куса́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Мець прывычку кусаць (у 1 знач). Сабака кусаецца. // Кусаць каго‑н. Авадні кусаюцца. // перан. Крыўдзіць, дапякаць чым‑н. Па вяселлі бабы пытаюцца: — Як? Нявестка добра кусаецца? Бічэль-Загнетава.

2. Кусаць адзін аднаго; грызціся (пра сабак, звяроў).

3. перан. Мець уласцівасць раздражняць, пячы скуру (пра крапіву і некаторыя іншыя расліны, а таксама пра вецер, мароз і пад.). Крапіва кусаецца. □ Мама сказала, што позна, што ноч на дварэ, а мароз сёння гэтак кусаецца, гэтак цісне! Брыль. / Пра каляную тканіну або пра вырабы з грубай шэрсці. Зрэбніца .. [Гальяшу] муляла, кусалася. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раздражні́ць, ‑дражню, ‑дражніш, ‑дражніць; зак., каго-што.

1. Выклікаць раздражненне, дзейнічаючы якім‑н. раздражняльнікам. Раздражніць слізістую абалонку.

2. Давесці да стану нервовага ўзбуджэння; раззлаваць. [Дзед:] — Нечым не дагадзіў, сам не ведаю, як раздражніў.. [пчол]. Рылько. У двары [Мішка] прычапіўся да свайго трохгадовага сына, раздражніў яго, і той загарлапаніў на ўвесь падворак. Ракітны.

3. Разм. Выклікаць, распаліць (якое‑н. жаданне). Раздражніць апетыт. □ — Кубкам забеленага пойла, што яны ўвальюць табе ў страўнік праз гумавую кішку, не заспакояць, а нанава раздражняць прагу да ежы. Машара. // Заахвоціць, схіліць да чаго‑н. Сваёю зухаватасцю [мужчыны] раздражнілі іншых — і хутка на вуліцы зрабіўся карагод. Гартны.

4. Разм. Абвастрыць, растрывожыць. Раздражніць хваробу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ашаламі́ць ’аглушыць, адурыць, здзівіць’ (БРС, Нас., Грыг.), ашыламіць (Бяльк.) ’збіць з толку, збянтэжыць’ (Сцяшк.), ашаламуціць ’адурыць словамі ці ўдарам’ (Чач., Шат.), укр. ошоломити ’аглушыць, увесці ў зман’, рус. ошеломить ’аглушыць моцным ударам, здзівіць’, польск. oszołomić ’адурыць, пазбавіць розуму’ (з усходнеславянскіх моў, гл. Брукнер, 170). Насуперак агульнапрынятай этымалогіі, што ўзыходзіць да Даля, згодна з якой рус. ошеломить ад шелом ’шалом’ (Праабражэнскі, 1, 674; Фасмер, 3, 179 і інш.), ад шолам ’шум’, гл. Супрун, Зб. Аванесаву, 244 і наст., дзе прыводзіцца семантычная, словаўтваральная, акцэнталагічная і гістарычная аргументацыя; параўн. таксама шаламіць ’шумець моцна, раздражняць, нерваваць’ і выраз «не шаламі галаву» (Янк. Мат.), якому семантычна адпавядаюць балг. ошумоглавя, макед. ошумоглави ’аглушыць ударам; ашаламіць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

цвялі́ць, цвялю, цвеліш, цвеліць; незак., каго-што.

1. Дражніць, раздражняць. [Ілья Ільіч:] — Дзеці бегаюць па вуліцы, сабак цвеляць. Кулакоўскі. — Ой, сціхні хоць ты, Сяргей, не цвялі душу, — замахаў на Церахава Павел Кукушкін. Місько. // Выклікаць зайздрасць. [Мацвей] з першага разу адолеў араць і ўжо Андрушку паказваў, што ён ледзь не адной рукой можа трымаць плуг. А Андрушку гэта цвяліла. Лобан. // Хваляваць, расчульваць каго‑н. Частушкі аб каханні Мішка сабраў у папуры і так цвяліў імі хлопцаў і дзяўчат, так расчульваў, што рабіліся яны, як ліповыя — гні куды хочаш. Ермаловіч.

2. Выклікаць якія‑н. пачуцці, надзеі, жаданні. Мае сябры, Надзея цвеліць, Што не рассыплецца краса — Яна дажджом пялёсткаў белых Аквеціць новы зорны сад. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кроў, крыві́; Т кро́ўю і крывёй, ж.

1. Чырвоная вадкасць, якая рухаецца па крывяносных сасудах арганізма, жывіць яго клеткі і забяспечвае абмен рэчываў.

Артэрыяльная к.

2. перан. Блізкае кроўнае сваяцтва.

Адной крыві.

3. Пра пароду жывёл.

Бульдог чыстай крыві.

Гарачая кроў — пра тэмпераментнага чалавека.

Кроў за кроў — помсціць забойствам за забойства.

Кроў з малаком — пра чалавека з румяным свежым тварам.

Кроў іграе (кіпіць) у каго — пра багацце жыццёвых сіл, энергіі.

Кроў ледзянее (стыне) (у жылах) — пра пачуццё жаху, моцнага перапуду.

Льецца (праліваецца) кроў — пра масавае забойства, звычайна ў час вайны.

Плоць ад плоці, кроў ад крыві (кніжн.) — аб тым, што створана ўласнай працай і клопатамі.

Псаваць кроў каму — псаваць настрой, раздражняць.

Сэрца кроўю абліваецца — цяжка каму-н. ад душэўнага болю, пачуцця спагады, жалю.

Умыцца кроўю — быць збітым.

|| прым. крывяны́, -а́я, -о́е (да 1 знач.).

К. ціск (ціск крыві ў сасудах).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Пяршы́ць ’казытаць, скрэбці, раздражняць (у горле)’ (ТСБМ; астрав., Сл. ПЗБ), ’пячы, свярбець’ (паст., брасл., Сл. ПЗБ), ’пыліць’ (Ласт.), пяршэ́ць ’казытаць, непакоіць (у горле)’ (Шат.), рус. перши́ть ’тс’, польск. pierszeć ’сыпацца, парашыць (пра снег, іскры, пыл)’, pierszyć ’тс’, чэш. pršeti ’імжэць, сыпацца (пра дождж, снег і інш.)’, славац. pršať ’тс’, славен. pršẹ́ti ’тс’, серб.-харв. pr̀šiti ’тс’, балг. пършо́ли (< *пърши, гл. БЕР, 6, 114) ’тс’. Прасл. *pьršeti, *pьršiti ’сыпаць, рассыпаць’ (Махэк₂, 487; Сной₂, 589; Банькоўскі, 2, 559 — без усходнеславянскіх слоў). Да семантыкі параўн. папярэдняе слова (гл.), а таксама літ. peršė́ti ’шчымець, свярбець’, per̃ši gérklę ’пяршыць у горле’, якія разам з perštė́ti ’тс’ лічаць (гл. Сл. ПЗБ) крыніцай запазычання беларускіх слоў, што па лінгвагеаграфічных прычынах цяжка давесці; паралелі, хутчэй за ўсё, сведчаць пра гукапераймальны (імітацыйны) характар слоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дражні́ць, дражню, дражніш, дражніць; незак., каго-што.

1. Знарок, наўмысна злаваць, раздражняць чым‑н. Дражніць сабак. □ [Нюрка] наогул мала калі сядзела спакойна на месцы. То імчалася да бацькі ў краму і мыла там падлогу, то дапамагала заганяць у хлявы калгасных цялят, то дражніла панурага скнару Колю. Даніленка. // Паўтараць у смешным выглядзе чые‑н. словы, рухі і пад. Нехта дражніць мяне: Кашляну, — і ў адказ кашляне І схаваецца недзе... Куляшоў. — Вось як прыпільную, дык я на тваёй галаве патраву зраблю, — дражніць Цімох Кустрэя. Колас. // Называць крыўднай мянушкай. — Смыкам дражняць мяне, а сапраўднае прозвішча Скрыпка. Гурскі. Дзеці дражняць Сцёпку сцяблом-граблом, відаць, за доўгія ногі. Хомчанка.

2. Узбуджаць, распальваць, выклікаць якія‑н. пачуцці, жаданні. На сталах на гэтых страва Дражніць нос прынадным пахам. Крапіва. Вобраз панны Ядвісі стаяў неадступна ў вачах, дражніў .. [Лабановіча], кудысь зваў і смяяўся. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Раз’ю́шыцца ’ўзлавацца’ (Інстр. 3), розʼю́шыцца ’разарыцца’ (ТС), разʼюшывацца ’гарачыцца’ (Нас.), укр. дыял. розʼю́шити ’раззлаваць, раз’ярыць, усхваляваць каго-небудзь’, розʼю́шитися ’раззлавацца, раз’ярыцца, расхвалявацца’, а таксама ’разбіць да крыві (нос, твар)’, польск. rozjuszyć ’давесці да шаленства, раззлаваць’, а таксама ’раскрывавіць’, харв. razjusȉt se ’раззлавацца, разгневацца’, ’узмацніцца (пра вецер)’. Узыходзяць да прасл. *jucha (< *i̯ous‑ā) (ЭССЯ, 8, 193), гл. юха, юшка. Мяркуецца, што зыходным было значэнне ’від стравы (поліўкі, супа), прыгатаванай з мяса (або з мяснога адвару) і звярынай крыві’. З гэтага кулінарнага значэння на пэўнай частцы славянскай тэрыторыі развілося другаснае значэнне ’звярыная кроў’. Вытворныя дзеясловы спачатку, верагодна, мелі значэнне ’крывавіць, сцякаць крывёю, залівацца крывёю’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *jušiti (), гл. юшыць. Са значэння ’крывавіць’ развілося другаснае, пераноснае значэнне ’адчуваць непакой, раздражняцца/раздражняць, злавацца/злаваць’, заснаванае на назіранні за эмацыянальна ўзрушаным чалавекам, які раптам чырванее ад прыліву крыві, вызваннага эмоцыямі, параўн. бел. наліва́цца крывёю ’моцна злавацца’ (Борысь, Czak. stud., 16–18).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Псава́ць ’рабіць непрыгодным, непрыдатным; глуміць’, псава́ць кроў ’злаваць, раздражняць’ (ТСБМ, Мал., Нік. Очерки, Бес., Булг., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Касп., Шат., Сл. ПЗБ), псова́ць, псува́ць ’псаваць’ (Мядзв., Нас., Байк. і Некр., Бяльк., ТС), псуць ’псаваць’ (Нас., ТСБМ). Укр. псува́ти ’тс’, рус. дыял. псова́ть, псувать, псить ’тс’, польск. psować (XVI–XVII стст.), psuć ’тс’, ст.-чэш. psouti ’лаяць, сварыцца’, славен. psováti ’тс’, серб.-харв. псо̀вати ’тс’, балг. псу́вам ’гаварыць непрыстойныя і крыўдныя словы’, макед. пцуе ’лаяць, ганьбіць, сварыцца’. Прасл. *pьsovati, адназоўнікавае ўтварэнне ад *pьsъ (гл. пёс), параўн. БЕР, 5, 842. Аднак праславянскасць сумнеўная, звычайна разглядаюцца як самастойна ўзнікшыя словы ў асобных славянскіх мовах па тыпалагічнай мадэлі ’сабака’ → ’лаяць, абражаць; глуміць, псаваць’, параўн. літ. šunióti ’лаяць, абражаць’ ад šũo ’сабака’, ням. hunzen ’ганьбіць, параўноўваючы з сабакам; глуміць, псаваць’ пры Hund ’сабака’ (Сной₂, 591; ЕСУМ, 4, 359, 623). Банькоўскі (2, 958) псаваць, укр. псувати і славац. дыял. psuť выводзіць з польскай мовы, што можна прыняць, відаць, толькі для значэння ’глуміць, псаваць’. Гл. таксама Запрудскі, дыс., 82.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыво́га ‘неспакой, моцнае душэўнае хваляванне, выкліканае страхам’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр., Федар. 4, Пятк. 2, Мал., ТС, Кліх, Вруб., Сл. ПЗБ, Вушац. сл.; палес., віл., рас., талач., мсцісл., касцюк., ЛА, 5), ‘сполах, непакой’ (Некр. і Байк.), ‘замяшанне, перапалох’ (Ласт.), ‘небяспечнае становішча’, ‘сігнал, які апавяшчае аб ім’ (ТСБМ, Шат.), трыво́жыць ‘прыходзіць у стан непакою’, ‘парушаць спакой, турбаваць’, ‘раздражняць, разыгрываць’ (ТСБМ, Бяльк., Байк. і Некр., ТС, Юрч. Сін.; паўсюдна, ЛА, 3), трывожны (лоеў., ЛА, 2), трыво́жыцца (ТС), ст.-бел. трвога ‘трывога’ (1538 г.), ‘неспакой, бунт; клопат, турбота’, тривога, тревога, трывога ‘тс’ (1574 г., ГСБМ). Укр. триво́га, трево́га, рус. трево́га ‘трывога’, ст.-польск., польск. trwoga ‘стан, адчуванне неспакою’, ‘спалох, страх, боязь’, ‘спрэчка, звада’, ‘хваляванні, небяспека’, каш. trvoga ‘няшчасце, бяда, бедства’, балг. тревога ‘тс’ (відаць, з рус. тревога). Прасл. *trъvoga, а ўлічваючы рускую форму, — *trьvoga. Этымалогія няпэўная: Фасмер (4, 97) звязвае з рус. отва́га; Борысь (646) дапускае ўтварэнне польск. trwoga ад прасл. *trъvati ‘трываць, цярпець’ з дапамогай суф. *‑oga; гэтаксама раней Брукнер (578), выводзячы лексему з дзеяслова trwać (гл. трываць). Сумненні адносна названых і іншых этымалогій гл. Фасмер, 4, 97.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)