рэа́льнасць, ‑і, ж.

1. Аб’ектыўная рэчаіснасць; з’явы, факты, рэчы аб’ектыўнай рэчаіснасці. Жыццёвы матэрыял заўсёды праходзіў адпаведную творчую апрацоўку і набываў новыя якасці, станавіўся арганічным сплавам рэальнасці і мастацкага домыслу. С. Александровіч. Штохвіліны думка ўспыхвае трывожнай іскрай, шукае апоры ў навакольнай рэальнасці — цішыні лесу, цёмных начных дрэвах. Навуменка. Адно, што было некатораю рэальнасцю, гэта — запіска ад рэдактара Уласюка на імя інжынера Блока. Колас.

2. Уласцівасць рэальнага. Рэальнасць планаў.

•••

Аб’ектыўная рэальнасць — усё тое, што існуе па-за свядомасцю і незалежна ад яе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няўсто́йлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены ўстойлівасці, цвёрдай апоры; хісткі. Скакалі [людзі] па куп’і, спатыкаліся на найбольш хісткія, няўстойлівыя купіны,.. выбіраліся зноў і зноў упарта ішлі наперад. Брыль. Гром і маланка чаргаваліся раз-пораз, шалёны вецер гатоў быў перавярнуць няўстойлівы павільён. Дамашэвіч.

2. Які часта мяняецца, непастаянны. Няўстойлівая пагода.

3. перан. Які лёгка паддаецца якім‑н. уплывам, нястойкі ў сваіх поглядах, перакананнях. Сын зноў капрызіць. Ён добры, але няўстойлівы і бязвольны. Караткевіч. // Які ўласцівы такому чалавеку. Няўстойлівы характар. □ [Мельнік] натуру меў няўстойлівую: часта добры настрой змяняўся ўспышкамі гневу. Гамолка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ачэ́п1 (БРС, Шат.), ’бервяно, што кладзецца на апошні вянок зруба’, ’бервяно, якое кладзецца над дзвярыма або войнамі’ (Сцяшк.), ’бэлька на хаце’ (свісл., дзятл., Весці АН БССР, 1969, 4, 126), ачэпа ’тс’ (ваўк., В. В.), учэпа ’тс’ (Шушк.), ачэп ’узор вугла з вертыкальнымі зарубкамі’ (КЭС, лаг.), параўн. польск. oczap, ocap, осера ’бервяно над дзвярыма ў хаце; бэлька ўздоўж сцяны, якая злучае (oczepia) слупы апоры’. Ад ачапіць ’пакласці зверху, ахапіць’, гл. чапаць; геаграфія назвы на польскай тэрыторыі (Мазоўша, Любліншчына) сведчыць аб яе запазычанасці, параўн. указанні на архаічнасць канструкцыі на беларускай тэрыторыі, гл. Бел. нар. жыллё, 44.

Ачэ́п2 ’жэрдка’ (Арх. ГУ), укр. очепа ’крук, бусак, якім прыцягваюць плыт да берага’, рус. очап ’калодзежны журавель; жэрдка для падвешвання калыскі’. Гл. очап; параўн. Фасмер, 3, 177.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вісе́ць, вішу́, вісі́ш, вісі́ць; вісі́м, вісіце́, вісяць; вісі́; незак.

1. Будучы прымацаваным да чаго-н., знаходзіцца ў вертыкальным становішчы без апоры.

Люстра вісіць над сталом.

Аб’ява вісіць на дзвярах.

Капялюш вісіць на вешалцы.

Самалёты вісяць над полем бою (перан.: лятаюць, кружачыся). Сукенка з аднаго боку вісіць (спадае, не аблягае фігуру). В. у паветры (перан.: знаходзіцца ў няпэўным становішчы). В. на тэлефоне (перан.: часта і доўга гаварыць па тэлефоне; разм.).

2. Выдавацца, выступаць уперад якой-н. сваёй часткай, навісаць.

Скала вісела над дарогай.

Бяда вісела над галавой (перан.).

Вісець над каркам (разм.) — дакучаць каму-н.

Вісець на валаску (разм.) — знаходзіцца ў небяспечным становішчы.

Вісець на карку (разм., неадабр.) — быць на ўтрыманні ў каго-н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

упе́рціся, упру́ся, упрэ́шся, упрэ́цца; упро́мся, упраце́ся, упру́цца; упёрся, упе́рлася; упры́ся; зак.

1. чым у што. Уперці канец якога-н. прадмета для апоры, супраціўлення, адштурхвання.

У. рукамі ў сцяну.

У. вяслом у дно.

2. у каго-што. У час руху наткнуцца на каго-, што-н., выявіць якую-н. перашкоду.

Мы ехалі, ехалі і ўпёрліся ў плот.

Справа ўпёрлася ў непрадбачаную цяжкасць (перан.).

3. перан., на чым і без дап. Упарта не згадзіцца з чым-н., на што-н.; занаравіцца (пра жывёл).

Упёрся на сваім.

Конь упёрся і ні з месца.

4. З цяжкасцю або без дазволу ўвайсці куды-н.; улезці ў што-н. (разм.).

Упёрся ў хату з бруднымі нагамі.

Уперліся ў багну.

|| незак. упіра́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца (да 1—3 знач.).

|| наз. упо́р, -у, м. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

по́яс, -а, мн. паясы́, паясо́ў, м.

1. Стужка, шнур, рэмень і пад., якімі падпяразваюць адзенне па таліі.

Скураны п.

2. перан. Што-н., размешчанае паласой вакол чаго-н.

Зялёны п. горада.

3. Паясніца, талія.

Па п. у вадзе.

Кланяцца ў п. (сагнуўшы тулава).

4. Частка зямной паверхні паміж якімі-н. паралелямі або паміж двума мерыдыянамі, якая выдзяляецца па якой-н. прымеце.

Гарачы п.

Часавы п.

5. Прастора, якая з’яўляецца падраздзяленнем тэрыторыі краін па якіх-н. прыметах.

Тарыфны п.

6. Брус, распора паміж кроквамі.

7. Частка шкілета, якая служыць для прычлянення да тулава і апоры канечнасцей (спец.).

Плечавы п.

|| памянш. паясо́к, -ска́, мн. -скі́ і -ско́ў, м. (да 1 знач.).

|| прым. паясны́, -а́я, -о́е (да 1, 3—5 і 7 знач.).

П. рэмень.

П. партрэт (да пояса). П. час.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пункт, -а, М -кце, мн. -ы, -аў, м.

1. Месца, якое характарызуецца пэўнымі адзнакамі і можа быць выкарыстана для неабходных дзеянняў.

Камандны п.

Зборны п.

Прызыўны п.

Перагаворны п.

Самы высокі п. гары.

2. Асобнае палажэнне, раздзел у складзе чаго-н. (дакумента, выкладання і пад.).

Асноўныя пункты даклада.

Выкласці па пунктах (таксама перан.: паслядоўна).

3. Асобны момант, перыяд у развіцці падзей, дзеяння.

Кульмінацыйны п.

4. Асноўнае паняцце геаметрыі, а таксама механікі, фізікі — месца, якое не мае вымярэння, мяжа адрэзка лініі.

П. перасячэння прамых.

П. апоры.

П. прылажэння сіл.

П. сонцастаяння.

5. Тэмпературная мяжа, пры якой рэчыва змяняе свой стан.

П. замярзання.

П. плаўлення.

Населены пункт — горад, пасёлак, вёска і пад., дзе пастаянна жывуць людзі.

Пункт погляду (або гледжання) на што — чыя-н. думка, погляд на што-н.

У мяне на гэта свой пункт погляду.

|| памянш. пу́нкцік, -а, мн. -і, -аў, м. (да 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

рыча́г, ‑а, м.

1. Стрыжань, які можа вярцецца вакол пункта апоры і служыць для ўраўнаважвання большай сілы з дапамогаю меншай. Падважыць груз рычагом.

2. Дэталь розных машын, механізмаў, звычайна ў выглядзе стрыжня, які служыць для рэгулявання чаго‑н., для кіравання чым‑н. Рычагі кіравання. Рычаг скорасці. □ На прыпынках .. [хлопец] доўгім рычагом, падведзеным да руля, адчыняе дзверцы, упускае пасажыраў. Ракітны. // У тэлефонным апараце — прыстасаванне для злучэння і раз’яднання кантактаў, звычайна ў выглядзе стрыжня з кручком або дзвюма развілкамі, на якія вешаецца або кладзецца трубка. [Бадзюля] доўга яшчэ трымаў трубку, пасля хацеў павесіць на рычаг, не патрапіў, і яна, бразнуўшы, упала на лаву. Пташнікаў.

3. перан. Пра тое, што прымушае дзейнічаць каго‑н., прыводзяць у рух каго‑, што‑н. Вечна будзе рычагом паўстання імя — Ленін. Дудар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стая́к, ‑а, м.

1. Вертыкальны брус, слуп і пад. у якім‑н. збудаванні, прыстасаванне якія служаць для апоры або злучэння чаго‑н. Цяпер і клічкі .. [коням] далі, і шыльдачкі пры кожным стаяку прыбілі. Брыль. З той самай ночы, калі не вярнуўся Сяргей, Ліпа амаль кожны дзень выходзіла да парапета. Там была ўтульная лава з чыгуннымі стаякамі. Хомчанка. // Вертыкальная труба збудаванняў. Работнікі сантэхмантажу абавязаны ў новых дамах .. паклапаціцца, каб стаякі і радыятары ў дастатковай ступені награваліся. «Звязда». // Комін ад столі да страхі.

2. Абл. Галандская печ. Вялікую печ, што займала калісьці амаль чвэрць хаты, замяніў стаяк. Пальчэўскі. Ралан .. загадаў Станіку і Чэсю прынесці дроў з павеці і распаліць стаяк. Грамовіч.

3. у знач. прысл. стаяко́м. Разм. У вертыкальным становішчы. Паставіць бервяно стаяком.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сядло́, а́; мн. сёдлы (з ліч. 2, 3, 4 сядлы́), ‑аў; н.

1. Сядзенне для конніка, якое мацуецца на спіне каня, асла і пад. Сядло на кані пабялела ад снегу: коннік гадзіны тры не сядзеў на ім. Мележ. Набыць адразу так шмат сёдлаў і адпаведных коней было даволі нялёгка. Брыль. Ваяка меў цудоўнага каня. На тым кані ён вецер абганяў. Сядло ўсё пазалочана на ім, вуздэчка ўся ў зіхценні залатым. Дубоўка. // Скураное сядзенне матацыкла, веласіпеда. Рэзка тузануўшы нагою рычаг, Казімір завёў матацыкл, сеў на сядло. Краўчанка.

2. Назва розных дэталей для апоры, насадкі чаго‑н. Сядло клапана.

3. Прадаўгаватая ўпадзіна між дзвюма вышынямі ў горным хрыбце. Сядло Эльбруса.

•••

Выбіць з сядла гл. выбіць.

Як свінні сядло (падыходзіць) — зусім не пасуе (не падыходзіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)