паку́ль, прысл. і злучн.

1. прысл. (часта ў спалучэнні са словам «што»). На працягу некаторага часу, нейкі час. Пастой пакуль тут. □ — Нічога, нічога, абыдзецца і так, — расчулена гаварыў бацька, пяшчотна дакранаючыся да рамы рукою. — Пафарбуем пасля, а пакуль і так пастаіць. Васілёнак. Марына Паўлаўна заўважыла ў кутку хаты нарыхтаваны шчырай Таццянінай рукою невялічкі, але чысты прытулак. — Гэта пакуль што, Марынка. Мы потым іначай зробім, мы цэлы пакой табе абсталюем тут. Зарэцкі. // Да пары, да часу. [Васіль Іванавіч:] — Зразумей адно: пакуль што будзе лепш, каб як мага меней людзей ведалі, што мы тут. Лынькоў. [Валя:] — Пойдзем, Толік, у партызанскі атрад. Міхась аб гэтым пакуль што не павінен ведаць... — Чаму? — здзівіўся Толя. — Такі загад камандзіра партызанскага атрада. Якімовіч. // Цяпер, у гэты момант. Босы і ў адной бялізне.. [разведчык] пабег па мёрзлым снезе, і коннікі паімчаліся за ім, страляючы пакуль што ўгару. Чорны. // Тым часам. Вы пагаварыце, а мы пакуль перакурым. // Да гэтага часу, да гэтай пары. Гузік даўно згубіўся, а новага маці пакуль не ўшыла. Кандрусевіч. Цяпер жа Ларыса не нацешыцца сваёй работай. Пакуль што ўсё выходзіць не горш як у людзей. Кулакоўскі.

2. прысл. адноснае. Ужываецца ў якасці злучальнага слова: а) у даданых дапаўняльных сказах, якія паясняюць дзеяслоў «чакаць» або блізкае да яго слова. Ларыса села на белы зэдлік каля ног бацькі і стала чакаць, пакуль ён прачнецца. Кулакоўскі. Пракурор падняўся, не чакаючы, пакуль яму дадуць слова. Скрыган; б) у сказах, якія ўдакладняюць акалічнасць часу. Да поўначы сядзелі, пакуль сны агарнулі. Броўка. І ад рання да зор, пакуль ноч напаўзе, Як мурашнік, кішыць сенажаць... Чарот.

3. злучн. часавы. Ужываецца ў складаназалежных сказах з часавай абмежаванасцю падзей: а) падпарадкоўвае даданыя сказы часу, якія ўказваюць на перыяд дзеяння галоўнага сказа; абазначае: «на працягу таго часу як». Пакуль яны [Пятрусь і Міхась] крычалі, конь пачуў волю і стаў памаленьку заварочвацца назад, шчыплючы траву. Колас. Пакуль мы гутарылі, у памяшканне ўвайшоў высокі светлавалосы чалавек. Крапіва. Пакуль снедалі, на дварэ ўзняўся шалёны вецер. Чарнышэвіч; б) падпарадкоўвае даданыя сказы часу, якія ўказваюць на момант завяршэння дзеяння галоўнага сказа (звычайна пры адмоўным выказніку); абазначае: «да таго часу як». Часамі праводзіць [Данілу] цемнавокая Мар’яна і доўга стаіць на беразе пад сасною, пакуль не страціць з вачэй чаўна, пакуль той не нырне ў густыя, стромкія цені сосен. Пестрак. Вясеннім днём на пасяўной Брыгада працавала, Пакуль вячэрняю імглой На нівы ноч апала. Танк. / Пры наяўнасці ў галоўным сказе суадносных слоў «датуль», «да той пары», «да таго часу». — Цяпер, — кажа сівы конь, — я сам паеду з табою. А ты глядзі, як сядзеш на кабыліцу, дык бі яе бязменам паміж вушэй. Датуль бі, пакуль яна не спыніцца. Якімовіч. Малады патрыёт пакляўся біцца з ворагам да таго часу, пакуль родная зямля не будзе ачышчана ад фашысцкай погані. Крапіва. / У спалучэнні з часціцай «аж» або пры наяўнасці яе ў галоўным сказе. Паддубны стаяў «на трыбуне», аж пакуль не знік з паляны апошні чалавек. Пестрак. [Віктар] сядзеў так аж датуль, пакуль не [разышліся] усе чыста. Зарэцкі.

4. злучн. часавы. Разм. Ужываецца ў даданых сказах часу, дзеянне якіх адбываецца пасля завяршэння дзеяння галоўнага сказа; абазначае: «да таго як»; «перш чым». Але раса, брат, выесць вочы, Пакуль узыйдзе тое сонца. Колас. Пакуль выеду я ў поле, Вытры слёзы, усміхніся. Панчанка. Ён размахнуўся, падвойнае шкло зазвінела і потым — пакуль ён паспеў шыбануць за вугал хаты — граната ахнула!.. Брыль.

•••

Пакуль ногі носяць гл. нага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сачы́ць 1, сачу, сочыш, сочыць; незак.

1. што, за кім-чым і з дадан. сказам. Назіраць за тым, што рухаецца, пераводзячы за ім позірк. Там спіць салдат, які не раз Сачыў кірунак іх палётаў, Хоць воблакаў было ў той час На небе менш, чым самалётаў. Гаўрусёў. Малашкін доўга сачыў за воблачкам, аж пакуль яно не растала ў паветры. Пестрак. Вось і цяпер Грыша прылажыў брылём руку да ілба і сочыць, як жаваранак падае каменем на зямлю. Пальчэўскі. // і без дап. Глядзець на каго‑, што‑н., не адрываючы вачэй. Туравец, які сачыў за полем, убачыў наводдалек постаці. Мележ. [Мірон] пяшчотна падкладаў трэскі і сачыў, як языкі полымя лізалі іх. Маўр. // у што. Пазіраючы куды‑н., падглядваць. Маці прычыніла дзверы і нават у шчылінку не сочыць. Гарбук. — Вартавы не сочыць у шкельца, — пахлопаў [Петруся] па плячы Рыгор. Гартны.

2. за чым і з дадан. сказам. Цікавячыся чым‑н., назіраць за развіццём, станам, ходам чаго‑н. З неаслабнай увагай.. [дзяўчаты] сачылі за ўсім ходам такой урачыстасці. Дубоўка. Чытач увесь час напружана сочыць, як Леапольд Гушка ажыццяўляе сваю мару аб зямлі і свабодзе. Луфераў. Наста цвёрда вяла падлік святам і строга сачыла за квадрамі месяца. Колас. // Цікавячыся ўсім, што адбываецца ў якой‑н. галіне, быць у курсе справы. Асабліва сачыў.. [Алесь] адзін час за падзеямі ў Грэцыі. Паслядовіч. // перан. Уважліва ўглядвацца, услухвацца ў што‑н., каб правільна зразумець, не ўпусціць чаго‑н. Сачыць за размовай. □ — Пракоп, унурыўшыся, слухае, а потым перастае сачыць за словамі Чыкілевіча, разважаючы над пытаннем, ці пойдзе ён у калгас, ці не пойдзе. Колас. Падпёршы шчаку далоняй, Алесь сачыў за выразам яе [Варвары] твару і чакаў адказу. Васілевіч.

3. за кім-чым, што, са злучн. «каб». Назіраць, наглядаць за кім‑, чым‑н. (з мэтай кантролю, аховы і пад.). Сачыць за паказаннямі прыбораў. □ Толькі ходзяць вартавыя, За спакоем лесу сочаць. Кірэенка. Парадак сочыць сыч-глушак і клопату багата мае. Дубоўка. [Якуб Андрэевіч:] — Вы тут сачыце, каб ноччу ніхто святла не паліў. Жычка. // Апекаваць каго‑н., клапаціцца аб кім‑, чым‑н., пра што‑н. Маці дзеда прасіла, каб сачыў ён за ўнукам. Лынькоў. Кожнаму ўспаміналася родная сястра або маці, што заўсёды сачыла, каб на ім была чыстая кашуля, адпрасаваны каўнерык, каб ён меў беленькую насоўку. Грахоўскі.

4. за кім-чым, што. Устанавіць пастаянны нагляд за кім‑, чым‑н. з тым, каб выкрыць, выявіць што‑н., злавіць каго‑н. на чым‑н. Андрон добра ведаў, што за ім сочыць стараста Макей — хітры багаты мужык, і даносіць гэта ўрадніку. Каваль. [Ліда] кожны дзень выязджала машынай з мястэчка.., што давала ёй магчымасць сачыць за рухам аўтатранспарту на шашы. Брыль. Многа дзён сачыў.. [Багданёнак] са сваім атрадам за бандыцкім гняздом. Чарнышэвіч.

5. што. З нецярплівасцю чакаць. Рукою маткі На ўслон шпурляліся аладкі, А дзеці іх даўно сачылі І на ляту блінцы лавілі, Заядла мазалі іх здорам. Колас.

6. каго-што. Падпільноўваць, асочваць. Ой, гуляй жа, Бандароўна, З вечара да ранку! Цябе вораг ужо сочыць, Сочыць на каханку. Купала.

7. каго-што. У мове паляўнічых — адшукваць па следу, высочваць. Ды ў той жа дзень наказ быў даны Ісці Міхалу пад буданы Сачыць ваўкоў. Колас.

сачы́ць 2, сачу, сочыш, сочыць; незак.

1. Выцякаць па кроплі, струменьчыкамі, цячы (пра вадкасць). // Выдзяляць (пах і пад.). А сосны сочаць і струменяць Густы, духмяны пах смалы. Колас.

2. Здабываць што‑н. з чаго‑н. Сачыць мёд з сотаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)