сіро́цтва, ‑а, н.

1. Стан сіраты; адсутнасць бацькоў. Вырасці ў сіроцтве. Ранняе сіроцтва. □ Я ўпэўнены: уласнае сіроцтва пацягнула.. [Мікалая Іванавіча] да нас — гэткіх жа сірот. Радкевіч.

2. перан. Адзіноцтва, беспрытульнасць; пачуццё адзіноты. Чым далей адыходзіў.. [Пракоп] ад свайго котлішча, тым з большаю сілаю ахаплялі і наступалі на яго гэтыя халодныя прасторы, сярод якіх вастрэй адчувалася адзінота і сіроцтва на свеце. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

склясці́, скляну, склянеш, скляне; скляпём, скленяце; пр. скляў, ‑ла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Падвергнуць праклёну, праклясці. Хацелася склясці свой няўдалы лёс. Грамовіч.

2. Выказаць моцнае абурэнне, нездаволенасць кім‑, чым‑н.; аблаяць каго‑н. Адкашляўшыся, дзед перш-наперш моцна скляў падасланага пісарам прайдзісвета. Якімовіч. — Вось людзі! Вось прорва! Каня шкадуюць. А каб вам бог смерці пашкадаваў! — скляў Тодар. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ссумава́цца, ‑муюся, ‑муешся, ‑муецца; зак., па кім-чым і без дап.

Разм. Сумуючы, змучыцца, стаміцца. [Вася:] — Я без вагання аддаў бы ўсё, што было ў мяне,.. абы я толькі мог паглядзець .. [Зіне] у вочы і ўбачыць, што яна таксама ссумавалася па мне. Гаўрылкін. Ссумаваўся Макар па Закружжы, па маці, па вечарынках, ды што граху таіць, і па Еве. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

супрацьле́глы, ‑ая, ‑ае.

1. Размешчаны насупраць; які ідзе, вядзе ў адваротным кірунку. [Шыпшына] квітнее перад акном, з якога відаць рака і далёкая роўнядзь супрацьлеглага нізкага берага. В. Вольскі. Лабановіч спыніўся, сказаўшы: «Стой!», і зірнуў у супрацьлеглы бок. Колас.

2. Які супярэчыць чаму‑н., карэнным чынам адрозніваецца ад чаго‑н., не сумяшчальны з чым‑н. Самаахвярнасць і карыслівасць — паняцці супрацьлеглыя. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суро́дзіч, ‑а, м.

1. Сваяк, радня. Багатыя суродзічы героя казкі. // Пра жывёл, раслін аднаго віду. Індыйская свіння не пародзістая і мала чым адрозніваецца ад сваіх дзікіх суродзічаў. «ЛіМ». // Член аднаго з кім‑н. роду ў радавым грамадстве.

2. Той, хто належыць да адной з кім‑н. народнасці, нацыянальнасці або з’яўляецца ўраджэнцам адной з кім‑н. мясцовасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уга́двацца, ‑аецца; незак.

1. Адчувацца, улоўлівацца па якіх‑н. прыкметах. На пустыры ледзь угадваліся ў цемры абрысы будучага стадыёна. Шыцік. Цені на твар клаліся мякка, рысы тонка акрэсліваліся, і, больш чым калі, угадвалася былая краса. Карпаў. Па шэрых заімшэлых рэштках сцен лёгка ўгадвалася, што гэта быў сапраўдны тыповы замак нейкіх .. нямецкіх баронаў. Ракітны.

2. Зал. да угадваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узбагаці́цца, ‑гачуся, ‑гацішся, ‑гаціцца; зак.

1. Разм. Стаць багатым, разбагацець.

2. перан. Папоўніцца чым‑н., набыць што‑н., стаць больш багатым па саставу, зместу і пад. Бібліятэка ўзбагацілася новымі выданнямі. Узбагаціцца вопытам. □ Прамысловасць горада ўзбагацілася прадпрыемствамі, якіх тут не было да вайны. Хадкевіч. Наша мастацкая проза рабіла першыя крокі тады, калі руская літаратура ўзбагацілася бессмяротнымі творамі. Пшыркоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

улюбі́цца, улюблюся, улюбішся, улюбіцца; зак.

Закахацца ў каго‑н. [Люднікаў:] Дык чаго ты плакала, можа, улюбілася ў каго? [Ніна:] Я не ўлюбілася. Кучар. // Захапіцца чым‑н., паддацца хараству чаго‑н. Улюбіцца ў кнігі. □ Ленінград! Я ўлюбіўся ў тваю прыгажосць! Ставер. Але мы, улюбіўшыся насмерць у шляхі, пракладзеныя ў заўтра, навучылі песню разумець, што ў змаганні і загінуць варта. Таўлай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упара́дкавацца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; зак.

1. Навесці ў сябе належны парадак, справіцца з чым‑н., ухадзіцца. [Бацька:] — Дык ты [сын] едзь... але пачакай: з’ездзіш па клункі .. Упарадкуйся тут. Бо не будзе чакаць ярына: авёс жа трэба сеяць. Баранавых. // Пайсці на лад, наладзіцца. Жыццё горада паступова ўпарадкавалася.

2. Стаць добраўпарадкаваным. Разросся горад над Пінай, паглынуў ваколіцы і ўпарадкаваўся, папрыгажэў. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усмалі́ць 1, усмалю, усмаліш, усмаліць; зак., што.

Разм. Добра засмаліць што‑н. Усмаліць лодку.

усмалі́ць 2, усмалю, усмаліш, усмаліць; зак.

Разм. Моцна ўдарыць, стукнуць чым‑н. — Хто там? Стой, а то як усмалю! — крыкнуў на ўвесь голас Бобрык і скочыў убок. Дуброўскі. // Стрэліць. Гэта дзядзька Адам усмаліў дуплетам са сваёй дубальтоўкі па ваўках, якія падкрадаліся да яго будана. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)