лупі́ць¹, луплю́, лу́піш, лу́піць; лу́плены; незак., каго (што).

1. Знімаць, абдзіраць (скуру, кару і інш.) з чаго-н. або ачышчаць ад лупін; абіраць.

Л. кару з дрэва.

Л. бульбу.

2. Драць на часткі (разм.).

Нашто ты кнігу лупіш?

3. каго (што). Моцна біць, лупцаваць каго-н.

Л. каня пугай.

4. 3 сілай удараць у што-н., па чым-н.

Л. нагой у дзверы.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ужыв. замест некаторых дзеясловаў для абазначэння дзеяння, якое адбываецца з асаблівай сілай (разм.).

Лупіць дождж.

Л. у бубен.

Лупіць скуру (разм.) —

1) браць празмерна вялікую плату;

2) моцна біць.

Лупіць як сідараву казу (разм.) — бязлітасна біць каго-н.

|| зак. аблупі́ць, -луплю́, -лу́піш, -лу́піць; -лу́плены (да 1 знач.), злупі́ць, злуплю́, злу́піш, злу́піць; злу́плены (да 1 і 3 знач.) і адлупі́ць, -луплю́, -лу́піш, -лу́піць; -лу́плены (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

палахлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які лёгка палохаецца, баязлівы. Нашто ўжо палахлівы чорны дрозд, а і той да вады хоць і.. азіраючыся, але падыдзе. Ігнаценка. Асабліва тонка ўспрымаюць.. [вушы пагранічніка] хаду парушальніка, заўсёды дакладна адрозніваючы яе ад бязгрэшнай хады палахлівай сарны. Брыль. // Які выражае нясмеласць, прасякнуты баязлівасцю. Разбуджаны балотны кулік два разы падаў тонкі палахлівы голас. Кулакоўскі. Кузьма ўпаў на зямлю і палахлівымі вачыма пазіраў на Грышку. Чарот.

2. перан. Разм. Мітуслівы, дрыготкі. Па хмарках слізгануўся палахлівы слуп пражэктара і знік, як падрэзаны. Лынькоў. У хаце па кутках заскакалі палахлівыя цені. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыду́маць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Думаючы, раздумваючы, прыйсці да якога‑н. рашэння; здагадацца зрабіць што‑н.; выдумаць. Думалі, думалі хлопцы, як выкрасці кажух. Нічога не прыдумалі, як толькі расперазаць яго і лёгенька сцягнуць. Колас. Маёр не здолеў прыдумаць нічога іншага, апроч лабавога ўдара. Брыль. // Стварыць што‑н. у думках, вынайсці. Прыдумаць мелодыю. □ Сцяг сама Галіна пашыла і на ім лозунг, які прыдумалі разам усе, вось тут жа на бярвенні каля клеці. Галавач. — Гэта — праект новай міны. Наш Сёмка прыдумаў. Брыль. Восень пакуль — не прыдумаеш лепшай. Мележ.

2. Выдумаць тое, чаго не было на самай справе. — Ты хаця не прыдумай чаго. — Нашто мне прыдумваць, калі гэта праўда. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́цемак, ‑мку, м.

Паўзмрок, паўцемра адразу пасля захаду сонца або перад усходам сонца. У ранішнім прыцемку .. [дарога] нагадвала рэчышча, а купкі чорных дрэў здаваліся падобнымі на скалы. Мележ. Улетку на вёсцы спаць кладуцца з прыцемкам. Сачанка. // Паўзмрок, паўцемра ў дрэнна асветленым памяшканні, месцы. — Не спяшайся запальваць агню. Пасядзім лепш у прыцемку. Нашто ж, каб вокны свяціліся. Машара. А ў прыцемку варот, густой імглой прыкрыты, Як здань мінулага, стаіць стары гандляр. Панчанка. Гадзіннік здаўся.. [Валі] прыгажэйшым, як у магазіне, бо там прыцемак кідаў цень на яго беленькі цыферблат. Пестрак.

•••

На прыцемку — адразу пасля захаду сонца або перад усходам сонца. Толькі на прыцемку.. [Насця] пачне гатаваць страву. Жычка. У панядзелак Янка ўстаў на прыцемку. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бубні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; ‑нім, ‑ніце; незак., што і без дап.

Разм.

1. Біць у бубен; барабаніць. [Юрка:] — Нашто вы бубен дасталі? [Жыгунец:] — Бубніць пайду. Чорны. // Ствараць, утвараць гукі, падобныя да гукаў бубна. Аднастайна, сумотна бубніць дождж у шыбы акон. Шамякін.

2. перан. Гаварыць ціха, незразумела, манатонна. Таркевіч рабіў уражанне сярдзітага чалавека. Бровы яго пераважна былі нахмураны, ён меў звычай бубніць і прыгаворваць: «Ці гэта парадак?» Колас. Дастаўшы чыгунок ці якую варэйку, .. [Андрэй Данілавіч] адхопліваў гарачы кружок, заглядваў у пасудзіну і дабрадушна бубніў: «Ну, а тут што ёсць? Чаго нам тут накухарыла?» Ракітны. // Назойліва паўтараць адно і тое ж. — Печаны гад! І зямля іх такіх носіць. Усю дарогу мне бубніў, што вайне канец. С. Александровіч.

•••

Бубніць (сабе) пад нос — гаварыць вельмі ціха, незразумела.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

траві́ць 1, траўлю, травіш, травіць; незак., што.

Спец. Апрацоўваць паверхню чаго‑н. кіслатой або іншымі хімічнымі рэчывамі. Травіць шкло. Травіць дошку. // Наносіць (узор, рысунак) пры дапамозе кіслаты або іншых хімічных рэчываў. Травіць узор на шкатулцы.

траві́ць 2, траўлю, травіш, травіць; незак., што.

Таптаць (лугі, палі), з’ядаць пасевы; рабіць патраву. [Павал] пад’ехаў да самага Тамаша і Юркі. Прыпыніў каня і нарабіў крыку: .. — Нашто авёс коньмі травіце? Чорны. А Уладзік пасвіў дзесь каровы, Травіў чужыя сенажаці; А дома з дзецьмі была маці. Колас.

•••

Козамі сена травіць — траціць, пераводзіць дабро.

траві́ць 3, траўлю, травіш, травіць; незак., што.

Спец.

1. Выпускаць, адпускаць патроху канат, снасць і пад., аслабляючы нацяжэнне. Травіць канат.

2. Выпускаць пару, газ, паветра, робячы меншы ціск.

траві́ць 4, траўлю, травіш, травіць; незак., што.

Засвойваць у працэсе стрававання, ператраўліваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увільну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Спрытна ўхіліцца ад сустрэчы, сутычкі з кім‑, чым‑н.; лоўка павярнуўшыся, пазбегнуць чаго‑н. Увільнуць ад удару. □ — Я ўжо іду, — і бег [Федзька] дахаты, азіраючыся на бацьку, каб увільнуць, калі той захоча аперазаць. Арабей. // Непрыкметна пайсці, паехаць, скрыцца ад каго‑н. На агароджапай канатамі арэне рысоўка не паможа, бо там няма куды увільнуць, няма кім засланіцца. Карпюк.

2. перан.; ад чаго. Ухіліцца ад чаго‑н., карыстаючыся рознымі хітрыкамі; выкруціцца. Увільнуць ад цяжкай працы. Увільнуць ад прамога адказу. □ Калі ўзяць, дык — [кулак] надта хітры, Калі даць, дык — «носік вытры». Увільне не сяк, дык так, Бо нашто ж бы быў кулак? Крапіва. Калі раней [Валодзя] толькі і думаў, як увільнуць ад работы, дык цяпер ніколі не адстае ад астатніх. Рунец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упра́ва 1, прысл.

У правы бок; проціл. улева. Дарога паварочвала то ўправа, то ўлева. Краўчанка. Стрэлка манометра пасоўвалася ўправа, набліжаючыся да чырвонай рыскі. Васілёнак.

упра́ва 2, ‑ы, ж.

1. Установа, якая ведала грамадскімі, саслоўнымі і адміністрацыйнымі справамі ў дарэвалюцыйнай Расіі, а таксама будынак, дзе яна размяшчалася. Земская ўправа. Валасная ўправа. Гарадская ўправа.

2. Сіла, якая абмяжоўвае чыё‑н. самавольства, дэспатызм; мера ўздзеяння на каго‑н. Людзі голасам галасілі ад панскай ласкі. Шукалі дзе якую ўправу на яснавяльможнага. Сабаленка. Нашто зямля іх, катаў, носіць? Ой, хто ж ад іх не загалосіць? А дзе на іх шукаць управы, Бо суд «праўдзівы», суд «ласкавы» Паноў за здзекі не карае? Колас. — На п’янства, нябось, ёсць управа, а чаму ж гэтых курцоў не караюць, — сказала .. [жанчына] з нейкай крыўдай і змоўкла. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзіця́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да дзіцяці (у 1 знач.). Дзіцячы ўзрост. Дзіцячыя хваробы. □ [Лабановіч] устаў, калі ўжо ў школе чуліся дзіцячыя галасы. Колас. [Наста] пазнала ў цемры — гэта ён, Андрэй Саковіч — друг дзіцячых дзён. З. Астапенка. // Які належыць дзіцяці. [Люда] на хаду, не гледзячы, падала .. [Юрку] руку і з нейкай асаблівай, небывалай цеплынёй адчула ў сваёй руцэ дзіцячыя пальчыкі. Брыль.

2. Уласцівы дзіцяці, дзецям. Гэты невялічкі куток ператварыўся ў маёй дзіцячай фантазіі ў казачны лес з незвычайнымі істотамі. Бядуля. Салодкі сон дзіцячы пасля пылу, духмень. Лынькоў. // перан. Неўласцівы даросламу, не сталы. Дзіцячыя разважанні. Дзіцячы розум. □ — Дараваць сабе не магу, нашто я тады чытала табе свой верш. Ну, але ты глядзі на гэта, як на дзіцячую забаўку. Колас.

3. Прызначаны для дзяцей. Дзіцячая літаратура. Дзіцячая каляска. □ «Даведаюся, ці ёсць у дзіцячым вагоне месцы», — рашыла Таня. Даніленка.

•••

Дзіцячая пляцоўка гл. пляцоўка.

Дзіцячы дом гл. дом.

Дзіцячыя яслі гл. яслі.

Дзіцячы лепет гл. лепет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзе́цца, дзенуся, дзенешся, дзенецца; заг. дзенься; зак. (ужываецца з прысл. «дзе», «нідзе», «куды», «нікуды», «некуды», часта з адмоўем).

Разм.

1. Знікнуць, прапасці. Учора, як разыходзіліся ад пакгаўза, не заўважыў Міколка сярод людзей, куды дзеўся яго стары таварыш. Лынькоў. Як загледзішся на такія малюнкі вясны, дык сон немаведама куды і дзенецца, усё роўна як у ваду кане. Кулакоўскі. // Схавацца ад каго‑, чаго‑н. Нашто вас пільнаваць, і так нікуды не дзенецеся. Чорны. Ад праўды нікуды не дзенешся. Прыказка. // перан. Быць вымушаным зрабіць што‑н., не адмовіцца, не выкруціцца. — Мне здаецца, князь не захоча парадніцца з такім галадранцам, як Юрага, — выказаў меркаванне дзядзька Восіп. — Нідзе не дзенецца, — прамовіў Парфімовіч. С. Александровіч. — А калі ты папаўся — раскажы, што ведаеш. Усё адно нідзе дзенешся. Баранавых.

2. Знайсці сабе месца, прытулак і пад. — Не ведаючы, куды дзецца нанач у незнаёмым цяпер і разбітым горадзе, я рашыў пераначаваць на тэрыторыі завода: усё ж такі гэта сваё прадпрыемства. Гурскі.

•••

Не ведаць, куды (дзе) дзецца гл. ведаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)