насто́йка, ‑і, ДМ ‑стойцы; Р мн. ‑стоек; ж.

1. Спіртны напітак, настоены на ягадах або травах. Паставіць настойку. Вішнёвая настойка. □ Перакуліўшы добры келіх .. настойкі і смачна закусіўшы грыбамі, Сабастыян быў цяпер у тым добрым настроі, калі хочацца чалавеку марыць. Сабаленка.

2. Тое, што і настой (у 1 знач.). Ёдная настойка. Валяр’янавая настойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эсе́нцыя, ‑і, ж.

1. Канцэнтраваны раствор або моцны настой якога‑н. лятучага рэчыва, які ўжываецца ў харчовай, фармацэўтычнай і парфумернай прамысловасці. Воцатная эсенцыя. □ У будцы прыемна пахне грушавай эсенцыяй; на паліцах.. ляжаць каробкі з часткамі карціны, якую толькі паўгадзіны таму назад прывезлі ў калгас. Стаховіч.

2. перан. Сутнасць чаго‑н.; квінтэсенцыя. Эсенцыя пытанняў. Эсенцыя фактаў.

[Ад лац. essentia — сутнасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Зе́лле ’травы’. Рус. зе́лье уст. ’травы’, суч. ’настой на травах’, прастамоўн. ’гарэлка, тытунь’, уст. ’порах’, укр. зілля ’травы’, ’настой, тытунь, гарэлка’, ’непрыемныя людзі’. Польск. ziele ’травы’, ’лекавыя травы’, серб.-луж. zelo, zele, палаб. zilĕ ’трава’, чэш. zelí капуста’, уст. ’трава’, славац. дыял. zelie ’капуста’, славен. zę́lje ’капуста’, ’трава (у наменклатурных складаных назвах), серб.-харв. зе̑ље ’зелле’ назвы некаторых ядомых раслін (капуста, шчаўе і інш.), балг. зѐле ’капуста’, макед. зелје ’шпінат’ (а таксама іншая зеляніна). Ст.-слав. зелиѥ ’расліна’. Ст.-рус. зелие, зелье ’трава, расліна’, ’лекавыя травы’, ’атрута’, ’порах’, ’прыправы’. Прасл. *zel‑ьje з тым жа коранем *zel‑ < і.-е. *gʼhl, што ў зялёны (гл.) і зборным суфіксам ‑ьje. Параўн. літ. žolė, лат. zâle ’трава, зелле’. Шанскі, 2, З, 85; Фасмер, 2, 92–93; Праабражэнскі, 1, 248–249; Траўтман, 365; БЕР, І, 631.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сянны́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да сена. Як толькі .. пачнуць прабівацца кволыя ранішнія прамяні, я выбіраюся з цёплага сяннога берлагу. Карамазаў. // Які зроблены з сена. Сянная пацяруха. Сянная мука. Сянны настой. // Прызначаны для сена. Сянны склад. Сянны прэс.

•••

Сянная ліхаманка — хвароба, якая праяўляецца цяжкім ліхаманкавым станам, узнікае ў людзей з павышанай адчувальнасцю ў час цвіцення раслін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чабаро́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да чабару. Чабаровы водар перабіваў кіслы толавы пах, які кружыў галаву. Алешка.

2. Прыгатаваны з чабару; сабраны з кветак чабару. Чабаровы настой. □ Пасля лазні Віця забег на кухню, дзе Маша пачаставала яго духмяным чабаровым чаем, а адтуль падаўся ў клуб. Корзун.

3. Які парос чабаром. На чабаровых узлесках прыпякала сонца, і зграі аваднёў неслі над коньмі варту. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Румя́нак ’адзін з відаў рамонку, які выкарыстоўваецца як лекі; лекавы настой на кветках гэтага рамонку’ (Сл. ПЗБ, Сл. рэг. лекс., Касп.), румя́нок ’рамонак’ (ТС), румя́нок, руме́нок ’тс’ (Сл. Брэс.). Польск. rumianek ’рамонак, рамон, расліна Matricaria chamomilla’, параўн. таксама чэш. rmen, rmenek, heřmánek, славац. rumanček, harmanček, славен. rmȃn. У ст.-польск. з XV ст. rumienek/rumionek і rumien/rumion/romien ’тс’, ’пупок, Anthemis’, у XVI ст. rumienek. У польскую мову запазычана з чэшскай са зменамі пад уплывам прыметніка rumiany (Борысь, 527). Гл. рамонак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

чай, ‑ю, м.

1. Высушаныя і асобым спосабам апрацаваныя лісты вечназялёнага чайнага дрэва, на якіх настойваюць духмяны напітак. Пачак чаю. □ Абсалям Чыка тлумачыць нам, як трэба гатаваць чай па-мараканску. У медны чайнік засыпаецца зялёны чай і кладзецца столькі цукру, колькі можа змясціцца ў чайніку. В. Вольскі. // Вечназялёная расліна, дрэва або куст, сямейства чайных, з лісця якой атрымліваюць духмяны напітак. Куст чаю.

2. Гарачы напітак, настоены на лісці гэтай расліны. Напіўшыся чаю, дзед сказаў: — А ты, сынку, што, вячэраць не будзеш? Якімовіч. Змітрок узяў шклянку і наліў з чайніка трохі чаю. Ваданосаў. // Настой на травах, карэннях, кветках і пад., які замяняе такі напітак. Знялі чайнік з агню і пачалі піць духмяны, завараны на .. ліпавым цвеце чай. Капыловіч.

3. Працэс піцця такога напітку. Пасля чаю мама пачала прасіць дзядулю расказаць нам аб яго мінулым жыцці. Бяганская.

•••

Зялёны чай — разнавіднасць чаю, які дае зеленавата-жоўты настой з моцным пахам і гаркавата-вяжучым смакам.

Адправіцца да святых на чай (чай піць) гл. адправіцца.

На чай — як узнагароду за дробныя паслугі (даць, атрымаць і пад.); чаявыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чай, -ю, мн. (пры абазначэнні гатункаў) чаі́, чаёў, м.

1. Вечназялёная расліна (дрэва або куст) сямейства чайных, лісце якой выкарыстоўваецца для прыгатавання духмянага напою.

Плантацыі чаю.

Вырошчаваць ч.

2. Высушаныя і асобым спосабам апрацаваныя лісты гэтай расліны, на якіх настойваюць духмяны танізуючы напой.

Зялёны ч.

Заварыць ч.

Купіць пачак чаю.

3. Гарачы напой, настоены на лісці гэтай расліны.

Моцны ч.

Выпіць чаю.

4. Настой на травах, карэннях, кветках і пад., які выкарыстоўваецца пераважна як лекавы сродак.

Ліпавы ч.

Грудны ч.

5. Чаяпіцце, чаяванне.

Запрасіць на ч.

На чай (даваць, браць; разм.) — узнагарода, звычайна грашовая, за дробныя паслугі (афіцыянту, швейцару); чаявыя.

|| прым. ча́йны, -ая, -ае.

Ч. куст.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

рамо́нак, ‑нку і ‑нка, м.

1. ‑нку. Травяністая расліна сямейства складанакветных задзіночнымі кветкамі, у якіх пялёсткі звычайна белыя, а сярэдзіна жоўтая. Віктар крочыў з МТС вузкай сцяжынкай, зарослай пахучым рамонкам і лапушыстым трыпутнікам. Даніленка. А на зямлі, сярод рамонку і палыну, блішчалі дзве калісьці ўтаптаныя, як ток, лапіны. Мележ.

2. ‑нка. Кветка гэтай расліны. Іна сарвала, нахіліўшыся, рамонак і пачала сашчыкваць белыя пялёсткі. Ваданосаў.

3. ‑нку; толькі адз. Высушаныя кветкі аднаго з відаў гэтай расліны, якія выкарыстоўваюцца як лячэбны сродак; лекавы настой на такіх кветках. Аптэчны рамонак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

настая́ць 1, ‑стаю, ‑стаіш, ‑стаіць; ‑стаім, ‑стаіце; заг. настой; зак., на чым і без дап.

Дамагчыся выканання чаго‑н. Настаяць на сваім. Настаяць на выкананні рашэння. □ Дзімін пастаяў, каб на канферэнцыю таксама былі запрошаны работнікі аховы здароўя. Карпаў. Максім цвёрда вырашыў настаяць, каб Вера вярнулася ў Вільню. Машара.

настая́ць 2, ‑стаіць; зак., чаго.

Разм. Ператварыць подсціл у гной (пра хатнюю жывёлу). Кожны чалавек спадзяваўся займець не адну карову і каняку, а сама меней — парку коней ды галавы тры кароў. Як ні кажы, і малака больш у хату і, галоўнае, жывёла настаіць гною. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)