зду́маць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Выдумаць, прыдумаць. Прасцей за той шлях, што прывёў пастушка з маленькай вёскі Раткава да высокай годнасці Героя Савецкага Саюза, цяжка здумаць. «Беларусь». // Падумаць, дадумацца. — Я ж і цяпер сад калгасны даглядаю. А ты нават не здумаеш заглянуць на мой хутар. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дамы́сліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.
Разважыўшы, прыдумаць дадаткова, дадумаць да канца. Аднак і пры наяўнасці самых дбайных адносін да канкрэтнага факта пісьменнік павінен нешта дадумаць, дамысліць і абагульніць. «ЛіМ». [Азгур] перш пачаў сам мне паказваць і тлумачыць замыслы, кампазіцыі, але ўгледзеў, што гэта мяне скоўвае, не дае дамысліць і пашукаць рашэння самому. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
намудрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.
Разм.
1. Прыдумаць шмат чаго‑н. новага. Яно што праўда, то праўда: гуртам рабіць ямчэй.. Буйная гаспадарка — пэўна што: машыны, угнаенне, севазварот, адным словам — тэхніка. Тут табе такога можна намудраваць, што ого-го! Зарэцкі.
2. Вельмі ўскладніць якую‑н. справу, зрабіць, сказаць што‑н. вельмі замыславата, але не заўсёды зразумела.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прымані́ць, ‑маню, ‑маніш, ‑маніць; зак., што і без дап.
Апавядаючы аб чым‑н., дадаць што‑н. ад сябе, прыдумаць або сказіць у некаторай ступені сэнс. Юозас любіў расказваць аб сваіх паходах у Літоўскай дывізіі і часамі нават крыху прыманіць. Броўка. А Венік ужо ўвайшоў у натхненне, непераймальна, да колікаў смешна суправаджаючы расказ мімікай і жэстамі. Не важна, што і прыманіць. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наду́маць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і з інф.
1. Задумаць зрабіць што‑н., прыняць якое‑н. рашэнне. Надумаць пайсці да знаёмых. □ [Халуста] зірнуў на вятрак, што стаяў на ўзгорку між Чыжэвічамі і Малінаўкай, і надумаў зайсці туды. Чарнышэвіч. [Зіна:] — Але на курорт сёлета я ўсё роўна паеду! Паеду, і ўсё тут! Як надумала, так і зраблю. Васілёнак.
2. Прыдумаць што‑н. [Галілей:] — Думаю, думаю, а не надумаю нічагутка. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пару́піцца, ‑плюся, ‑пішся, ‑піцца; зак.
Паклапаціцца, панепакоіцца аб кім‑, чым‑н. Ды трэба ж было парупіцца, каб газета выйшла добрая, каб моцна і трапна біла яна стары быт, ды прыдумаць ёй і адпаведнае імя. Колас. Ля студні намерзла высока і подступу каню не было. — Ніхто і не парупіцца, каб абсячы. Чорны. Каторы год як не бачыла брата, а гэта зайшоў па дарозе, дык нават падвезці не парупілася. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ініцыяты́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які валодае ініцыятывай (у 2 знач.), здольны да самастойных актыўных дзеянняў; прадпрымальны. Ініцыятыўны рабочы. Ініцыятыўная камісія. □ Раней знаходлівы, ініцыятыўны, цяпер .. [Рашчэня] нічога не мог прыдумаць. Шамякін. У саўгасе гаспадарка была ўжо наладжана, а тут патрэбен валявы, ініцыятыўны і вопытны чалавек, здольны за кароткі час падняць заняпалую арцель. Новікаў. // Звязаны з праяўленнем ініцыятывы. Ініцыятыўныя дзеянні. □ Трэба стварыць упэўнены, баявы рабочы настрой у кожным працоўным калектыве, дабівацца ініцыятыўкай, творчай работы — работы ў поўным сэнсе слова наватарскай. Машэраў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Прымані́ць, прыма́ньваць ’прывабіць да сябе; дадаць ад сябе, прыдумаць’ (ТСБМ, Шпіл., Шат., ТС), таксама прыману́ць ’прынадзіць’ (навагр., Сл. ПЗБ); з далейшым развіццём семантыкі: прымону́цца ’замануцца’, прыману́цца ’прыкінуцца, прытварыцца’ (ТС), ’прывыкнуць’ (іўеў., Сл. ПЗБ), прыманты́ты ’прываражыць, прывабіць’ (кобр., Нар. лекс.). Сюды ж аддзеяслоўныя ўтварэнні: прыма́на ’спакуса; прыманка’ (Нас.), прыма́нны ’прывабны’ (ТС), прыма́нка, прыма́ннык ’прынада (у тым ліку пчаліная); (цёмная) шапка, якую кладуць на сук або вешаюць на дрэва, каб сеў [пчаліны] рой; невялікі вулей, які ставяць на дрэве ў лесе для прываблівання пчол’ (Інстр. 1, Ян., Нар. сл.; трак., Сл. ПЗБ; Скарбы; пін., мазыр., ЛА, 1), пріма́нка ’мядовы раствор, розныя пахучыя расліны, якімі націраюць або абпырскваюць вулей для прываблівання пчол’ (слаўг., Нар. сл.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад мані́ць/ману́ць (гл.) < прасл. *maniti (sę). Укр. примани́ти ’прынадзіць, прывабіць’, прима́на ’прынада; спакуса’, прима́нка ’прынада; прываба’, рус. дыял. прима́нывать ’прынаджваць, прывабліваць’, примана́ться ’прычапіцца, прывязацца’, прима́н, прима́нка ’прынада’. Гл. таксама ЕСУМ, 3, 382–383.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
паўно́чны 1, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да поўначы 1; які знаходзіцца на поўначы, размешчаны на поўнач ад чаго‑н. Паўночны полюс. Паўночнае паўшар’е. Паўночны напрамак. Паўночнае лета. □ Там .. [Туравец] даведаўся, што штаб брыгады знаходзіцца непадалёк, у гэтым жа лесе, на паўночнай ўскраіне. Мележ. // Які дзьме з поўначы (пра вецер). На дварэ дзьмуў рэзкі паўночны вецер. Якімовіч. // Уласцівы поўначы, характэрны для поўначы 1 (у 1 знач.). Паўночная расліннасць.
•••
Паўночнае ззянне гл. ззянне.
Паўночны захад гл. захад.
Паўночны ўсход гл. усход.
паўно́чны 2, ‑ая, ‑ае.
Які адносіцца да поўначы 2; які адбываецца, бывае ў поўнач. Я прачнуўся паўночнай парой. — Зуб на зуб не трапляе. Куляшоў. І якое можна суцяшэнне Ў паўночны час прыдумаць мне. Пысін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ро́зны, ‑ая, ‑ае.
1. Неаднолькавы, непадобны. [Тацяна:] — Вы такія розныя, ані не падобныя адна на адну. Васілёнак.
2. Другі, іншы, не той самы. Трэба будзе ехаць рознымі дарогамі, каб, барані божа, ніхто не заўважыў. Скрыган.
3. Разнастайны. Сялянскія фурманкі партызанскіх абозаў развозілі па ўсіх кутках пушчы розныя віды зброі. Брыль. Пакуль Марыся ўпраўлялася на кухні, Іваноў гасцінна ўсаджваў Пятра і Міколу, гаварыў пра розныя дробязі. Новікаў. / у знач. наз. ро́знае, ‑ага, н. Лезе ў галаву рознае: вайна, незасеяны агарод, які не прыдумаць чым сеяць, і Глёкава Каця стаіць у вачах. Сяркоў.
•••
Апынуцца (быць) на розных берагах гл. апынуцца.
Гаварыць на розных мовах гл. гаварыць.
На розныя лады гл. лад 1.
Розных масцей гл. масць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)