гарто́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Высокага гарту. Гартоўная сталь. / у перан. ужыв. Песні дай у горны! Трэба і іх напаліць дачырвона, Каб вораг не мог іх таптаць больш нагамі, Каб, ударыўшы словам гартоўным, Адказваў полымем камень. Танк.

2. перан. Стойкі, вынослівы. [Вардомскі] з цікаўнасцю выслухаў.. мае пераказы назіранняў за Паўлам Пятровічам. — Гартоўны стары... Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нездаво́лены, ‑ая, ‑ае.

Які адчувае нездавальненне. Бушмар стаяў, як жывы, у .. [Аміліных] вачах, з ссунутымі брывамі, нездаволены, упарты... Чорны. // Які не атрымаў задавальнення ад каго‑, чаго‑н. Толькі мы адплылі, як да буфетнай стойкі падышоў пахмурны, нечым нездаволены пасажыр. В. Вольскі. Пані Ганна была вельмі нездаволена паводзінамі дзяцей. Бядуля. // Які выражае нездавальненне. Нездаволены позірк. Нездаволены голас. Нездаволены выраз твару.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жураве́ль 1, ‑раўля, м.

Вялікая балотная пералётная птушка з доўгімі нагамі і шыяй, з доўгай прамой дзюбай. Жураўлі праляталі над полем, Забіраючы лета з сабой. Колас. І вядуцца на балотах Жураўлі ў густых чаротах. Гурло.

жураве́ль 2, ‑раўля, м.

Прыстасаванне пры калодзежы для даставання вады, якое складаецца са стойкі, рычага-вагі і вочапа. Журавель варухнуўся, хутка падаўся вочапам уніз да вады. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цвёрды, -ая, -ае.

1. Які складаецца са шчыльна прылеглых частак, не мяккі, стабільны па форме пры нармальных умовах, у адрозненне ад вадкага і газападобнага.

Цвёрдае паліва.

Цвёрдае рэчыва.

2. Які з цяжкасцю паддаецца сцісканню, згінанню, рэзанню і пад.

Цвёрдая драўніна.

Цвёрдая зямля.

3. перан. Стойкі ў сваіх перакананнях, непахісны.

Ц. намер.

Цвёрдае рашэнне.

4. Устойлівы, трывалы, стабільны.

Цвёрдыя цэны.

Цвёрдая зарплата.

5. Добра засвоены, трывалы, грунтоўны.

Цвёрдае веданне прадмета.

Цвёрды знак — назва літары «ь» у рускай азбуцы.

Цвёрдыя зычныя — зычныя гукі, якія вымаўляюцца без набліжэння сярэдняй часткі языка да цвёрдага паднябення.

|| наз. цвёрдасць, -і, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Стаўпе́ц ‘брусок у граблях, куды ўстаўляюць зубы’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк., Шатал., З нар. сл., Нар. сл., Мат. Гом.), ‘прыстасаванне (слупок) для трапання льну’ (Сл. ПЗБ, Шатал., Сцяцко Сл.), ‘слуп’, ‘дэталь у калаўроце’, ‘палена, кругляк’, ‘станок, на якім рабілі ніты’ (Сл. ПЗБ), ‘прылада, пры дапамозе якой вяжуць ніцяныя петлі’ (Жд. 1), стоўпе́ц (ТС), сто́ўпец (Мат. Гом.), ‘прылада для трапання льну’, стаўпцы́стойкі варот’ (З нар. сл.), стопэ́ць ‘слупок’ (Сл. Брэс.), стоўбцы́, стоўпци́ ‘ножкі мялкі, падстаўкі ў калаўроце’ (Уладз.). Дэрываты ад стоўб, стоўп (гл.) з суф. ‑ец.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бар 1, ‑а, м.

1. Невялікі рэстаран або частка рэстаране, дзе наведвальнікаў абслугоўваюць ля высокай стойкі. У бары былі асобныя пакоі, дзе сталыя наведвальнікі маглі займацца картачнай гульнёй. Лынькоў.

2. Невялікі буфет або аддзяленне ў шафе, буфеце для він.

[Англ. bar.]

бар 2, ‑а, м.

Спец. Адзінка вымярэння ціску.

[Ад грэч. baros — цяжар.]

бар 3, ‑а, м.

Падводная пясчаная наносная мель у прыбярэжнай паласе мора перад вусцем ракі.

бар 4, ‑а. м.

Спец. Галоўная рабочая частка ўрубавай машыны і горнага камбайна, якая ўгрызаецца ў народу.

[Англ. bar.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нязло́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якога нельга перамагчы, знішчыць; вельмі моцны. Няхай грыміць па белым свеце слава Пра шчасце мірнае, пра Новы год, Пра родную савецкую дзяржаву, Пра мужны і нязломны наш народ. Астрэйка. Ішлі мы ў маршах агнявых Нязломнай грознай сілай. Хведаровіч.

2. перан. Стойкі, цвёрды ў перакананнях, намерах і пад. Фучык сціснуў карандаш да болю, Ён маўчыць, нязломны камуніст. Ляпёшкін. // Які выражае цвёрдасць, стойкасць. Нязломная вера. □ [Вольга:] — А пра Буралома я табе дам знаць. Гэта — правакатар. Такое маё нязломнае перакананне. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непада́тлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не паддаецца або з цяжкасцю паддаецца якому‑н. уздзеянню. Кожны дзень экскаватар, паслухмяны волі чалавека, вурчаў, дрыжучы ўсім целам, злаваўся, угрызаючыся зубамі ў непадатлівы гліністы грунт. Сапрыка. Тонкія і жвавыя пальцы паненкі доўгі час бездапаможна перабіралі тоўстую вяроўку, канец якой намок, стаў тугі і непадатлівы, нібы карабельны канат. Карпюк.

2. Няўступчывы, упарты. Вера, гуллівая на словах, была на дзіва ўпартая і непадатлівая. Сачанка. // Стойкі, непахісны. Абы пачынаў [Анатоль] пра што думаць, паўставала Іза, абражаная, але непадатлівая бядзе, гордая і ўпэўненая. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усто́йлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны цвёрда стаяць, трымацца, не хістаючыся, не падаючы. Напэўна, у нашым выратаванні немалая заслуга і лодкі, вельмі пад’ёмістай і ўстойлівай на вадзе. Кірэенка. Цягуча, нудна скрыпіць пад нагамі верхняя ступенька канторскага ганка, і я хутчэй ступаю на ніжнюю, больш устойлівую. Палтаран. Вось нарэшце зямля — цвёрдая і ўстойлівая. Мележ.

2. Які не паддаецца зменам, хістанням; пастаянны. Устойлівыя цэны. Устойлівая валюта. Устойлівы характар. □ Перадавыя раёны і гаспадаркі абавязаліся дасягнуць высокіх, устойлівых ураджаяў сельскагаспадарчых культур. «Звязда». // Замацаваны традыцыяй. Устойлівы звычай.

3. перан. Які не паддаецца пабочнаму ўплыву, змяненню; стойкі. Устойлівыя погляды.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непахі́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, што нельга пахіснуць; устойлівы. Светлаю любоўю да Радзімы, Сілай непахіснай у плячах Услаўляем вобраз мы любімы — Дарагія рысы Ільіча! Звонак.

2. Цвёрды, стойкі (у сваіх намерах, перакананнях і пад.). Лірычны герой вершаў В. Таўлая паўстае перад чытачом як непахісны барацьбіт за шчасце народа. Шкраба. Ты [баян-кабзар] прайшоў яго [шлях], Як асілак-змагар непахісны, І агню твайго Не згасіў ніхто. Колас. // Які ўласцівы такому чалавеку. Усю гэтую навалу вытрымала, выстаяла і перамагла непахісная воля народа. Паслядовіч. Характар у.. [бацькі] цвёрды і непахісны, як скала. Пянкрат. // Які выяўляе стойкасць, цвёрдасць. Хлопцы адчулі палёгку і непахісную ўпэўненасць у сваёй незалежнасці. Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)