Бу́снява жы́та ’расліна спарыння, Claviceps purpurea L.’ (зах.-палес., Выгонная, Лекс. Палесся). Выгонная, там жа, мяркуе, што назва абумоўлена тым, што, як і Claviceps purpurea, буслу ў народных паданнях адводзіцца значнае месца (бусел ведае, які будзе ўраджай і г. д.) і прыводзіць серб.-харв. назву расліны — ро́дац. Але серб.-харв. ро́дац — гэта і ’бусел’ і тутавае дрэва’ (плады якога фіялетавыя, як і рожкі спарынні). Сувязь з буслам (што такая можа быць, сведчыць ням. назва для Claviceps purp. — Storchkorn, літаральна ’буслава зерне’; гл. Марцэль, Pflanzennam., 5 (4), 551) можа быць і іншай: па колеру дзюбы або ног бусла. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 67.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́йнік1 ’расліна Epipactis Sw.’ (БРС, Кіс.). Калі меркаваць, што спачатку гайнік азначаў расліну Epipactis palustris Grantz, якая расце ў сырых мясцінах, на багнах, то ёсць магчымасць звязаць яе назву з гайно́ ’бярлога, логава’ (гл. гайно́), г. зн. што спачатку гайнік — расліна, якая сустракаецца на гайне́, на брудных, балоцістых месцах. Параўн. Нейштадт, Определитель, 174.

Га́йнік2 ’чорны бусел’ (Шатал.). Ці не таго ж самага паходжання, што і гайнік1? Чорны бусел сустракаецца на багнах і сырых месцах. Іншая магчымасць тлумачэння: гайнік ад гайно ’гняздо чорнага бусла, вельмі масіўнае і грубае’? Да рэалій параўн. Флінт, Птицы, 64–65.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Падге́йстра, падгейсцер ’падгерац’ (Мат. Гом.). Рус. курск. пыдгейстер, подгейстра, укр. підгейстор, підгейстра, підгерсть ’тс’. Няясна. Магчыма, звязана з падгерац; не выключана, што гэта метафарычны перанос з гайстер ’чорны бусел’. Такія пераходы ў розных тэхнічных прыстасаваннях існуюць. Бел. слова, відаць, з укр.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зыбу́чы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і зыбкі; рухомы. Тут бусел, спрадвечны, Як белы свет, Балацявінку зыбучую месіць. Барадулін. Шафёр спыніў машыну, каб распазнаць мясцовасць, а галоўнае дарогу. Бо гадзіну таму назад нас хацелі затрымаць у лесе нанач зыбучыя пяскі. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хоп, выкл. у знач. вык.

Ужываецца паводле знач. дзеясл. хапіць. [Зыгмусь:] — Я — хоп за павады! Конь спужаўся, а я — скок на яго ды наўскапыта ў лес! Колас. Выпусціць Косцік жабу на зямлю, а бусел хоп яе чырвонай дзюбай — і праглыне. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апусці́цца, -ушчу́ся, -у́сцішся, -у́сціцца; зак.

1. Перамясціцца ў больш нізкае становішча; знізіцца.

Бусел апусціўся на луг.

2. на што і без дап. Наблізіўшыся да паверхні зямлі, ахінуць, ахутаць што-н.

Вячэрні змрок апусціўся на горад.

3. без дап. Спусціўшыся, перагарадзіць доступ куды-н.

Заслона апусцілася.

Шлагбаум апусціўся.

4. перан. Перастаць клапаціцца пра свой знешні выгляд, дрэнна паводзіць сябе ў маральных адносінах.

Апусціўся чалавек.

|| незак. апуска́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

|| наз. апушчэ́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Стэрх ‘белы журавель, які водзіцца ў тундры і лесатундры’ (ТСБМ). З рус. стерк, стерх ‘тс’; слова ўсходне-паўднёваславянскае, параўн. яшчэ рус. сте́рех, стёрха ‘тс’, укр. стерх ‘чорны бусел’, стараж.-рус. стеркъ, стьркъбусел’, серб.-харв. штр̑к, славен. štȓk, балг. стрък, штрък ‘тс’, ст.-слав. стрькъ ‘лебедзь’. ЕСУМ (5, 413) узнаўляе прасл. *st(ь)rkъ, якое, відаць, роднаснае лат. stirka ‘даўганогая істота; дзяўчынка з доўгімі нагамі’, stirkle ‘даўганогая аўца’ (гл. Мюленбах-Эндзелін, 3, 1073); далей — з пашырэннем ‑g‑: ст.-в.-ням. Storahбусел’, ст.-ісл. storkr; з іншай ступенню чаргавання галосных: ст.-ісл. starkr ‘моцны, здаровы’. Кіпарскі (Gemeinslav., 162) і інш. набліжаюць да тарчаць, рус. сторчать (гл. сторч). Высоўвалася таксама версія аб запазычанні з германскіх моў, супраць чаго Фасмер (3, 758 з літ-рай, які адзначае, што тады застаецца няясным ‑ьr‑ (‑er‑); неабгрунтаванай застаецца і думка аб зваротным напрамку запазычання — з славянскіх моў у германскія (Сабалеўскі, ЖМНП, 1911, май, 165). Гл. яшчэ Міклашыч, 322; Младэнаў, 698; Матцэнаўэр, Cizí sl., 314; спецыяльна Клепікава, ВСЯ, 5, 163–164; Сной₁ (648: да і.-е. *(s)terk/g‑ ‘быць цвёрдым, тугім, ацвярдзець’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

галяна́сты, ‑ая, ‑ае.

1. З тонкімі доўгімі галёнкамі. Так яны стаялі моўчкі адзін супроць аднаго — малады, худы, галянасты хлопец і пажылы дзядзька з касматым тварам. Дуброўскі.

2. у знач. наз. галяна́стыя, ‑ых. Назва атрада даўганогіх птушак, да якога адносяцца журавель, бусел, чапля і інш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зазімава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; зак.

Застацца дзе‑н. на зіму. Некаторага году адбіўся быў ад сваёй чарады малады бусел, не ведаў, куды ляцець, і зазімаваў адзін на мёрзлых паплавах. Чорны. Моладзь у двор не пайшла працаваць, І зазімавала на панскіх палетках Пшаніца, згніла сенажаць. Тарас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Буслік ’сто грамаў гарэлкі’ (Інстр. III). Няясна. Можа, ёсць сувязь з бусава́ць, буса́ць ’п’янстваваць’ (гл.). Параўн. яшчэ рус. бусла́й ’чалавек, які любіць пагуляць, павесяліцца, гуляка’ (гэта, аднак, можа быць і іншага паходжання, гл. Фасмер, 1, 251). Не выключаецца і сувязь з бу́сел, але якая тут матывацыя?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)