кро́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. Ісці цвёрда і шырока ступаючы. Узяўшы вуду і лапату, На рэчку першым крочыць дзед. Непачаловіч. // Хадзіць, ісці размерным крокам. Шарэнгамі крочыць пяхота. Аўрамчык. Сёння ў першамайскай калоне горда крочаць побач былыя воіны і партызаны. «Звязда».

2. перан. Прасоўвацца, развівацца ў пэўным кірунку. Мы шляхам ленінскім ідзём, Ніколі з яснага не збочым, У нашых дзён маяк відзён, Наперад мужна крочым. Пушча. Камуністычныя ідэі шырока крочылі па ўсёй зямлі, не прызнаючы ніякай граніцы. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заста́ва, ‑ы; Р мн. ‑стаў; ж.

1. Гіст. Месца ўезду ў горад або выезду з яго, якое раней ахоўвалася вартай. Гарадская застава.

2. Атрад, які нясе ахоўную службу; варта. Выставіць заставы. □ Патржанецкі прыйшоў у лагер ужо вечарам. Ніхто не сустрэў яго. Ніякіх застаў, ніякіх вартавых не было. Чарнышэвіч.

3. Вайсковае падраздзяленне, якое ахоўвае ўчастак дзяржаўнай граніцы, а таксама месца знаходжання гэтага падраздзялення. Прывесці парушальніка на заставу.

4. Разм. Плаціна, застаўка. Стрыманая заставамі вада павольна круціцца перад мостам. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фарпо́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Перадавая ўмацаваная пазіцыя; умацаваны пост на граніцы. Ён [пагранічнік] пастаўлен на фарпосце, А за ім уся краса: хвоі ў шуме, кветкі ў росце І раса на каласах. Лужанін. // перан. Перадавы пункт, апора, пачатак чаго‑н. Мікола Хведаровіч прыйшоў у беларускую літаратуру ў самым пачатку 20‑х гадоў, калі наша краіна набліжалася да гістарычнага рубяжа свайго росквіту — першай пяцігодкі — і падрыхтавала трывалую эканамічную глебу для індустрыяльна-калгаснай магутнасці СССР — першага ў свеце фарпоста сацыялізма. Майхровіч.

[Ням. Vorposten.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

след, -у, М сле́дзе, мн. сляды́, слядо́ў, м.

1. Адбітак чаго-н. (нагі, колаў і пад.) на якой-н. паверхні, знак ад дотыку.

Птушыныя сляды.

Конскі с.

Сляды кіпцюроў.

2. перан., чаго. Прыкмета, адметная рыса чаго-н.

Сляды пажару.

Сляды злачынства.

Без следу — зусім бясследна знікнуць, згінуць і пад.

Замесці сляды — знішчыць, утаіць тое, што можа быць доказам віны.

І следу не засталося — пра поўнае знікненне, адсутнасць чаго-, каго-н.

Ісці па чыіх-н. слядах — дзейнічаць, прытрымліваючыся чыйго-н. вучэння або беручы прыклад з каго-н.

Напасці на чый-н. след — атрымаць звесткі, якія дапамагаюць выявіць, знайсці каго-, што-н.

Не след — не варта.

Як след — як мае быць, як трэба.

|| прым. следавы́, -а́я, -о́е (да 1 знач.; спец.).

Кантрольная следавая паласа (на граніцы).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

абве́сці, -вяду́, -вядзе́ш, -вядзе́; -вядзём, -ведзяце́, -вяду́ць; -вёў, -вяла́, -вяло́; -вядзі́; -ве́дзены; зак.

1. каго-што. Правесці вакол або міма чаго-н.

А. вакол возера.

2. каго-што. У футболе, хакеі: ведучы мяч, шайбу, абысці праціўніка.

3. каго-што і без дап. Правесці чым-н. вакол чаго-н., зрабіць кругавы рух.

А. ўказкаю граніцы краіны.

4. каго-што. Водзячы каго-н., пабываць у многіх месцах.

А. дзяцей па ўсіх музеях.

5. што і чым. Акружыць, акаймаваць што-н.

А. талерку залатым абадком.

6. што і чым. Абнесці, абгарадзіць чым-н. навокал.

А. плотам агарод.

7. каго. Абдурыць, ашукаць (разм.).

А. пакупніка.

Абвесці вакол пальца каго (разм.) — спрытна, хітра, ашукаць каго-н.

|| незак. абво́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць.

|| наз. абвядзе́нне, -я, н. (да 1, 5 і 6 знач.), абво́д, -у, М -дзе, м. (да 2, 5 і 6 знач.; спец.) і абво́дка, -і, ДМ -дцы, ж. (да 2 і 5 знач.; спец.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ле́пшы, ‑ая, ‑ае.

1. Выш. ст. да прым. добры; проціл. горшы. Паняслася песня волі Між лясоў густых, балот... І аб лепшай вольнай долі Стаў ля рэчкі пець чарот. Чарот. [Бацька:] — Ведаеш, сынку, нам трэба было б набыць лепшага каня. Бядуля.

2. Найвыш. ст. да прым. добры; самы добры. [Шугаеў:] Гэты адказны дакумент павінны падпісаць лепшыя людзі нашага калектыву. Крапіва. Таварышы з акругі, хочучы пазнаёміць грамадства з лепшым участкам беларускай граніцы і лепшым камандзірам ўчастка, — накіравалі мяне іменна сюды. Брыль. // у знач. наз. ле́пшае, ‑ага, н. Збіраліся, прыходзілі і садзіліся за сталы калгаснікі, адзетыя ў лепшае. Васілевіч.

•••

У лепшым выпадку гл. выпадак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

грані́ца, ‑ы, ж.

1. Прыродная або ўмоўная лінія, якая раздзяляе два сумежныя ўчасткі зямлі, дзве адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі і пад.; мяжа. Рэчка паўставала перада мной не толькі як граніца сенажацей двух калгасаў, а як нейкая своеасаблівая мяжа паміж двума светамі: цяжкім мінулым і шчаслівым сённяшнім днём. Шуцько. // Лінія, якая раздзяляе тэрыторыі дзвюх дзяржаў. Дзяржаўная граніца. □ Цяпер мяне кліча Радзіма, І я на граніцу іду. Панчанка.

2. Мера дазволенага; край, рубеж. Аўгіння жартаваць жартавала, але граніц у сваіх дурасцях не пераступала. Колас.

•••

За граніцай — у замежных дзяржавах.

За граніцу — у замежныя дзяржавы.

З-за граніцы — з замежных дзяржаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Габ ’вяз, Ulmus’ (Весці, 1969, 4, 125), габіна ’вяз гладкі, звычайны, Ulmus laevis L.’ (Гродз. Ан.; Кіс.) — Кіс., 135. Польск. gab, gabina ’тс’. Раней лічылі, што гэтыя слав. словы роднасныя з літ. guobà, gúobas ’тс’, лат. guôba (і далей з слав. назвамі дрэў *gabrъ, *grabrъ, *grabъ). Параўн. Буга (Rinkt., 1, 604), які параўноўвае слав. *gabrъ, польск. gab, gabina з балт. словамі і аддзяляе *grabъ (II, 104, 340; Фрэнкель, 1, 176–177). Непакупны (Лекс. балтызмы, 29) указвае, што польск. словы лакалізуюцца ў гаворках Аўгустоўскага павета па суседству з Гродзеншчынай. Польск. і бел. словы ўтвараюць пэўны арэал каля паўднёвай граніцы Літвы і з’яўляюцца запазычаннем з літ. мовы. Застаецца няясным пытанне пра шлях запазычання ў бел. мову (прама з літ. мовы ці праз польск.). Таксама няясна, як утварылася вытворнае габіна самастойна (ад габ) ці гэта запазычанне з польск. gabina? Формы габ могуць адлюстроўваць літ. gúobas, а габіна, gabina (< *gaba?), магчыма, узыходзяць да літ. guobà (для тыпу габіна гэта меркаванне не абавязковае: габіна можа быць утворана прама ад габ, а не ад габа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кама́ндаваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак.

1. Вымаўляць словы каманды, аддаваць каманду. — Да зброі! — ціха камандуе .. [Рыжы]. Колас.

2. Быць камандзірам чаго‑н. Камандаваць боем. Камандаваць парадам. □ Калі капітан апускаўся ўніз, тады камандаваў яго памочнік. Лынькоў. Кірыла быў унтэр-афіцэрам і камандаваў сапёрным узводам. Паслядовіч. За час адыходу ад заходняй граніцы [Саўчанка] не мог не заўважыць шматлікіх выпадкаў, калі радавы баец або сержант камандаваў батальёнам або ротай. Лупсякоў.

3. перан.; кім-чым, над кім-чым і без дап. Разм. Аддаваць распараджэнне, загадваць. Дзве жанчыны адцягвалі к сцяне лішнюю мэблю, і ўсім гэтым камандавала Валя. Чорны. — Алёша, — камандавала Юлька. — Зараз жа, хоць з-пад зямлі, дастань мне чырвонай фарбы. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ко́нчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыйсці да канца; скончыцца, закончыцца. Канікулы кончыліся. □ Кончылася лета, астыла сонца, пачалася халодная, дажджлівая восень. Бажко. // Споўніцца, мінуць. Яму кончылася сем гадоў. // Спыніцца, перастаць. Дождж кончыўся так раптоўна, што не верылася. Карпаў. // Поўнасцю страціцца, расходавацца. Газа ў лямпе кончылася. □ Перад касавіцай кончылася ў пограбе бульба, і стары загадаў бабам ачысціць пограб ад бруду. Брыль. // Дасягнуць граніцы сваёй працягласці. Нарэшце лес кончыўся. Колас. Павявае ветрык свежы. Але кончыўся прастор, Пачалася Белавежа, Векавечны цёмны бор. Вітка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); чым. Прыйсці да пэўнага выніку, завяршыцца чым‑н. Вайна кончылася перамір’ем. Гульня кончылася перамогай.

3. Разм. Памерці ў пакутах. Седас ледзь не кончыўся, аслабеў, змардаваўся. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)