НЮА́НС (франц. nuance),
адценне, тонкае адрозненне. 1) У выяўленчым мастацтве ледзь бачны пераход аднаго колеравага тону ў другі (у жывапісе), адной святлоценявой градацыі ў другую (у скульптуры, графіцы). Сукупнасць адценняў (нюансіроўка) выкарыстоўваецца для дасягнення больш тонкай мадэліроўкі выявы.
2) У архітэктуры і горадабудаўніцтве адзін са сродкаў стварэння кампазіцыі будынкаў, збудаванняў, комплексаў і ансамбляў, пры якім выкарыстоўваюцца падобныя маст. якасці асобных элементаў, што ствараюць рытмічны рад. У процілегласць кантрасту, дзе пераважаюць адрозненні аднародных якасцей, Н. згладжвае гэтыя адрозненні, дае магчымасць у пэўнай ступені выправіць няўдалыя суадносіны асобных частак кампазіцыі.
3) У музыцы Н. падзяляюцца на дынамічныя (гл. Дынаміка), тэмпавыя (гл. Тэмп) і тыя, што раскрываюць эмац. характар музыкі (напр., dolce пяшчотна, tenebroso змрочна, con spirito адухоўлена, appassionato страсна, maestoso велічна). Сукупнасць Н. (нюансіроўка) вызначаецца ўнутр. сутнасцю і характарам музыкі, яе стылем і асаблівасцямі структуры муз. твора. Асн. Н. выканання пазначаюцца аўтарам і з’яўляюцца арыенцірам інтэрпрэтацыі твора. Канкрэтны спосаб нюансіроўкі залежыць пераважна ад індывід. творчай манеры выканаўцы, чым тлумачыцца множнасць і непаўторнасць інтэрпрэтацый аднаго твора. Н. пазначаюць звычайна італьян. муз. тэрміналогіяй.
Т.С.Ляшчэня (музыка).
т. 11, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЁЛЫ (італьян. viola),
сям’я струнных смычковых інструментаў. Адрозніваюцца памерамі (31—120 см), тэсітурай, строем, прапорцыямі, колькасцю струн (5—7), наяўнасцю або адсутнасцю рэзаніруючых струн і навязных ладоў і інш. З выгляду нагадваюць маленькі кантрабас. Асн. разнавіднасці віёл: сапранавая (дыскантавая), даўж. 32—45 см, строй d, g, c1, e1, a1;, d2; высокая сапранавая, даўж. 31—34 см, на кварту вышэй за сапранавую; малая альтовая, даўж. 40—48 см, на тон ніжэй за сапранавую; альтовая (віялета), даўж. 50—63 см, на кварту ці квінту ніжэй за сапранавую; малая басовая, або тэнаровая (віёла да гамба, асн. від віёл), даўж. 65—72 см, строй D, G, c, e, a, d1; вялікая басовая (басовая віёла да гамба; на яе аснове сфарміравалася т.зв. віёла бастарда, пашыраная ў 16—18 ст. пераважна ў Англіі); кантрабасавая. Паводле становішча інструмента ў час ігры адрозніваюць віёлы да брача (ручныя, у т. л. віёль д’амур; трымаюць гарызантальна, як скрыпку) і віёлы да гамба (нажныя; трымаюць вертыкальна, як віяланчэль). Узніклі ў канцы 15 — пач. 16 ст., выкарыстоўваліся сола і ў ансамблі, гучалі мякка, пяшчотна, «матава». З канца 18 ст. амаль зніклі, адрадзіліся на мяжы 19—20 ст. з ростам цікавасці да старадаўняй музыкі. Ігру на віёлах выкладаюць у многіх кансерваторыях.
т. 4, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)