спрацава́насць 1, ‑і, ж.

1. Ступень зношанасці інструмента, механізма. Спрацаванасць разцоў.

2. Страта здароўя ад непамернай працы. Амаль ва ўсіх вобразах сялян падкрэслена толькі самае галоўнае: дачасная спрацаванасць, старасць, беднасць. Адамовіч.

спрацава́насць 2, ‑і, ж.

Узгодненасць у працы. [Шулікаў:] — Тут патрэбна спрацаванасць, трэба мець адчуванне рытму, бо саб’ешся з рытму — і замест таго, каб па кастылю ўдарыць, возьмеш ды і стукнеш па малатку свайго напарніка. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́ўма, ‑ы, ж.

Пашкоджанне арганізма, выкліканае раненнем, ударам, апёкам і пад. Праз месяц са шпіталя прыйшло паведамленне, што хлопец сканаў ад траўмы. Гарбук. — Давай паведамім пра гэтую траўму на завод, які выпускае стужкавыя пілы. Мыслівец. // Нервовае ўзрушэнне. Жывуць .. [героі] ў пастаянным душэўным напружанні, якое часта стаіць на мяжы з псіхалагічнай траўмай. Адамовіч.

•••

Бытавая траўма — пашкоджанне здароўя ў выніку няшчаснага выпадку, не звязанага з службовай работай.

[Грэч. tráuma — рана.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нялю́бы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якога не любяць, да якога адносяцца непрыхільна. Аўгіння выходзіла за нялюбага Бусыгу. Адамовіч. Я вярнулася толькі з вайны, З той нялюбай чужой стараны. Броўка. // Які не адпавядае чыім‑н. схільнасцям, густам. Ліпачка і рада была, што бацька дазволіў адкараскацца ад гэтай нялюбай кніжкі. Сабаленка.

2. у знач. наз. нялю́бы, ‑ага, м.; нялю́бая, ‑ай, ж. Нямілы. Лепей горкую рэдзьку есці, як з нялюбым за стол сесці. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непрыміры́мы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не ідзе на прымірэнне, не дапускае пагаднення. К. Чорны — гэта перш за ўсё непрымірымы змагар з уласніцкім светам. Адамовіч. З гэтага вечара.. [Ігар] стаў непрымірымым ворагам Алеся, хоць і да таго адносіны паміж імі былі нацягнутымі. Сіняўскі. // Уласцівы такому чалавеку. Непрымірымы характар.

2. Такі, што нельга прымірыць. Непрымірымая барацьба. □ Прыгожая, выпеставаная, .. [Эма] выклікала ў мяне толькі пачуццё непрымірымай варожасці... Лупсякоў. У голасе яго гучала непрымірымая мужчынская нянавісць да таго, другога, хто замяніў яго і напэўна выцесніў нават з ўспамінамі. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сузіра́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не цікавіцца тым, што яго акружае; бяздзейны, пасіўны. [Селянін] — не пасіўная, сузіральная асоба і далёка не абыякава ўспрымае ўсё тое, што пасылае яму лёс. Навуменка. // Уласцівы такому чалавеку. Сузіральныя адносіны да рэчаіснасці. // Звязаны з працэсам сузірання (у 1 знач.). Пісьменнік паступова падымаецца ад сузіральнага чалавекалюбства «Сястры» да гуманізму актыўнага. Адамовіч.

2. Схільны да сузірання (у 2 знач.). Сузіральная натура. // Уласцівы такому чалавеку. Тут прыемна пасядзець, адпачыць у духмяным цяньку, падумаць аб мінулым, настроіцца на сузіральны лад. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

характэ́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адметныя, рэзка выяўленыя, своеасаблівыя рысы. Толькі ад вагранак і электраплавільнай печы далятала характэрнае патрэскванне ды прыглушана гула вентыляцыя. Карпаў. Пан быў вельмі абураны, задрыжаў яго характэрны падбародак. Бядуля.

2. Уласцівы пэўнай асобе, прадмету, з’яве. Характэрнаю рысаю стылю [Бядулі] з’яўляецца спалучэнне бытавізму з паэтычнасцю. Адамовіч. Трэба было ўнесці ў гэтую справу тую наладжанасць, тую празрыстую яснасць, якія былі характэрны для любой справы, за якую б ні браліся бальшавікі. Лынькоў.

3. У мастацтве — уласцівы пэўнаму народу, эпосе, грамадскаму асяроддзю. Характэрныя танцы. Характэрныя ролі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звяно́, а́; мн. звёны (з ліч. 2, 3, 4 звяны́), звёнаў; н.

1. Адна асобная састаўная частка ланцуга; кольца. Змацаваць звёны папкай. □ Схапіўшы дужку кляшчамі, трэба было маланкава прасунуць яе ў папярэдняе звяно і прыстукнуць молатам так, каб канцы сышліся і заварыліся. Корбан. // перан. Састаўная частка чаго‑н. цэлага. У рамане «Зямля» — важным звяне ў творчай біяграфіі Чорнага — героем з’яўляецца сялянская маса. Адамовіч.

2. Аднатыпная састаўная частка якога‑н. цэлага. Звяно трубаправода.

3. Найменшая арганізацыйная адзінка ў якім‑н. аб’яднанні. Піянерскае звяно. Ільнаводчае звяно. □ І на захад звяно за звяном пралятаюць знішчальнікі нашы. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

супадзе́нне, ‑я, н.

1. Адначасовасць якіх‑н. фактаў, здарэнняў. Гэтыя прыметнікі ўтвараюцца ад іменных асноў, яны паказваюць збліжэнне ці супадзенне ў прасторы або ў часе. Граматыка.

2. Падабенства, агульнасць; адпаведнасць у чым‑н. У падзеях з жыцця галоўнага героя трылогіі нямала супадзенняў з біяграфіяй самога аўтара. Шкраба. Па нейкаму дзіўнаму супадзенню ў адноўлены калгас сабралі трынаццаць .. коней. Шамякін. Супадзенні тэм могуць сведчыць толькі аб жаданні маладога пісьменніка вучыцца ў Горкага. Адамовіч.

3. Злучэнне, спалучэнне. Звычайнае супадзенне абставін, ускладн[е]нае нейкімі прычынамі, з-за якіх Далінка не ўсё адкрывае следству. Асіпенка.

4. Сумяшчэнне пры накладанні (пра геаметрычныя фігуры, лініі).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

развіццё, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. развіваць — развіць (у 2, 3 і 4 знач.) і стан паводле дзеясл. развівацца — развіцца (у 2, 3 і 4 знач.).

2. Працэс пераходу з аднаго стану ў другі, больш дасканалы. Гістарычнае развіццё. □ Універсальная таленавітасць Мікельанджэла ці Леанарда да Вінчы падрыхтавана была ўсім папярэднім развіццём чалавека, яго рукі і мозга. Адамовіч. З абвастрэннем класавых супярэчнасцей, развіццём грамадскай думкі ў жніўных песнях з’явіліся матывы сацыяльнага пратэсту, народ пачынае адкрыта выказваць сваю нянавісць да эксплуататараў-прыгоннікаў. Саламевіч.

3. Ступень духоўнай і разумовай сталасці, шырыня кругагляду. Амаль шэсць гадоў быў я спеваком у хоры Тэраўскага, і гэта адыграла вялікую ролю ў маім развіцці. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́рыя, ‑і, ж.

1. Шэраг аднародных прадметаў, якія маюць якую‑н. агульную прымету. Серыя станкоў. □ Раман «Зямля» з’явіўся пачаткам выдатнай серыі аповесцей і раманаў з жыцця беларускага народа. Адамовіч. // Паслядоўны рад якіх‑н. дзеянняў, падзей і пад. Серыя доследаў. Серыя гімнастычных практыкаванняў. Серыя выбухаў.

2. Шэраг вырабаў, машын, дэталей, зробленых па аднаму ўзору. Паравоз серыі ФД.

3. Частка вялікага кінафільма, якая дэманструецца самастойна на працягу цэлага сеанса. Кінафільм у дзвюх серыях.

4. Разрад, катэгорыя цэнных папер (грашовых знакаў, аблігацый ці дакументаў), якія абазначаюцца лічбамі або літарамі. Нумар і серыя бюлетэня. □ Дваццаць пяць тысяч! Я гляджу... нумар, серыя так і плывуць у мяне ў вачах. Рамановіч.

[Фр. série ад лац. séries.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)