Ступе́нь ‘выступ лесвіцы’, ‘этап у развіцці’, ‘мера якасці, дзеяння’, ‘вучонае званне’ (ТСБМ), ‘ступня; крок’ (Нас.), ‘ступня; крок; мера якасці, градус’ (Байк. і Некр.), ‘ступня’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк., Ян.), ‘крок’ (Шымк. Собр., ТС), ‘ступак; ступня’ (ЛА, 3), ‘мера, роўная чалавечай ступні’ (Пятк. 2), ступі́нь ‘ступня’ (Дразд.), сту́пынь ‘тс’ (кам., КЭС), параўн. ст.-бел. степень ‘парог, лесвіца’ (Ст.-бел. лексікон), стопень ‘ступень, этап’ (там жа). Укр. ступі́нь ‘крок’, рус. ступе́нь ‘выступ лесвіцы’, в.-луж. stupjeń ‘чаравік’, ‘мера праяўлення якой-небудзь якасці; працэнт’, н.-луж. stupjeń ‘лямцавы чаравік’, чэш. stupeň, славац. stupeň ‘ступень’, серб.-харв. сту́пањ, славен. stọ̑pənj, балг. стъ́пен. Прасл. *stǫpenъ. Дэвербатыў да *stǫpiti (гл. ступіць) з суф. ‑enь; гл. Фасмер, 3, 788; Шустар-Шэўц, 1371; Махэк₂, 590; Бязлай, 3, 321. Борысь (578) праславянскім лічыць *stepenь (параўн. рус. степень, серб.-харв. сте̏пен, балг. сте́пен, макед. степен, ст.-слав. степень) ад незахаванага *steptiступіць, стаць’, на якое пазней паўплываў дзеяслоў *stǫpiti. Сюды ж ступе́ніць ‘ісці’ (навагр., Шн.). Параўн. стапа, стопень, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

непадкава́ны і непадко́ваны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае падкоў. Настала зіма, галалёдзіца. Непадкаваны конь і кроку не ступіць. А падкоў няма. Жычка.

2. перан. Разм. Які не атрымаў ведаў у якой‑н. галіне. [Лабановіч:] — Бяда наша, Янка, у тым, што мы непадкаваныя, невялікая наша адукацыя, каб правільна падысці і крытычна паставіцца да праграмы розных палітычных партый. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праступі́ць, ступіць; зак.

Выступіць знутры на паверхню, прасачыцца наверх. Палкавы камісар ішоў пахістваючыся. Праз бінт на руках усё больш праступала крыві. Лупсякоў. // Выступіць, паказацца праз што‑н. Коратка падстрыжаныя валасы ў .. [Кіры] трохі раскудлаціліся, на смуглых шчоках праступіў румянец. Карпаў. // Стаць злёгку бачным. Потым у яго вачах у цемрадзі праступіла светлая пляма. Кандрат здагадаўся, што гэта сядзела Параска. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жывёла, ‑ы, ж.

1. Усякая жывая істота, акрамя раслін. Дзікія жывёлы. Млекакормячыя жывёлы. // Усякая жывая істота ў процілегласць чалавеку. Ні чалавек, ні жывёла не можа ступіць на гэтыя нетры Гнілога балота. Колас.

2. зб. Свойская сельскагаспадарчая скаціна і птушка. Племянная жывёла. Пагалоўе жывёлы. Буйная рагатая жывёла. □ Другі гурток другой жывёлы, Дзесятак кур, пявун вясёлы Каля платоў чарвей шукалі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

панасыпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. і чаго. Насыпаць чаго‑н. у многіх месцах, усюды або ў вялікай колькасці. Панасыпаць курганы. □ За мінулую ноч столькі ўсюды панасыпала снегу, што і кроку ў бок ад дарогі нельга ступіць. М. Стральцоў.

2. Сыплючы, напоўніць усё, многае. Каля свірка хлопцы згружалі з фурманак мяхі з жытам і лаяліся.. — Бач ты, панасыпалі, як завязаць. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аступі́цца, аступлюся, аступішся, аступіцца; зак.

Разм.

1. Няёмка, няўдала ступіць. Імкнучыся хутчэй ісці, ён [Клышэўскі] аступіўся і ўляцеў па шыю ў самую багну. Броўка. Я.. пабег у Зачэпічы. Ля Барылавай кузні аступіўся, падвярнуў нагу. Бажко.

2. перан. Памыліцца ў чым‑н. [Старшыня:] — Я наогул думаю: добра чалавек робіць — пахвалі, аступіўся — крытыкуй, не запускай. Прокша. А што, калі ў чым аступішся, не тое скажаш? Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

капры́за, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е, Т ‑ай, ж.

Разм. Капрызны чалавек, капрызнае дзіця. Не ў казцы жылі, а ў сяле Сяміцвет — І тата, і мама, і бабка, і дзед. А ў іх быў любімы сыночак-унук — Раздура, распуста, капрыза Янук. Яго абувалі, Яго разу валі, Яго апраналі, Яго распраналі, Лішняга кроку Ступіць не давалі... Муравейка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узысці́, -ыду́, -ы́дзеш, -ы́дзе; -ышо́ў, -шла́, -ло́; -ыдзі́; зак.

1. Ідучы, падняцца наверх.

У. на ўзгорак.

У. на другі паверх.

2. Ступіць, уз’ехаць на паверхню чаго-н. або ўвайсці, уехаць куды-н.

У. на кладку.

Цягнік узышоў на мост.

У. на двор.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пра нябесныя свяцілы: узняцца над гарызонтам.

Сонца ўзышло.

4. Праросшы, паказацца на паверхні глебы (пра пасеянае).

Лубін густа ўзышоў.

|| незак. узыхо́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць і усхо́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць (да 1 знач.).

|| наз. узыхо́д, -у, М -дзе, м. (да 1 і 3 знач.) і узыхо́джанне, -я, н. (да 1 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

саступі́ць, -ступлю́, -сту́піш, -сту́піць; -сту́плены; зак.

1. Пакінуўшы якое-н. месца, перайсці на іншае.

С. на тратуар.

С. з ганка (спусціцца).

2. што і чаго. Добраахвотна адмовіцца ад каго-, чаго-н., перадаўшы каму-н. іншаму (разм.).

С. сваю чаргу.

С. месца ў аўтобусе (вызваліць для іншага). Не саступім ворагу зямлі роднай (не здадзім).

3. Перастаць супраціўляцца, пярэчыць; пайсці на ўступкі (разм.).

Ён жа малы, трэба яму с.

4. Аказацца горшым у якіх-н. адносінах пры параўнанні з кім-, чым-н.

У ведах па геаграфіі ён не саступіць нікому.

5. што. Пры продажы аддаць танней вызначанай цаны.

Каб саступіла трохі, то можна купіць і больш яблыкаў.

|| незак. саступа́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

уступі́ць¹, -уплю́, -у́піш, -у́піць; зак.

1. у што. Увайсці, уехаць куды-н.

Войскі ўступілі ў горад.

2. у што. Стаць членам, дзеячам, удзельнікам чаго-н.

У. у прафсаюз.

У. у калгас.

3. у што. Пачаць рабіць што-н. або прыйсці ў які-н. стан (у адпаведнасці са знач. наступнага назоўніка).

У. у бой.

У. у спрэчку.

У. у шлюб.

У. у законную сілу.

Новы завод уступіў у строй.

4. у што. Стаць нагой у што-н.

У. у лужыну.

5. на што. Ступіць на каго-, што-н.

У. на нагу.

|| незак. уступа́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е (да 1—4 знач.).

|| наз. уступле́нне, -я, н. (да 1—3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)