траві́ць 1, траўлю, травіш, травіць; незак., што.

Спец. Апрацоўваць паверхню чаго‑н. кіслатой або іншымі хімічнымі рэчывамі. Травіць шкло. Травіць дошку. // Наносіць (узор, рысунак) пры дапамозе кіслаты або іншых хімічных рэчываў. Травіць узор на шкатулцы.

траві́ць 2, траўлю, травіш, травіць; незак., што.

Таптаць (лугі, палі), з’ядаць пасевы; рабіць патраву. [Павал] пад’ехаў да самага Тамаша і Юркі. Прыпыніў каня і нарабіў крыку: .. — Нашто авёс коньмі травіце? Чорны. А Уладзік пасвіў дзесь каровы, Травіў чужыя сенажаці; А дома з дзецьмі была маці. Колас.

•••

Козамі сена травіць — траціць, пераводзіць дабро.

траві́ць 3, траўлю, травіш, травіць; незак., што.

Спец.

1. Выпускаць, адпускаць патроху канат, снасць і пад., аслабляючы нацяжэнне. Травіць канат.

2. Выпускаць пару, газ, паветра, робячы меншы ціск.

траві́ць 4, траўлю, травіш, травіць; незак., што.

Засвойваць у працэсе стрававання, ператраўліваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)