БЕЛАРУ́СКАЯ СЯЛЯ́НСКАЯ ПА́РТЫЯ (БСП),
палітычная партыя парламенцкага тыпу. Створана ў лют. 1991. Кіруючы орган паміж з’ездамі — цэнтр. рада. Мэта дзейнасці — абарона паліт. і сац. правоў, эканам. інтарэсаў сялянства Беларусі. Суполкі БСП створаны ў большасці раёнаў Беларусі.
т. 2, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ ЖАНЧЫ́Н (МДФЖ),
масавая дэмакратычная арг-цыя, якая аб’ядноўвае жанчын свету «для сумеснай барацьбы ў імя заваявання і абароны сваіх правоў грамадзян, маці, працоўных, у імя шчасця дзяцей, забеспячэння міру, дэмакратыі і нац. незалежнасці» (Статут МДФЖ). Створана 1.12.1945 у Парыжы на Міжнар. жаночым кангрэсе. У 1999 у МДФЖ уваходзілі больш за 130 нац. арг-цый больш як 100 дзяржаў. Актыўна ўдзельнічае ў руху прыхільнікаў міру. Вышэйшы орган — з’езд (у ліст. 1998 у Парыжы адбыўся XII з’езд МДФЖ). З’езд выбірае прэзідэнта МДФЖ (з 1998 С.Жан, Францыя) і Кіруючы к-т, які кіруе арг-цыяй паміж з’ездамі. Штаб-кватэра МДФЖ (Кіруючы к-т і Сакратарыят) знаходзіцца ў Парыжы (да 1989 — у Берліне).
т. 10, с. 339
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЦІНААМЕРЫКА́НСКІ ПРАФЦЭ́НТР ПРАЦО́ЎНЫХ (ЛАПП),
аб’яднанне прафсаюзаў, кааператываў, сялянскіх, жаночых і маладзёжных арг-цый краін Лац. Амерыкі на аснове хрысц. сацыяльнай ідэалогіі. Засн. ў 1954 (да 1971 наз. Лацінаамерыканская канфедэрацыя хрысц. прафсаюзаў). Уваходзіць у Сусветную канфедэрацыю працы. Бюро (кіруючы орган) ЛАПП знаходзіцца ў г. Каракас (Венесуэла).
т. 9, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ХРЫСЦІЯ́НСКА-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ЗЛУ́ЧНАСЦЬ (БХДЗ),
палітычная партыя. Утворана ў чэрв. 1991. Абвясціла сябе пераемніцай Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Кіруючы орган — каардынацыйная рада. Асн. мэта БХДЗ — духоўна-маральнае, нац., паліт. і эканам. адраджэнне Беларусі на прынцыпах негвалтоўнасці, плюралізму, прыватнай уласнасці, хрысц. брацтва з усімі народамі. Злучнасцю ў 1991 адноўлена выданне газ. «Беларуская крыніца».
т. 2, с. 431
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ПА́РТЫЯ «ЗЯЛЁНЫ МІР»,
палітычная партыя сацыяльна-экалагічнага кірунку. Створана ў крас. 1994. Кіруючы орган паміж з’ездамі — цэнтр. рада. Асн. мэты — стварэнне здаровага жыццёвага асяроддзя для чалавека, развіццё духоўнасці і высокамаральных адносін да ўсяго жывога, барацьба за мір паміж народамі і дзяржавамі, забарона асабліва жорсткіх відаў узбраення. Рэгіянальныя аддзяленні партыі існуюць ва ўсіх абласцях Беларусі.
т. 2, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ (БДА),
палітычная партыя беларусаў у Польшчы. Створана ў 1990 на базе Бел. клуба (дзейнічаў з 1989). Устаноўчы кангрэс БДА (10.2.1990, Беласток, каля 100 дэлегатаў) прыняў праграму і статут, адозвы да бел. эміграцыі і Бел. нар. фронту «Адраджэньнне». Асн. мэта — выказванне патрабаванняў бел. насельніцтва Польшчы і абарона яго інтарэсаў. Кіруючы орган — гал. рада. Выдае бюлетэнь «Беларускія навіны».
т. 2, с. 395
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ПАТРЫЯТЫ́ЧНЫ РУХ (БПР),
палітычная партыя дэмакр. кірунку. Утвораны ў кастр. 1994. Кіруючы орган паміж з’ездамі — савет партыі. Асн. мэты — садзейнічанне пабудове сацыяльна справядлівага грамадства, абарона нац. інтарэсаў Айчыны ва ўсіх сферах, аднаўленне і прымнажэнне сац. заваёў працоўных, захаванне міру і стабільнасці ў грамадстве. Арг-цыі БПР дзейнічаюць у большасці раёнаў і многіх гарадах Беларусі. Друкаваны орган — газ. «Отечество».
т. 2, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ ПА́РТЫЯ (БНП),
палітычная партыя дэмакр. кірунку. Утворана ў ліст. 1994. Кіруючы орган паміж з’ездамі — Камітэт партыі. Асн. мэты: пабудова унітарнай, дэмакр., суверэннай дзяржавы сацыяльна арыентаванага рыначнага характару; развіццё дэмакратыі; абарона ўласнасці і свабоды прадпрымальніцтва; уключэнне эканомікі Беларусі ў нар.-гасп. працэсы на аснове правядзення паліт., эканам. і дзярж.-прававых рэформаў; забеспячэнне гарантый грамадзянскіх правоў і свабод кожнаму чалавеку.
А.А.Дзмітрук.
т. 2, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ПА́РТЫЯ ЗЯЛЁНЫХ (БПЗ),
палітычная партыя сацыяльна-экалагічнага кірунку. Створана ў снеж. 1992. Кіруючы орган паміж з’ездамі — Зялёная рада. Асн. мэты — забеспячэнне грамадзянам Беларусі права пражывання ў здаровым асяроддзі, удзел у распрацоўцы заканад. актаў па ахове навакольнага асяроддзя і падрыхтоўцы праектаў рашэнняў, у т. л. альтэрнатыўных, якія маюць дачыненне да аховы і аздараўлення навакольнага асяроддзя. Найбольшыя арг-цыі ў Гомелі, Магілёве, Віцебску, Брэсце, Салігорску, Светлагорску.
т. 2, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСТРА́ЛЬ (франц. mistral ад лац. magistralis кіруючы),
моцны парывісты і халодны сухі вецер паўн.-зах. кірунку, які дзьме ў Францыі з Севенаў і паўд.-зах. адгор’яў Альпаў у даліну р. Рона (дзе часам дасягае скорасці 50 м/с) і на Міжземнаморскае ўзбярэжжа. Адзначаецца на працягу ўсяго года, але часцей зімой (часам некалькі дзён запар). Выклікае моцныя хвалі на моры, наносіць пашкоджанні пасевам; падобны на бару.
т. 10, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)