агарну́ць, агарну, агорнеш, агорне; зак., каго-што.
1. Укрыць з усіх бакоў, абкруціць. Іван, нічога не кажучы, агарнуў адзежынай худыя, вострыя плечы [Джуліі]. Быкаў. // Абняць, абхапіць каго‑, што‑н. Аберуч агарнуў [хлопчык], як з маткаю абняўся, І ў споласе сачыў за бамбавозам, І нават у пажары не расстаўся з бярозай. Вітка. // перан. Настаць, заспець (пра ноч, цемру і пад.). Зося гэтак шчыра запрацавалася, што не пабачыла, як яе агарнула ноч. Чарот. Ціхі летні вечар агарнуў зямлю. Якімовіч.
2. перан. Завалодаць, захапіць, падпарадкаваць сабе; адолець, апанаваць. Дома Міця доўга не мог супакоіцца. Думкі пра Сюзану ўладна агарнулі душу. Навуменка. // Ахапіць каго‑н. (пра пачуцці, стан). [Іван і Джулія] не здолелі прайсці таемна, адкрылі сябе, ззаду застаўся сведка, і непакой з новаю сілай агарнуў хлопца — выдасць аўстрыяк ці не? Быкаў. [Язэп:] — «Што ты, Віктар, выдумляеш, хто пра мяне гаворыць?» А ў самога сэрца ў пяткі заскочыла, і млявасць агарнула ўсё цела. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шурпа́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае нягладкую, з невялікімі няроўнасцямі паверхню. Шурпатыя дошкі. □ [Сцяпан] прыгнуў арэшыну, .. абшастаў рукою лістоту — раз-пораз пальцы намацвалі шурпатыя цвёрдыя каробачкі. Гіль. Трымаючыся за моцныя сукі, я ступіў да Зоні па тоўстым шурпатым камлі. Адамчык. // Нягладкі, агрубелы (пра скуру, цела, пакрытае такой скурай). А тут шурпатыя Трахімавы пальцы спрытна хапаюць яго за вуха, рыжая з сівізною барада набліжаецца аж да самага Уладзікавага носа і страшна шыпіць. Крапіва. Далонь.. [Надзежды Іванаўны] была шурпатая, мазолістая — жанчына не цуралася любой працы. Шамякін. Гладзіў.. [сына], цалаваў валасы, шурпатую абветраную шчаку. Лынькоў. // З густым ворсам (звычайна грубым, калючым). Ночы пад канец лета святлейшыя, пад раніцу халаднавата — не ратуе нават шурпатая даматканая коўдра. Навуменка. Было прыемна цяпер скінуць цесныя чаравікі, абкруціць нагу сухой і шурпатай анучкай, надзець шырокі.. бот. М. Стральцоў.
2. перан. Недапрацаваны, з хібамі, недахопамі. Толькі сэрца зловіць Шчырую прыязнасць у шурпатай мове. Буйло. Войцік прачытаў.. [матэрыял] і, нібы сам сабе, заўважыў, што для пачатку атрымалася нядрэнна, толькі стыль шурпаты. Машара. Гаварыў [Міход] ветла, спагадліва, ніводнага шурпатага слоўца. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)