угаво́р, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. угаворваць — угаварыць. — Адпачыў бы, сынку! Мы і без цябе ўправімся... — Але Кастусь не зважаў на матчыны ўгаворы: з ахвотаю завіхаўся на дрывотні. С. Александровіч. Мае ўгаворы ані не памагалі, а, наадварот, яшчэ болей разжальвалі. Сачанка.

2. Узаемная дамоўленасць аб чым‑н., умова. Па маўкліваму ўгавору і маці і сын да .. [скрыпкі] амаль не дакраналіся. Даніленка. [Віктар:] — Мы сюды ехалі спецыяльнасць пабыць, а нас на катлаван паставілі. Такога ўгавору не было. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ука́з, ‑а, м.

Пастанова, распараджэнне вышэйшага органа ўлады, якія маюць сілу закона; дэкрэт. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. □ На .. вечары быў зачытаны ўказ аб узнагародзе жанчын .. [Кавалёвай] падалі годнасць Героя Сацыялістычнай Працы. Дуброўскі. // Разм. Наказ. Расці Для шчасця На зямлі — Такі вялікі ўказ Дало жыццё нам, І яму Мы верылі спаўна. Кірэенка.

•••

Не ўказ каму — не можа служыць падставай, указаннем каму‑н., што і як трэба рабіць. — Сам ведаю, што раблю. І ты мне не ўказ, — агрызаецца Лявон. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́рус, ‑а, м.

1. Рад гарызантальна размешчаных прадметаў адзін над другім. Дошкі складзены ў пяць ярусаў. □ Паўзбоч.. [печы] ляжала ў ярусах бярвенне. Сачанка.

2. Адзін з сярэдніх або верхніх паверхаў у глядзельнай зале. Ложа другога яруса. □ Вялізная зала.. тэатра.. і ўсе ярусы паўнюткі людзей. Скрыган.

3. У геалогіі — сукупнасць горных парод, якія ўтварыліся на працягу геалагічнага веку.

4. У рыбалоўстве — рыбалоўная кручковая снасць у выглядзе доўгай вяроўкі з замацаванымі на ёй на пэўнай адлегласці адзін ад другога кручкамі на павадках.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́ўка 1, ‑і, ДМ лаўцы; Р мн. лавак; ж.

1. Прыстасаванне для сядзення на некалькі чалавек у выглядзе нешырокай дошкі на слупках або ножках у парку, на вуліцы і г. д. На вуліцы, каля плота, лаўка, на якой вечарамі збіраецца ўся канцавая моладзь. Краўчанка. Маладыя людзі зрабілі круг па скверыку і селі на лаўку. Дамашэвіч.

2. Невялікая лава ​1 ў памяшканні. Маці змахнула трапкачом лаўку і сказала: — Сядайце, чаго ж вы ў парозе сталі... Сачанка. На лаўках па баках і пасярэдзіне залы сядзелі і ляжалі пасажыры. Колас. Маша ўвайшла ў хату, паклала сякеру пад лаўку і пачала моўчкі распранацца. Мележ.

3. Прыстасаванне ў вагоне для сядзення або ляжання пасажыраў. [Паходня] без асаблівых прыгод на гэты раз заняў месца ў вагоне на ніжняй лаўцы. Хадкевіч.

4. Разм. Школьная парта. [Павел і Віктар] былі па росту абодва нізенькія хлапчукі, і настаўніца пасадзіла іх на пярэднюю лаўку. Гроднеў.

ла́ўка 2, ‑і, ДМ лаўцы; Р мн. лавак; ж.

Разм. Невялікая гандлёвая ўстанова; невялікі магазін. У Тураве не гандлявала ні адна лаўка, ва ўсіх хатах былі наглуха пазачыняны аканіцы, на вуліцах — ні жывой душы. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазаплыва́ць 1, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

Заплысці куды‑н. — пра ўсіх, многіх. Пазаплываць далёка ў мора. □ Рыба не вельмі бралася. Відаць, яна пазаплывала ў ціну, каб перадрамаць у зацішку нядоўгую ноч. Сіняўскі.

пазаплыва́ць 2, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

1. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.); чым і без дап. Заплысці, пакрыцца або напоўніцца чым‑н. — пра ўсё, многае. Дзе-нідзе кідаюцца ў вочы пакалечаныя асколкамі камлі. Раны пазаплывалі смалою і гояцца... Сачанка.

2. Разм. Распаўнець — пра ўсіх, многіх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падгавары́ць, ‑гавару, ‑гаворыш, ‑гаворыць; зак., каго, на што, з дадан. сказам і з інф.

Угаварыць, падвучыць зрабіць што‑н.; падбухторыць на што‑н. Падгаварыць на дрэнны ўчынак. □ [Эма:] — Я сама бачыла, як адпраўлялі Максіма ў Вільню, сама была на вакзале ў той вечар, хоць хлопцы і забаранілі ісці туды. Падгаварыла сваячку і пайшлі. Машара. [Васіль:] — Цётачка, я не вінават... Мяне падгаварылі... Я вам усіх назаву, толькі мяне не чапайце... Мяне падгаварылі... — Як не па пальцах ён пералічыў усіх, хто лазіў у слівы. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

намяка́ць 1, ‑ае.

Незак. да намя́кнуць.

намяка́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каму на каго-што і без дап.

Рабіць намёкі, гаварыць намёкамі, не выказваць адкрыта сваёй думкі. Лабановіч зразумеў, на што намякае яго зямляк і блізкі сябар. Колас. Дзед намякаў маёй маці, што яна была камсамолка і ўпрошвала яго не ўпарціцца, а ўступаць у калгас. Сачанка. Адносіны Васіліны да Іллюка не змяніліся ў гэтыя гады, яна стала нават шмат ласкавейшай, але пэўнага адказу, калі ён намякаў на жаніцьбу, не давала. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

натапы́раны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад натапырыць.

2. у знач. прым. Які стаіць тарчма, прыўзняты ўверх; настаўлены. Пісар снедаў, калі зайшоў да яго Каленік. Ён выцер салфеткай губы і натапыраныя кароткія вусы і ўтарапіўся вачыма ў госця. Галавач. Іду зводдаль імшарыны і пільна прыглядваюся да ўсялякай купінкі, да кожнага натапыранага лісця. Сачанка.

3. перан.; у знач. прым. Надзьмуты, незадаволены; раззлаваны. Цяпер яны стаялі каля пісьмовага стала ўсе: натапыраны Барушка, азадачаны Васіль Пятровіч, абыякавы Понтус і ціхамірная Ала. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

панаця́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. што. Нацягваючы, напяць усё, многае. Панацягваць вяроўкі.

2. што. Разм. Надзець на сябе многа чаго‑н., накрыцца чым‑н. — пра ўсіх, многіх. Ледзь толькі мы з Саўкам паспелі панацягваць на сябе коўдры, з печы пачала падаць на нас лучына. Сачанка.

3. чаго. Разм. Прыцягнуць, прынесці за некалькі прыёмаў вялікую колькасць чаго‑н. Панацягваць галля. □ Панацягвае [арлан] малым у гняздо ўсялякага корму ў запас, сам пад’есць і тады зноў садзіцца на беразе, п’е ваду і чысціць пер’е. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плён, ‑у, м.

1. Тое, што вырашчана: садавіна, гародніна, зерне і пад.; ураджай. Не злічыць у ім [садзе] плёнаў: грушаў, яблыкаў, сліў. Машара. Не зробіш гэтага, не паставіш кій ці не нацягнеш нітку, па якіх бы фасоля магла віцца, — не чакай і плёну. Сачанка.

2. перан. Вынік старанняў; дасягненне. — У палку мне добра. Лятаю і лятаю. Адразу бачу плён сваёй работы... Алешка. Дапісана апошняя старонка, правераны разлікі, цытаты і формулы, прыведзены ў парадак чарцяжы, і — хораша бачыць плён сваіх пошукаў і пакут. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)