зза́ду, прысл. і прыназ.

1. прысл. З тыльнага боку, з-за спіны, за спіной; проціл. спераду. — Ці не гэты самы ты кажух шыў? Ззаду ўточка з жаўцейшай аўчыны. Чорны. [Галя] адчула, як нехта раптам тузануў яе ззаду за касу. Арабей. — Надзька, ідзі, калі клічуць, — чуліся галасы ззаду. Гроднеў. // На некаторай адлегласці за кім‑, чым‑н.; услед. Я ішоў на крок ззаду за сваім бацькам. Колас.

2. прысл. У мінулым. Самыя горшыя дні засталіся ззаду... Маўр.

3. прыназ. з Р. За кім‑, чым‑н. — Рыгор, на хвілінку, — пачуў ён ззаду сябе. Гартны. Ззаду.. [дома] рос малады садок, абсаджаны кустамі парэчак, агрэсту і маліны. Чарнышэвіч.

•••

Застацца ззаду гл. застацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тры, трох, тром, трыма, (аб) трох, ліч. кольк.

1. Лік і лічба 3. Напісаць лічбу тры. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 3. Тры кніжкі. Тры дарогі. □ Садок быў, праўда, невялічкі: Дзве верабіны ды тры дзічкі. Колас.

2. Тое, што і тройка (у 2 знач.).

•••

Бачыць на тры аршыны (на тры сажні) пад зямлёю гл. бачыць.

Гнуцца ў тры пагібелі гл. гнуцца.

Гнуць у тры пагібелі гл. гнуць.

Да трох не гавары каму гл. гаварыць.

Заблудзіць у трох соснах гл. заблудзіць.

За тры крокі ад каго-чаго гл. крок.

Злупіць тры скуры гл. злупіць.

Тры чвэрці да смерці гл. чвэрць.

Уткнуць (уваткнуць, усунуць, уставіць) свае тры грошы гл. уткнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Се́жа ‘сетка, якой перагароджваюць раку’ (Бяльк., Жд. 1; уздз., Сл. ПЗБ), ‘перагародка на рацэ, на вузкіх праходах пры спадзе вады, закота’ (шальч., Сл. ПЗБ; Дэмб. 2), ‘стаўная сетка ў выглядзе мяшка з крылом’ (мёрск., ЖНС), ‘рыбны садок на рацэ’ (Гарб.), ‘засада на зайца, дзіка і мядзведзя’ (Пятк. 2), сеж ‘сежа’ (Дэмб. 2), сі́жа (у рыбалоўстве) (мсцісл., Янк. 3.), ст.-бел. сеж ‘перагародка на рацэ’ (Статут 1588 г.). Укр. се́жа, сіе́жа, сяжа́, сьіж ‘тын на рацэ для лоўлі рыбы’, рус. се́жа ‘сетка або прыстасаванне на рацэ для лоўлі рыбы’, ст.-рус. сѣжа ‘рыбалоўная сетка’, серб.-харв. сје̋ђа ‘прыстасаванне для лоўлі рыбы’. Прасл. *sědja, ад асновы *sěd‑ (гл. сесці), першапачаткова ‘сядзенне’, параўн. славен. seja ‘пасяджэнне’. Параўноўваюць з літ. per‑séda ‘закота для лоўлі рыбы’, sédžia ‘куль у рыбалоўнай закоце’, лат. sêža ‘сядзенне’; гл. Буга, Rinkt., 1, 481; Фрэнкель, 770; Фасмер, 3, 591; ЕСУМ, 5, 496.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыткну́цца, ‑ткнуся, ‑ткнешся, ‑ткнецца; ‑ткнёмся, ‑ткняцеся; зак.

1. Злёгку дакрануцца, даткнуцца да каго‑, чаго‑н. Камбат даў мне прыкурыць ад сваёй папяросы. Мне доўга не ўдавалася прыткнуцца да яе. Васілёнак. У арміі ён спаў добра. Прыткнецца да падушкі і гатоў. Навуменка.

2. Разм. Прыхіліцца да каго‑, чаго‑н., абаперціся аб што‑н. Спінай да .. [печы] прыткнулася гордая, як каралева, з халоднымі карымі вачамі прыгажуня Міра. Карпюк. // Прымасціцца, прысесці дзе‑н. Невялікі садок нашага двара. Нам і прыткнуцца няма дзе. Вітка.

3. Наблізіцца да чаго‑н., размясціцца ўпрытык з чым‑н. На разліве, сярод магутных дубоў, што стаялі па пояс у вадзе, прыткнуліся адзін да аднаго некалькі чаўноў. Караткевіч.

4. перан. Разм. Уладкавацца (на якое‑н. месца, пасаду), паступіць куды‑н., прыстроіцца дзе‑н. Саўка ляжаў і думаў. У такім цяжкім беспрасветным стане ён не быў ніколі. Куды ж яму падацца і што рабіць? Дзе ён цяпер прыткнецца?.. Колас. [Сёмка:] — У клубе якраз пасада кінамеханіка пуставала. От і прыткнуўся я туды. Кандрусевіч. // Знайсці прыстанішча дзе‑н. — Вот спалілі сяло, трохі ўцякло народу, а куды прыткнуцца? Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крыць, крыю, крыеш, крые; заг. крый; незак., што.

1. Рабіць над чым‑н. страху, дах, верх. Крыць павець. Крыць хату. Крыць машыну брызентам. // Разм. Рабіць (страху, дах і пад.). Будаўнікі канчалі крыць дахі баракаў. Броўка.

2. Разм. Прыкрываць, атуляць. Зноў вас пабачыў, бярозы старыя, ваша ўтульнасць ізноў мяне крые. Дубоўка. Неба з захаду цямнее. Крые даль смугою. Колас.

3. без дап. Разм. Ужываецца замест некаторых дзеясловаў для абазначэння дзеяння, якое выконваецца з асаблівай сілай, імклівасцю. Бераг — вось ён, зусім побач... Жвавей, матрос. Крый сажонкамі! Адпачываць будзеш пасля. «Беларусь».

4. У картачнай гульні — біць карту партнёра вышэйшай картай. Крыць валета дамай.

5. Разм. Заўзята крытыкаваць, лаяць каго‑, што‑н. Самакрытыка ў модзе — Недахопы стануць крыць. Глебка.

•••

Бог крыў гл. бог.

Крый бог (божа) — а) выражэнне перасцярогі, папярэджання не рабіць чаго‑н. Крый божа Звязаць вам З гэтым хлопцам лёс! Корбан; б) вырашэнне нежадання, недапушчальнасці чаго‑н. Калі сын з сям’ёю перабраўся ў сваю хату, дзед зрабіў брамку з замком, каб дзеці — крый божа — не залезлі ў садок. С. Александровіч.

Крыць матам каго — груба лаяць.

Няма чым крыць — няма чаго сказаць у адказ, у апраўданне.

Няхай бог крые гл. бог.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рабі́ць, раблю, робіш, робіць; незак.

1. што і без дап. Займацца чым‑н., праяўляць якую‑н. дзейнасць. Не давала.. [Сегеню] спакою гаспадарская руплівасць, што і не ляжыць ён і нічога не робіць. Чорны. Думай з вечара, а рабі з рання. Прыказка. // У спалучэнні з некаторымі катэгорыямі назоўнікаў ужываецца ў значэнні: выконваць, чыніць: а) з назоўнікамі, якія абазначаюць від заняткаў, работы. Рабіць доследы. Рабіць урокі. Рабіць гарадку. □ Заўсёды небяспечную работу дочак маці рабіла спакойна і дакладна, як сваю, неабходную для жыцця і шчасця. Брыль. Цікава і жаласна было глядзець, як гэтыя дзеці прыроды рабілі сваё першабытнае набажэнства. Маўр; б) з аддзеяслоўнымі назоўнікамі і з назоўнікамі са значэннем дзеяння. Рабіць выбар. Рабіць вымову. Рабіць спробу. Рабіць памылку. □ Воўк блізка шкоды не робіць. Прымаўка; в) з назоўнікамі, якія абазначаюць асобныя рухі (жывой істоты, прадмета). І так пацешна пазіраць, Калі крок першы робяць дзеткі! Колас. Пры гутарцы рукі ў .. [Крушынскага] або віселі, або рабілі рухі зусім недапасаваныя да слоў. Бядуля. // У спалучэнні са словамі, якія ўказваюць меру, колькасць, абазначае: утвараць работу, рух у гэтым аб’ёме, у гэтай колькасці. Рабіць сто абаротаў у секунду. Рабіць па дваццаць кіламетраў у дзень. Рабіць па два рэйсы за змену. □ Самалёт рабіў другі заход над вузкім фіёрдам. Шамякін.

2. што. Вырабляць, майстраваць. Рабіць абутак. Рабіць квас. □ [Дзядзька] прыладзіў каля зямлянкі нешта накшталт верстака, нарыхтаваў алешыны і пачаў рабіць ночвы. Брыль. // Абрабляць, апрацоўваць. [Сурвіла:] — Дык, пакуль што, бярыце, суседзі, я ж кажу, гэты клінок каля свае хаты і рабіце .. Рабіце, пакуль што, гэты кавалак. Чорны. // Абл. Працуючы, здабываць, набываць. Затое Толя ўсцешана сказаў пасля, што гэта быў першы і апошні ў іхняй хаце парабак, што цяпер яны будуць рабіць свой хлеб самі. Брыль.

3. Разм. Працаваць дзе‑н., кім‑н. Рабіць на заводзе. □ [Следчы:] — Чым вы займаліся да вайны, Дымар? — Рабіў закройшчыкам у атэлье. Шамякін. Малеча і старыя, каго не бралі рабіць на сенажаць ці ў поле, з дня ў дзень снавалі па лесе. Мележ. // (звычайна з акалічнасцю спосабу дзеяння). Працаваць. Рабіць за двух. □ [Насця:] Самому трэба сумленна рабіць, дык і станок лепшы будзе. Крапіва. Хто хутка есць, той хутка робіць. Прымаўка. Цяп ды ляп, ды на «а можа» рабіць не гожа. Прымаўка. // на каго-што. Працаваць, забяспечваючы або абслугоўваючы каго‑н. Рабіць на сям’ю.

4. што і без дап. Дзейнічаць якім‑н. чынам. Рабіць наперакор. Рабіць усё па закону. □ Неяк зімою, прыйшоўшы са школы, Данік адразу ўзяўся за ўрокі, як ён рабіў цяпер, ужо не пасучы, заўсёды. Брыль. [Пніцкі:] Гаспадар, калі ён .. добры, гэтак заўсёды і робіць: з вясны ён на малако налягае, а на лета ашчаджае .. сала. Чорны. // Аказваць; прычыняць. Шмат дабра потым рабіў Рымша бедным людзям: і грашамі памагаў, і ад ліхіх паноў бараніў. Якімовіч.

5. каго-што з каго-чаго, каго-што кім-чым або якім. Ператвараць у каго‑, што‑н. [Буйскі] выдатна валодае нямецкай мовай і .. іменна гэтая акалічнасць .. робіць з яго разведчыка вышэйшага класа. Шамякін. Дзядзька Павал выходзіў за адрынку ў садок, глядзець, што позняя вясна робіць з дрэвам. Чорны. Нішто, можа, не робіць чалавека такім сталым, як гора. Сабаленка. // Надаваць каму‑, чаму‑н. які‑н. выгляд. Валасы тырчалі на ім вожыкам, а русая, з рыжаватым адценнем барада рабіла .. [дзядзьку] смешным. Дамашэвіч. Барада і аблічча гэтага чалавека ў некаторай ступені рабілі яго падобным да Льва Талстога. Колас.

6. што. Утвараць сабой. Рака рабіла круты паварот, набліжаючыся да хмызняку. Шахавец.

•••

З блыхі рабіць вала — тое, што і рабіць з мухі слана.

Не рабіць сакрэту з чаго — не ўтойваць чаго‑н., калі гэта не выклікаецца патрэбамі.

Няма чаго рабіць (у знач. пабочн.) — іншага выйсця няма, інакш паступіць нельга.

Рабіць акцэнт на чым‑н. — вылучаць, падкрэсліваць што‑н., звяртаць асаблівую ўвагу на што‑н. — Рабіць бізнес — нажывацца на чым‑н.

Рабіць выгляд — прыкідвацца, прытварацца.

Рабіць вялікія вочы — выражаць здзіўленне, недаўменне.

Рабіць вясёлую міну пры дрэннай гульні — за знешняй бесклапотнасцю, весялосцю старацца схаваць сваё нездавальненне, свае непрыемнасці.

Рабіць гонар каму — а) аказваць пашану. Гэтыя людзі думаюць, што «робяць гонар» ужо тым, што размаўляюць з простай жанчынай. Маўр; б) з’яўляцца заслугай, быць асновай для павагі. — Такія наскокі, малады чалавек, не робяць вам гонару. Пянкрат.

Рабіць з мухі слана — прыдаваць чаму‑н. нязначнаму вялікае значэнне; перабольшваць.

Рабіць круг (крук) — ісці, рухацца акольным шляхам.

Рабіць (строіць) міну — надаваць твару які‑н. выраз.

Рабіць трагедыю з чаго — адчайвацца без дастатковых на гэта падстаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)