куб 1, ‑а; мн. кубы, ‑оў; м.

1. Геаметрычнае цела — правільны шасціграннік, усе грані якога квадраты. Начарціць куб. // Пра што‑н. з формай, выглядам такога шматгранніка. Бетонны куб.

2. Здабытак ад множання якога‑н. ліку самога на сябе два разы; трэцяя ступень ліку.

3. Разм. Кубічны метр. Куб дроў.

[Грэч. kybos.]

куб 2, ‑а; мн. кубы, ‑оў; м.

Пасудзіна цыліндрычнай формы для перагонкі або кіпячэння вадкасці; тытан ​3. То яе бачым са шчоткаю ля падлогі, то з мокраю анучаю ля акон, то ля вялізнага куба, дзе гатавалася вада для студэнтаў. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скандава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак., што і без дап.

Выдзяляць націскны склад у кожнай стэпе верша (пра манеру чытання грэчаскіх і лацінскіх вершаў); чытаць верш, падкрэсліваючы ў ім метр. Я верш пісаў, рука мая здранцвела. Язык знямеў, скандуючы радкі. Дзяргай. // Гучна і выразна вымаўляць словы, дзелячы іх на склады. З цеплахода адказваюць па-шведску, скандуюць — моцны голас гэты гучыць над затокай: Дзя-куй! Мележ. Людзі дружна і смела пачалі крычаць, падступаць да папа, махаць рукамі, а яшчэ праз хвіліну і скандаваць: — Па-рус-ку! Па-рус-ку! Карпюк.

[Лац. scandere.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скла́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязны, плаўны (пра мову, пісьмо і пад.). Складныя думкі не лезлі ў галаву. Броўка. // Разм. Мерны, рыфмаваны (пра мову). Складныя прыпеўкі. // Разм. Стройны, зладжаны (пра спеў, музыку). Я шчаслівы, што я разам Пяю песні з камсамолам. Пяём песні складным сказам, Ажно рэхі йдуць наўкола! Купала.

2. Добры, удачны. Складнае жыццё.

3. Разм. Добра складзены, зграбны, стройны. Складны хлопец. □ [Васіль] быў нават крыху вышэйшы за мяне, складны ў плячах. Кавалёў.

складны́, а́я, ‑о́е.

Такі, што можна складваць дзякуючы рухомаму злучэнню частак. Складны бумажнік. Складное вудзільна. □ Даніла моўчкі выцягнуў з зямлянкі дошкі, дастаў з кішэні драўляны складны метр. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узор, прыклад, мерка, лад, манер, мадэль, форма, норма, стандарт, тып; капыл, фасон, шаблон, штамп, трафарэт, схема, аршын, метр (перан.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

траха́, прысл.

Разм. Чуць, амаль. Касніцкі ўскінуў на плечы граблі і вілы і рушыў ісці, цень яго быў гэтакі доўгі, што галава ўпіралася ў былы папоўскі сад, а граблі з віламі каб траха, дык дайшлі б да самай царквы. Чорны. Затое мы самі назвалі пастку лаўком, гэты лавок нагадваў цыліндр даўжынёю не болей за метр, а дыяметрам траха меней паўметра. Масарэнка.

•••

Траха не... — чуць не, амаль не. Дачка акінула бацьку такім ледзяным позіркам, што таго траха не скаланула, але ён не падаў выгляду, што адчувае сябе няёмка. Чарнышэвіч.

Траха што — амаль што. Ды траха што і ўсе выкладчыкі мелі дачыненне да друку — былі аўтарамі першых беларускіх падручнікаў. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ме́ра, ме́рка ’адзінка вымярэння (мера збожжа ў 20 гарнцаў; круглая пасудзіна з клёпак для сыпкіх цел ≈ 1 пуд; краўцоўскі метр; лубянка; для ручнога абмервання палеткаў; памер за памол у млыне)’, ’велічыня, ступень’ (ТСБМ, Яруш., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк., Сцяц., Шат., Мат. Гом., Нас.; кір., Нар. сл.). Укр. мі́ра, рус. ме́ра, польск. miara, н.- і в.-луж. měra, чэш. míra, славац. miera, славен. mẹ́ra, серб.-харв. мје̏ра, макед. мера, балг. мяра, ст.-слав. мѣра. Прасл. měra. Утворана ад і.-е. асновы *mē‑ пры дапамозе суфікса ‑ra. І.‑е. адпаведнікі: літ. mãtas, mãstas, ст.-інд. māti ’мерае’, mátram, mátrā ’мера’, лац. mētior ’мераю’, ст.-грэч. μητίς ’рада, розум’, μητιάω ’раблю выснову’, гоц. mēla ’меха — мера збожжа’, mot ’год’, літ. mẽtai ’тс’, ст.-в.-ням. meʒʒan ’мераць’, māa ’мера’ (Бернекер, 2, 50; Траўтман, 179; Мее, 404; Фасмер, 2, 600; Скок, 2, 437; Бязлай, 2, 178; Шустар-Шэўц, 12, 899; Чайкіна, РР, 1972, 2, 112–114). Сюды ж ме́раць, ме́рыць ’вызначаць велічыню, колькасць, ацэньваць’, ’надзяваць для прымеркі’ (ТСБМ, Др.-Падб., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), ме́рны ’рытмічны’, ’сярэдні паводле сілы, памераў’ (ТСБМ, Нас., ТС), ме́ршчык ’той, хто мерае’ (Нас.), ме́рыцца ’меціць, намервацца’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

са́ла, ‑а, н.

1. Тлушчавае адкладанне ў целе жывёльнага арганізма. Так кормяць у нас багацейшыя гаспадары парсюкоў, калі хочуць нагадаваць тоўстае сала. Якімовіч.

2. Прадукт, што атрымліваецца з тлушчавага рэчыва, які ўжываецца для харчавання. Таня пакорпалася ў сваім кошыку і выцягнула кавалак сала, тоўстага, белага з тонкай жоўтай скуркай. Новікаў. // Растоплены тлушч; тук. Дзеля госця Марта напякла скавародку сала, і ўсе мачалі ў яго бульбу і елі ўрачыста, па-святочнаму. Брыль. Пэўна, у печы на вялізнай скаварадзе аржаныя бліны ў сале топяцца... Бядуля.

3. Змазачнае рэчыва мінеральнага або расліннага паходжання. Машыннае сала. Свечачнае сала.

4. Ледзяная кашка, якая ідзе па паверхні вады перад замярзаннем вадаёма. Аднойчы раніцай я выйшаў на палубу і ўбачыў, што ўсё мора пакрыта нібы рыбнай луской. Гэта быў малады, зусім дробны лядок, які на мове маракоў называецца салам. Бяганская. Сала па рацэ плыло. Густа-густа. А каля берагоў, гэтак на метр, лёд завязаўся. Шашкоў.

•••

Скурнае сала — тлушчавае рэчыва, якое выдзяляецца залозамі скуры.

Заліць за скуру сала гл. заліць ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ме́та1, ме́тка, ме́ціна ’штучны або радзімы знак, які адрознівае прадметы або істоты ад іншых падобных прадметаў, істот’ (ТСБМ, Нас., Бяльк.), ’прыкмета, знак’, ’пляма на целе, покрыва жывых істот’ (кругл., Бел. хрэст. дыял.; ТСБМ), ’мяжа, след, лінія, вышка, маяк, межавая насечка на дрэве’ (Сл. ПЗБ; слаўг., Яшк.), ме́тны ’прыкметны, вядомы, памятны’, ’зграбны, спрытны, лоўкі’ (Нас.; КЭС, лаг.; сувалк., КЭС; гарад., Нар. лекс.; даўг., Сл. ПЗБ), ме́ціць ’ставіць адметны знак, метку’ (ТСБМ, ТС). Укр. кіеўск. мєта ’драўляная бразготка на шыі ў скаціны’, мі́тити, рус. ме́тить, мета, ст.-рус. мѣта ’знак’; серб.-харв. за‑мијѐтити ’прыкмеціць’, балг. сметам ’лічу’, ’мяркую’, сметка ’рахунак’. Прасл. měta. І.‑е. адпаведнікі (балт. адсутнічаюць): ст.-інд. mātiš ’мера’, māti ’мерае’, авест. māta‑ ’памераны’, ’утвораны’, ст.-грэч. μῆτις ’рада’, ’задума’, ’кемлівасць’, μέτρνметр’, лац. mētior, ‑īrī ’мераць’, якія ўзыходзяць да і.-е. асновы *mē‑ ’мераць’, параўн. ме́ра (гл.) (Бернекер, 2, 54; Траўтман, 179; Фасмер, 2, 610; Скок, 2, 423). Менш верагодным з’яўляецца супастаўленне з гоц. maitan ’сячы, высякаць’ (Міклашыч, 196; Младэнаў, 596; Аткупшчыкоў, Из истории, 201).

Ме́та2, мі́та ’доўгі, мелкі капец бульбы’ (петрык., Нар. сл.). Праз польск. пасрэдніцтва (параўн. кацеўск. mėt ’тс’) або непасрэдна з н.-ням. miete ці с.-гал. mite ’стог, сцірта’, ’капец (для караняплодаў)’, якія, аднак, з лац. mēta (foeni) ’сцірта, стог сена’, ’хлеў для сена’ (Васэрцыер, 152).

Ме́та3, ме́цішча ’лінія ў дзіцячай гульні’ (рэч., слаўг., чав., чэр., краснап., Яшк.), які і ме́та ’адлегласць’ (ТС), звязаны генетычна з ме́та1 (гл.), аднак у семантыцы можна бачыць агульнае з семантыкай мэта (гл.). Сюды ж меціць ’цэліць’, ’намервацца ажыццявіць якое-небудзь дзеянне’, ’імкнуцца заняць больш высокае становішча’ (ТСБМ, Яруш.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

больш, прысл.

1. Выш. ст. да прысл. многа. [Насця:] Слова назад я не бяру, але хачу больш прыгледзецца да цябе. Крапіва. Сцёпка пільна сачыў за выразам твару настаўніка. А настаўніцкі твар усё больш і больш прасвятляўся. Колас. // З колькаснымі назоўнікамі або з колькаснымі назоўнікавымі злучэннямі ўказвае на перавышэнне абазначанай колькасці. Больш за тону. Больш за метр. □ Нечакана зазванілі ў дробныя званы ў праваслаўнай кафедры. .. Званілі доўга, больш за пяць хвілін. Чорны.

2. У спалучэнні з прыметнікам або прыслоўем служыць для ўтварэння вышэйшай ступені. Міколка.. наважыўся падацца ў больш спакойнае месца, бліжэй да дзеда. Лынькоў. Усё гучней і больш рашуча чуліся патрабаванне міру, зямлі, свабоды. Дуброўскі.

3. У адмоўным сказе азначае: далей, у далейшым, ужо. Зязюля ў лесе больш не лічыць Гадоў старому ганчару. Бялевіч. // Разм. Апрача гэтага, яшчэ. [Зэня:] — А больш ты [Паўлік] з кім там гаварыў? Чорны.

4. Пераважна, галоўным чынам. Брыдка стала братам, радзей пачалі яны са стрэльбай ды вудай цягацца, а больш гаспадаркай займацца. Якімовіч.

•••

Больш за ўсё — пераважна, часцей за ўсё, найчасцей.

Больш-менш — у нейкай ступені, часткова.

Больш таго — ужываецца, калі трэба падкрэсліць важнасць таго, што будзе сказана далей.

Больш чым... — абсалютна, у вышэйшай ступені.

Куды больш — на многа больш.

Ні больш ні менш (як) — строга вызначаная сума, колькасць чаго‑н.

Тым больш (з дап. сказам) — ужываецца, калі трэба падкрэсліць важнасць прычыны, пра якую будзе зараз сказана.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скава́ць, скую, скуеш, скуе; скуём, скуяде; зак., каго-што.

1. Зрабіць што‑н. каваннем; выкаваць. — Скуй мне, золатка, сякеру: Загартуй і навастры. Жычка.

2. Злучыць разам пры дапамозе кавання. Скаваць звенні ланцуга. // перан. Зблізіць, згуртаваць.

3. Надзець кайданы, аковы на каго‑, што‑н. [Дзед:] — І скавалі .. [паны] унучачка, дзеда ланцугамі, і пагналі ажно ў Вільню. Брыль. / у перан. ужыв. І Свіслач, прадчуваючы, што скора Яе скуюць гранітам берагоў, Б’е хваляй, устрывожанай і чорнай, У фермы перакінутых мастоў. Танк. // Злучыць кайданамі з кім‑н. Андрэя скавалі з Дзямянам Гараглядам. Пестрак.

4. перан. Пазбавіць або абмежаваць магчымасць рухацца; пазбавіць свабоды, лёгкасці ў рухах. Але вада была яшчэ ледзяная, скавала ў.. [Людвіка] ўсё цела. Кулакоўскі. [Варка:] — Скаваў мяне страх, не магу з месца скрануцца. Асіпенка. Васіль Зарэвіч не мог крануцца, так яго скаваў боль. Грамовіч. // Пазбавіць магчымасці дзейнічаць; пазбавіць волі, лёгкасці ў дзеяннях. І стогн.. [суседа], жывы чалавечы стогн, раптам скаваў мой язык, звязаў мае словы, занесеныя для ўдару. Васілевіч. [Зарына:] Цяжка мне. Гора думкі скавала... Бачыла. Змрочнае захапленне і даўкая трывога скавалі маю сілу і рашучасць. Савіцкі. // Давесці да стану нерухомасці, анямення. Сон скаваў хлопчыка, замардаванага надмернаю працаю летняе пары. Гарэцкі. На нейкі момант зморанасць скавала ўсё цела. Шамякін.

5. Пазбавіць (праціўніка) магчымасці дзейнічаць свабодна, актыўна. Раптоўны і моцны агонь партызан скаваў гітлераўцаў. Шахавец. — Ваша задача, — звяртаючыся да Міхася Грахоўскага, сказаў Сымон Валатніцкі, — скаваць праціўніка, прыкрыць наш адыход і даць мажлівасць вывесці з-пад удару мірных людзей. Гурскі.

6. перан. Зрабіць цвёрдым, замарозіўшы; накрыць лёдам (раку, возера і пад.). Першы марозік моцна скаваў зямлю. С. Александровіч. / у безас. ужыв. А зямлю ледзь не на метр марозам скавала. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)