сіне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Рабіцца сінім. Не колюць лёду шчупакі, А мы над рэчкай, хлапчукі, Нібыта лёд, сінелі. Бялевіч. Антось аж сінеў ад злосці. Гроднеў. // Світаць, віднець. Косця прачнуўся зацемна: у акне толькі пачынаў сінець блізкі дзень. Адамчык. Сінее мяккі прыцемак. Навуменка. / у безас. ужыв. За акном тым часам сінела — радзеў няўстойлівы світальны паўзмрок. Вышынскі. // Цямнець, вечарэць. Вялікае, ужо няцёплае сонца хавалася за недалёкім лесам. У лагчынах пачынала сінець, і вастрэй адчувалася восень. Карпаў.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выдзяляцца сінім колерам, віднецца (пра што‑н. сіняе). Навокал рассцілалася поле, яшчэ даволі стракатае: за жаўтлявым спелым жытам зелянела бульба, з другога боку — сінеў лубін. Шамякін. Між спелага жыта Сінее валошка. Колас. Далёка на небасхіле сінеў лес, да якога вілася ледзь бачная дарога. Лупсякоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скары́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Цвёрды вонкавы слой хлеба, пірага і пад. Уліта Антонаўка занесла на стол гарачы пірог, .. накрыла ручніком, як пакрывала [хлебныя боханы], выняўшы іх з печы і абмыўшы румяную скарынку вадой. Шамякін. Свежы, з тоўстай бліскучай скарынкай быў хлеб. Мікуліч. «Печаная бульба — гэта казка, Паскрабеш нажом. — і калі ласка. Жоўтая скарынка, як пірог». Панчанка. // Пра ежу, харч, сродкі для існавання. [Цімох:] — Бедныя былі ў нас людзі, па ваработках цягаліся, служылі за няшчасныя рублі, за скарынку хлеба. Колас. Цягаў мяшкі пукатыя Ён дзень у дзень, каб мець Скарынку, каб за хатаю Шчэ пачакала смерць. Панчанка.
2. Верхні зацвярдзелы слой чаго‑н. Захрабусцела пад лапцямі нечапаная скарынка снегавой цаліны. Крапіва. Пастукала [Маня] рыдлёўкай — не лезе ў грунт. Толькі верхнюю скарынку сяк-так знімае. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
таргану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. каго-што. Рэзкім рухам пацягнуць за што‑н., штурхануць. Машыніст Андрэй Беражкоў таргануў за прывод сігнала, пасунуў рэгулятар назад і ўключыў тармазы. Васілёнак. Старэйшы з хлопчыкаў, якога звалі Валерый і які сядзеў цяпер побач з Зінай, таргануў яе за руку і нешта ёй сказаў паціху. Кавалёў. — Не спі ты, дурань! — крыкнуў бацька і балюча таргануў: — Ці замерзнуць хочаш? Гарэцкі. / у безас. ужыв. Пры слове конь Сяргея неяк тарганула. Нікановіч.
2. чым. Рабіць рэзкі рух якой‑н. часткай цела. [Марына:] — А зямля?.. Ты ж цэлую граду адхапіў?.. Платон у адказ насмешліва таргануў плячом: чаго ад яго хоча гэтая баба? — і прысеў прымераць цвікі — ці добра яны будуць. Ракітны. / Пра рэзкі неадвольны рух. Лінкевіч усхваляваўся, заморгаў вачыма, таргануў шчакой. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
укусі́ць, укушу, укусіш, укусіць; зак.
1. каго-што. Ухапіўшы зубамі, раніць, прычыніць боль. Сабака ўкусіў за нагу. □ Год таму назад я .. замест ментуза неяк схапіў вадзянога пацука, які ўкусіў мяне за палец. Ляўданскі. // Уджаліць. Алена жахліва адступаецца, пазіраючы на .. [Зыгмуся], як на гадзюку, гатовую ўкусіць яе. Колас. // перан. Разм. Прычыніць крыўду, укалоць, задзець за жывое. Васіль адказаў [Паліне] сярдзіта: — ..Жыццё навучыць цябе. Тады ты зразумееш, хто казаў праўду. Я не ўкушу, дык нехта ўкусіць. Савіцкі.
2. што. Зубамі аддзяліць кавалак чаго‑н.; надкусіць. На выгляд .. [фрукты] як быццам свежыя, а ўкусіш яблык ці грушу — смаку няма. Новікаў.
3. чаго і без дап. Разм. З’есці, паесці чаго‑н. — Даўно з паўдня, Андрэй Якаўлевіч, пара ўжо чаго ўкусіць! — узмаліўся Журавінка. Лобан. [Колас:] — Хадзем на веранду, папросім чаго ўкусіць. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Вадзі́цца ’пры змаганні цягацца’ (лаг., КЭС). Зваротная форма ад вадзі́ць з семантычным зрухам ’знацца з кім-небудзь, быць звязаным з кім-небудзь’ > ’змагацца пры барацьбе, цягацца, ухапіўшыся адзін за аднаго’; параўн. польск. wodzić się ’б’ючыся, перацягваць адзін другога з месца на месца’.
Ва́дзіцца ’сварыцца’ (Гарэц.; лаг., КЭС; докш., Янк. Мат.). Гл. ва́дзіць 1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Недахачу́, недохочу ’ўволю, удосталь’ (ТС). Хутчэй за ўсё ў выніку перастаноўкі (метатэзы) адмоўя і прыназоўніка ў спалучэнні *до не хочу (1‑я ас. адз. л. ад хацець), параўн. до нёхоця ’да адвалу’ пры нёхоць ’нежаданне, неахвота’, і універбізацыі ўсяго спалучэння ў якасці прыслоўя, пры гэтым магчымы ўплыў распаўсюджанага прыставачнага комплекса неда- (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Німама́та ’громка (вельмі)’ (Мат. Гом.)* Хутчэй за ўсё з ⁺няма мата, дзе мат ’голас’ (гл.), што можа трактавацца як ’так моцна, што не хапае голасу’, параўн. нямым голасам крычаць ’страшэнна, роспачна крычаць’. Не выключана і іншая версія на базе зыходнага выразу ⁺нямы мат як нямы голас. Ва ўсякім выпадку магчыма кантамінацыя абодвух выразаў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бле́дны (БРС, Касп.). Параўн. бляды́ (там і пра паходжанне). Укр. дыял. блі́дний, рус. бле́дный (дыял. бледо́й), балг. бле́ден (але і блед, бляд, гл. БЕР, 1, 54–55). Прасл. форма хутчэй за ўсё была blědъ. Калі існавала і паралельнае прасл. blědьnъ, то гэта была, відаць, прасл. дыялектная інавацыя. Магчыма, сюды і бле́ды ’бледны’ (Нас.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ме́злева ’аброк натурай’ (Нар. Гом.), мезлява ’падатак у Вялікім княстве Літоўскім у выглядзе скаціны, птушак, яек’, ’від абавязковай працы’ (Ябл., Вяржбоўскі, дыс.; Брукнер, Litwa), ст.-бел. мезлева, мезлива ’падатак за быдла’ (XV ст.). Балтызм. Параўн. літ. mẽzliava ’падатак, складчына’, лат. mezlava ’падатак’ (Карскі, Труды, 390; Булыка, Лекс. запазыч., 85; Лаўчутэ, Балтизмы, 94).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
На́варня ’бервяно, якое кладзецца над вокнамі і дзвярыма’ (столін., Нар. сл.). Хутчэй за ўсё з на́варатня ’тс’ (гл.), аднак не выключана, што гэта самастойнае ўтварэнне ад кораня вор‑, прасл. ver‑/vor‑ са значэннем ’замыкаць, закрываць’; зыходным, магчыма, быў прыметнік тыпу *наборны, параўн. наварысты ’пахілы’, г. зн. ’накрываючы, закрываючы, замыкаючы’, што адпавядае прызначэнню рэаліі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)