паба́віцца, ‑баўлюся, ‑бавішся, ‑бавіцца; зак.
Разм.
1. Затрымацца; памарудзіць. Ужо трэба было званіць на ўрок, хоць вучні толечкі выбеглі з класаў. Стары пабавіўся: хай пагуляюць, пабегаюць. Сабаленка.
2. Пагуляць, пазабаўляцца некаторы час. — Вось, калі ласка, падмацуйцеся трошкі, а дзеці няхай пабавяцца пару хвілінак, — лагодна сказала гаспадыня. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ры́нда 1, рындося ’хто неахайны’ (в.-дзв., даўг., Сл. ПЗБ), рус. дыял. ры́нда ’худы высокі чалавек’, ’худы конь’. З літ. rindà ’непаваротлівы чалавек’ (Саўка, Запісы 23, 57).
Ры́нда 2 ’воін царскай аховы на Русі’ (ТСБМ), рус. ры́нда ’аружаносец, целаахоўнік’, ст.-руск. рында. Цяжкое слова, верагодна іншамоўнага паходжання. Вывядзенне са ст.-ісл. rǫnd ’край шчыта, шчыт’ ставіцца пад сумненне з фанетычнага пункту гледжання. Зусім неверагоднае тлумачэнне з дац. rinde, rende ’бегчы’ і з ням. Ronde ’дазор’ (Фасмер, 3, 529). Магчыма, сюды ж рус. ры́ндель ’знамяносец’ з наступным з’яўленнем насавога (Фасмер, 3, 529).
Ры́нда 3: рынду біць ’у парусным флоце — тройчы ўдарыць у звон у поўдзень’ (ТСБМ), рус. ры́нда ’звон карабельнага колакала’. Тлумачыцца як утварэнне з англ. to ring the bell ’званіць у колакал’ (Фасмер, 5, 529). Малаверагоднай падаецца версія аб запазычанні са швец. ringa ’званіць’ (Мацэнаўэр, LF 18, 245).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
звон, зво́на і зво́ну, м.
1. -а, мн. званы́, -о́ў. Ударны сігнальны падвясны інструмент (з медзі або меднага сплаву) у форме пустога ўсечанага конуса з падвешаным усярэдзіне ўдарнікам (языком).
Царкоўны з.
Пажарны з.
Званіць ва ўсе званы (таксама перан.: расказваць усім пра што-н.).
2. -у. Гук, які ўтвараецца гэтым інструментам, а таксама металічнымі або шклянымі прадметамі пры ўдары.
З. касы.
З. шклянак.
3. -у, перан. Погаласкі, плёткі.
Нечага было разносіць такі з. па сяле.
|| прым. зво́навы, -ая, -ае.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
Балабо́н 1 ’званочак’ (Касп., Юрч., Янк. Мат., Гарэц.). Укр. балабо́н ’званок, бразготка’, рус. балабо́н ’пустаслоў’. Гукапераймальнае; да балабо́ніць (гл.), балабо́ліць і г. д.; аснова бала(б)‑, якая, магчыма, выступае ў бала́каць (гл.). Параўн. і чэш. blaboniti.
Балабо́н 2 ’балбатун, пустаслоў’ (Янк. Мат., Юрч.). Рус. балабо́н ’тс’, балабо́нить, укр. балабо́н ’званок’, балабо́нити ’званіць’, чэш. blaboniti. Гукапераймальнае; да вялікай групы слоў тыпу балабо́н ’званочак’, балабо́ніць, бала́каць і г. д. Параўн. бало́бан ’балбатун’ (Бяльк.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
вызво́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.
1. Выконваць звонам што‑н.; званіць. Званы ў гарадку кожны дзень вызвоньвалі сваё. Чорны. На Спаскай вежы куранты вызвоньваюць поўнач. Брыль. // Адзывацца звонам, звінець. Прыемна было слухаць, як вызвоньваюць малаткі, бачыць, як паддаецца чалавеку жалеза. Даніленка. Пад вузкімі кладкамі вызвоньвала вада. Савіцкі.
2. Спяваць, звінець (пра птушак, насякомых і пад.). Высока ў небе вызвоньвалі свае песні жаваранкі. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Балабо́ніць. Рус. балабо́нить ’балбатаць’, балабо́н ’пустаслоў’, укр. балабо́нити ’званіць’, балабо́н ’званок’, чэш. blaboniti і да т. п. Слав. гукапераймальнае ўтварэнне: *bolbon‑, *balabon‑. Што ўсх.-слав. формы не абавязкова выводзяцца з *bolbon‑ (як чэш. blaboniti), сведчыць укр. мова, дзе маем балаб‑ (а не болоб‑). У праформах bolb‑on‑, *balab‑on‑ ‑on‑ дзеяслоўны суфікс, што часта выступае паралельна ‑ъt‑, ‑ot‑ (параўн. укр. стукоті́ти ’стукаць’, стуконі́ти ’тс’; балабо́ніць — балбата́ць). Параўн. Бернекер, 69; Праабражэнскі, 1, 13; Пагодзін, РФВ, 39, 2; Махэк₁, 33; Фасмер, 1, 111–112.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
звон, звана́ і зво́ну, ж.
1. звана́; мн. званы́, ‑о́ў. Ударны сігнальны падвясны інструмент (з медзі або з меднага сплаву) у выглядзе ўсечанага пустога конуса з падвешаным усярэдзіне ўдарнікам (языком). Царкоўны звон. □ А выйдзе на бераг Дзвіны, заспявае песню — званы змоўкнуць у княжацкім Полацку, хвалі прыціхнуць каля берагоў, жаўранкі злятаюцца да яе, садзяцца на плячо і слухаюць тую Алёнчыну песню. Грахоўскі. Адзванілі званы на званіцах, І збуцвелі, паніклі крыжы, Знакі цемры-імжы. Колас.
2. зво́ну. Гук, які ўтвараецца гэтым інструментам, а таксама металічнымі або шклянымі прадметамі пры ўдары. Звон касы. Звон шклянак. Звон ланцуга. // Гудзенне насякомых, спеў птушак і інш. Камарыны звон плыў над млявым, ціхім балотам... Бялевіч. Заплюшчыць [Сцёпка] вочы — і чуе звон жаваранкаў, адчувае пах суніц, свежага сена, хвоі. Хомчанка.
3. зво́ну; перан. Пагалоскі, плёткі. Не хацеў.. [Пятро] чуць таго звону, што ўжо яго Улляна разнесла па сяле. Ракітны.
•••
Званіць ва ўсе званы гл. званіць.
Малінавы звон — вельмі прыемны, мяккі па сваім тэмбры звон.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Звон ’ударны сігнальны інструмент; гук гэтага інструмента’. Рус. звон ’від гуку’, дыял. ’прыстасаванне’, укр. дзвін ’звон’, польск. dzwon, в.-луж. zwon, н.-луж. zwón ’тс’, палаб. zünĕ ’mit Glocken läuten’ (’званіць у званы’), чэш., славац. zvon, славен. zvǫ̂n, серб.-харв. зво̏но, зво̏н, зво̑н ’звон’, балг. звон ’прыстасаванне; гук’, звън ’гук’, макед. ѕвоно ’звон’. Ст.-слав. звонъ ’тс’. Ст.-рус. звонъ ’тс’. Прасл. zvonь — аблаўтны бязафіксны назоўнік ад дзеяслова zvьněti (гл. звінець). Ст.-бел. і дыял. форма дзвон < польск. (Булыка, Запазыч., 94), Шанскі, 2, З, 79; Копечны, Zákl. zásoba, 430.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
абарва́ць¹, -ву́, -ве́ш, -ве́; -вём, -вяце́, -ву́ць; -ві́; -ва́ны; зак.
1. што. Сарваць што-н.
А. яблык.
2. што. Абабраць, пазрываць плады, ягады і пад.
А. яблыню.
3. што. Вырваць што-н.
А. пялёсткі рамонка.
4. што. Адарваць што-н. ад чаго-н.; моцна нацягнуўшы, разарваць.
А. фіранку.
А. электраправодку.
5. перан., што. Раптоўна і рэзка спыніць якое-н. дзеянне.
А. песню.
6. перан., каго. Перапыніць, прымусіць змоўкнуць каго-н. (разм.).
А. субяседніка.
7. што. Пашкодзіць, пакусаць; разарваць, кусаючы (пра сабак; разм.).
Сабака абарваў штаны.
◊
Абарваць тэлефон (разм.) — часта, многа званіць па тэлефоне.
|| незак. абрыва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
|| наз. абры́ў, -ры́ву, м. (да 4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
шпень, шпяня; мн. шпяні, ‑ёў; м.
1. Спец. Стрыжань падоўжанай цыліндрычнай ці чатырохграннай формы на паверхні дэталі, які ўваходзіць у паглыбленне другой дэталі для змацавання. Раніцою шпяні паступалі з перабоямі, давялося бегчы ў .. аддзяленне, званіць у камітэт камсамола — узнімаць бучу. Карпаў. // Завостраны стрыжань для насаджвання чаго‑н. Цяпер .. [Зіна] сядзела за столікам, дзе была раздатачная, і на вострыя, як шыла, шпяні натыкала чэкі, што брала ад афіцыянтак. Грамовіч. // Пра тое, што сваім знешнім выглядам, формай нагадвае такі стрыжань. Балоты абярнуліся ў суцэльныя вадзяныя пустыні, дзе .. выступалі адны толькі парыжэлыя купіны.. ды высокія шпяні алешын. Колас.
2. Частка ліцейнай формы, якая служыць для атрымання ўнутранай поласці адліўкі. На нашым участку мы робім шпяні для адліўкі дэталей аўтамабіляў. «Работніца і сялянка».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)