Ве́раск ’крык, верашчанне’ (БРС, Нас.). Рус. ве́реск, укр. ве́реск, польск. wrzask, чэш. vřesk, балг. врясък, серб. ври̑сак і г. д. Прасл. *verskъ ’вераск, верашчанне’. Сюды ж *verščati ’верашчаць’ (< *verskēti): ст.-рус. верещати, бел. верашча́ць, укр. вереща́ти, рус. вереща́ть, польск. wrzeszczeć, чэш. vřeštěti, ст.-слав. врѣштати, балг. врещя́, серб. ври́штати і г. д.; таксама *verskati, *versknǫti: ст.-рус. верескати, укр. вере́снути, чэш. vřiskati, балг. вря́скам і г. д. Роднасныя: літ. verkšlénti ’злавацца, плачучы’, verkšnóti ’плакаць’ (*versk‑), ver̃kti ’тс’, лат. varkšêtквакаць’ (*varsk‑). Магчыма, слав. *versk‑ з *verk‑sk‑ (тады першапачатковую форму мы маем у літ. ver̃k‑ti). Словы гукапераймальнага паходжання. Сюды ж і слав. *vъrčati, *vъrkati (параўн. укр. ворча́ти, рус. ворча́ть, чэш. vrčeti, vrkati і г. д.). Гл. Фасмер, 1, 296–297, 298.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скрыгата́ць ‘утвараць гукі скрыгату’, ‘скрыпець’, ‘рыпець’, ‘вішчаць’ (ТСБМ, Др.-Падб., Байк. і Некр., Касп., Гарэц., Сл. ПЗБ), скрыгіта́ць (Нас., Янк. 2, Сцяшк., Скарбы), скагата́ць ‘тс’ (Др.-Падб.), скры́гаць ‘тс’ (Нас., ТСБМ, Шат., Бяльк.), скро́гат (Нас., ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр.), скры́гат (ТСБМ, Др.-Падб.), ст.-бел. скрыгнуть зубамі (Альтбаўэр). Укр. скрегота́ти, скре́гіт, рус. скрегота́ть, скрежета́ть, скре́жет, ст.-рус. скрегътати, скрежьтати, скрьгътати, рус.-ц.-слав. скръгътати, польск. zgrzytać, чэш. skřehotati ‘каркаць, квакаць’, серб.-харв. шкргу́тати ‘скрыпець’, славен. skŕgati, skrgútati ‘трашчаць’, балг. скъ́рцам ‘скрыплю’, макед. скрца ‘тс’, ст.-слав. скрьжьтъ ‘скрогат (зубоў)’. Гукапераймальнае (Фасмер, 3, 656–657; Махэк₂, 549). Параўноўваюць з ст.-ісл. skrǼkr ‘крык’, skrǼkja ‘крычаць’, англ. schriek ‘тс’, с.-н.-ням. schrêken ‘гучна смяяцца’, літ. kregždė̃ ‘ластаўка’, kregéti ‘рохкаць’ і г. д. (Фасмер, там жа). Борысь (739) узнаўляе прасл. *skъrgati ‘скрыгаць’, ад якіх утвораны інтэнсіўныя дзеясловы з суф. ‑ъt‑, ‑ot‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рагаза́1 ’усе рэчы, што не прылягаюць шчыльна адна да адной’, ’сукаватая палка, ламачына, сук’, ’беспарадак’ (Нас., Гарэц., Бяльк.), ’рагаццё’ (Юрч.), ’няўмека’ (Сцяшк. Сл.), раго́зіна ’сукаватая палка’ (Сцяшк.), раго́за ’нешта калючае, зачэпістае’, ’сварлівы чалавек’ (КЭС), рагазу́лька ’раскірака’, ’нешта раздвоенае’ (Гарэц.), рагазю́лі: вілакі нейкія, як рагазюлі, стаяць у вачах (Наша слова, 1992, 19 лют.), ст.-бел. рагоза ’дрэнны чалавек’ (Баркулабаўскі летапіс), сюды ж рагазіць ’перашкаджаць’ (Гарэц.), рус. дыял. ра́гоза́ ’раздор’, ’сварлівы чалавек’, ра́гози́ть ’балбатаць, хлусіць, мітусіцца ўпустую’, ст.-рус. рагоза ’сварка’, рагозьнъ ’сварлівы’, рогозити ся ’абурацца’, Фасмер збліжае з серб.-ц.-слав. рогал̑евати ’непакоіць’, славен. regetátiквакаць’, ’трашчаць’, лат. rēdzêt ’гневацца’ (Фасмер, 3, 429). Бязлай (3, 144–145) узводзіць да *rag‑, што са змененым вакалізмам выступае ў *rog‑ (рагатаць) і reg‑ (гл. рыгаць). Гл. таксама Сной, 599. Няпэўна; для некаторых слоў нельга выключыць сувязь з рог1 (гл.) на базе метафарычнага пераносу па форме рэаліі.

Рагаза́2 ’рагоз’ (Мат. Гом.), ragozá (Арх. Федар.). Гл. рагоз.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таро́чыць1 ’везці (з грукатам)’ (лях., Сл. ПЗБ), тара́чыць ’цягнуць, несці, везці’ (Сержп. Прык., Бяльк., Юрч., Нар. Гом.). Параўноўваюць з літ. taračkinti ’цягнуць, валачы’, taračkénti ’цягнуць па зямлі з шумам’ (Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1971, 1, 94), што наўрад ці магло быць крыніцай запазычання. Хутчэй гукапераймальнае, гл. наступнае слова.

Таро́чыць2 ’сакатаць (пра курэй)’ (віц., сен., лёзн., ЛА, 1), ’трашчаць’: у выгарі лягушкі тарочуць (Касп.), ’квакаць, крахтаць (пра жаб)’ (лёзн., Жыв. св.), ’гаварыць’ (гродз., ЖНС; Жд. 1), ’балбатаць’ (Мат. Гом.), тарочыць ’гаварыць абы-што, задурваць галаву’ (ТС), торо́чыті ’тс’ (Вруб.), торо́чыты ’расказваць, даказваць’ (Сл. Брэс.; Горбач, Зах.-пол. гов.), ’гаварыць’, ’дзяўбці’ (Клім.), ’дурыць, абдурваць, казаць бязглуздасць’ (драг., Жыв. НС), ’цвярдзіць, назаляць адным і тым жа’ (пін., Нар. лекс.), ’дакучліва гаварыць, расказваць’ (драг., Нар. лекс.), тарачы́ць ’сакатаць; бурчаць, сварыцца; размаўляць з прыемнасцю’ (Яўс.), ’многа раз гаварыць’ (Шатал.). Параўн. укр. торо́чити ’гаварыць тое самае шмат разоў, гаварыць глупства’, рус. торо́чить ’тс’. Гукапераймальнае, суадносіцца з тарокаць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́ркаць1 ‘трашчаць’ (Байк. і Некр.), ‘буркаваць’ (ТС), ‘цвыркаць’ (трак., Сл. ПЗБ), ‘крычаць як жаба-туркалка ці турлушка’ (Нас.), ‘квакаць’ (ДАБМ, 303), туркну́ць ‘пратрашчаць’ (Байк. і Некр.), ‘праляцець з шумам’ (Бяльк.) Параўн. укр. ту́ркати ‘буркаваць’, рус. ту́ркать ‘крычаць’, польск. turkać ‘стукацець, грукаць’. Гукапераймальныя ўтварэнні, гл. ЕСУМ, 5, 681. Параўн. таксама тура́ць, туркаце́ць, турча́ць (гл.). Сюды ж ту́рканне ‘буркаванне шызага (‘сівога’) голуба’ (Нар. Гом.).

Ту́ркаць2 ‘будзіць тармосячы’ (Нас., Байк. і Некр., Бяльк.), ту́ркыць ‘прымушаць устаць крыкам’ (Бяльк.; мсцісл., З нар. сл.), ту́ркнуць ‘прыкрыкнуць’ (Юрч. Фраз. 1), ту́ркаты, ту́ркатэ ‘будзіць, турбаваць, дамагацца’ (Сл. Брэс.; драг., З нар. сл.). Укр. ту́ркати ‘паўтараць адно і тое ж’, польск. turknąć ‘ударыць чым-небудзь у што-небудзь; штурхнуць’, славен. tûrkati ‘ціснуць, прыціскаць’, харв. tȕrkati, серб. ту̏ркати ‘праціскваць, прасоўваць’, дыял. ту̏ркат ‘напамінаць, каб нехта нешта зрабіў’, макед. турка ‘штурхаць, таўчы, падштурхоўваць’. Да прасл. *turьkati, якое ад *turati ‘гнаць; прыціскаць і інш.’ (Скок, 3, 525; Фурлан у Бязлай, 4, 250), гл. турыць. Сюды ж ту́ркала ‘той, хто робіць шум, лямант, не даючы спаць іншым’ (Нас., Байк. і Некр.), ту́ркыньнік ‘той, хто пакрыквае’ (Юрч. СНЛ), ту́ркыньня ‘пакрыкванне, каб прымусіць выканаць’ (Юрч. Вытв.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́яць, ла́іць ’гаўкаць’, ’сварыцца, зневажаць, крычаць на каго-небудзь абразлівымі словамі’, ’ганьбіць, бэсціць’, ’дакараць, рабіць вымову’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Гарэц., Бяльк., Касп., Шат.; горац.-маг., паўн.-усх., КЭС, Сл. паўн.-зах.), лаяцца, лайіцца ’адзін аднаго зневажаць брыдкімі словамі’ (КЭС, лаг.), ’сварыцца’ (Нас., Бяльк., Касп., Шат., Сл. паўн.-зах.), ’скардзіцца, наракаць’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. лаяти ’сварыцца, ганіць’, але ла́я, лая́ ’гайня сабак’, рус. лаять ’брахаць, гаўкаць’, ’выць (пра ваўка)’, ’квакаць’ (аб жабе), ст.-рус. лаяти ’гаўкаць’, ’сварыцца’, ’злавацца, юшыцца’. Польск. łajać ’сварыцца, праклінаць’, паўн.-каш. łajać ’гаўкаць’, славін. łai̯ac ’сварыцца’, ’гаўкаць’, ’балбатаць’, чэш. láti ’сварыцца’, (а значэнне ’гаўкаць’ запазычана паэтамі з рус. мовы), н.-луж. łajaś ’гаўкаць’, ’сварыцца’, славен. lájati, серб.-харв. ла̏јати, макед. лаам, балг. лая ’гаўкаць’, ’сварыцца, ганіць’, ’пляткаваць’, ст.-слав. лаꙗти ’гаўкаць’, ’ганіць, знеслаўляць’. Прасл. lajati генетычна суадносіцца з літ. lóti ’гаўкаць’, лат. lāt ’тс’, ст.-інд. rā́yti ’гаўкае’, асец. ræin, ст.-грэч. λαίειν, лац. latrāre ’гаўкаць’, алб. leh ’гаўкаю’, ірл. líim ’абвінавачваю’, арм. lam ’плачу’, гоц. laílōun ’яны ганьбяць’ (Фасмер, 2, 468–469; Слаўскі, 4, 432–433 з літаратурай; Шустэр–Шэўц, 10, 759–760). Махэк₂ (321) адрознівае два дзеясловы láti: ’сварыць’, якое ён суадносіць з лат. rāt ’ганіць’, і ’гаўкаць’, якое з прасл. lajati. Скок (261–262) і Жарскі (RKJWroc., 9, 185) прасл. lajati выводзяць з і.-е. la — анаматапеічнага гуку для выражэння паняцця ’гаўканне сабакі’. Сюды ж лаянка ’сварка’ (Гарэц., Касп., Бяльк., Шат., ТСБМ) — бел.-укр. ізалекса < ла́ены ’ганебны’ (Нас.). Польск. даўн. łajanka ’лаянка’ з бел. мовы (гл. Слаўскі, 4, 434).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Труба́1 ‘доўгі, пусты ў сярэдзіне, прадмет круглага сячэння’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Сцяшк.), у тым ліку назвы канкрэтных прадметаў такой формы: ‘драўляны або духавы медны інструмент з раструбам на канцы’ (ТСБМ, Варл., Ян., Касп., ТС, Вруб., Пятк. 2, Сержп. Прымхі; ашм., Стан.), ‘цэментаваны абруч у калодзежы’ (Сцяц.; смарг., Сл. ПЗБ), ‘сувой палатна або скрутак іншых матэрыялаў’ (мсцісл., дзятл., Жыв. сл., Брасл. сл., Варл.; талач., клец., ЖНС; ваўк., маг., чэрык., ЛА, 4; шальч., Сл. ПЗБ), пераносна таксама ‘абжора’ (Нас., ТС; клец. Бел. дыял. 3, Сцяц.), ‘гібель, пагібель’ (ТСБМ), памянш. тру́бка, трубачка; акрамя назваў розных прыбораў і прыстасаванняў цыліндрычнай формы таксама ‘люлька’ (Бяльк.), ‘горла (дыхальнае)’ (Бяльк., Мат. Гом.), ‘калодка ў коле’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Ласт., Касп., Мат. Гом.; лаг., мёрск., в.-дзв., Шатал., Сл. ПЗБ, ЛА, 2), ‘вузкая рыбацкая лодачка’ (Касп.), ‘кулёк’ (ТС), ‘месца ў сцябле, адкуль выплывае колас’ (петрык., Шатал.), ‘ражок паляўнічага; лігаўка’ (Касп., Мат., Бес.; краснап., Яшк.), ‘цвёрдая частка пяра’ (брагін., Шатал.; ст.-дар., рэч., калінк., ЛА, 1), ‘жалезны шпень з адтулінай (у калаўроце)’ (в.-дзв., Шатал.), тру́бкі ‘адросткі пер’яў пасля лінькі’ (ст.-дар., ЛА, 1), ст.-бел. труба ‘доўгі пусты ў сярэдзіне прадмет круглага сячэння’, ‘музычны інструмент’, перан. ‘выразнік ідэй’ (ГСБМ), ‘адзінка колькасці тканіны’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. тру́ба, труба́ ‘доўгі пусты прадмет’, ‘капец, загібель’, ‘комін’, тру́бка ‘назва розных прадметаў, прыстасаванняў у форме трубы’, ‘сцябло злакаў’, рус. труба́ ‘дудка, кішка, вузкі рукаў з цвёрдага матэрыялу, пусты ў сярэдзіне, адкрыты з канцоў’, ‘комін’, ‘рэчышча’, ‘паветраная труба’, ‘зруб калодзежа’, рус. астрах. ‘выдзеўбаная лодка-душагубка’, ‘скрутак палатна’, ‘натоўп людзей’, польск. trąba ‘від духавога інструмента’, ‘віхравы рух паветра’, ‘хобат (слана)’, ‘комін’, ‘адмысловы скрутак ільну ці пачасся, прыгатаваны для прадзення’, каш. trǫba ‘тс’, ‘калодка ў коле’, н.-луж. tšuba ‘комін’, tšubka ‘дудка’, в.-луж. truba ‘скрутак, рулон’, ‘комін’, ‘труба (музычная)’, trubka ‘люлька’, ‘трубачка’, чэш. trouba ‘духоўка, печ’, ‘вадаправодная труба’, ‘ражок пастуха’, славац. trúba ‘музычны інструмент’, ‘ражок, дудка’, ‘духоўка’, славен. tróba ‘труба’, ‘муфта’, ‘духавы інструмент’, ‘смерч’, серб. тру́ба ‘горн’, ‘клаксон’, ‘скрутак (палатна)’, харв. trúba, trûblja ‘тс’, ‘дудка’, макед. траба ‘скрутак матэрыі’, дыял. трамба ‘духавы інструмент’, тромба ‘сувой’, балг. тръба́ ‘труба’, ‘рулон матэрыі’, ст.-слав. трѫба ‘духавы музычны інструмент, ражок’. Прасл. *trǫba з першасным значэннем ‘духавы музычны інструмент’ запазычана, відаць, са ст.-в.-ням. trumba ‘труба’, trumpa ‘барабан’, ‘духавая труба’ альбо з раманскіх моў, параўн. с.-лац. trumba ‘тс’ (Фасмер, 4, 109; Борысь, 641; Сной₂, 785). Менш верагодным з’яўляецца гукапераймальнае ўтварэнне ў славянскіх мовах незалежна ад германскіх моў (Младэнаў, 642; Мацэнаўэр, Cizí sl., 85; Скок, 3, 513). Значэнні: ‘комін’, ‘скрутак’, ‘паветраны вір’ — другасныя (Борысь, 641). Спецыфічнае значэнне захавалася ў венг. toromba ‘пук саломы’ (1463 г.) < слав. *trǫba (Хелімскі, Слав. языкозн. X, 349), што адпавядае гродз. haroch u̯jecścia u̯ try truby (Федар. 5, 701), гл. трубой. Паўднёваславянскія словы, аднак, маглі быць запазычаны з італ. tromba (Махэк₂, 653). Сюды ж трубаку́р ‘заўзяты курэц’ (Некр.), труба́ч ‘выканаўца ігры на трубе’ (Некр. і Байк.): ст.-бел. певци и трубачи близу его (Сл. Скар.), трубачы́сты ‘камінар’ (Сцяшк.), трубі́ла, трубі́ло ‘надакучлівы чалавек’ (Нас., Янк. 3.), ‘чалавек з гучным голасам’ (Юрч. Вытв.), ‘абжора’ (Нас., Юрч. Вытв.), трубі́на неадабр. ‘нягодны чалавек’ (віл., Сл. ПЗБ), тру́бі́на ‘скрутак’ (Рэг. сл. Віц.), трубкава́нне ‘ўтварэнне сцябла ў злакавых’ (ТСБМ), трубча́сты, трубкава́ты ‘які мае форму трубак’ (ТСБМ), трубі́ць ‘дзьмуць у трубу, прымушаючы яе гучаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Сержп. Прык., Яўс., Янк. 2, 3; ТС; паст., віл., Сл. ПЗБ), ‘сігналіць, гукамі падаваць сігнал’ (ТСБМ, Сцяц., ТС, Скарбы), экспр. ‘плакаць’ (Яўс., Янк. 2, Янк. 3., Кольб.), ‘голасна размаўляць’, ‘кракаць (пра качак)’ (пух., Сл. ПЗБ), трубі́тіквакаць (аб жабах)’ (ДАБМ, камент., 895), ‘прагна і шмат есці’ (ТСБМ, Нас., Сцяц., Мат. Маг., Яўс., ТС, Янк. 2, Федар. 7; слонім., мёрск., Нар. лекс.), ‘піць, ссаць’ (ТС), ‘гаварыць не слухаючы’, ‘весці пустыя размовы’ (Нас., Бяльк.), ‘разносіць па людзях чуткі’ (ТСБМ, Янк. 2), трубле́ньне ‘дудзенне ў трубу’ (Юрч. Вытв.), трубы́ты ‘жэрці’ (пін., Жыв. сл.).

Труба́2 ‘хвост лісы (паляўнічы жаргон)’ (ТСБМ, Сцяшк.), рус. труба́ ‘тс’. У выніку пераносу значэння паводле падабенства. Параўн. выраз разм. трымаць хвост трубой ‘быць актыўным, быць у добрым настроі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)