го, выкл., часта з паўтарэннем (го-го-го!).

1. Ужываецца для выражэння пачуццяў радасці, здзіўлення і пад. — Го, якая радасць! .. — пачуўся голас сувязнога. М. Ткачоў.

2. Ужываецца як прызыўнае слова, кліч. Яшчэ момант, і пачуўся нясмелы воклік. — Гого! — Го! — адгукнуўся дзед Талаш, пазнаўшы голас свайго Панаса. Колас.

3. Ужываецца гукапераймальна для выражэння грубага смеху. — Го-го! — рагочуць падлетні. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

валато́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.

Абл. Курган, у якім, паводле народных уяўленняў беларусаў, пахаваны легендарныя асілкі-волаты. На магілцы-валатоўцы Зарунеюць кветак руні. Зайдзе сонца, узыдзе сонца... Сні, таварыш, аб Камуне! Купала. Я часта прыпыняюся каля сталоў, Дзе разлажылі прадаўшчыцы зёлкі, Сабраныя з усіх лугоў, палёў, на скрыжаваннях і на валатоўках. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́хваткамі, прысл.

У перапынках паміж іншымі справамі і заняткамі; нерэгулярна, урыўкамі. Паэма пісалася прыхваткамі, аўтара часта адрывалі грамадскія абавязкі, нямала часу забіралі палітычныя злабадзённыя вершы і публіцыстычныя артыкулы. У. Калеснік. — Дык калі ж я табе шалік зраблю? Толькі прыхваткамі і раблю... Васілевіч. Раней не даводзілася, каб па-людску сеў ды пад’еў, а ўсё прыхваткамі, на хаду. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пуры́зм, ‑у, м.

1. Празмернае імкненне да ачышчэння мовы ад іншамоўных слоў, неалагізмаў, скажэнняў нормы і г. д. Ужыванне абцякальных слоў і выразаў, эўфемістычнасць, ілжывы акадэмічны пурызм і мяшчанская грэблівасць да «простых» і «моцных» слоў і выразаў — вось характэрныя прыкметы стылю і моўнай манеры буржуазнай публіцыстыкі. «Полымя».

2. перан. Празмернае, часта паказное, імкненне да маральнай чысціні.

[Ад лац. purus — чысты.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пустава́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Недастаткова запоўнены кім‑, чым‑н. [Хлапчук] шпурнуў на зямлю свой пуставаты мяшок, што нёс за плячамі. Лобан. Чакалі доўга — нарэшце прыйшоў аўтобус, і [Павел з Мартай] ціха ўзрадаваўшыся, што ён пуставаты, селі на задняе сядзенне, далей ад пасажыраў. Вышынскі.

2. перан. Недастаткова сур’ёзны. Успамінаю міжвольна знаёмага — даволі развязнага І пуставатага, як мне часта здавалася, чалавека. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пустазе́лле, ‑я, н.

Дзікарослая расліна, якая засмечвае пасевы культурных раслін. Асот і малачай — пустазелле. □ Вось з таго часу і палюбіла Вера васількі. З яе захаплення часта смяяліся сяброўкі. Жартавалі, што ёй падабаецца пустазелле. Асіпенка. // зб. Такія расліны, сукупнасць такіх раслін. Ад Старыцы засталіся адны папялішчы, жыхары разбрыліся, палі апусцелі, зараслі пустазеллем і хмызнякамі. Хадкевіч. Пустазелле заглушыла ўвесь гарод. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разры́ўка, ‑і, ДМ ‑рыўцы; Р мн. ‑рывак; ж.

Перапынак, перадышка ў якой‑н. рабоце, занятку; аддушына. Усе гэтыя часы .. [Зося] не спускала з сваіх вачэй дзіця, часта з ім гаварыла і знаходзіла разрыўку ў бесперапыннай рабоце. Чорны. «Нельга так бедаваць, як .. [Каспар], — падумаў Лайзан. — Нейкая разрыўка павінна быць для яго настрою. А так загубіць і сябе і дзяцей..» Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распяка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Разм.

1. Рабіць каму‑н. суровую вымову. Па дарозе .. [Іван Мацвеевіч] часта спыняе машыну. На лесапілцы распякае нядбайных мужчын за тое, што ўсюды параскіданы каштоўны піламатэрыял. Хведаровіч.

2. Выклікаць у каго‑н. моцнае ўзбуджэнне, гнеў, раздражненне. Чыжык спыніўся. Злосць, а найбольш крыўда распякалі яго. Лупсякоў. Спакойны павучальны лад гаворкі Шкробата распякаў Насціну ганарыстасць. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неразры́ўны, ‑ая, ‑ае.

Такі, што нельга раз’яднаць; непарыўны, непарушны (пра пачуцці, адносіны, сувязі і пад.). Неразрыўная дружба. Неразрыўныя вузы братэрства. □ Бязмежная адданасць справе і скромнасць шчырага працаўніка — вось дзве галоўныя рысы характару пагранічніка. Гэта, перш за ўсё, .. адзін з тых «вінцікаў», чыя ціхая праца, увесь неразрыўны ланцуг штодзённых маленькіх перамог вельмі часта губляецца ў громе і бляску. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пагуля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Прагулка. Пайсці на пагулянку ў лес. □ Пад мастком быў зроблены шлюз, праз які час ад часу прапускалі плыты. Лабановіч потым часта хадзіў сюды на пагулянку. Колас. Дамоў Мікола вярнуўся стомлены, але задаволены сваёй пагулянкай. Краўчанка.

2. Вечарынка, гулянка. Наладзіць пагулянку. □ Калі хлопцы прыйшлі на пагулянку, моладзь ужо танцавала. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)