перайна́чыць, ‑чу, ‑чын, ‑чыць; зак., каго-што.

Змяніўшы, зрабіць іншым; перамяніць. Перайначыць жыццё. Перайначыць характар. □ У гэты момант я зусім яшчэ не думаў, што прыму рашэнне, якое пазней перайначыла ўсе мае меркаванні. Галавач. Усё яму не гэтак, усё хочацца перайначыць, перарабіць па-свойму. Кулакоўскі. // Падаць у іншым выглядзе, змяніць пры пераказе, перадачы і пад. Перайначыць матыў песні. □ Там, у кнізе, гэта было напісана ад трэцяй асобы, я перайначыў у думках усё на першую асобу і — запомніў назаўсёды. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гнуць, гну, гнеш, гне; гнём, гняце́, гнуць; гні; гну́ты; незак., каго-што.

1. Надаваць чаму-н. дугападобную, выгнутую форму.

Г. дугі.

2. перан. Падпарадкоўваць, гнясці.

3. Нагінаць уніз, прыгінаць.

Вецер гне бярозу да зямлі.

4. перан., без дап. Весці гутарку, размову, накіроўваючы яе на дасягненне якой-н. мэты; схіляць (разм.).

Ведаю, куды ты гнеш.

Гнуць на свой капыл (разм., неадабр.) — рабіць па-свойму.

Гнуць сваю лінію (разм.) — настойліва дамагацца чаго-н.

Гнуць спіну (горб) (разм.) —

1) многа і цяжка працаваць на каго-н.;

2) пакланяцца, угоднічаць перад кім-н.

Гнуць у тры пагібелі (разм.) — моцна, жорстка прыгнятаць.

|| зак. пагну́ць, -гну́, -гне́ш, -гне́; -гнём, -гняце́, -гну́ць; -гні́; -гну́ты і сагну́ць, -гну́, -гне́ш, -гне́; -гнём, -гняце́, -гну́ць; -гні́; -гну́ты.

|| наз. гнуццё, -я́, н. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ліставы́ 1, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да ліста ​1; у лістах. Ліставая салата. □ [Марцін] ачышчаў стол ад свайго тытуню, і крышанага і ліставога. Чорны. // Які мае лісце, пакрыты лісцем; лісцевы. Сасновы бор чаргуецца з дубровай, з бярозавым гаем, з грабавым лесам, з ліставымі змешанымі пералескамі. В. Вольскі. Лес, трыумфуючы па-свойму, Прыходу юных рады быў: Шумеў галлём узнёсла хвойны, А ліставы ў далоні біў. Калачынскі.

ліставы́ 2, ‑ая, ‑ое.

Зроблены ў выглядзе ліста ​2 (у 1 знач.). Ліставое жалеза. Ліставая сталь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

то́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.

Хадзьбой, яздой пракладваць (дарогу, шлях і пад.). А прыгледзішся — і выходзіць: сцежка тая не сцежка, а дарога, бо торыць і брукуе яе народ. Лужанін. Кожны па-свойму ўмудраўся, лаўчыўся. Кожны торыў дарогу з лесу да свайго гумна. Бядуля. // перан. Пракладваць шлях у жыццё, у будучыню. Самі мы шляхі наперад торым. Лойка. Вашы продкі і вы з цемры торылі шлях, Ад якога цяпер больш дарог у жыццё, Чым на небе святых. Занядбаў я касцёл. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упа́ртасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць упартага (у 1 знач.). Упартасць старшыні, яго спакойная настойлівасць і бязлітаснасць да гультаёў натхнялі.. [калгаснікаў]. Шамякін. Камсамольцы і моладзь рэспублікі актыўна працуюць на буйнейшых новабудоўлях, з вялікай упартасцю змагаюцца за тэхнічны прагрэс. Машэраў. Шафёр круціць абаранак, думае аб здзіўляючай упартасці хлапца і, азірнуўшыся, ківае на яго забінтаваныя рукі. Ракітны.

2. Незгаворлівасць, імкненне рабіць што‑н. толькі па-свойму, наперакор каму‑н. [Барташэвіч] хадзіў па горадзе сам не свой і ўжо шкадаваў, што з-за нейкага там глупства, з-за ўпартасці пасварыўся з адзіным блізкім.. і дарагім чалавекам у Вільні. Карпюк. / у вобразным ужыв. Тры дні з упартасцю тупою Ліў дождж на лес і сенажаць. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перайгра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Сыграць што‑н. паўторна, яшчэ раз. Перайграць нанава эцюд.

2. Сыграць усё, многае. Баяніст, чарнавокі хлопец, слесар суседняй МТС, перайграў бадай усе любімыя песні і танцы. Паслядовіч. Мы перайгралі амаль усе вадэвілі А. П. Чэхава: «Юбілей», «Мядзведзь», «Прапанова», «Хірургія». Сяргейчык.

3. без дап. Разм. Сыграць ненатуральна якую‑н. ролю на сцэне, у кіно і пад. Артыст страціў пачуццё меры і перайграў.

4. Разм. Памяняць якое‑н. рашэнне, пастанову; зрабіць інакш, па-свойму. [Гаруноў:] — Ладна, Аксён, перайграйце план асушэння — на кароўнік. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мане́р, ‑а, м. (ужыв. толькі ў В і Т скл.).

Спосаб дзеяння, лад, узор. Андрэй дастае .. шчарбаты чайнік, налівае яго вадою з тэндэра і.. прымайстроўвае чайнік да топкі.. Такім жа манерам, як чайнік, прымайстроўваецца патэльня з салам. Лынькоў. На працу .. [даяркі] ішлі ў добрым, пашытым на сучасны манер адзенні. Хведаровіч. / у знач. прыназ. у спалуч. з «на». — Як ты мяркуеш, Мартыне, — парушыў маўклівасць дзед Талаш, пачаўшы трохі здалёку, — ці можна падабраць добрых хлопцаў... ну, на манер невялічкага войска? Колас.

•••

На адзін манер — аднолькавы, падобны; аднолькава, падобна.

На свой манерпа-свойму, не так, як іншыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тлума́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. што. Даваць якое‑н. тлумачэнне чаму‑н.; раскрываць сэнс, сутнасць чаго‑н. Тлумачыць закон. Тлумачыць вучэнне. Тлумачыць слова. □ І як ні хітрыў .. [Лабановіч] сам з сабою, як ні тлумачыў гэты факт, але аднаго не мог пабароць у сабе — не думаць аб панне Ядвісі. Колас. // Каменціраваць які‑н. твор пісьменніка, твор пісьменнасці. Тлумачыць «Раскіданае гняздо» Я. Купалы. □ Народную легенду .. [Міровіч] успрымае і тлумачыць па-свойму. Сабалеўскі.

2. што і без дап. Асвятляць якое‑н. пытанне, дапамагаючы засвоіць, зразумець сэнс чаго‑н. Потым [Вера Адамаўна] пачала нячутна хадзіць па класе і вольна, без усякага напружання голасу, тлумачыць новую тэму па літаратуры. Ермаловіч. — Саўгас наш малады, — тлумачыў Іван Іванавіч рабятам, — можна сказаць, на голым месцы ўсё пачынаем. Даніленка. Захар Пятровіч паставіўся да .. [Міхася] уважліва: падрабязна тлумачыў яму, што для чаго служыць, і навошта тое ці іншае робіцца. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узбе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце, ‑бягуць; пр. узбег, ‑ла; заг. узбяжы; зак., на што.

1. Падняцца бягом куды‑н. уверх, на больш высокае месца, на вышыню. Узбегчы на трэці паверх. Узбегчы на пагорак. □ Лабановіч саскочыў з павозкі і ўзбег на ганак. Колас. // Імкліва ўз’ехаць (звычайна па вышыню). Грузавік у збег на ўзгорак. Гроднеў. // перан. Размясціцца на паверхні, што ідзе ўгору. Новыя гарадскія вуліцы ўзбеглі на бліжэйшыя пагоркі. В. Вольскі.

2. Бягом зайсці, трапіць куды‑н.; забегчы. Воўк узбег на поплаў. □ Стукнула брамка, і на двор узбегла дзяўчынка. Асіпенка. // Імгненна з’явіцца, выступіць; пабегчы. Крывавая падцечына ўзбегла на вока. Сабаленка. // перан. Раптоўна ўзнікнуць, з’явіцца, прыйсці. Узбег смутак на твар. □ І тут, як кажуць, мімаволі ўзбегла па памяць вядомая песня. Грамовіч. З даяркамі Андрэй па-свойму, крыху грубавата, мог і жартаваць, і смяяцца, і ляпнуць, што ўзбяжыць на язык. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

круці́ць, кручу́, кру́ціш, кру́ціць; кру́чаны; незак.

1. каго-што. Вярцець па крузе.

К. сячкарню.

К. кран.

2. чым. Паварочваць з боку ў бок.

К. галавой.

3. што. Звіваючы, вырабляць, скручваць што-н.

К. перавяслы.

К. папяросу.

4. каго-што. Звязваць, сцягваць.

К. рукі назад.

5. каго-што і без дап. Уздымаючы, прыдаваць віхравы рух чаму-н.

Вецер круціць пыл.

Мяцеліца круціць.

6. Хітрыць, не даваць прамога адказу (разм.).

Гэты чалавек праўду не гаворыць, а круціць.

7. Караючы, цягаць за вушы, валасы (разм.).

К. сына за вуха.

8. перан. Распараджацца па-свойму, камандаваць кім-н.

Мужам круціла так, як хацела (разм.).

9. з кім. Быць у любоўных адносінах з кім-н. (разм.).

10. што. Свідраваць дзіркі ў чым-н.

11. перан., звычайна безас. Прычыняць рэзкі боль.

Цэлы дзень круціць, усё ломіць.

|| зак. скруці́ць, скручу́, скру́ціш, скру́ціць; скру́чаны (да 3 і 4 знач.).

|| аднакр. крутну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́ і крутану́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́ (да 1 і 2 знач.).

|| наз. кручэ́нне, -я, н. (да 1, 3, 5, 8 і 9 знач.).

|| прым. круці́льны, -ая, -ае (да 3 знач.; спец.).

Круцільная машына.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)