страявы́ 1, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да строю (у 1 знач.), звязаны з дзеяннямі войска ў страі. — Чаго ж вы ўрэшце хочаце? — недаўменна перапытваў .. [Соміка] Камар, якому часова даручана была страявая падрыхтоўка ў гэтым зборным лагеры. Лынькоў. / у знач. наз. страява́я, ‑ой, ж. [Гогаберыдзе] прайшоў па стр[аі], раўняючы рады ў шнурок, некалькі разоў паўтарыў «смірна», «адставіць», не забыўся заўважыць пры гэтым, што трэба будзе заняцца страявой. Мележ. // Характэрны для строю, такі, які бывае ў страі. На стадыёне ваеннага гарадка чулася бадзёрая страявая песня. Алешка. / у знач. наз. страява́я, ‑ой, ж. Бывала, байцы засумуюць, А я ад душы зацягну Вясёлую — эх! — страявую — І роту, як лес, скалыхну. Прыходзька.

2. Прызначаны для непасрэднага вядзення баявых дзеянняў (пра часці войска). Яны часта на конях або на матацыкле з каляскай, які выдатна вадзіў палітрук, выязджалі ў страявыя часці дывізіі, і Міхась на практыцы вучыўся авалодваць справай, якая яго чакала. Машара. // Які служыць у такіх часцях, абслугоўвае такія часці. [Саўчанку] суцяшала толькі думка, што ён усё ж не страявы камандзір, а гаспадарчы. Лупсякоў.

•••

Страявы крок гл. крок (у 2 знач.).

страявы́ 2, ‑ая, ‑ое.

1. Высокі і роўны, прыгодны для будаўніцтва (пра дрэвы). Страявы лес.

2. Які ідзе на пабудовы (пра будаўнічы матэрыял). Страявы матэрыял.

•••

Страявы лес гл. лес.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нос, ‑а; мн. насы, ‑оў; м.

1. Выступ паміж вачамі і ротам на твары чалавека або мордзе жывёлы, які з’яўляецца пачаткам дыхальных шляхоў і органам нюху. Я пацягнуў глыбока носам і шапнуў тату: — Чуеце, як пахне хлеб... Пальчэўскі. Алесь прыхінуўся да Шуры, паклаў на плячо галаву. Ужо носам пасвіствае. Навуменка. Са злосці .. [воўчы важак] ляснуў зубамі, брыкнуў задам, панура чмыхнуў носам і, крадучыся, рушыў наперад. Чорны.

2. Дзюба ў птушкі. Буслы клякочуць, бусляняты Пішчаць жалобна, як шчаняты, Насы закідваюць угору. Колас. Хто б дзятла ведаў, каб не яго доўгі нос! Прыказка.

3. Пярэдняя частка судна, лодкі, самалёта і пад. Чатыры вялікія чорныя лодкі адна за адной чыркнулі насамі па пяску. Брыль. Паправіўшы курс на чатыры градусы, Сіняўскі паставіў нос самалёта на захад. Алешка. Танк спыніўся, нязграбна ўткнуўшыся носам у канаву. Шамякін.

4. Аб выступаючай пярэдняй частцы якога‑н. прадмета. Крышыла лёд, Крышыла скалы аб нос бетоннага быка... Кляшторны. На самым носе пясчанай касы прытулілася невялікая вёска. В. Вольскі.

5. Тое, што і насок (у 1 знач.). Боты з тупымі насамі. □ Ногі былі мокрыя вышэй каленяў, і я з жалем успомніў пра свае юхтовыя боты, сумна глянуўшы на камашы з вострымі насамі. Кірэенка.

•••

Арліны нос — нос з гарбінкай.

Рымскі нос — вялікі, правільнай формы нос з гарбінкай.

Аж нос гнецца у каго — прагна, з апетытам есць хто‑н.

Астацца з носам гл. астацца.

Без фігі не да носа — аб ганарыстым чалавеку, да якога ніяк нельга падступіцца.

Біць (даваць) у нос гл. біць.

Бубніць (сабе) пад нос гл. бубніць.

Вадзіць за нос гл. вадзіць.

Ветрыць носам гл. ветрыць.

Высунуць (выткнуць) нос гл. высунуць.

Вярнуць нос гл. вярнуць ​2.

Далей свайго носа не бачыць гл. бачыць.

Драць нос гл. драць.

Дулю табе (яму, ім і пад.) пад нос гл. дуля.

Заараць носам (зямлю) гл. заараць.

Задраць нос гл. задраць.

Зарубіць (сабе) на носе гл. зарубіць.

Зарыць носам (зямлю) гл. зарыць.

Застацца з носам гл. застацца.

З-пад (самага) носа — на вачах у каго‑н., у непасрэднай блізкасць ад каго‑н.

Камар носа не падточыць (не падаткне, не падсуне) гл. камар.

Кляваць (дзюбаць) носам гл. кляваць.

Крукам (шастом) носа не дастаць гл. дастаць.

Круціць носам гл. круціць.

На носе — вельмі скора, у самы блізкі час (адбудзецца што‑н.). [Сабураў:] — Ні адна са стратэгічных задач не дасягнута, а зіма на носе. Навуменка.

Не ў нос (не па носе) — не даспадобы.

Нос адвярнуць гл. адвярнуць.

Носам рыць гл. рыць.

Носам чуць гл. чуць.

Носа не ўбіць гл. убіць.

Нос у нос; носам к носу — вельмі блізка адзін да другога; твар у твар. Дні праз тры Міхась сустрэўся з камендантам нос у нос... Якімовіч.

Павесіць (апусціць, звесіць) нос гл. павесіць.

Пад (самым) носам; перад (самым) носам — блізка, побач, у непасрэднай блізкасці ад каго‑, чаго‑н.

Пакінуць з носам гл. пакінуць.

Паляцець носам гл. паляцець.

Соваць (сунуць, тыцкаць) нос гл. соваць.

Соваць (тыцкаць) пад нос гл. соваць.

Сунуцца з (сваім) носам гл. сунуцца.

Трымаць нос па ветры гл. трымаць.

Тыцнуць носам гл. тыцнуць.

Уткнуцца носам гл. уткнуцца.

Уцерці (падцерці) нос гл. уцерці.

(Хоць) кроў з носа гл. кроў.

Хоць (ты) нос затыкай гл. замыкаць ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упі́цца 1, уп’юся, уп’ешся, уп’ецца; уп’ёмся, уп’яцеся; зак.

1. Прысмактацца да чаго‑н. Упілася п’яўка ў цела. Упіўся камар у шыю. // Прыпасці губамі. А яна куды там — абхапіла мяне аберуч за шыю, упілася ў вусны. Быкаў. // перан. Глыбока ўрэзацца ў што‑н. Гаспадыня звязала [Дзячкову] рукі. Вяроўка балюча ўпілася ў цела. Асіпенка. // перан. Моцна ўхапіцца, учапіцца за што‑н. Тонкія пальчыкі дзяўчыны ўпіліся ў колцы кантролераў. Арабей.

2. Уваткнуцца вастрыём, глыбока ўвайсці, улезці ў што‑н. Першы мядзведжы ўзмах — і сякера ўпілася ў карычнева-сівы камель. Брыль. Блізка праракатаў аўтамат... Кулі ўпіліся ў яліну, пасыпалася кара. Ставер. [Асколак] прабіў халяву бота і ўпіўся да косткі. Федасеенка. Ніна басанож ступіла на абрывак калючага дроту. Калючкі на ўсю даўжыню ўпіліся ў нагу. Мележ. [Генадзь] ляжаў на мастку, унурыўшы галаву, і чакаў, што вось-вось увап’юцца воўчыя іклы ў цела. Сабаленка. // Усадзіць зубы, кіпцюры і пад. у што‑н. І тады і пасля.. [Шурка] не памятаў, як кінуўся на п’янага айчыма, як упіўся зубамі ў яго чорны, прамазучаны маслам і бензінам кулак. Васілевіч. Надзя з прагнасцю ўпілася зубамі ў сала і чэрствы, прапахлы кменам хлеб. Бураўкін. // перан. Утаропіцца (пра вочы, позірк). [Хлопец] стаяў па ўскрайку катка без канькоў, і чорныя жывыя вочы яго.. нібы ўпіліся ў Надзю. Хадкевіч. Глянуў туды і Андрэй, куды упіўся напружаны і павесялелы позірк байца. Кулакоўскі.

•••

Упіцца вачамі — пільна, уважліва глядзець на каго‑, што‑н.

упі́цца 2, уп’юся, уп’ешся, уп’ецца; уп’ёмся, уп’яцеся; зак.

1. Напіцца дап’яна. [Сваха:] — Мае галубочкі, да мяне і першую чарку пускалі, і другую, і... я ўжо ўпілася. Чорны.

2. перан. Атрымаць асалоду, зачаравацца чым‑н. Упіцца водарам. Упіцца музыкай. □ Сэрца Косці ўпілося такім нямым шчасцем, якога ён яшчэ ні разу не адчуваў. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

то́нкі, ‑ая, ‑ае.

1. Невялікі ў папярочным сячэнні; проціл. тоўсты. Тонкі лёд. Тонкія ніткі. Тонкі сшытак. Тонкая кніжка. □ [Насця:] Я дастала з куфра тонкае палатно. Чорны. Ад ярусаў да самай вады падложаны тонкія, доўгія бярвенні. Колас. // Зроблены, пашыты з нятоўстага матэрыялу. Тонкая сукенка. □ Мароз шчыпле за нос, прарываецца праз тонкі шынель. Лынькоў. // перан. Не густы, празрысты (пра туман, дым і пад.). Тонкая восеньская імжа вісела ў паветры, нібы павуцінне. Бядуля. — Бачыш, дыхае, цеплынёю радуецца зямля, — паказвае Тамара на ледзь прыкметную пару, якая тонкім, танюсенькім павуціннем сцелецца над свежаю, сонцам прыгрэтаю раллёю. Бялевіч.

2. Невялікі ў абхваце; не тоўсты, вузкі ў косці (пра чалавека, яго фігуру, часткі цела). Тонкія пальцы. Тонкая талія. □ Перахвачаная ў паясніцы, з рэвальверам, які абцягваў папружку, тонкая, зграбная — .. [Ганна] чаравала ўсіх. Нікановіч. У перамежку паміж выбухамі кашлю .. [Ніна] ляжыць з заплюшчанымі вачыма. Толькі час ад часу ўзнімае перад сабой тонкія ручкі, усхліпвае ад болю і шэпча: «бабка, піць...» Брыль. Ты [дзяўчына] прайшла з усмешкай цёплай, Прашумела, нібы ветласць Той вясны, што ты адбіла Тонкай постаццю дзявочай. Панчанка. // Не грубы, не шырокі, прыгожага, далікатнага складу (пра твар, рысы твару). Дзе, якой зарою чырваніла Яна вусны тонкія свае. Броўка. У прыпухласці губ, у тонкіх рысах твару я заўважыў нешта новае; нібы .. [Люда] штось прадчувала, а можа, і чакала чагось важнага. Дуброўскі. Жанчына была прыгожая, .. з тонкім далікатным тварам. Маўр.

3. Невялікі па шырыні, вузкі. Тонкая лінія. □ На .. лбе [Любы] зрабілася тонкая маршчынка і, зварухнуўшыся, знікла. Чорны. Сцяжынкай тонкай над старой канавай Іду з касою між ракіт густых. Гілевіч.

4. Высокі (пра гукі, голас). Раптам .. [Іліко] пачуў нейкі тонкі гук, як бы недзе звінеў камар. Самуйлёнак. Дзіця сумысля закрычала высокім сваім тонкім голасам. Чорны.

5. Які складаецца з дробненькіх часцінак. Абмытае каменне .. блішчала пад сонцам, пакуль лета не ўкрые яго тонкім засцілам бялявага пылу. Чорны. [Серафіма да Тэклі:] — То ж я прыйшла табе сказаць, што можа ў цябе няма чаго-небудзь, можа мукі няма свежанькай пшанічнай, то мой стары ўчора толькі змалоў, тонкая такая, беленькая! Краўчанка.

6. Складаны, выкананы з вялікай увагай, умела, па-мастацку. [У гісторыка-этнаграфічным музеі ў Мадрасе] сабраны ўзоры вельмі тонкай разьбы па дрэве. «Полымя». [Дубок:] — Хочаш далікатную работу — і тут мае рукі ход маюць, абы толькі [ін]струменцік да ладу. Бо на тонкай рабоце з сякерай не разгонішся. Лынькоў. // Складаны, які патрабуе ўмелага, далікатнага падыходу. [Мельнік:] — Зразумей, каханне — справа тонкая! Карпюк. // Дэтальны, дакладны, дасканалы. Тонкае веданне справы.

7. Ледзь прыкметны, які з цяжкасцю адрозніваецца. Тонкія адценні колераў. □ Дзівіць [восень] людзей размалёўкаю тонкаю. Лісце кляновае — лапкі чырвоныя Гусі пакідалі ў лужыны звонкія... Тармола.

8. Прыемны сваёй вытанчанасцю, не рэзкі (пра смак, пах і пад.). Тонкія віны. Тонкія духі. □ Водар ліпавых кветак, тонкі, ледзь-ледзь улоўны, напаўняе паветра. Мікуліч.

9. Тактычны, далікатны (пра чалавека, яго душу). [Мастак да Галі:] — Калі не памыляюся, вы... вельмі ўражлівы, .. з тонкай душой чалавек. Ракітны. // Выключны, незвычайны (пра выхаванне, манеры, гутарку, культуру і пад.). Тонкае выхаванне. Тонкія манеры абыходжання.

10. Які вылучаецца розумам, густам, праніклівасцю, глыбокім веданнем справы. Тонкі крытык. □ Партызанства ў сабе маю дастаткова. Але як стаць такім тонкім псіхолагам, вынаходлівым палітыкам, дыпламатам?! Карпюк. Я бачыў у .. [настаўніку] тонкага педагога, які добра ведаў, што палкаю цяжка загнаць і ў дзверы, а ласкаю можна ўціснуць і ў вузкую шчыліну. Дамашэвіч. Купала як перакладчык паказаў сябе тонкім знаўцам творчасці Міцкевіча. Лойка.

11. Гібкі, праніклівы, які схоплівае малапрыметнае (пра розум, мысленне). Тонкі розум. // У якім выяўляецца глыбокае разуменне чаго‑н., пранікненне ў сутнасць. Тонкая крытыка. Тонкі псіхалагізм. // Дасціпны, умела завуаліраваны (пра іронію, гумар і пад.). Тонкі гумар. Тонкі намёк. □ — Ты [Люба] Хадкевіча да сябе выпішаш, — з тонкай насмешачкай падкалола Аня. Васілевіч. // Эмацыянальна-ўзвышаны, паэтычна-ўсхваляваны. Трапяткое крыло галубінае і з’яўляецца адной з важнейшых адзнак паэзіі Ізі Харыка, адзнак яе тонкага лірызму. Лынькоў.

12. Не адразу прыкметны, які тоіцца ў глыбіні чаго‑н.; такі, да якога трэба даходзіць, дазнавацца. Тонкія адценні ў значэнні слова.

13. Дасканала арганізаваны і дакладны па выніках. Тонкі хімічны аналіз.

14. Чуллівы, які ўспрымае самыя слабыя раздражненні (пра органы пачуццяў і іх дзейнасць). Тонкі слых. Тонкі зрок. □ У Надзі добры голас. Тонкі музы[каль]ны слых. Гарбук.

•••

Тонкая кішка гл. кішка.

Кішка тонка (тонкая) у каго гл. кішка.

Тонкая штучка гл. штучка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нос м., в разн. знач. нос;

кірпа́ты н. — курно́сый нос;

н. бу́льбінай — нос карто́шкой;

арлі́ны н. — орли́ный нос;

ры́мскі н. — ри́мский нос;

н. карабля́ — нос корабля́;

на но́се — на носу́;

пад но́сам — под но́сом;

зве́сіць (апусці́ць) н. — пове́сить нос;

уткну́цца но́сам у што-не́будзь — уткну́ться но́сом во что́-л.;

хлі́паць но́сам — шмы́гать но́сом;

усу́нуць н. не ў сваю́ спра́ву — су́нуть нос не в своё де́ло;

фі́гай но́са не даста́ць — фи́гой но́са не доста́ть;

вадзі́ць за н. — води́ть за́ нос;

заста́цца з но́сам — оста́ться с но́сом;

з-пад (са́мага) но́са — из-под (са́мого) но́са;

пе́рад са́мым но́сам — пе́ред са́мым но́сом;

зарубі́ць сабе́ на но́се — заруби́ть себе́ на носу́;

ты́цнуць но́сам — (каго, у што) ткнуть но́сом (кого, во что);

не ба́чыць дале́й свайго́ но́са — не ви́деть да́льше своего́ но́са;

ты́цкаць у н. — ты́кать (сова́ть) в нос;

аж н. гне́цца — аж за уша́ми трещи́т; уплета́ет за о́бе щёки;

паказа́ць (вы́сунуць) н. — показа́ть (вы́сунуть) нос;

уце́рці н. — (каму) утере́ть нос (кому);

уткну́ць свой н. — су́нуть свой нос;

(хоць) кроў з но́са — (хоть) кровь и́з носу;

н. у н. — нос в нос;

н. з но́сам — нос с но́сом;

но́сам к но́су — но́сом к но́су;

не пака́зваць но́са — не каза́ть но́са;

з но́саразг. с но́са;

трыма́ць н. па ве́тры — держа́ть нос по́ ветру;

паве́сіць н. на кві́нту — пове́сить нос на кви́нту;

рыць но́сам — рыть но́сом;

хоць н. затыка́й — хоть нос затыка́й;

вярну́ць (адваро́чваць) н. — вороти́ть нос;

но́сам круці́ць — вороти́ть ры́ло;

біць у н. — рази́ть, си́льно па́хнуть;

не ў н. — не по́ носу;

дзю́баць но́сам — клева́ть но́сом;

но́сам натаўчы́ — но́сом ткнуть; кру́кам но́са не даста́ць не подступи́ться (к кому);

задзіра́ць (драць) н. — драть нос;

пакі́нуць з но́сам — оста́вить с но́сом;

кама́р но́са не падто́чыцьпогов. кома́р но́са не подто́чит;

у сямі́ ня́нек дзіця́ без но́сапосл. у семи́ ня́нек дитя́ без гла́зу;

не сунь но́са ў чужо́е про́сапосл. не суй но́са в чужо́е про́со

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)