надзьму́цца, ‑дзьмуся, ‑дзьмешся, ‑дзьмецца; ‑дзьмёмся, ‑дзьмяцеся; зак.

1. Напоўніцца паветрам, газам, зрабіцца пругкім. Мяч надзьмуўся. Камера надзьмулася. // Нацягнуцца ад ветру. [Сашава] кашуля надзьмулася, як парус. Сіўцоў. // Напоўніўшы паветрам рот, раздзьмуць шчокі. [Харытон] выбіў з глячка дно, надзьмуўся і затрубіў: — О-гого-о-о! Бажко.

2. Натапырыцца, падняўшы пер’е (пра птушак).

3. перан. Разм. Пакрыўдзіцца, нахмурыцца, зрабіць нездаволены выраз твару. [Дзяўчына] надзьмулася, сказала рэзка, злосна: — Мне не да жартаў, таварыш. Дадзіёмаў. Сын пакрыўдзіўся, надзьмуўся, але пярэчыць не стаў. Даніленка. Славік, зразумеўшы, што .. [Маша] знарок здзекавалася з яго, надзьмуўся, думаючы, як бы ёй адпомсціць. Шамякін.

4. перан. Разм. Стаць важным, прыняць ганарысты выгляд. Апамятаўшыся ад спалоху, судовы выканаўца зноў важна надзьмуўся. Бажко. Зяневіч важна надзьмуўся, зрабіў сур’ёзную міну. Лужанін.

•••

Надзьмуцца як мыш на крупы — пра чалавека, які мае пакрыўджаны, нездаволены выгляд.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

недасту́пны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, да якога нельга наблізіцца, падысці; непрыступны. Белы хорам стаяў недаступнай сцяной, Грозна, думна глядзеў на прыволле. Купала. А сопкі — без дрэў і без траў, А сеткі — амаль недаступныя. Пысін.

2. Такі, да якога цяжка прыступіцца; ганарысты, фанабэрысты. — Зрэшты, .. [Грышка] можа не такі ўжо недаступны, як ты думаеш, — дыпламатычна намякнула Вольга Карпаўна. Вірня. Недаступны да таго таможнік яшчэ з якую хвіліну глядзеў на нас, нібы вырашаў якую складаную праблему. Лынькоў. // Які выказвае ганарыстасць, фанабэрыстасць. Недаступны выгляд. // Строгай натуры (пра жанчын). Дзяўчына перастала засцілаць ложак, выпрасталася, упартая, недаступная. Мележ.

3. Недасяжны з прычыны якіх‑н. абставін, умоў. Недаступнае .. агню, які сцелецца па зямлі, таксама і галлё сасны, бо яно знаходзіцца высока на ствале. Гавеман. // Цяжкі для разумення. Гэта кніга яшчэ недаступная для дзяцей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пы́шны ’раскошны, прыгожы; горды, фанабэрысты, непадступны’ (Нас., ТСБМ), ’напышлівы’: пышна цешча пышна, што къ зяцю не вышла (Нас., з вясельнай песні), пы́шны ’паважны, велічны, магутны’ (Варл.), ’пышлівы, ганарлівы’: баба тады пышна, як замуж вышла (Стан.), сюды ж пышне́ць ’рабіцца ганаровым, напышлівым’ (Нас., Гарэц.), пы́шніцца ’пахваляцца, фанабэрыцца’ (Др.), пышно́та ’чалавек, пераборлівы ў ежы’ (кобр., Нар. лекс.), ст.-бел. пышнитися ’тс’. Нельга аддзяляць ад пы́шны ’мяккі, пульхны’: пышны хлеб (ТСБМ, шальч., Сл. ПЗБ); параўн. укр. пи́шний ’горды, важны; раскошны, багаты’, рус. пы́шный ’тс’, дыял. ’поўны, круглы’, польск. pyszny ’фанабэрыста, напышлівы, надуты; раскошны, цудоўны, велічны, прыгожы’, чэш., славац. pyšny ’напышлівы, ганарысты, надуты’, в.-луж., н.-луж. pyšny ’раскошны, пышны, прыгожы’, балг. пи́щен ’раскошны, надуты’ (з рус. пышный, т устаўное, гл. БЕР, 5, 279). “Станоўчыя” значэнні развіліся самастойна на базе пы́хаць ’дуць, уздуваць, надуваць’, параўн. ст.-інд. púṣyati, pṓṣati ’працвітаць’, puṣṭas ’адкормлены, багаты, раскошны’ (Фасмер, 3, 492). Банькоўскі (2, 970) лічыць пеяратыўнае (“адмоўнае”) значэнне першасным, што захавалася як адзінае ў чэш. pyšný < pycha ’гордасць, гонар’ (гл. пыха), паколькі апошняе “dla Niemców і Czechów grzech główny”, у той час як у Польшчы лічылася галоўнай вартасцю (годнасцю); сумнеўна, хутчэй наадварот: пеяратыўнае значэнне — чэшская семантычная інавацыя, што распаўсюдзілася на польскую і беларускую тэрыторыю; адтуль і ст.-бел. пышнитися (< польск. pysznić się < чэш. pyšniti se, Банькоўскі, 2, 970).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

скро́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, што не любіць хваліцца сваімі заслугамі; не ганарысты. І прывітаю разам шчыра Адданых партыі людзей — Тых скромных носьбітаў ідэй, Што нам прыносяць радасць міру. Колас.

2. Стрыманы, умераны; прыстойны ў жыцці, паводзінах. У адзенні ёсць прыкметы, І па ім відаць ваш густ: Скромны — скромна і адзеты... Непачаловіч. [Пані Мар’я:] — Маю такую дзяўчыну, вельмі бедных бацькоў. Скромная, маладая і нават прыгожая. Бядуля.

3. Які нічым не вызначаецца, просты, звычайны. Адны ў дрыгве карчуюць гаць — Паўзуць уверх карчы, Другія вараць у катлах Іх скромныя харчы. Купала. Быт Ваўковічаў быў вельмі просты, нават скромны. Васілевіч. // Звычайны, радавы (пра пасаду, работу і пад.). Там .. [Юткевіч] будзе скромным, непрыкметным настаўнікам гімнастыкі. Мікуліч. // Не яркі, не рэзкі (пра фарбы і пад.). Як рада ты жыццю нявольна, Уся пад срэбнаю расой Са стужкай скромнай між касой. Багдановіч.

4. Невялікі, нязначны. Хопіць подзвігаў і на вашу долю. А зараз пачнём з самага скромнага, — і .. [Лясніцкі] накіраваў .. [Маеўскую] ў якасці прапагандыста ў далёкую вёску. Шамякін. Фарсавыя моманты і прыёмы .. адыгрываюць у п’есах Марцінкевіча вельмі скромную ролю. Ярош.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)