Лук 1, лучок ’ручная зброя ў выглядзе гібкай дугі, сцягнутай цецівой, для пуску стрэл’ (ТСБМ, Бес., Шат., Яруш., Сл. ПЗБ), ’абруч у кашы, калысцы, у рыбалоўных снасцях’ (навагр., Жыв. сл.; Сл. ПЗБ), ’ручка касы’ (баранав., уздз., полац., карм., бых., краснап., чач., ц.-палес., б.-каш., ДАБМ, 831; Янк. 1, Юрч., Бір. дыс., Сцяшк., Тарн., ТС; слуц., Нар. словатв.; петрык., Шатал.; ц.-палес., ЛАПП), жытк., стол. лычок ’тс’ (там жа), ’сагнуты дугападобны сук ці тонкі ствол’, ’драўляны каблук у рэзгінах’, ’дугападобная частка драўлянай бараны’ (Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.), лука́ ’тс’ (ТС). Укр., рус. лук, ст.-рус. лукъ ’лук’, ’лука’; польск. łęk і łuk, палаб. läu̯k н.- і в.-луж. łuk, чэш., славац. luk, славен. lǫ̂k, серб.-харв. лу̑к, макед. лак, балг. лък, ст.-слав. лѫкъ. Прасл. lǫkъ (< lękti ’гнуць, згінаць, крывіць’ < і.-е. lonk‑o ’віцца, крывіць’), роднаснымі да якога з’яўляюцца літ. lañkas ’дуга, абруч’, lankùs ’гнуткі’, лат. lùoks ’выгін, выгіб’, luôks ’гнуткі’ (Бернекер, 739–740; Фасмер, 2, 531; Слаўскі, 5, 111–113, 302–303; Махэк₂, 343; Скок, 2, 280–281; БЕР, 3, 550–551; Аткупшчыкоў, Baltistica, X (I), 19).

Лук 2 ’цыбуля, Allium cepa L.’ (брасл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. лукъ — відочна, ’тс’ (з пач. XVI ст.). Укр. лук ’цыбуля’, ’часнок палявы’, ’часнок’; рус. лук ’цыбуля’, ст.-польск. łuk ’дзікі парэй, Allium ampeloprasum’, ’часнок, скарада’, domowy łuk ’скочкі дахавыя, Sempervivum tectorum’, łuk polny wielki ’гіацынт усходні і інш.’, палаб. läu̯k ’часнок’, ст.-чэш. luk ’часнок палявы, Allium oleraceum L.’, славен. lȕk ’цыбуля’, ’парэй’, luk česnjak ’часнок, Allium sativum L.’; серб.-харв. лу̏к ’часнок’, bijeli lȕk ’тс’, crveni (crni) luk ’цыбуля’, luk čerljeni ’тс’, ’парэй’, макед. лук, луку(т) ’часнок’, балг. лук, лукът ’цыбуля’, ’часнок’, ’парэй’, ’цыбуля мядзведжая, Allium ursinum L.’, ст.-слав. лоукъ ’часнок або цыбуля’. Прасл. lukъ ’цыбульная расліна (цыбуля, часнок ці парэй)’ запазычана з прагерм. *lauka (ст.-в.-ням. louh, с.-в.-ням. louch, ст.-ісл. laukr, ст.-н.-ням. lōk ’тс’, суч. ням. Lauch, ст.-англ. léak), якое да і.-е. *leug‑ ’гнуць, згінаць’ (Покарны, 685–686 і інш.: Бернекер, 744–745; Фасмер, 2, 531; Скок 2, 327–328; Бязлай, 2, 155; БЕР, 3, 495–498). Младэнаў (280) выводзіў лексему lukъ з і.-е. *leu‑k ’ясны’, ’асвятляць’, мяркуючы, што прасл. і прагерм. лексемы былі прароднаснымі, а Махэк₂ (Jména, 265) адносіць іх да мовы перадпраславянскіх неіндаеўрапейцаў. Да і.-е. *leuk‑ адносіць прасл. lukъ Мартынаў (Лекс. взаим., 168–170).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пук 1 ’выклічнік, што перадае стук, стрэл, лопанне ці гук падзення’ (“падение чего, особенно круглого”, Нас.; мсцісл., Нар. лекс.; Сержп.; Нік. Очерки; ЭШ), ’бух, бульк’: бобе́р пук у во́ду (ПСл), укр. пук, пу́ку, рус. пук (пераважна смаленскае), польск. puk, pąk, чэш., славац. puk, в.-луж., н.-луж. puk, славен. pok, серб.-харв. пук, балг., макед. пук. Старое гукаперайманне, параўн. Смаль-Стоцкі, Приміт. 170 (варыянты pukъ! puku!), роднаснае ням. pochen ’стукаць’ (Махэк₂, 406). Гл. пукаць 1.

Пук 2 ’выпукласць, пукатасць’: у пуку клепка выгінаецца (ТС), ’самая высокая, аддаленая частка, кропка чаго-небудзь’: пук неба (Нар. Гом.), ’самая сярэдзіна’: puk zimy (Варл.), ’выгіб пілы’ (ПСл), пук, мн. л. пуке́ ’выступы на падэшве нагі каля пальцаў’ (Сцяшк.), пука́ ’выпукласць ступні каля большага пальца’ (Дразд.); параўн. укр. дыял. пу́ка ’ўнутраны бок канца пальца’, рус. дыял. пук ’выпуклая сярэдняя частка бочкі’, пуки́ ’найбольш шырокія месцы ў ступні’. Утворана на базе прасл. *pǫkъ ’нешта раздутае, тоўстае, выпіраючае’, звязана з пу́чыць ’выступаць, выстаўляць, выпіраць’ (гл.).

Пук 3 ’кветканоснае сцябло, стрэлка (цыбулі, шчаўя і інш. раслін)’ (пераважна паўн.-усх., ЛА, 2; Яўс., Варл., Сл. ПЗБ, Шатал., Янк. Мат., карэл., Жыв. сл.; Жд. 2), пу́чча ’тс’ (ЛА, 2; Ян.; Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), ’маладыя парасткі’ (брагін., Шатал.), ’аер’ (б.-каш., Мат. Гом.), пукі́ ’адросткі пер’яў пасля лінькі’ (брасл., Нар. словатв.; паст., ЛА, 1), сюды ж пучы́цца ’расці ў стрэлкі (аб цыбулі)’ (Яўс.), фраз. пайсці ў пук (пукі, пучча) ’ператварыцца ў пустацвет (пра расліны); іран. ’застацца ў дзеўках, не выйсці замуж’ (Сл. ПЗБ, Растарг.), пукава́тая ’якая пайшла ў пукі (пра моркву)’ (Жд. 1); рус. пуки́ ’шчаўе ў час цвіцення’, польск. pąk ’завязь кветкі’, чэш., славац. puk ’тс’. Прасл. *pǫkъ ’нешта раздутае, тоўстае’ звязваюць з пу́каць ’лопацца, раскрывацца’ гукапераймальнага паходжання, роднасным ням. pochen ’тс’, гл. Шустар-Шэўц, 2, 1189; Махэк₂, 406; параўн. Фасмер, 3, 403; Чарных, 2, 82; ЕСУМ, 4, 629.

Пук 4 ’звязка; сноп; скрутак; ахапак’ (ТСБМ, Гарэц., Бяльк., ЛА, 4; Варл., ТС, Ян., Яўс., Раст., Шат., Сл. ПЗБ, ПСл) ’галінкі, пасечаныя і звязаныя ў куль для паліва’ (Сцяц.), пучо́к ’ахапак звязаных дроў’ (стол., Сл. Брэс.), ’збітыя жэрдкі для прыціскання стога’ (мазыр., Шатал.); укр. пук ’звязка’, рус. пук ’звязка; паплавок з пучка травы; мяч з шэрсці, апука’, польск. pęk ’гронка, звязка’. Утворана на базе праслав. *pǫkъ ’нешта раздутае, тоўстае’ як вынік злучэння ў адно некалькіх аднародных прадметаў. Гл. папярэдняе слова.

Пук 5 ’расліна дзягіль, Archangelica officinalis Hoffm.’ (Кіс.), укр. пук ’расліна гірча, Selinum carvifolia L.’, а таксама ’баршчэўнік, Heracleum sibiricum L.’ Хутчэй за ўсё, ад пук 3 ’стрэлка, кветаноснае сцябло’, параўн. рус. дыял. пуки́ ’шчаўе ў час квецені’. Гл. таксама ЕСУМ, 4, 629.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калы́ска 1 ’плецены або драўляны дзіцячы ложак (звычайна падвешаны на вяроўках да столі), які можна калыхаць, гушкаць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг., Касп.; КЭС, лаг.; Мал., Мат. Гом.), колысочка (Радч., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Шат., Яруш.), калыска‑палатнянка ’палатняная калыска накшталт заплечнай ношкі’ (Жд. 3), ’гушкалка’ (Нас.), ’арэлі, гушкалка’ (Сл. паўн.-зах., ТС, Ян.). Укр. колиска ’люлька’ і ’арэлі, гушкалка’, рус. колыска ’тс’, польск. kołyska ’люлька’ (і ст.-польск.; Слаўскі (2, 377) звяртае ўвагу толькі на спарадычныя фіксацыі ў гаворках), чэш. мар. kolíska ’люлька’, славац. kolíska ’тс’. У гаворках не заўсёды паслядоўна слова азначае рэалію з «маятнікавым» рухам, што, відаць, пазнейшае і для этымалогіі неістотна. Лінгвагеаграфія не выключае магчымай экспансіі рэаліі разам з назвай, аднак акрэсліць цэнтр інавацыі (усх.-слав. тэрыторыя?) даволі цяжка. Паводле Слаўскага, 2, 377, паўн.-слав. *kolysъka ад *kolysati (гл. пад. калыхаць).

Калы́ска 2 ’паглыбленне ў адным бервяне, у якое кладуцца іншыя, каб не раскачваліся пры перавозцы’ (Жд. 3). У іншых слоўніках як быццам не адзначаюцца. Апісанне рэаліі не вельмі дакладнае, па гэтай прычыне сувязь з калыска 1 (перанос па функцыі? форме?) уяўляецца не адзіна магчымай, ва ўсякім разе шэраг роднасных лексем сведчыць аб апасродкаванай сувязі, пашырэнні новага тэрміналагічнага значэння. Так, звяртаюць на сябе ўвагу рус. валаг. колыга і калыга ’крыты выгіб (палазок, абручоў і да т. п.)’, дзе сувязь (семантычная з калыска 1) можа быць яшчэ непасрэднай, арханг. колыга ’кожны з двух падоўжаных бакавых брусоў, якія злучаюць пярэднюю і заднюю часткі дроў’. Невялікая надзейнасць такога супастаўлення ў тым, што сувязь з рус. калыга, калыжка і да т. п. з’яўляецца праблематычнай. Бел. хутчэй за ўсё рэгіянальны наватвор.

Калы́ска 3 ’агрэх’ (Мат. Гом.). Ілюстрацыя ўдакладняе: «На полі ў цябе асталася калыска», аднак рэалія застаецца няяснай — ці гэта агрэх пры пасеве, ці пры ўборцы. У іншых крыніцах не фіксуецца. Сувязь з калыска 1 не выключана, развіццё значэння: ’паглыбленне ў глебе’ → ’месца, адкуль цяжка выкасіць што-н.’ → ’агрэх’. Далей, калі назва абагульняецца, ’агрэх наогул’. Іншы варыянт тлумачэння зыходзіць з таго, што калыска азначае ’агрэх пры пасеве’. У такім выпадку слова можна параўнаць з вытворнымі ад лысы, якія ў рус. гаворках з’яўляюцца цікавым матэрыялам для рашэння гэтай задачы. Так, у СРНГ знаходзім лысина ’прагаліна, лужок ў лесе’, лысить ’пакідаць прабел’ і ’пакідаць пры падмятанні падлогі поласы пылу’, лыситься ’праясняцца (пра неба)’. Цікавым з’яўляецца і такі выраз як лысо ’рабіць абы як’, далей, наяўнасць структурна падобных дэрыватаў: лыска ’мянушка жывёл з белай плямай на лбе’ і ’адзнака на кары дрэва сякерай або нажом’. У плане структурна дакладнай паралелі можна прывесці рус. церск. колыснуться ’памерці, прапасці’, аднак статус гэтай перыферыйнай лексемы вельмі няясны (адзінкавая фіксацыя). Апрача таго. прэфіксальны (з ко‑/ка‑) зыходны дзеяслоў з адпаведным значэннем як быццам не зафіксаваны, і гэта таксама зніжае надзейнасць версіі. Па кодле геаграфіі (калі прыняць першую версію) — рэгіянальны наватвор.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)