Тру́дзіць ‘стамляць, натруджваць рукі, прычыняць боль’ (ТСБМ, Гарэц.), трудзі́ць ‘мучыць, стамляць, турбаваць’ (Ласт.; докш., Бел. дыял. 2), ‘нудзіць, цягнуць на ваніты’ (Брасл. сл.), трудзі́цца ‘цяжка працаваць; пакутаваць’ (Сл. ПЗБ, ТС), ‘мучыцца’ (Гарэц., Бяльк., Барад.), ‘цярпець боль, пакутаваць’ (Варл.), ‘пакутаваць, цяжка хварэць’ (Пан.), ст.-бел. трудити ‘абцяжарваць, таміць’, ‘гнясці, прыносіць боль’, трудитися ‘знемагаць ад працы’, ‘мучыцца’, ‘турбавацца’ (ГСБМ), трудитися под солнцемъ ‘працаваць, пекліцца, гадаваць’ (Альтбаўэр). Параўн. укр. труди́ти ‘стамляць, турбаваць, непакоіць’, рус. труди́ть ‘прыгнятаць, стамляць, мучыць работай; непакоіць; муляць’, польск. trudzić ‘турбаваць, непакоіць, абцяжарваць’, кашуб. truʒëc ‘турбаваць’, чэш. trudit ‘засмучаць, прыгнятаць, мучыць, прымушаць’, серб. тру́дити ‘абцяжарваць, турбаваць’, дыял. ‘раз’ятрываць (рану)’, харв. trúditi ‘ператамляць (частку цела)’, балг. тру́дя се ‘працаваць; імкнуцца’, макед. труди се ‘працаваць, прыкладаць намаганні, старацца’, ст.-слав. троудити ‘турбаваць, непакоіць; пераадольваць, прыкладаць намаганні, цярпець’, троудити сѧ ‘стамляцца, знемагаць’. Прасл. *truditi ‘змушаць да цяжкай працы, напружваць, турбаваць’, дэнамінатыўнае ўтварэнне ад прасл. *trudъ (Борысь, 644), гл. труд1. Сюды ж трудзя́шчыпрацавіты’ (Жд. 1, ТС, Ян., Сцяшк. Сл.), трудʼа́шчы ‘тс’ (Вруб.) — “неаславянізм” з шырока распаўсюджаным у народнай мове суфіксам (гл. Цыхун, Выбр. пр., 286), трудзя́га ‘працаўнік’ (Мат. Гом., Юрч.) з суф. ‑яга “з экспрэсіяй спачування, захаплення, ці, наадварот, асуджэння” (Сцяцко, Афікс, наз., 130), трудлі́вы, трудзя́ка ‘тс’ (Ян.), трудзі́мы ‘тс’ (ТС), трудалюбі́мы ‘тс’ (Ян.) з рэдкай суфіксацыяй (гл. любім), магчыма, адаптаванае рус. трудолюбивый ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мі́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які любіць мір, згоду, не схільны да сваркі; рахманы. Мірны характар. □ Ануфрый Скірдзель чалавек працавіты, дабрачынны, мірны, сумленны. Ларчанка. Мядзведзі былі рахманыя і мірныя. В. Вольскі. // Не варожы; схільны да згоды. Часта спрачаліся Аляксандр Дзям’янавіч і дзядзька Мірон .. Але спрэчкі гэтыя былі зусім мірныя. Лынькоў.

2. Які нічым не парушаецца, поўны ўнутранага спакою. Усё навокал зіхацела блакітам і зеленню, і стаяла такая мірная цішыня. Гарбук. Мірны лірычны пейзаж: лужок, старыя дубы, бярозы, рачулка. Бядуля.

3. Які мае адносіны да міру ​1 (у 2 знач.); не ваенны. Мірныя абставіны. □ За два гады .. [галоўны ўрач партызанскай брыгады] навучылася ўсяму, чаму ў звычайных мірных умовах нельга было б навучыцца і за дзесяцігоддзе. Шамякін. // Які адбываецца ў абставінах міру, які не парушаецца вайной. Мірнае будаўніцтва. □ Работай мірнай, шчаснай Заняты твой народ: Рабочы і калгаснік, Вучоны і пілот. Глебка. Вось яно і прыйшло, нарэшце, шчасце: мірная праца, каханне, сям’я. Брыль. // Які не прымае ўдзелу ў ваенных дзеяннях; цывільны. Мірныя жыхары. □ Акупанты грабілі беларускі народ, вывозілі ў Германію збожжа, жывёлу, лес, сыравіну, чынілі дзікія расправы над мірным насельніцтвам. «Весці». // Які праводзіць палітыку міру. Мірная дзяржава.

4. Звязаны з заключэннем дагавору аб міры. Мірныя перагаворы. Мірны дагавор.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)