угары́, прысл.

У вышыні (у паветры, у небе); проціл. унізе. Голасам моцы, ціха і важна Гром пракаціўся ўгары. Колас. Вялікі чырвоны месяц вісіць угары над лесам. Мурашка. Зоры сінія высока Зазвінелі ўгары. Броўка. Каляровыя шары пралятаюць угары, Як за птахам птах у вырай. А. Александровіч. // У верхняй частцы чаго‑н.; уверсе. Угары, недзе пад страхой, ціўкнуў спрасонку верабей. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спапяле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Ператварыць у попел; сатлець, згарэць. Здавалася, што ўсё спапялее, згарыць ад гэтакай гарачыні. Сабаленка. // перан. Набыць колер попелу. Твар .. [Кідалы], звычайна чырвоны, задаволены, спапялеў. Шамякін. Зоры на небе спапялелі, дзённае святло цадзілася зверху. Чорны.

2. Тлеючы, ператварыцца ў попел, парахню; згніць. Іржа згрызе жалеза, струхлеюць каменныя сцены, косці ворагаў яго спапялеюць у зямлі, а .. [Захар] будзе жыць. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збля́клы і збле́клы, ‑ая, ‑ае.

1. Які страціў яркасць афарбоўкі, выцвіў. І ясная зара, і чароўная ціхая ноч, і збляклыя рэдкія зоры.. — усе начныя з’явы і гукі адбіваюцца ў яго сэрцы. Дуброўскі.

2. Які завяў, страціў свежасць. Вунь купаю дрэвы, Між іх — журавель. Кіруем налева Па збляклай траве. Крапіва. / Пра чалавека, яго твар. Марына Паўлаўна запаліла святло, і яно цьмяна азарыла твар яе, стараваты ўжо, збляклы. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

флёр, ‑у, м.

1. Тонкая, празрыстая, пераважна шаўковая тканіна.

2. перан. Напаўпразрыстае покрыва, заслона, смуга. Сёння ноччу туман зоры ясныя вымеў, І прачнулася раніца ў флёрах сівых: Нават мёртвыя жэрдкі здаюцца жывымі З-за жамчужных зіхоткіх гірляндаў на іх. Караткевіч. // Кніжн. Тое, што перашкаджае бачыць што‑н.; покрыва. Сталенне Сымона.. адбываецца не на вачах чытача, вынікае неяк нечакана, яно ахутана флёрам рамантычнай умоўнасці. Навуменка.

[Ням. Flor.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

міга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Хутка паднімаць і апускаць павекі. Хлапчук палахліва, не мігаючы, пазіраў на Марыю Хведараўну. Марціновіч.

2. Падаваць знак рухам павек.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Свяціцца слабым, няроўным святлом. Навокал ні жывой душы, толькі дзесьці далёка мігала агеньчыкамі вёска. Асіпенка. На вясеннім чыстым небе скрозь проразі верхавін мігалі далёкія халодныя зоры. Колас.

4. Хутка праносіцца перад вачыма, мільгаць. Снуюць тралейбусы, Мігаюць машыны. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

караго́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Масавая народная гульня, якая суправаджаецца танцамі, песнямі і драматычнымі дзеяннямі. Вадзіць карагод. □ Дзе ні паявіцца Алеся, то там будзе і весела, і жыва — могуць песні пайсці, могуць танцы, ад яе могуць пачаць карагод. Скрыган. // Масавы дзіцячы танец-гульня. Дзеці запляскалі ў ладкі і заскакалі ў вясёлым карагодзе вакол елкі. Сіняўскі. / у знач. прысл. караго́дам. Усё скончылася ўдарам: страсянуўся свет, і зоры карагодам пайшлі перад вачамі. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крэ́мень, ‑ю, м.

1. Вельмі цвёрды мінерал, разнавіднасць крэменязёму, які раней выкарыстоўвалі для высякання агню (цяпер скарыстоўваецца ў керамічнай і шкляной прамысловасці). Высякаць агонь з крэменю. □ Пахадзіўшы ля камення, адшукаў ён моцны крэмень і нарэзаў ім узоры, а яны — зіхцяць, як зоры. Дубоўка.

2. перан. Пра чалавека з цвёрдым, стойкім характарам. — Вы ў гэтага хлапчука ні аб чым не пытайцеся. Не скажа. Гэта не хлопец, а крэмень. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зліза́ць, зліжу, зліжаш, зліжа; зак., каго-што.

1. Зняць што‑н. з якой‑н. паверхні, праводзячы па ёй языком. Злізаць сняжынку з губ. // З’есці што‑н., падбіраючы языком. Злізаць смятану. Злізаць масла з хлеба.

2. перан. Разм. Знішчыць, паглынуць (пра агонь, ваду і пад.). Ранішняя зара заняла ўвесь усход і злізала зоры. Чарнышэвіч. Ад бомбы полымя злізала Усё драўляная ў млыне. Астрэйка.

•••

Як карова языком злізала гл. карова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́кал, ‑а, м.

1. Драпежная птушка сямейства сакаліных з моцнай дзюбай і доўгімі вострымі крыламі. // звычайна мн. (со́калы, ‑аў). Высок. Пра лётчыкаў, касманаўтаў. Чалавек у космасе! Як гэта здорава, сябры! Крылом кранае зоры Наш, савецкі, сокал. А. Александровіч.

2. Пра смелага, прыгожага юнака, мужчыну. — Сын мой? І адкуль ты? Сокал ясны! — Да грудзей прыпала галавой. Астрэйка. І плакала Хрысця, што іх разлучылі, Што сокалу крылы Звязалі, скруцілі. Арочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцямне́ць, ‑ее; зак.

1. безас. Пра надыход цемнаты, змроку, прыцемку. На дварэ ўжо сцямнела, і над сталом запалілі вялікую вісячую лямпу. Лобан. [Шафёр:] — Вечарам, калі зусім сцямнее, падыдзіце да крайняй хаты ад Слуцка і пастукайце тры разы ў акно. Шчарбатаў. Сцямнела. Зоры высыпаліся на небе, дробныя як мак. Чарнышэвіч.

2. Разм. Стаць цёмным ці больш цёмным. — Уявіце сабе, — [Габінаў] развёў рукамі і самотна ўсміхнуўся, і яго блакітныя вочы неяк раптоўна сцямнелі. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)