сядзі́ба, ‑ы, ж.

1. Жылыя і гаспадарчыя пабудовы разам з садам, агародам, якія складаюць адну гаспадарку (у сельскай мясцовасці). Перад .. [Нявідным] раскрываецца круглая паляна, а на паляне відаць сядзіба — хутар ці сярэдняй рукі фальварак. Колас. Суровая, марозная была зіма, снегам замяло дарогу, што вяла з лесу ў далёкую панскую сядзібу. Лупсякоў. — Я так мяркую, — казаў .. [Ксяпевіч] далей, — што хоць сядзіба Несцяровічаў у нізіне, з гарышча хаты ці з вышак адрыны ўся шаша як на далоні. Новікаў. // Памешчыцкі дом як цэнтр маёнтка. Відны фрагменты драўлянай сядзібы і карчмы з заезным дваром за масіўнай сцяной. «Помнікі». // Гаспадарчы і жылы цэнтр сельскагаспадарчага прадпрыемства (саўгаса, калгаса і пад.). Люся другі месяц жыла з бацькамі на цэнтральнай сядзібе саўгаса «Дружба». Даніленка. Ад эмтээсаўскай сядзібы метраў з чатырыста — і поле. Лобан. // Разм. Наогул — месца, дзе размяшчаецца якая‑н. установа. У грамадзянскую вайну цеснаватыя пакоі гэтага, дома на нейкі час сталі сядзібай польскай дэфензівы і, напэўна, нямала б маглі расказаць аб мужнасці перад вачыма смерці барацьбітоў антыбелапольскага падполля і беларускіх партызан 1919 года У. Шумскага, С. Плашчынскага і інш. Ліс.

2. Зямельны ўчастак, заняты збудаваннямі ў адрозненне ад зямлі пад палямі, лугамі, лесам. [Сымон:] — А якая ў мяне сядзіба! Шостая частка яго [Халусты]. Чарнышэвіч. Сядзіба ў Мацея Глоткі шырокая, а от жа наважыў новую хату паставіць ледзь не ўпрытык да суседскіх акон. Марціновіч. // Зямельны ўчастак каля дома, заняты агародам, садам; прысядзібны ўчастак. Усё забрала мачыха, прыхапіўшы і тое, што вырасла на сядзібе. Шамякін. На сядзібе былі яблыні, слівы і розныя садовыя пусты. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паса́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. пасадзіць (у 2, 4 і 8 знач.).

2. звычайна мн. (паса́дкі, ‑дак). Тое, што пасаджана; пасаджаныя расліны, дрэвы. Пасадкі маладога сасонніку скончыліся, і наперадзе заросшая верасам паляна з рэдкімі бярозкамі. Навуменка. Я прыпынілася ля веснічак станцыйнай агароджы, азірнулася: вагоны ўжо схаваліся за ялінамі пасадкі. Савіцкі.

3. Упусканне пасажыраў у вагон, на самалёт, карабель і пад., каб яны маглі заняць месца на час паездкі. Пасадка ішла хутка. Праз дзве-тры хвіліны чарга дайшла да пасажыра ў цёмна-сінім гарнітуры. Пальчэўскі. Падышоў пусты аўтобус. Людзі з рэчамі сталі гуртавацца каля яго дзвярэй, гатовыя к пасадцы. Ермаловіч. Пачалася пасадка, Блізнюк заняў сваё месца, пазіраў праз акно на людзей, што прыйшлі праводзіць сваіх блізкіх, бачыў Ліду, усміхаўся ёй. Дамашэвіч.

4. Прызямленне (самалёта і пад.). Пасадка першага самалёта ў такі час мела для партызан велізарнае значэнне. Шамякін. // Апусканне міжпланетнага касмічнага карабля або лятальнага апарата на паверхню якога‑н. нябеснага цела. Вымушаная пасадка.

5. Манера конніка трымацца ў сядле. Чырвонаармеец паглядзеў на конніка, ацаніў яго пасадку, усміхнуўся сам сабе. Мікуліч.

6. Палажэнне цела ў час сядзення. // Размяшчэнне, пастаноўка адпаведным чынам (пра вушы, вочы, галаву).

7. Спец. Характар злучэння дэталей. Нерухомая пасадка гаек.

8. Спец. Размеркаванне (пчол, рыб і пад.) у спецыяльным памяшканні. Пасадка пчол у вулей.

•••

Квадратна-гнездавая пасадка — спосаб пасадкі прапашных культур, пры якім насенне размяшчаюць на аднолькавай адлегласці адно ад аднаго ў падоўжным і папярочным напрамках.

Мяккая пасадка — пасадка касмічнага лятальнага апарата, пры якой хуткасць апарата к моманту сутыкнення з паверхняй планеты або іншага нябеснага цела мінімальная (у ідэальным выпадку — нуль) і якая забяспечвае цэласць канструкцыі і сістэм апарата.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ляда1 (ж. і н.), ля́до, лядо́, ле́до, ля́ды, ля́дзіна ’дзялянка высечанага лесу, хмызняку; высека’, ’расчышчанае месца ў лесе пад пасеў або пад сенажаць’ (ТСБМ, Гарэц., Зн., Нас., Растарг., Шн. 2; усх.-бел. ДАБМ, к. 337), а таксама ’пакінутая зямля’, ’дзікае месца’, ’пожня’, ’цаліна’, ’поле ў кустах’, ’неаранае поле са свірэпай’, ’вялікае поле’, ’будынак, у якім ніхто не жыве’ (ДАБМ, к. 337; Яшк.; Талстой, Геогр.; Растарг.), ’месца, якое зарасло густым, маладым лесам’, ’сухадольны лес’, ’харошы лес’, ’сасновы лес’, ’востраў, дзе добра расце сасна’, ’чубок лесу сярод поля’, ’цёмны лес’, ’месца з высечаным лесам, дзе ляжыць галлё’ (Маш., ДАБМ, к. 337); ля́давіца, лядцо, лядца, лядзечка, лядцовічка ’невялікі ўчастак ляда’, лядзішча ’поле на высечцы’ (Яшк.), ’месца, прыдатнае для ачышчэння ад зарасніку’ (Нас. Доп.). Укр. н.-валын. лядо ’высокае месца ў лесе, дзе расце будаўнічы лес’, палес. ’невялікая плошча сярод лесу’; лядина, ровенск. лядо́ва (лядова́та) сосна ’смалістая хваіна’, ’стрыжань хваіны ці яліны’, рус. ля́да, ляда́, дя́дина — вельмі шмат значэнняў, большасць з якіх аналагічная да бел.; польск. lędzina, каш. lëʒëna, laʒëna, ladzina ’пожня’, назвы азёраў Lendo, Polędzie; палаб. lʼǫdü ’ралля’, н.-луж. lědo, lěda, lědy (мн. лік) ’пустка, неапрацоўваемая зямля, папар’, в.-луж. lado, lada ’тс’; чэш. lado, lada ’тс’, славац. ležať ľadom ’ляжаць лядам’; славен. ledína ’аблога’, ledič ’лясны луг’, серб.-харв. лѐдина, леди́на ’неапрацоўваемае поле, пакрытае дзірваном’, макед. ледина ’аблога’, лендина ’лясная паляна’, балг. леда ’аблога’, ле́дина, леди́на ’тс’, ’лясная паляна’, ц.-слав. лѧдина ’аблог’. Прасл. lędo, lędina ’неапрацоўваемая зямля’ (Слаўскі, 4, 201; Мартынаў, Лекс. взаим., 144) ці, увогуле, ’зямля, не прыдатная для апрацоўкі’ (Талстой, Геогр., 137); і.-е. адпаведнікі: ст.-прус. lindan ’даліну’, швед. linda ’папар’, гоц. land ’зямля, поле’, ірл. land, lann ’плошча, адкрытае месца’ — усе да і.-е. *lendho‑ (Траўтман, 157; Бернекер, 1, 705; Брукнер, 289; Фасмер, 2, 549; Махэк₂, 317; Скок, 2, 284; Бязлай, 2, 130; Трубачоў, Эт. сл., 14, 44–48). Мартынаў (БЛ, 6, 79) параўноўвае бел. ляда з літ. lyda ’вырубка (лесу)’. Сюды ж ляда біць ’ускопваць’ (клім., БНТ, Лег. і пад.), ля́дны ’з ляда’; лядныя сена ’сена з ляда’ (Юрч., Вытв.). Тарнацкі (Studia, 53–54) і Папоўска–Таборска (Бел.-польск. ізал., 105–106) адзначалі палес.-каш. ізалексу са значэннем ’пожня’.

Ля́да2, ля́до ’гарошак плотавы, Vicia sepium L.’ (нясв., КЭС; гродз., Кіс.), ’мышыны гарох’ (пін., Шатал., ТС), ’віка’ (Мікуц.), ’гарошак’ (лях., стаўб., Сл. ПЗБ). Укр. ляд, лядве́ць, лядвене́ць, ля́дник, рус. ля́двенец, ля́дник, польск. lędziaj, lędziej, leńdziak і інш., якія ў слав. мовах называюць розныя расліны, — усе да прасл. lędo (> ляда1) з першасным значэннем ’расліны, якія растуць на лядзе, на аблогу’ (гл. Слаўскі, 4, 201–202). Пасля гэта сема замацавалася за асобнымі раслінамі.

Ляда3, ляды ’бруд у хаце’ (талач., КЭС), ’непарадак’, ’шкода’ (зах.-віц., ДАБМ, к. 337; Сл. ПЗБ), ’пустазелле’ (Сцяшк.), ’пустазелле ў абмалочаным збожжы’ (зах.-бел., палес., ДАБМ, к. 337; кругл., Мат. Маг.). Да ля́да1. Талстой (Геогр., 141) уключае гэтыя лексемы ў семантычны ланцуг: ’лес’ ∼ ’лісцевы лес’ ∼ ’хмызняк’ ∼ ’сучча’ ∼ ’пустазелле ў абмалочаным збожжы’ ∼ ’смецце, бруд’. Сюды ж в.-дзв. ля́дам‑градам ’у беспарадку’ (Сл. ПЗБ).

Ля́да4, лядо ’драўлянае карыта ў сячкарні’ (гродз., брэсц., ДАБМ, к. 337; Сцяшк., Нар. лекс.), ’сячкарня’ (маст., Шатал.), ’калода, на якой рэжуць касой салому для жывёлы’ (пруж., кам., ДАБМ), ’набіліцы’ (Сцяшк., Сцяц., Жд. 1, ЛАПП, Тарн.; пін., КЭС; Шатал., Мат. Маг., ТС, Сцяшк. Сл.; ДАБМ, к. 337), ’дзверы ў пограб, у склеп’, ’прылавак у магазіне’ (Растарг.; ельск., Мат. Гом.); ’верхняя частка церніцы’ (маст., Сл. ПЗБ); ляда, лядо, лядь ’прылада для падымання цяжкіх прадметаў’ (зах.-бел., ДАБМ, к. 337; Словаўтв., Нар. сл., Нар. лекс., Нар. словатв., Мат. Гом., ТС, Сцяшк., Клім., Сл. ПЗБ), лядава́ць ’паднімаць, класці бярвенне на воз пры дапамозе ляды’ (гродз., Нар. сл., слонім., Нар. лекс.). Запазычаны праз польск. мову з ням. Lade (Weberlade, Ladebaum) ’скрыня, шуфляда’, ’набіліцы’, ’ляда для паднімання цяжкіх прадметаў’, с.-в.-ням. lada ’скрыня’, ’дыль’, ст.-нарв. blada ’свіран’ (Бернекер, 1, 682; Брукнер, 289; Слаўскі, 4, 20–21; Талстой, Геогр., 141–142; Арашонкава, Бел.-польск. ізал., 9; Чартко, Бел. лінгв. зб., 147, 149).

Ля́да5 ’абы’ (беласт., ваўк., Сл. ПЗБ). Да леда (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Луг1, лужок ’сенажаць, пераважна заліўная, пакрытая шматгадовай травой’, ’забалочанае месца, парослае хмызняком і дрэвамі, поплаў’ (Нас., Яруш., ТСБМ, Зеньк., Бес., Бяльк., Клім., Сцяшк., Касп., ТС, лях., Янк. Мат.), ’балоцістая сенажаць’ (Сл. ПЗБ), луог ’лагчына’ (Сержп., Грам.); ’сухадольны лог’ (мазыр., пух., слаўг., шчуч., Яшк.), ’лес, лісцевы лес на абалоні’, ’лес на нізкім месцы, парослы травой’ (Зеньк., Шн., Бяс.; жытк., Талстой), ’алешнік у нізіне’ (Сержп. Грам.), лужок ’некалькі дрэўцаў у лагчыне сярод поля’ (Прышч., дыс.), лужэйка ’поплаў, лужок’ (калінк., Сл. ПЗБ). Укр. луг ’лес у нізіне’, ’сенажаць, луг, парослы травой і кустамі’; рус. луг ’заліўная сенажаць, лясістая абалона’, ’забалочаная нізіна, паша’, ст.-рус. лугъ ’лес, дуброва’, ’балота’, ’заліўная сенажаць’, ’нізіна, нізкі бераг, пакрыты травою, кустамі, трыснягом’, ’лес, дуброва, лесастэп’; польск. ląg, łęgi ’забалочаны (у даліне ракі) луг, парослы кустамі’, ’лес, поле на такіх лугах’, ’роўнае поле, нізіна’, н.-луж. ług ’забалочаная даліна’, ’мокры луг’, чэш. luh ’лес над ракой’, ’луг’, ст.-чэш. ’лес, гай’, ’луг у лесе’, ’даліна’, славац. luh ’лес над вадой’, ’высокі лес на мокрай глебе’, славен. lǫ̂g ’нізкі лес’, ’луг над вадой з рэдкімі дрэвамі’, серб.-харв. лу̑г ’лес, гай’, ’чарот’, макед., балг. лаг, лак, лък, лъг, лъгъ́т ’нізіна, абалона’, ’луг, сенажаць’, ’лясок на мокрым лузе’, ’яр, парослы густым лесам’, ’раўніна ля ракі’, ’гай, дуброва’, ’лес уздоўж ракі’, ’ручэй з парослымі лесам берагамі’, ’нізкае месца на лузе’, ’лес з вялікіх дрэў’, тырнаўск. лугпаляна, паша’, ’клін паміж дзвюма рэкамі’, ст.-слав. лѫгъ ’гай, малы лес’. Прасл. lǫgъ ’лука, балонь, нізкі лес на поплаве, багна’ (параўн. яшчэ каш. lëgnoc są ’пакрывіцца на дажджы і сонцы’, lëgti ’нізінны’, legńica ’яма’, lëga ’нізіна’, рус. сіб. ла́га ’вільготнае месца ў зарасніках’, ’яма з вадой, лужа’), і.-е. адпаведнікам да якога з’яўляецца літ. léngė ’поле, луг у нізіне і інш.’ Узыходзіць да і.-е. *leng‑ ’згінаць’, сіноніма да блізкага *lenk‑ > лука́ (Слаўскі, 5, 79–82; Фасмер, 2, 527; Махэк₂, 343; Скок, 2, 327; Бязлай, 2, 147–148; БЕР, 3, 336–537).

Луг2 ’нізкае месца, лужа з вадой’, ’невялікі вадаём у полі ці ў лесе, які часам перасыхае ўлетку’ (Федар. I, Федар. 2, Яшк., ТС, Сл. ПЗБ), лужок ’азярцо сярод лугу, натуральны вадаём’, ’невялікая балаціна, дзе не высыхае вада’ (ТСБМ, Сл. Брэс., Сл. ПЗБ; слуц., КЭС; Бір. дыс.). Ст.-польск. ług ’багна, дрыгва’, славінск. łuk, каш. ług ’тс’, ług ’лужок сярод поля’, палаб. lai̯g ’луг, паша’, н.-луж. ług ’дрыгва, якая зімою пакрываецца вадой, а летам высыхае, і там расце трава’, в.-луж. łuk ’дрыгва’. Прасл. паўн.-зах. lugъ ’балота, дрыгва’. І.‑е. адпаведнікі: літ. liū̃gas ’дрыгва, лужа’, lū́gos, lū̃gas ’глыбокае месца, напоўненае вадой’, ’балота’, ’дрыгва’, ’ставок’, ’яма на дне ракі’, ілір. lugas/luga ’дрыгва’ > алб. lëgatë ’лужа, балота’ (Слаўскі, 5, 298–299). У сучасных слав. мовах і дыялектах семантыка луг1 і луг2 часта змешваецца.

Луг3, малар. луз ’шчолак з попелу, залітага варам’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Сержп. Грам., Бір. дыс., Клім., Сцяшк., Уладз., Бяльк., Шат., Касп., ТС; зэльв., Сцяц. Словаўтв.; лях., Янк. Мат.; Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.; КЭС, лаг.). Укр. луг, рус. смал., кур. луг ’тс’, луга ’раствор галына’, польск. ług ’луг’, каш. lug (lëgu) ’луг, мыла, змыліны’, палаб. lau̯g ’луг, шчолак’, н.-луж. ług ’тс’, в.-луж. łuh ’пратрава, дубільнік’; чэш. louh, ст.-чэш. lúh ’луг’, ’мача’, славац. lúh ’брудная вада пасля мыцця’, ’раствор, у якім апрацоўваюцца маткі пражы’, славен. lúg, lùg ’луг’, серб.-харв. лу̑г ’тс’, ’попел’, чак. (з XV–XVII стст.) luga ’тс’, макед. луга ’луг’, балг. луга́, лу́га, лугя ’луг’, ’асадак, які застаецца, калі вараць мыла’. Прасл. lugъ/luga ’луг як мыючы і адбельваючы сродак’ (Машынкі, Kultura Sl., 1, 616). Мартынаў (Лекс. взаим., 166–168) не выключае запазычанне з прасл. у прагерм. (laugō), у чым сумняваецца Слаўскі (5, 296–298), паводле якога прасл. lugъ — запазычанне са ст.-в.-ням. louga (с.-в.-ням. louge, суч. ням. Lauge ’луг’), luhhen ’мыць’ < і.-е. *lou‑/*louə ’мыць’ (параўн. ст.-грэч. λούω ’мыюся’, лац. lavō, lavāre ’тс’, ’купацца’, арм. loganam ’купаюся’, хецк. lah(h)u‑ ’ліць’. Гэтак жа БЕР, 3, 485; Скок, 2, 326; Бязлай, 2, 155. Бернекер (744), Брукнер (314), Фасмер (2, 527–528), а таксама Курыловіч (Przegląd Zach., 1951, 5/6, 201–202) меркавалі, што lugъ з’яўляецца запазычаннем з с.-в.-ням. louge або нават з ням. Lauge. Слаўскі (5, 297) указвае на польск. мову як пасрэднік для ўзнікнення бел. і ўсх.-слав. луг, а Фасмер (2, 527) — польск. і чэш. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)