шалёны, ‑ая, ‑ае.
1. Хворы на шаленства, на вадабоязь. Каханую жанчыну, жонку, некалі пакусаў шалёны воўк. Яна звар’яцела. Скрыган.
2. у знач. наз. шалёны, ‑ага, м.; шалёная, ‑ай, ж. Шаленец, вар’ят. [Дзед Юстын:] — Не пужайся! Гэта шалёны... Арцёмам завецца. Ён нікога не чапае. Бядуля.
3. Які страціў разважлівасць, цвярозы розум. [Раіна:] — Чым быць тваёй, лепш з хвалямі ракі Здружыцца мне ці згінуць у пятлі. — Шалёная! Самой жа будзе горш, — Казаў сабе, выходзячы на двор, Гарыдавец. Танк. // Які знаходзіцца ў стане крайняга раздражнення, які вар’юецца, лютуе. А тут жа блізка — сорак першы год... Слязамі і крывёй дзяцей заліты І па-сапраўднаму яшчэ нікім не біты, Шалёны фюрэр рваўся на ўсход. Жычка. // Люты, нястрыманы. Вельмі ўжо ўчэпістыя І задзірыстыя вочы ў Карніцкага І шалёны характар. Паслядовіч. Размах рэвалюцыйнага руху выклікаў страх і шалёны гнеў польскіх памешчыкаў і капіталістаў. Хромчанка. // Які выражае шаленства (у 2 знач.); уласцівы крайне раздражнёнаму, лютаму чалавеку. Лётчык устаў, шалёным позіркам акінуў усіх, рэзка ступіў правай нагой да Валодзі і выхапіў пісталет. Федасеенка. Шура зацяўся — у грудзях віравала шалёная злосць. Навуменка. Карызна кіпеў шалёным абурэннем, перамяшаным з злараднасцю. Зарэцкі.
4. перан. Вельмі інтэнсіўны, хуткі, моцны па сіле праяўлення. Шалёны вецер. Шалёная скорасць. □ І вось тры дні таму назад Міхал прачнуўся ад шалёнага брэху сабак. Чарнышэвіч. Узнімаецца густы, шалёны кулямёты агонь. Брыль. // Які вельмі хутка рухаецца, перамяшчаецца. Заўсёды стрэлачнікі ўваходных стрэлак закрывалі вочы, калі праносіліся каля іх віхрам шалёныя вагоны не менш шалёнага цягніка. Лынькоў. // Нястрыманы ў пачуццях; гарачы. [Кастусь] абхапіў Яніну і прынік да яе ў безразважным, шалёным пацалунку. Марціновіч. «Ваша ўсмешка запальвала ў маіх вачах шалёную радасць, выклікала жаданне бегаць, скакаць». Васілёнак. // Нечаканы, незвычайны, неверагодны. Дзядзька не захацеў І слухаць пра гэтую шалёную прапанову свайго пляменніка. Паслядовіч. // Азартны, заядлы. Што ты, што ты, карцёжнік шалёны! — Зямля жахнулася: трэба жыць. Схапіла ў абдымкі рукамі зялёнымі І загадала: ляжы, ляжы. Панчанка.
5. перан. Поўны небяспекі, нечаканасцей, рызыкі. Шалёнае падарожжа. □ Сама.. [жонка] трываць не магла шалёных горных дарог і звычайна ад гэтых экзатычных падарожжаў адмаўлялася. Васілевіч. // Неспакойны, бурны. Пасля той шалёнай ночы Аміля зноў стала ад яго [Бушмара] плакаць. Чорны.
6. Свавольны, дураслівы. Рабілася шкада, па-бацькоўску шкада хлопцаў, крышку шалёных, а ўсё ж такі добрых, сваіх... Брыль.
7. перан. Выпадковы, нечаканы, бязладны (пра кулю, снарад). Здарылася няшчасце. [Дзядзька Ігнат:] — Выпадковая куля, як кажуць, шалёная куля падкасіла партызана, калі ён адыходзіў з лагера. Ваданосаў. Разарваўся шалёны снарад. Дзяргай.
8. перан. Празмерна вялікі, завышаны (пра заработак, цану і пад.). [Марголін:] — Табе, танкісту, — шалёны заработак.. Дзве тысячы ў месяц. Грамовіч. Па-першае, шалёная цана, А па-другое, не абутак, а пародыя адна. Валасевіч.
•••
Шалёны поп хрысціў каго гл. поп.
Шалёныя грошы — грошы, якія лёгка дастаюцца і таму расходуюцца вельмі неэканомна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хутка, скора, шпарка, быстра, спешна, паспешна, паспешліва, спехам, спяшаючыся, торапка, таропка, тарапліва, жвава, мігам, уміг, імкліва, імпэтна, імгненна, вокамгненна, увачавідкі, ураз, умомант, бегла, маланкава, кулём, стрымгалоў, наўскач, бягом, бегма, лёцьма, улёт; наскора, духам (разм.); шыбка, моцна, борзда, борздка, хапатліва, хапліва, упохапкі, хапаючыся, вобмельгам, вомегам, вобцас, кумільгом, кумільгна, наўскапыта, учвалам, угрунь, сугрунём (абл.); ліхаманкава, шалёна, ашалела, птушкай, каменем, куляй, стралой, ветрам, віхрам, агнём, перуном, маланкай, безаглядна (перан.) □ у хуткім тэмпе, на скорую руку, спешным парадкам, наспех, у той жа час, у адзін момант, як адзін момант, у хвіліну, за адну хвіліну, у мінуту, у імгненне, у адно імгненне, у імгненне вока, у міг вока, у два мігі, у вачах, на вачах, як бачыш, як відзіш, як на дражджах, не па днях, а па гадзінах, на ўвесь дух, ва ўвесь дух, у адзін дух, адным духам, што ёсць духу, адным дыхам, колькі сілы, што сілы, на ўсю сілу, як дуж, як мага, на ўсе жылы, адным махам, у абгонкі, на хаду, на ўвесь ход, на поўны ход, на ўвесь скач, на адной назе, ва ўсе ногі, з усіх ног, з усіх чатырох ног, не чуючы ног, у два скокі, ва ўсе лапаткі, на злом галавы, на злом шыі, з усіх капытоў, без аглядкі, як на пажар, высалапіўшы язык, як куля, як корак з бутэлькі, як птушка, на крылах, на крыллях, як маланка, як страла, як вецер, як віхор, на ляту, раз-раз, раз-два
Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)