысл.

1. Так, каб было зразумела. — Які ячмень, хто пастрыг, раскажы толкам? — звярнуўся да Волькі Міхал. Васілевіч. — Ды раскажы ты [Віктар] толкам, у чым справа? — нецярпліва крыкнуў Мірон. Маўр. // Сур’ёзна, не жартуючы. [Цётка Ганна:] — Яму гаворыш, гаворыш толкам, а ён [доктар] пра перадачу знайшоў час думаць. Лынькоў.

2. Добра, як належыць. Праверылі — кучы не ўсе толкам зложаны. У некаторых месцах куча гною асобна, а торф асобна. Ермаловіч. // Доказна, лагічна. Аб выніках даследавання даложана толкам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паве́даміць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., каму (зрэдку каго-што), што, аб чым, пра што, з дадан. сказам і без дап.

Давесці да ведама. Паведаміць начальству аб здарэнні. Яна паведаміла, што не прыйдзе на работу. □ Трэба так ці сяк паведаміць дзеда Талаша ці каго-небудзь з яго сяброў. Колас. Роўным і як быццам спакойным голасам паведаміла радыстка пра сігналы з эсмінца. Кулакоўскі. // Расказаць, сказаць. Мой тата прыехаў, сур’ёзна паведаміла Марынка. Васілевіч. // Даваць якія‑н. звесткі. Паведаміць міліцыі. Паведаміць суду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зірну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Кінуць позірк; глянуць, паглядзець. Старыя зірнулі адзін на аднаго, паківалі галовамі. Новікаў. Куды ні зірнеш — усюды іскрыстая бель, аж слепіць вочы. Машара. // Заглянуць куды‑н. Зірнуць за вугал. □ Бондар падышоў да акна, зірнуў на двор. Навуменка. // Глянуць, каб даведацца пра што‑н. [Сашка] яшчэ не ведаў, што гэта за шум такі на вуліцы, і выбег зірнуць. Чорны.

2. перан. Аднесціся да каго‑, чаго‑н. якім‑н. чынам, ацаніць як-небудзь. Другая падзея прымусіла.. [Максіма] яшчэ больш сур’ёзна зірнуць на самога сябе. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сухо́ты, ‑аў; адз. няма.

1. Тое, што і туберкулёз. Казінае малако лічылася найлепшым ратункам ад сухотаў, ад усякай знямогі, кашлю, болю ў грудзях. Кулакоўскі. // перан. Жарт. Пра адсутнасць грошай, безграшоўе. Цапнуў, лапнуў [Васіль] па кішэнях — сухоты. Гроднеў.

2. Разм. Клопат, непрыемнасць. — Праўда, Янка! — падтрымаў Тукалу Лабановіч і потым сур’ёзна сказаў: — Мы не цягаемся, а ідзём да пэўнай мэты, каб рабіць сухоты цару, разумееш? Колас. Бабка хуценька дастае з куфра банькі, выцірае іх ручніком. — Ой, божа ж мой, і адкуль на маю галаву сухоты такія... Каліна.

•••

Скарацечныя сухоты (уст.) — туберкулёз, які хутка развіваецца і прыводзіць да смерці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

безадка́зны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не нясе адказнасці ні перад кім. [Галавенька Громаву:] — Безадказны ты нейкі, папраўдзе, як малое дзіця. Лупсякоў. // Які не атрымліваецца пачуццём адказнасці. А сказаць трэба сур’ёзна і горача, каб.. [Маша] паверыла, каб зноў не палічыла гэта за легкадумны жарт, за яго [Славікаву] звычайную безадказную балбатню. Шамякін.

2. Які працуе безадмоўна, без перабояў. [Іван Іванавіч:] — Для палёту да другіх планет трэба было сканструяваць лёгкі, зручны і безадказны рухавік. Гамолка.

3. Які без пярэчання выконвае ўсе загады, распараджэнне, бездакорны, беззаганны. Бяссільная [Сымонава] злосць вылілася на Машку, яго безадказную памочніцу, і ясна стала, якая яна, гэтая злосць, горкая, дзікая і дурная. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здзе́кавацца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; незак., з каго-чаго.

1. Мучыць, катаваць каго‑н. Здзекаваўся [пан] з людзей, забіваў іх бізунамі і такія вытвараў штукі, што ўрэшце і зямлі цяжка стала насіць яго. Колас. На вачах у маці здзекаваліся з Валодзі, паласуючы гумавымі бізунамі худзенькае хлапчукова цела. Новікаў.

2. Груба, зняважліва высмейваць, абражаць каго‑, што‑н.; кпіць з каго‑, чаго‑н. Славік, зразумеўшы, што.. [Маша] знарок здзекавалася з яго, надзьмуўся, ужо зусім сур’ёзна думаючы, як бы ёй адпомсціць. Шамякін. Даніка ў Галынцы не любілі толькі Палуянавы хлопцы. І здзекаваліся яны з яго нядоўга, пакуль ён не «ўвабраўся ў сілачку». Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ска́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., што.

Агаляць, паказваць зубы (звычайна пра жывёлу). Сытыя коні то нагінаюцца раз-поразу да высокай травы, то гуляць вушы, скаляць зубы і паіўкваюць адзін па аднаго. Брыль. Падаляка качаргою падварушваў дровы ў печцы і скаліў зубы, крывячыся ад гарачыні. Пестрак.

•••

Скаліць (шчэрыць) зубы — смяяцца, рагатаць; насміхацца. Хлопцы пырснулі ад смеху. [Інструктар райкома:] — Ну, хопіць... Справа сур’ёзная, а вы зубы скаліце. Новікаў. Усе засмяяліся, а Рыгор зазлаваў: — Я сур’ёзна кажу, а ты зубы скаліш! Шашкоў. [Леснічыха:] Ат, што мне зубы з табой скаліць! Няма ў мяне часу на гэта. Козел. [Левановіч:] — Ну, ты, Фарафонаў, з мяне зубы не скаль. Я старэй за цябе... Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)