істу́жка і сту́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жан; ж.

1. Палоска каляровай тканіны, якая скарыстоўваецца для ўпрыгожання, аблямоўкі і інш. мэт. Чырвоная істужка. □ Выйшла на пляц.. [Аксеня] — у шаўковых істужках, заплеценых у косы. Пестрак. // Палоска шаўковай тканіны пэўнага колеру і памераў для ордэнскага знака, медаля; нашыўка; знак адрознення. Ордэнская істужка. □ Гарэлі на сонцы чырвоныя істужкі на шапках у партызан. Шамякін.

2. Доўгая вузкая палоска з якога‑н. матэрыялу, якая служыць для тэхнічных і іншых патрэб. Ізаляцыйная істужка. □ Некаторы час тэлеграф маўчаў. І вось паплыла белая стужка з кропкамі і працяжнікамі. Алешка.

3. перан.; чаго. Тое, што ўецца, цягнецца вузкай доўгай паласой. Вузкая істужка рэек ляжала ўпоперак цераз Пнівадку. Чорны. За лугам сіняй істужкай вілася рэчка. Пестрак.

4. Рухомае перадатачнае палатно ў некаторых механізмах, транспартных прыстасаваннях. Канвеерная істужка. □ Пабеглі па бясконцай істужцы транспарцёра ўгору цагліны. Паслядовіч.

•••

Кінематаграфічная істужка — празрыстая істужкападобная плёнка з нанесеным на яе слоем святлоадчувальнай эмульсіі; кінаплёнка.

Кулямётная істужка — парусінавая або металічная палоска з гнёздамі для патронаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

віць, ую, уеш, уе; уём, уяце, уюць; пр. віў, віла, віло; заг. ві; незак., што.

1. Скручваючы, злучаць у адну стопку. Віць вяроўкі. Віць пугу.

2. Рабіць, сплятаючы з чаго‑н. Віць вянкі. □ [Малашкін:] — Няхай [вераб’і] уюць сабе гнёзды на здароўе, дзе ім падабаецца. Пестрак.

•••

Віць вяроўкі з каго — праяўляць уладу над кім‑н., падпарадкоўваць каго‑н. сваёй волі.

Віць гняздо — уладкоўваць сваё жыццё (пра чалавека).

З ветру вяроўкі віць — гаварыць што‑н. беспадстаўнае, пляткарыць, выдумляць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дэві́з, ‑а, м.

1. Праграмная кіруючая ідэя, выражаная адным ці некалькімі словамі; лозунг. Зрабіць як найбольш і як найлепш — стала дэвізам нашых людзей, дзе б яны ні працавалі. Пестрак. Усё шырэй і мацней гучыць палымяны дэвіз — жыць і змагацца па Ільічу. «Звязда».

2. Слова або выраз, якія замест свайго імя ставіць на творы аўтар, удзельнік закрытага конкурсу. Першую прэмію атрымаў праект пад дэвізам «Наперад».

3. Уст. Кароткі сімвалічны надпіс на гербе, шчыце, ордэне і пад.

[Фр. devise.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запрасі́ць 1, ‑прашу, ‑просіш, ‑просіць; зак., каго-што.

1. Папрасіць прыйсці, прыехаць, з’явіцца куды‑н. Запрасіць сяброў у госці. □ [Пан] запрасіў мельніка да сябе ў маёнтак і запрапанаваў яму службу палясоўшчык. Бядуля.

2. Прапанаваць каму‑н. зрабіць што‑н. Капітан Рыбін ветліва запрасіў усіх сесці. Пестрак.

3. і без дап. Назваць занадта высокую цану за рэч, якая такой цаны не варта. Запрасіць за тавар вельмі дорага.

запрасі́ць 2, ‑прашу, ‑просіш, ‑просіць; зак.

Разм. Пачаць прасіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здзічэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

1. Зрабіцца дзікім (у 1 знач.). Кошка здзічэла. □ Наша поле здзічэла зусім — атруцілі слязамі зямлю, ды народ будзе вечна жывым, ён не скорыцца кату, ярму. Машара.

2. перан. Адвыкнуць ад людзей, стаць нелюдзімым. — Трэба ж мне хоць дзень дома пабыць, а то здзічэем там, у лесе, — апраўдвалася Марынка. Сабаленка. // Апусціцца, агрубець. — Калі пратрывае так даўжэй, вернемся да пячорнага жыцця. Здзічэем! — сказаў .. [Ян] са злосцю і накіраваўся да дзвярэй. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

імкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

1. Тое, што і імкнуцца (у 1 знач.). Жоўтыя хвалі з белым накіпам бурліва імкнуць і імкнуць у далячынь. Пестрак. А сэрца ўсё імкне да бацькаўскага краю. Багдановіч. Імкнуць палкі, ідуць байцы Чырвонай слаўнай раці. Колас.

2. Распасцірацца, цягнуцца ў якім‑н. напрамку. Ад плошчы, праз мост, угару імкнуў праспект. Карпаў.

3. што. Накіроўваць рух, цягнуць куды‑н. Галіны распасцёрты, дрэва Свой стан імкне ў блакіт пусты... Гаўрусёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кіпу́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які кіпіць, нагрэты да кіпення. На стале з’явілася кіпучая смажаніна сала з каўбасою і яечкамі. Пестрак.

2. Бурлівы, пеністы. Кіпучы вадаспад. □ Песня ўздымае Кіпучы вал з глыбінь марскіх. Танк. // Пеністы, іскрысты (пра віно, піва і пад.). За кожным сталом Месца пакінем для нашых сяброў, Чарку пакінем з кіпучым віном. Танк.

3. перан. Дзейны, ажыўлены, напружаны. Кіпучая дзейнасць. □ Наш край кіпучай працай Узмоцнен і сагрэт. Журба. // Палкі, гарачы. Кіпучая натура.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кры́цца, крыюся, крыешся, крыецца; незак.

1. Разм. Хавацца, знікаць. З прастораў, што крыліся пад туманам, з таго мігатлівага зарава, якое прамяністым вянком ззяе цяпер над кожнай вёскай, да Андрэя прыйшлі словы: «Змагацца трэба не за мінулае, а за будучае». Пестрак.

2. Заключацца ў чым‑н., адкрыта не праяўляючыся; таіцца, хавацца. Небяспека была сапраўднай — яна крылася ў кожным слове, у кожным руху гэтых людзей. Самуйлёнак.

3. Зал. да крыць (у 1, 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

машта́б, ‑у, м.

1. Велічыня, якая паказвае, у колькі разоў адлегласць на чарцяжы (плане, карце) менш або больш адлегласці ў натуры. Вася выказваў радасць, што яго работай зацікавіўся Коля, і зрабіў падрабязнае апісанне ўсіх частак ветра-рухавіка, прыклаўшы да апісання нават чарцяжы — з маштабамі, лічбамі. Якімовіч.

2. перан. Размах, значэнне. [Санкоўскі] быў важак маштабу калі не завода, то цэха на заводзе. Пестрак. [Буйскі] вяртаецца назад, у нямецкі тыл, разведчыкам буйнога маштабу, разведчыкам з надзвычайнымі заданнямі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нано́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які нанесены рухам вады, ветру і пад. Наносныя глебы. Наносныя дзюны. □ Там на пясчаным напоеным грунце стаялі тры хаты — трох братоў Чаравакаў. Пестрак.

2. перан. Не свой, не ўласны, не ўласцівы па прыродзе. Думаецца, што .. матывы [смутку, болю] наносныя і чужародныя аптымістычнай паэзіі Алеся Дудара. Звонак. // у знач. наз. нано́снае, ‑ага, м. Рускія марксісты беспаваротна разарвалі з ліберальным народніцтвам і тым самым ачысцілі лепшыя, перадавыя традыцыі ад усяго наноснага і шкоднага. Лушчыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)