фальва́рак, ‑рка, м.

1. У феадальнай Польшчы, Літве, Беларусі і на Украіне — панская гаспадарка з комплексам будынкаў, заснаваная на паншчыннай працы сялян. Рост і ўмацаванне феадальнай уласнасці ўзмацнялі феадальны прыгнёт, абеззямельванне сялянства (ствараліся фальваркі, павялічваліся панскія ўгоддзі). «Полымя».

2. Невялікая панская сядзіба, хутар. На гэтай палянцы, за паўвярсты ад дарогі, раскінулася чыясь пасада, як сярэдняй рукі фальварак, з усімі прыбудоўкамі, садам і прасторным дваром. Колас. Потым, калі .. [Адам] пасталеў,.. яго сэрца паранілі чорныя вочы паненкі з суседняга фальварка. Новікаў.

[Польск. folwark ад ням. Vorwerk — хутар.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хам, ‑а, м.

1. Уст. Пагардлівая назва чалавека ніжэйшага саслоўя, звычайна селяніна (у мове паноў). Уваходзіць перапалоханы галоўны аконам. У руках яго папера. — Ясны пане! Якую агідную паперу падалі пану гэтыя хамы з Выганаў і з Высокага! Колас. Эх, дзяцюк, хама ўнук, Сын бяды і працы, Чаго прэш, як сляпы, У панскія палацы? Купала.

2. Разм. лаянк. Грубы, нахабны чалавек. [Марылька:] Як жа я з табою жыць буду, з такім хамам? [Няміра:] — Ага, Цывін настройвае цябе супроць мяне?! Чорны.

[Ад імя Хама, сына Ноя, які, паводле біблейскага сказання, быў пракляты бацькам за непашану.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хрыпата́, ‑ы, ДМ ‑паце, ж.

1. Сіпласць, адсутнасць чыстаты голасу. Толькі недалёка ціха булькала крынічка і да хрыпаты надрываўся недзе драч. Ваданосаў. У крыклівым голасе заўжды хрыпата будзе, ён не чысты. Сапраўдны паэт не крычыць. Галавач.

2. Хрыпенне, хрып. Спыняўся [сабака] на момант, каб набраць паветра ў лёгкія і ўцягваў яго з хрыпатою. Крапіва. Тут жа прабіў Шклянкаў насценны гадзіннік шэсць, без хрыпаты, чыста, быццам разумеючы, што на дварэ канец лютага і на парозе вясна. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цары́ца, ‑ы, ж.

1. Жан. да цар.

2. Жонка цара.

3. перан.; чаго. Тая, што пануе, першынствуе дзе‑н., перавышаючы ўсіх якімі‑н. якасцямі. Усё жыццё сваё табе ахвярую; будзь ты ўладарніцай душы маёй, царыцай песень маіх! Бядуля. / у вобразным ужыв. Пакланюся я табе, царыца, Чыстая, сцюдзёная вадзіца. Багдановіч.

•••

Царыца палёў — пяхота. Былі ў гэтым яго настроі і адчай, і заліхвацкасць, і нецярплівасць бывалага франтавіка, якому яшчэ давядзецца паваяваць, і не дзе-небудзь, а ў царыцы палёў — пяхоце. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цэх, ‑а, м.

1. Уст. У сярэднія вякі ў Заходняй Еўропе — гарадская арганізацыя рамеснікаў адной прафесіі. Да нашых часоў дайшлі статуты цэхаў металістаў, краўцоў, шаўцоў, муляраў. «Полымя».

2. Асноўнае вытворчае падраздзяленне прамысловага прадпрыемства. Друкарскі цэх. Кацельны цэх. □ На заводзе закрылі ўсе цэхі, дзе вырабляліся электрапрыборы для ўжытку. Шамякін. Павіншавалі мы яго І па-ранейшаму, папросту. Калегі цэха аднаго, Дзялілі радасць, боль і роздум. Гілевіч. // Памяшканне, дзе размяшчаецца такое падраздзяленне. Для ўліку расходу электраэнергіі ў цэхах устаноўлены лічыльнікі. «Звязда».

[Ням. Zeche.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чы́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. чысціць. Алесь абыходзіў конскі завод. Коней трэба было перавесці ў запасныя стайні, каб зрабіць генеральную прыборку, пабелку, чыстку. Караткевіч.

2. перан. Разм. Праверка якой‑н. арганізацыі з мэтай пазбаўлення ад чужых, шкодных або непатрэбных элементаў. [Гарлахвацкі:] Чыстка патрэбна. З некаторымі работнікамі прыйдзецца развітацца. Крапіва.

3. Разм. Хімчыстка. Сваё шэрае паліто.. [Сяргей Рослік] здаў у чыстку і, пакуль там чысцілі яго, сядзеў дома, прыкідваючыся хворым. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шпачаня́ і шпачанё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Птушаня шпака. Халадком патыхае вячэрнім... Сонна ціўкае шпачаня... Барадулін. Тады яго [язміну] й на свеце не было, Як шпачанят і гэтых пульхных хмарак, Калі цалялі каты проста ў лоб Бясстрашнага сівога камісара. Лось. // перан. Пра таго, хто не дасягнуў сталага ўзросту; пра нявопытнага, неспрактыкаванага чалавека. — Паспрабуй іх укласці, яны двойчы мяне самога прыспалі, шпакі гэтыя, — з пакоя выглянуў высокі поўны мужчына ў піжаме і жартаўліва крыкнуў на дзяцей: — Гэць, шпачаняты, спаць! Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шышкава́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае шышкі, з шышкамі (у 1 знач.). А Грыша проста цяльпук, але самы разумны з усёй кампаніі. Гэта было відаць хаця б па тым, што галава ў яго была вялізная і ўся шышкаватая, «розум лез наверх». Караткевіч. // Спец. Які мае вузлы, патаўшчэнні на паверхні (пра дэфектную тканіну, пражу). Шышкаватая пража.

2. Які формай, сваім знешнім выглядам нагадвае шышку (у 1, 4 знач.). [Чалавек] прычапіў на шышкаваты нос рыжыя акуляры і чытаў кніжку. Пянкрат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

юна́цтва, ‑а, н.

1. Перыяд жыцця пасля малалецтва да сталасці; ранняя маладосць. Гады юнацтва. □ Напярэдадні юбілею маёй творчасці мне захацелася ўспомніць свой шлях і ўсё сваё жыццё. Я імкнуўся аднавіць усе драбніцы гэтага жыцця — сваё маленства, юнацтва, .. светлыя гадзіны творчасці, сваю сталасць. Купала.

2. зб. Юнакі. // Маладыя людзі абодвух полаў. Юнацтва планет усвядоміла, што сёння ствараецца будучыня і для яго. «Маладосць». Цябе, юнацтва, я люблю. Загартаванае ў вайну, Цану ты знала мазалю І хлебу ведала цану. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ю́ркі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Быстры, вёрткі, спрытны ў рухах. Андрэй жа глядзеў, як над гнёздамі махалі лёгенькімі крылцамі юркія ластавачкі і так лагодна шчабяталі. Колас. Сцёпка Хадун, юркі, каратканогі і дапыт[лів]ы, як сарока, угледзеўшы Максіма за цяжкай работаю, чуць не на [пальчыках] падышоў да яго. Каваль. // Які вырашае бойкасць, скрытнасць, жывасць (пра вочы, позірк і пад.). — Ага, штучку. Паленца, што ля паветкі і цяпер ляжыць, — растлумачыла старая, страляючы юркім позіркам то ў вочы Пятра, то Адама. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)