нажы́цца, ‑жывуся, ‑жывешся, ‑жывецца; ‑жывёмся, ‑жывяцеся; зак.

1. Быць набытым, купленым. Вопыт з гадамі нажывецца. □ [Маці:] — Людзі жывуць [і на дзвюх дзесяцінах.] — А гэта — што папродаем увесь свой абыходак — дык яно, жывучы, нажывецца зноў... Чорны.

2. Атрымаць прыбытак, абагаціцца. Сенатар куплены, ліхвяр, банкір Нажыцца хочуць на крыві і смерці. Зарыцкі.

3. Разм. Пражыць нейкі час; доўга, многа пажыць. [Марына:] — Хопіць, нажылася я з табой. Нікому не пажадала б такога шчасця. Шахавец. — От і жыццё: якіх дваццаць гадоў жанчыне, не нажылася, а ўжо ўдава, сын — сірата, — самотна закончыла маці. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вастрыня́, ‑і, ж.

1. Уласцівасць вострага (у 1, 3, 4, 7 і 8 знач.). Вастрыня нажа. Вастрыня ўспамінаў перажытага. Вастрыня зроку. Вастрыня позірку. Вастрыня драматычнага канфлікту. □ З гадамі ў мяне не прытупіўся зрок, І вастрыні пачуццяў я не трачу. Грахоўскі. Вастрыня першага болю прайшла, аднак забыцца на тое, што давялося перажыць, [Булаўка] не мог. Пальчэўскі.

2. перан. Разм. Надзённасць, актуальнасць. Пад канец рабочага дня Юрка ўзяў з маіх рук двойчы перапісаныя мною допісы, прачытаў і сказаў: — На першы раз нішто сабе, але трэба больш палітычнай вастрыні. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

добраахво́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які робіцца па ўласнаму жаданню, па сваёй воля, без прымусу. Добраахвотная згода. Добраахвотная справа. □ Лукаш, зразумела, праходзіўся па дварах, збіраў статак і браў добраахвотныя падаткі. Колас. Варакса даглядала курэй. Гэта была яе добраахвотная праца, бо была Варакса па-за сваімі рабочымі гадамі. Баранавых. // Які прыняў на сябе якія‑н. абавязкі па ўласнаму жаданню, без прымусу. [Маша] была не толькі лепшай аперацыйнай сястрой, але і яго [Яраша] добраахвотным сакратаром. Шамякін.

2. Заснаваны на прынцыпе самадзейнасці мас. Добраахвотная народная дружына. Добраахвотнае спартыўнае таварыства. Добраахвотная пажарная ахова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спако́йнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць спакойнага. Свежасць твару, кругласць шчок, спакойнасць вачэй, зграбнасць стану, сілу — усё тое, што яна з гадамі непрыкметна, паволі траціла на сваёй дарозе жыцця, усё гэта да крупінкі, да крошачкі знаходзіла ў сваіх дзецях. Дамашэвіч.

2. Адсутнасць шуму, спакой, цішыня. Гарадскі шолам, які спаткаў яго на вакзале і праводзіў да Петрусёвай кватэры, змаўкаў. Забірала спакойнасць бяспечнага прытулку. Гартны.

3. Спакойны стан чалавека, адсутнасць хвалявання, трывогі. У маці знікла ранейшая спакойнасць, самавітасць. Асіпенка. Збліжала яго з Быстровым спакойнасць і вытрымка ў баі. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разве́яцца, ‑веюся, ‑веешся, ‑ваецца; зак.

1. Разысціся ў розныя бакі ад павеву, подыху ветру. Развеяўся дым, і Мікола ўбачыў, што на вадзе ляжалі яшчэ дзве качкі, забітыя першым стрэлам. Краўчанка. // перан. Знікнуць, прапасці, рассеяцца. — Цьфу, прападзі ты! — мімавольна вырвалася ў Таццяны, і страх яе развеяўся, але рукі і ногі моцна дрыжалі. Колас. Жонкі, якая не магла яму парадзіць ні сына, ні дачкі, .. [Аўгуст Эрнеставіч], аднак, не пакінуў. З гадамі крыўда растварылася, развеялася ў жыццёвых клопатах. Навуменка.

2. Разм. Адысці ад якіх‑н. думак, перажыванняў. — А можа, і старая, слухаючы радыё, крыху развеецца і не будзе так бурчаць. Краўчанка. Удзень Міхась хадзіў на работу. Хадзіў, каб паслухаць людзей, развеяцца ад хатняй нясцерпнай тугі. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

растра́ціць, ‑трачу, ‑траціш, ‑траціць; зак., што.

1. Расходаваць, патраціць (грошы, капітал і пад.). [Міхась:] — У мяне з грашыма тугавата, дзядзька. Аванс увесь па дарозе растраціў. Лупсякоў. // перан. Патраціць (фізічныя і душэўныя сілы) на што‑н. дробнае, пустое, непрыстойнае. Малады яшчэ гадамі, .. [Паходня] ужо шмат перажыў, але не растраціў, а як бы накапіў энергію, каб аддаваць яе той справе, якую яму даручыць партыя. Хадкевіч. Сіл не растраціў, свой збярог агонь. Іду, паклаўшы сэрца на далонь, Насустрач навальніцам і падзеям. А. Александровіч.

2. Незаконна расходаваць (грошы, маёмасць і інш.). Растраціць казённыя грошы.

3. Страціць паступова. [Хана] дарогаю растраціла ўсіх сваіх небаракаў-родных. Чорны. [Антанюк:] — З-за свайго характару ты растраціла сяброў. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уме́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Той, хто валодае ўменнем, вопытам у якой‑н. справе. Ніхто не нарадзіўся ўмелым, Ніхто не нарадзіўся мудрым, Ніхто не нарадзіўся смелым, Ніхто не нарадзіўся мужным — Усё прыходзіла з гадамі. Жычка. Сын палахлівага краўца становіцца ўмелым і вынаходлівым арганізатарам падпольнай работы ў мястэчку. Хромчанка. // Такі, у якім праяўляецца ўменне (звычайна пра рукі). Ты [майстар] меў не толькі пару ўмелых рук, Ты сціпласць меў яшчэ і светлы розум. Аўрамчык.

2. Які выконваецца, робіцца з уменнем, майстэрствам. Умелае кіраўніцтва. □ Яркім прыкладам умелага выкарыстання Багушэвічам рэфрэна можа быць верш «Калыханка». Ларчанка. Маленькі палетак моока даць большы ўраджай пры ўмелым доглядзе, чым вялікі без догляду. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чараўні́к, ‑а, м.

1. У казках і павер’ях — той, хто можа чараваць, валодае чарамі; вядзьмар. Усё роўна, як у тых страшных казках, дзе злы чараўнік ператварае чалавека ў жабу ці яшчэ якую погань... Шахавец. І Харытон Шчыт, маленькі, ужо сагнуты гадамі, у пацямнелым скураным фартуху, снуючы па кузні ў гэтым дрыготкім святле, быў падобны на чараўніка з казкі. Хадкевіч.

2. Знахар. Як хвор ды бедзен — сам бяруся Лячыць сябе: я чараўнік! Бо я без доктара лячуся, — Бо я мужык, дурны мужык. Купала.

3. перан. Той, хто зачароўвае, захапляе чым‑н. Чараўнік слова. □ І яшчэ многімі сваімі творамі здзіўляў, зачароўваў, радаваў і хваляваў мяне гэты чараўнік паэзіі [Аркадзь Куляшоў]. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чужа́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які належыць чужаку, прышэльцу. Мы ішлі пехатою к табе, Перамога, Аб чужацкія косці ламалі штыкі. Бураўкін. Цябе выгнала з хаты Ведзьма-мачыха вон; Мяне ўзялі ў салдаты, У чужацкі палон. Купала.

2. Які складаецца з чужакоў. І не будзе жалю Для чужацкіх зграй, Што крывавай хваляй Заліваюць край. Колас.

3. Які па думках, светапогляду, духу належыць да іншага, чужога асяроддзя. Мой час настаў: Якуб Шаціла ўліп! І дакажу я свету і Ірыне, Што ён не наш, Што ён чужацкі тып, Што ён аграбіў друга ў дамавіне! Зарыцкі.

4. Тое, што і чужы (у 4 знач.). Без радзімы, Пад небам чужацкім За гадамі ляцелі гады. Кляшторны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смарка́ч, ‑а, м.

1. толькі мн. (смаркачы́, ‑оў). Слізь, якая выцякае з носа, збіраецца ў носе. — Смаркачы яшчэ з носа цякуць, а збіраюцца свет перайначыць... Божа ты мой, божа! от дачакаліся! — гаротна выгукваў дзед Піліп. Колас. — Смаркачы вытры! — злосна сказала сакратарка і рушыла назад у пакой. Навуменка.

2. Адна кропля гэтай слізі. Смаркач пад носам.

3. Разм. зневаж. Пра дзіця. Гэтак ішлі гады за гадамі. З смаркача выцягнуўся я ўжо на ладнага дзецюка. Ядвігін Ш. // Пра маладога нявопытнага ў справах чалавека. [Глушак:] «Зноў гэты смаркач [Сцяпан] утыкае нос свой куды не трэба!» Мележ. — Хо! Р-работнічак, танцор няшчасны, а машыну я за цябе ачышчаць буду, га-а? Ну, скажы ты мне, смаркач! — загарлапаніў .. [шафёр], паглядваючы то на застаўку, то на мяне. Вышынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)