спра́ва 1, ‑ы, ж.

1. Работа, занятак; тое, чым хто‑н. заняты. Даніла справаю заняты — на сані чэша капылы. Колас. Настойлівая па характару, Ганка ў тэхнікуме, як і ў калгасе, уся аддавалася справе. Краўчанка. Заўсёды да канца даводзіць трэба, Якую справу б не пачаў, Каб потым сам сябе не дакараў. Валасевіч. [Кранаўшчык:] — Цэгла ёсць!.. І справы, значыць, хопіць да світання кельням і рукам. А. Вольскі. / якая; часта ў знач. вык. Гаспадарчыя справы. Сямейныя справы. □ Хіба жаночая справа дровы вазіць? Мележ. // звычайна мн. (спра́вы, спраў). Работа, заняткі, звязаныя са службай, вытворчасцю, грамадскімі абавязкамі і пад. Прымаць справы. Бягучыя справы. □ Па справах сваёй службы мне часта даводзілася бываць на будаўніцтве, сустракацца з Якавам і яго сябрамі. Кулакоўскі. [Вера:] У нас адна партыйная арганізацыя, а ён сакратар, вось і ходзіць па партыйных справах. Крапіва. / У складзе назваў устаноў, ведамстваў. Міністэрства замежных спраў. У праўленне па справах архітэктуры. // Ідэі, вучэнне; галіна, кірунак дзейнасці каго‑н. Справа партызан была справай народа. Брыль. На змену арыштаванымі, загінуўшым станавіліся новыя таварышы і настойліва працягвалі справу сваіх папярэднікаў. Анісаў.

2. Дзейнасць у процілегласць думкам, словам; учынак. Што лішняе гаварыць! Ён, Федзя, усё дакажа справай. Гамолка. [Леў Раманавіч:] — Чалавек не словам моцны, а справай. Асіпенка. І не загінула добрая справа Сэрца людскога і ў змроку глухім. Глебка. // Вынік якой‑н. дзейнасці. За доўгі век свой перажыў Начальства ён нямала, Хто гнеў, хто славу заслужыў... Яго ж усё мінала. Затое спраў яго нідзе Ні ў чым вам не прыкмеціць. Блішчыць, як месяц у вадзе, Не грэе і не свеціць. Бачыла.

3. Тое, што вельмі важна, істотна. [Катэр:] — Я справу гавару, хлопцы, а вы блазнуеце. Машара. // Карысны занятак. Ён заняты справай.

4. Пытанні, якія патрабуюць вырашэння; патрэба. — Не гневайся, па важнай справе зайшоў. Чуў, напэўна — выбары ў Вярхоўны Савет пачаліся. Дуброўскі. Было тут і яшчэ некалькі наведвальнікаў, якія прыйшлі па сваіх справах. Якімовіч. // каму да каго-чаго. Зацікаўлены адносіны да каго‑, чаго‑н. Яму да ўсяго ёсць справа. □ Нікому да Жоры справы не было. Гаўрусёў.

5. Абавязак, доўг; кола чыіх‑н. паўнамоцтваў. Гэта справа міліцыі. □ Веданне з’яў і фактаў — надзвычай важная і неабходная справа для пісьменніка. Кудраўцаў. // чаго; у знач. вык. Тое, што залежыць ад чаго‑н., мае адносіны да чаго‑н. Справа сумлення. Праца ў нашай краіне стала справай гонару. □ Іх клопаты аб суседзях, што засталіся без даху пад галавой, былі справай добрай волі. Самуйлёнак.

6. Спецыяльнасць, прафесія, кола заняткаў, галіна ведаў ці навыкаў. Такарная справа. Снайперская справа. □ Рыбацкай справай Ясюня займаецца чацвёрты год. В. Вольскі. [Вера:] А наша справа — мел, гліна, вапна, фасфарыты. Крапіва. Вам даводзілася калі-небудзь бачыць спінінг у руках вопытнага рыбалова, майстра сваёй справы? Матрунёнак. // чаго. Усё, што ўваходзіць у якую‑н. задачу, мае адносіны да якой‑н. з’явы. Справа сацыялістычнага будаўніцтва. □ Нават маленькія дзяўчынкі, Аніта і Лючыя, не заставаліся ў баку ад барацьбы за вялікую справу міру. Маўр.

7. Адміністрацыйны або судовы разбор якога‑н. здарэння, факта; судовы працэс. Грамадзянская справа. Крымінальная справа. □ Дваццатага снежня справу перагледзеў апеляцыйны суд. У. Калеснік.

8. Збор дакументаў, якія маюць адносіны да пэўнага факта, здарэння, асобы. Папка для спраў. □ Прыйшоўшы да сябе, .. [Шэмет] дастаў з сейфа справу Жыбуртовіча, перачытаў аўтабіяграфію. Лобан.

9. Здарэнне, падзея, факт. Стаяць [дубы], як вежы, над вадою Даўнейшых спраў вартаўнікамі. Колас. Гэтая справа ў раёне граніцы была. Куляшоў. Справа была вясной, перад вялікаднем. Чарнышэвіч. // Разм. Пра абставіны, якія характарызуюць дзеянне, надзею. Справа ідзе да лета. Васілевіч.

10. Разм. Становішча дзе‑н., стан каго‑, чаго‑н.; абставіны. — Значыць, справы не дрэнныя, калі есці захацеў, — пажартаваў .. [Туравец] з сябе. Мележ. Наогул справы ў калгасе наладзіліся, пайшлі ўгору. Даніленка. // У спалучэнні з прыметнікам, які характарызуе становішча, стан, абставіны. Булай развёў рукі, падміргнуў, маўляў, сам разумееш, тут справа тонкая. Шыцік.

11. (у спалучэнні з прыметнікам) у знач. вык. Рэч, з’ява. Загінуць у баі — справа не мудроная. Гурскі. Абудзіць схаваныя сілы ў слове — справа не з лёгкіх. Янкоўскі.

12. У спалучэнні з прыметнікам выступае як выказнік або пабочнае слова са значэннем, адпаведным значэнню гэтага прыметніка. Абед згатаваць? Невялікая справа. Агняцвет. Не простая, вядома, справа Музычны калектыў скамплектаваць, Музыкаў добрых падабраць. Корбан. Глядзець на яго [Цімоха], як на блазна, Вядомая справа, не можна. Колас.

•••

Асабовая справа — папка з дакументамі якой‑н. асобы, што працуе ў дадзенай установе.

Павераны ў справах гл. павераны.

Ваша справа — вам вырашаць, гэта асабіста да вас адносіцца, вас датычыцца.

Вядомая справа — зразумела, бясспрэчна.

Гіблая справа — нічога добрага не будзе.

Ёсць такая справа! — добра, згодзен, няхай будзе так.

Іншая (другая) справа — нешта іншае; іншае становішча.

(І) справа з канцом (справе канец) — пра канчатковую развязку чаго‑н. — Ты — нічога не ведаеш, і справа з канцом. Чарнышэвіч.

Кепскія справы — пра цяжкае, складанае становішча.

Мая (твая, яго, яе, наша, ваша, іх) справа маленькая — мяне (цябе і пад.) менш за ўсё датычыцца.

Мая (твая, яго, яе, наша, ваша, іх) справа старана — гэта мяне (цябе і пад.) не датычыцца.

Мець справу з кім-чым гл. мець.

Мокрая справа — забойства (на жаргоне зладзеяў).

На самай справе — у сапраўднасці, фактычна. Сулькоўскі больш прытвараўся п’яным, чым быў на самай справе. Чарнышэвіч.

На справе — па сутнасці; на практыцы. Быццам я дзяўчыне нейкай Абяцаў багацця рэкі, А на справе — ручаіны Я не вырыў для дзяўчыны. Панчанка.

Не майго (твайго, яго, яе, нашага, вашага, іх) розуму справа — мяне (цябе і пад.) не датычыцца; я (ты і пад.) нічога не разумею ў чым‑н.

Не мая (твая, яго, яе, наша, ваша, іх) справа — мяне (цябе і пад.) не датычыцца.

Пакуль суд ды справа гл. суд.

Справа ідзе пра што (аб чым) — размова ідзе пра што‑н. (аб чым‑н.). [Караневіч:] Справа ідзе пра чэсць палка. Крапіва.

Справа ў тым, што... — галоўнае (сутнасць) у тым, што... Справа ў тым, што ў Свярдлоўску жыве мой друг. Васілёнак.

Такая справа — вось у чым справа.

У чым справа? — што здарылася? — У чым справа? — недаўменна запытаў Рыгор. Гартны.

Ясная справа — вядома, безумоўна.

спра́ва 2, прысл.

З правага боку; проціл. злева. Міхась нарэшце прабіўся на базар і спыніўся справа ад брамы. Корбан. Роднае сэрцу раздолле Кліча, ну хоць уставай: Злева — шырокае поле, Справа — рачулка і гай. Смагаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Узяўшы ў рукі (зубы, рот і пад.), не даваць выпасці. Трымаць лыжку. Каршун трымаў у дзюбе кураня. □ Настаўніца трымала ў руцэ бліскучы цыркуль. Даніленка. Ён кол маланкаю хапае: — Тхор! тхор! Дзяржы яго! — галосіць, Гарачка дзядзьку так і носіць, Бяжыць, тхара ён даганяе, Напагатове кол трымае. Колас. // Браць, атрымліваць што‑н. — Быў Хвядос у нас у атрадзе, дык ён яму [бандыту] вінтоўку ў зубы, трымай, кажа. Галавач. // Мець сілы, магчы рабіць што‑н. [Сымон:] — Дні ўжо мае мін[у]лі. Рукі не так ужо моцна Вёслы трымаюць. Танк. А ўсе, хто мог трымаць у руках рыдлёўку, ад цямна да цямна працавалі на балоце. Паслядовіч. // Умець карыстацца якім‑н. інструментам, прыладай і пад. Васіль таксама ездзіў з маткаю, прывучаўся трымаць плуг, праганяць разору. Кулакоўскі. // Схапіўшы за што‑н., не адпускаць ад сябе або перашкаджаць руху. Воддаль слуга трымаў за павады пару асядланых коней. Крапіва. // Абняўшы рукамі, утрымліваць каго‑, што‑н. Трымаць дзіця на руках. □ Бо гэта вельмі цяжка — трымаць у абдымках маці, гаварыць ёй пяшчотныя словы, што бярог доўгія гады, і бачыць, што яна іх не чуе. Мехаў.

2. перан. Захоўваць за сабою; утрымліваць у сябе. За добрую работу калектыў .. трымае пераходны Чырвоны сцяг. «Маладосць». Так, нялёгка трымаць званне першага футбаліста ў вёсцы! Гамолка. // Захоўваць некаторы час. Іх [сосен] цёмна-зялёны кажух яшчэ трымае ўчарашняе нагрэтае сонцам паветра. Федасеенка. Пра Хмару нават гутаркі няма, яе слядоў я [Вецер] не пакіну ў небе. А Сонца жар не здолее трымаць, я прахалоду дам людзям і глебе. Дубоўка. // Утрымліваць, абараняць што‑н. ад непрыяцеля. Кустамі, пералескамі прабіралася Настачка да лініі абароны, якую мужна трымалі партызаны. Кавалёў. // Утрымліваць у асадным становішчы. Трымаць ворага ў асадзе. // Стрымліваць, спыняць каго‑, што‑н. Дамба трымае ваду. □ Няспынна, цеснаю сцяною Мяцежнікі ідуць да гор; Шахцёры мужнасцю адною Трымаюць іх круты напор. Глебка.

3. Прымушаць знаходзіцца, пакідаць дзе‑н. супраць волі, не выпускаць. Трымаць пад арыштам. Трымаць у палоне. Трымаць у турме. □ [Салдат:] — Было страшна, калі білі, калі ў пакаранне па цэлых сутках трымалі без яды, калі саджалі ў карцэр — сыры цёмны склеп, дзе вяліся пацукі і кажаны. Васілевіч.

4. Мець у сябе, у сваёй уладзе; кіраваць кім‑, чым. Трымаць у руках дзяржаўную ўладу. □ Трымаюць людзі катоў не так за іх работу, як з ласкі: жывому ж недзе жыць трэба. Калюга. [Паасобныя галасы:] — Тут трэба так, як па статуту належыць, а ты сабе хоць і карову трымай. Скрыган. // Мець у сябе ў якасці работніка. [Бабрук:] — Парабкаў, кажа, ды наймічак трымаў. Час быў такі, не я адзін трымаў. Брыль.

5. перан. Мець у духоўным падпарадкаванні. [Сцёпка:] — Бог, рай, той свет — усё гэта выдумкі, каб трымаць народ у страху і паслушэнстве. Колас. // Мець пад наглядам, пад прыцэлам. Сам прыстаў трымаў .. [Адася Гушку] перад сабою нешта гадзін са тры, а пасля пусціў, загадаўшы сваім людзям не спускаць яго залішне з вока. Чорны. // Разм. Абыходзіцца з кім‑н., адносіцца да каго‑н. нейкім чынам. [Гаспадыня:] — [Трахім] мне што казаў? Тое ж самае: трымай Гараньку ў строгасці. Савіцкі. // Мець пастаянна пры сабе (у якасці паклонніка, сімпатыі і пад.). [Анна Паўлаўна:] Нашто табе наогул трымаць яе [Зёлкіну] каля сябе? [Гарлахвацкі:] Як жа каля сябе? Проста яна працуе ва ўстанове, як і ўсе. Крапіва.

6. Надаўшы чаму‑н. якое‑н. становішча, захоўваць яго на некаторы час. Трымаць дзверы адчыненымі. // Падтрымліваць, захоўваць у якім‑н. становішчы, парадку. Трымаць кватэру ў чысціні. □ Гаспадарлівыя рукі, у меру патрэбы, давалі сценам рамонт і трымалі іх у ашчадзе ад вільгаці. Чорны. // Падтрымліваць, прытрымлівацца, выконваць. Трымай нагу ў паходны такт. Гарніст, іграй, звіні! Броўка.

7. Быць, служыць апорай чаму‑н.; падтрымліваць. Страху трымаюць кроквы і латы. □ Намеснікавы ногі, відаць, трымалі свайго гаспадара не дужа надзейна, бо ён абедзвюма рукамі ўхапіўся за лаўкі. Навуменка.

8. Аддаваць куды‑н. на які‑н. час; захоўваць дзе‑н. Трымаць грошы ў ашчаднай касе. Трымаць сшыткі ў шафе. // Мець пры сабе. [Скіба:] Дакументаў я вам не пакажу, бо пры сабе іх не трымаю. Крапіва. Недарэмна ён [камуніст] дбае, працуе як след, Каля сэрца трымае партыйны білет. Куляшоў. // Пакідаць што‑н. у сябе, не аддаваць. Тварыцкі трымаў у сябе ўкрадзеныя ў банку дзяржаўныя грошы. Чорны.

9. Забяспечваць сродкамі на жыццё. З жалем зірнуў Андрэй на маці і зразумеў, што яна больш не работніца. Ён павінен замяніць яе, каб трымаць сям’ю, а думаць пра вышэйшую адукацыю няма чаго... Чарнышэвіч. Праца чалавека трымае і ўзбагачае, а гультайства псуе. Прыказка. // Мець у рэзерве што‑н. Трымаць канцэнтраваны фураж на пасяўную. // Мець на продаж або для іншага выкарыстання. Трымаць качак і курэй. // Уст. Мець якое‑н. прадпрыемства. [Юрый:] — Мой бацька паравы млын трымаў, быў першым чалавекам на ўсё сяло. Навуменка. [Савулеску:] — Я і Андрыяна пераехалі ў Канстанцу. Там Андрыяніна цётка карчму трымала. Хомчанка.

10. Разм. Здаваць каму‑н. за плату памяшканне. [Старая:] — А .. [падчарыца з мужам] сабе, як панкі, — усё па курортах ездзяць. Дзіва: гэтулькі кватарантаў трымаюць, а ён, яшчэ ў нейкай канторы за начальніка. Вышынскі.

11. Разм. Рухацца ў якім‑н. напрамку. На Варшаву шлях трымалі. Бядуля. Пазняку спадабаўся такі рэцэпт, і ён амаль кожны дзень, скончыўшы службовыя справы, садзіўся на веласіпед і трымаў кірунак за горад, у лес. Дуброўскі. — Трымай, Бажэнка, правым бокам, На ворага ў абход! Броўка.

12. Мець кантакты з кім‑, чым‑н. Загадчыца бібліятэкі Аляксандра Панцюхова трымае цесную сувязь з мясцовай школай. «ЛіМ».

13. перан. Наводзіць сябе адпаведным чынам. Умець трымаць сябе сярод людзей.

14. перан. Не выпускаць з памяці, з думак; не забываць пра каго‑, што‑н. Трымаць у памяці наказ сяброў.

15. Утрымліваць, трымацца (пра мароз і пад.). Лёд трашчыць, але трымае. □ Раніцамі трымаў марозік, днём свяціла сонца. Чарнышэвіч.

16. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі азначае: ажыццяўляць, выконваць, здзяйсняць тое, аб чым гаворыць назоўнік. Трымаць экзамен. Трымаць ініцыятыву. Трымаць адказ.

•••

Ногі не трымаюць гл. нага.

Так трымаць! — а) каманда рулявому трымаць курс; б) працягваць работу, як і пачалі.

Трымаць банк — паставіўшы грошы на кон, весці гульню супраць партнёраў.

Трымаць вуха востра — не быць вельмі даверлівым, быць асцярожным, пільным.

Трымаць вуха трубкай — пільна прыслухоўвацца да чаго‑н., сачыць за чым‑н., каб не наклікаць бяды на сябе.

Трымаць высока сцяг — з годнасцю прадаўжаць і развіваць што‑н.

Трымаць галаву высока — паводзіць сябе горда, з пачуццём уласнай годнасці.

Трымаць за язык — не дазваляць гаварыць каму‑н.

Трымаць камень за пазухай — тое, што і насіць камень за пазухай (гл. насіць).

Трымаць курс (кірунак) — рухацца ў пэўным напрамку.

Трымаць лейцы ў руках — мець у сваіх руках уладу, кіраўніцтва.

Трымаць (вытрымліваць) марку — падтрымліваць сваю рэпутацыю, годнасць.

Трымаць на аброці — трымаць у пэўных рамках, у паслушэнстве. [Лукавіцын] умеў трымаць сэрца сваё на аброці, прыкрываючы яго .. панцырам практычнага розуму ад небяспечных стрэл амура. Крапіва.

Трымаць на адлегласці — пазбягаць блізкіх адносін, сувязей з кім‑н.

Трымаць на ланцугу; трымаць на прывязі каго — не даваць каму‑н. свабоды ў дзеяннях, учынках і пад.

Трымаць на мушцы — пазіраць, сачыць за кім‑, чым‑н.

Трымаць нос па ветры — прыстасоўвацца да абставін, беспрынцыпова мяняць свае паводзіны, свае погляды.

Трымаць пад замком каго-што — а) не выпускаць з памяшкання (арыштаванага, злачынца і пад.); б) не даваць карыстацца чым‑н.

Трымаць пад сваім крылом каго-што — апекаваць каго‑, што‑н., заступацца за каго‑, што‑н.

Трымаць пад сукном — не даваць ходу чаму‑н.; неаператыўна вырашаць якую‑н. справу.

Трымаць порах сухім — быць заўсёды гатовым да абароны.

Трымаць пры сабе (думкі, погляды) — не выказваць уголас, публічна.

Трымаць рукі па швах — слухаць і не пярэчыць.

Трымаць руку каго, чыю — заступацца за каго‑н., быць на чыім‑н. баку, адстойваць думку каго‑н. Па судзе я буду трымаць тваю руку. Скрыган.

Трымаць слова — выконваць абяцанне.

Трымаць сябе ў руках — стрымліваць свае пачуцці, падпарадкоўваць іх сваёй волі, валодаць сабой, захоўваць вытрымку.

Трымаць у галаве (у думках, у памяці, наўме) — пастаянна думаць, помніць пра каго‑, што‑н.

Трымаць у кулаку — а) трымаць у поўным падпарадкаванні. Валя таксама засмяялася: вельмі ж непадобна было, што такога чалавека, як Пятро Аляксеевіч, трэба трымаць у кулаку. Шамякін; б) сабраць разам каго‑, што‑н. Было нешта і станоўчае ў тым, што Гаруноў усё [справы, людзей] трымаў у сваім кулаку. Дуброўскі.

Трымаць у полі зроку — наглядаць за кім‑, чым‑н., не спускаць з вачэй каго‑н.

Трымаць у сабе — не выказваць, стрымліваць свае пачуцці.

Трымаць у сакрэце — не выдаваць таго, што павінна захоўвацца ўпотай.

Трымаць у сваіх руках — мець у сваім падпарадкаванні каго‑н., не даваць волі каму‑н.

Трымаць у струне — не распускаць, трымаць вельмі строга. Антон трымаў унука ў струне. Вітка.

Трымаць у шорах — прымушаць паводзіць каго‑н. пэўным чынам; абмяжоўваць свабоду дзеянняў каго‑н.

Трымаць у чорным целе — сурова, строга абыходзіцца з кім‑н.

Трымаць фасон — а) прытрымлівацца адпаведных норм паводзін; б) трымацца з шыкам; фарсіць.

Трымаць язык за зубамі — маўчаць, не гаварыць лішняга, быць асцярожным у выказваннях.

Трымаць язык на прывязі — маўчаць, не гаварыць лішняга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)