прыгна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак.

1. каго. Гонячы, падганяючы, даставіць куды‑н. Прыгналі коней з начлегу, і калгасны двор напоўніўся тупаннем і крыкамі. Шамякін. Толькі, бывала, .. [Лявонка] прыгоніць Белалобую ў статак, глядзіць — а яе ўжо зноў няма... Шуцько. [Няміру] прыгналі туды, куды зганялі ўсіх мужчын — у крайнюю хату. Чорны. // Разм. Прывесці, прыслаць. Салдаты пачалі ачышчаць для .. [Тоўхарта] пакоі. Прыгналі некалькі жанчын мыць падлогу. Чорны. // перан. Разм. Прымусіць прыйсці, з’явіцца куды‑н. Па ўсім было відаць, што чалавека не раскоша прыгнала сюды, на навагранскую вуліцу. Сабаленка.

2. што. Разм. Едучы на чым‑н., кіруючы чым‑н., даставіць (машыну, лодку і пад.). Грысь з Тодарам прыгналі сюды некалькі лодак, і калі трэба было, то партызаны перапраўляліся з аднаго боку на другі. Кулакоўскі. На .. двор прыгналі.. трактар, які ў пачатку вайны схаваў у лес Кастусь Серада. Шахавец. // Рухаючы, перамяшчаючы сілай сваёй плыні, даставіць куды‑н. [Тварыцкі] сказаў, што пойдзе прынясе плашку, якую прыгнала аднекуль рэчкай вада. Чорны. Цёплы вецер павявае, Хмар дажджлівых нам прызнаў. Колас. / у безас. ужыв. [Завішнюк] глядзеў на вуліцу, на пясок — думаў: адкуль яго набралася гэтулькі ў Лонве, мусіць, памыла, прыгнала з вадой у дажджы ад лесу. Пташнікаў. // безас. каго-што. Разм. неадабр. Прыйсці куды‑н., з’явіцца дзе‑н. Мы з цёткай глядзім: А чаго іх [братоў] прыгнала Да нас? Проста так пасядзець дзе-нідзе б? Прыходзька.

3. што. Прыладзіць адно да другога так, каб супала па форме, памерах, каб было якраз; падагнаць. Што ні замысліць [Антось], то ўсё зробіць, І так прыгоніць, так аздобіць, Што і для вока нават міла. Колас. Ігнат аплёў пасудзіну бяростай, прыгнаў да яе драўлянае вечка, засмаліў па краях жывіцай. Васілевіч.

•••

Чорт прыгнаў каго гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гнаць, ганю́, го́ніш, го́ніць; пр. гнаў, ‑ла; незак., каго-што.

1. Прымушаць рухацца ў якім‑н. напрамку. Гнаць статак у поле. □ Асенні вецер гнаў па небе разарваныя хмары, ён ачышчаў ад іх неба. Чорны. // Забіваць, уганяць у што‑н. Гнаць цвік у сцяну. // Разм. Прымусова пасылаць, адпраўляць куды‑н. Гвалтам цар гнаў людзей па бітву з невядомым ворагам. Бядуля. // Праганяць, выганяць. Гнаць ворагаў з роднай зямлі. // Разм. Накіроўваць рух чаго‑н., весці кіруючы. Гнаць плыты па рацэ. // безас. Разм. Хутка ісці куды‑н. Куды цябе гоніць?

2. Прымушаць хутка рухацца, наганяць. Мы ехалі нейкай незнаёмай дарогай, спыняліся ў лесе і зноў гналі коней. Асіпенка. // Весці (аўтамабіль, поезд і пад.) на вялікай скорасці. А цягнік усё ішоў... І трывожны сігнал, І масты, і засады мінуў ён даўно. За вярстою вярсту Камісар яго гнаў. Глебка. // перан. Рабіць што‑н. хутка і многа, прымушаючы да гэтага сябе ці каго‑н. [Марыля], як рабіла на полі, дык больш за ўсіх работу гнала. Чорны.

3. і без дап. Праследаваць, ісці па слядах звера. Гнаць зайца. Сабака добра гоніць. // перан. Уст. Прыгнятаць, праследаваць, мучыць. Хоць нядоля мяне гнала, Усё ж мне сілы не зламала. Колас.

4. безас. Вельмі хутка расці. Сасну гоніць уверх.

5. Здабываць пры дапамозе перагонкі. Гнаць дзёгаць. Гнаць алей. // Выклікаць выдзяленне чаго‑н. Гнаць пот. / у безас. ужыв. Гоніць сліну.

6. Працуючы чым‑н., рабіць, утвараць. Гнаць пракос. □ Цяпер пад трактар плуг бы столямешны, Каб гнаць барозны шырынёю ў гоні. Аўрамчык.

7. Разм. Моцна слабіць (пра жывот).

8. звычайна ў ф. заг. гані́(це). Даваць. Гані тры рублі.

•••

Гнаць мятлою — груба выганяць.

Гнаць у магілу (труну, на той свет) — мукамі даводзіць да смерці.

Гнаць у шыю (карак, каршэнь) — а) груба выганяць; б) прымушаць хутка рабіць што‑н., падганяць. Не спяшайся, ніхто цябе ў каршэнь не гоніць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. прывёў, ‑вяла, ‑вяло; заг. прывядзі; зак.

1. каго-што. Ведучы, памагаючы ісці, указваючы шлях, даставіць куды‑н. Прывяла гусляра з яго ніўных сяліб Дворня князева ў хорам багаты. Купала. Раніцаю пасыльны штаба прывёў групу дзяўчат да зямлянкі камбрыга і загадаў чакаць. Шчарбатаў. Ніна Іванаўна, настаўніца, прывяла.. [новага вучня] у клас перад першым урокам. Арабей. // Кіруючы якім‑н. рухомым прадметам, якім‑н. сродкам перамяшчэння, даставіць куды‑н., давесці куды‑н. Прывесці машыну. □ У новым салдацкім шынялі, там-сям запэцканым машынным маслам у танку, які ён прывёў з Лепеля ў Гродна, Трахім ездзіў па вёсках. Корбан. — Марыся, — сказаў Дубіцкі, — прывядзі з каморы мой веласіпед. Чарнышэвіч.

2. каго-што. Пралягаючы ў пэўным напрамку, паслужыць шляхам куды‑н., даць магчымасць прыйсці куды‑н. (пра дарогу, сцежку, след і пад.). [Алесь] выбраў лыжню наўздагад. Праз хвілін дваццаць яна прывяла да невялічкай палянкі на ўзгорку. Шыцік. Саша і Данік дабеглі да пясчанага берага, куды прывялі сляды. Шамякін.

3. перан.; каго-што. Стаць прычынай, повадам для прыезду, прыходу куды‑н. — Трэба будзе сказаць, што вас сюды [у дэпо] прывяло, як вы думаеце працаваць? Гурскі. Я сеў, адразу растлумачыў, што прывяло мяне сюды, хто параіў кватэру. Ваданосаў. // Схіліць, давесці да якога‑н. вываду, рашэння і пад. Прывесці да заключэння. □ Велізарны жыццёвы вопыт, цяжкія нягоды, перажытыя ў час вайны, прывялі Янку Маўра да.. думкі пра тое, што шчасце — у жыцці, барацьбе, працы. Кучар.

4. перан.; каго-што і без дап. Давесці да якога‑н. выніку, выклікаць што‑н., паслужыць прычынай чаго‑н. Прывесці краіну да перамогі. □ — Марына тут ні пры чым, Міхаль Пятровіч, — спакойна адказаў Собіч.. — Але ж гэта можа прывесці да вялікіх непрыемнасцей і для яе і для нас... Скрыган.

5. каго-што. Давесці да якога‑н. стану, падаць які‑н. выгляд. Прывесці ў рух. Прывесці веды ў сістэму. □ [Грабок:] — Дапамажы нашым кавалям інвентар у спраўнасць прывесці, да вясны падрыхтавацца. Краўчанка. Каб падрыхтавацца, прывесці сябе ў адпаведны выгляд, я прыйшоў з работы нават трошкі раней. Ракітны. // Прымусіць перажыць якія‑н. пачуцці, стан і пад. Прывесці гледачоў у здзіўленне. Прывесці ў захапленне. □ Чаму іменна гэтая жанчына прыводзіць мяне ў такі ганебны страх, чаму ад позірку яе чорных праніклівых вачэй у мяне ўсё нямее і я губляю раўнавагу. Рамановіч. Упартасць Петруся прывяла Алёну ў замяшанне. Мележ.

6. каго. Разм. Даць жыццё каму‑н., нарадзіць (пра жывёлу). Перадавалі [па радыё] нават аб тым, што карова «Елка» прывяла двух бычкоў. Шамякін. [Назар:] — Гэта доечы сучка мая прывяла трое шчанят. Сачанка. // Разм. Нарадзіць. У той дзень стала вядома на ўсім двары, што ў «прыбудоўцы абарваная дзеўка прывяла дзіця і яно крыху неданошанае». Чорны.

7. што. Паведаміць што‑н. для падмацавання свайго меркавання, спаслацца на каго‑, што‑н.; працытаваць. Прывесці прыклад. Прывесці выказванне вучонага. □ — Прывяду па памяці хоць пару лічбаў і фактаў у адказ на вашы сцвярджэння.. Марціновіч. — Ногі — дугі. Значыцца — кавалерыст, — прыводзіць .. [цесць] пераканаўчы доказ свайго кавалерыйскага мінулага. Хомчанка.

•••

Прывесці да агульнага назоўніка — ураўнаваць рад прадметаў або з’яў, зрабіць іх падобнымі ў якіх‑н. адносінах.

Прывесці да ладу — тое, што і давесці да ладу (гл. давесці).

Прывесці да парадку каго — прымусіць весці сябе належным чынам.

Прывесці ў выкананне (прыгавор, рашэнне і пад.) — выканаць, здзейсніць.

Прывесці ў сябе (да памяці) — а) вывесці са стану непрытомнасці; б) вывесці са стану разгубленасць задуменнасці і пад. Гром апладысментаў прывёў.. [Любу] у сябе. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)