дзялі́цца, дзялю́ся, дзе́лішся, дзе́ліцца; незак.

1. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Валодаць здольнасцю дзялення на другі лік без астачы.

Дзесяць дзеліцца на пяць.

2. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Падзяляцца на часці.

Вучні дзеляцца на групы.

3. з кім. Раздзяляць маёмасць з кім-н.

Дзяліліся сыны з бацькамі.

4. чым і з кім. Аддаваць каму-н. частку чаго-н. свайго.

Д. апошнім кавалкам хлеба.

5. перан., кім з чым. Узаемна абменьвацца чым-н.

Д. думкамі.

Д. вопытам.

|| зак. падзялі́цца, -дзялю́ся, -дзе́лішся, -дзе́ліцца і раздзялі́цца, -дзялю́ся, -дзе́лішся, -дзе́ліцца (да 1—3 знач.).

|| наз. дзяле́нне, -я, н. (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Паўтара́ (м. і н. род), паўтары́ (ж. род), ’адзін з палавінай’, ст.-бел. полуторы гривны (1229 г.). Укр. півтора́, рус. полтора́, ст.-рус. полтора, польск. półtora. Паўн.-прасл. роlъ vъtora ’тс’. Да паў- (гл.) і прасл. vъtorъдругі’, роднаснага да ст.-інд. vítras ’які вядзе далей’, vitarám ’далей’, авест. vitara‑ ’тс’ (Педэрсан, KZ, 38, 395; Младэнаў, там жа, 44, 371). Аднак Мее (Études, 407; Мікала, BB, 22, 253), Траўтман (10) імкнуліся рэканструяваць прасл. vъtorъ як ступень рэдукцыі да літ. añtras, añtaras, лат. ùotrsдругі, іншы’, ст.-прус. antars, ст.-інд. ántaras, anyásдругі’, асец. ændær, гоц. anþar (Фасмер, 1, 364–365). У іншых слав. мовах у другой частцы выступае drugъjь: чэш. půl druhého, славац. poldruha, славен. poldrúgi, серб.-харв. pódrug, рус. полъ друга ’паўтара’ (XVIII ст.). Слова паў- у літар. бел. мове і сучасных бел. гаворках яшчэ актыўна ўдзельнічае ва ўтварэнні іншых лічэбнікаў: паўтраця́ ’два з паловай’, паўтраці́, паўтраціна ’тс’ (ТСБМ, Сцяшк., Яруш., Шат.; швянч., воран., Сл. ПЗБ); паўчварта́ ’тры з палавінай’ (ТСБМ, Сцяшк., Нас., Шат.; гродз., Сл. ПЗБ), ’адна восьмая’ (Касп.); паўпята́ ’чатыры з паловай’ (Сцяшк.); паўшаста́ ’пяць з паловай’ (Сцяшк.; навагр., Сл. ПЗБ); паўсяма́ ’шэсць з паловай’ (лід., Сцяшк. Сл.); паўсядзьма́, поўсядзьма́ ’тс’ (ігн., Сл. ПЗБ). Такія лічэбнікі былі пашыраны і ў ст.-рус. мове: полчета, полчети, полчеть (XVI ст.) ’3½’, полчетверта ’тс’ (XV ст.), полчетвертадесять ’35’, полчетвертанадцата ’13½’ (XV ст.) і інш., а таксама і ў іншых слав. мовах: чэш. půl třetího, půl čtvrta, польск. półpięta, półpiąta, ’4½’, в.-луж. połtřeća ’2½’, połštwórta ’3½’, połpjata ’4½’, połšesta ’5½’, połdwanata ’11½’, połsta ’50’; н.-луж. połtera ’паўтара’, połtśeśa ’2½’, połštworta ’3½’, połpěta ’4½’, połsta ’50’. Ёсць аналагічныя ўтварэнні ў літ. (pusañtro ’паўтара’, pustrẽčio ’2½’, pusketvir̃to ’3½’, pusšẽšto ’5½’, pusseptiñto ’6½’ і лат. (pusótra ’паўтара’, pusótras ’паўтары’, pusʼtreša, pusʼtrešas ’2½’, pusʼčetri ’палавіна чацвёртай’, pusseši ’паўшостай’, pusʼseptiņi ’паўсёмай’. Сюды ж паўтарні́к ’(добры) сорт ільну’ (шум., Сл. ПЗБ), ’паўтарацалёвая дошка’ (там жа), паўтарак ’прадмет паўтарачнага памеру’ (ТСБМ), паўтарачка ’дошка ў 1,5 цалі’, ’бутэлька ў 1,5 л’ (ТСБМ, Шат., Мат. Гом.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адвярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак., каго-што.

1. Павярнуць у другі бок. Стары Казімір спыніўся перад сынам, які сядзеў ў канцы .. стала, і так доўга глядзеў на яго, што сын аж адвярнуў галаву да акна. Пестрак. Калі аднаго разу .. [Зося] ішла па вуліцы і дала «дзень добры» Грамабоісе.., дык тая толькі нос у другі бок адвярнула, плюнула і моцна скляла Зосю. Крапіва. // перан. Адцягнуць (увагу, думку і пад.). Цяпер іншыя справы адвярнулі ўвагу ад дому, ад сям’і, што, здавалася, іначай і не павінна быць. Пестрак.

2. Варочаючы, адсунуць. Адвярнулі [браты], камень, а там нара, ды такая глыбокая — дна не відаць. Якімовіч. Кузьма падбег к барознам і рукамі адвярнуў скібы раллі, каб паказаць старую мяжу. Нікановіч. // Паставіць на месца што‑н. перавернутае, абернутае. Мужчыны дружна падхапілі каляску і адвярнулі, але, адварочваючы, выкінулі панскае сядзенне. Колас.

3. Адагнаць, накіраваць у другі бок (жывёлу). [Міхалка:] — Пачакайце, дзядзечка, я збегаю карову адвярну ад грэчкі. Чорны.

4. Адагнуць край чаго‑н. Чудзін жахнуўся, умомант адвярнуў халявы і азірнуўся навокал. Карпюк. Васіль адвярнуў каўнер кажушка. Колас.

5. безас. Разм. Аб пачуцці непрыязні, агіды, да каго‑, чаго‑н. З таго часу і адвярнула.. [Яўхіма] ад пчол. Кулакоўскі.

•••

Нос адвярнуць — выказаць сваё незадавальненне чым‑н., паставіцца да чаго‑н. з пагардай, выявіць незадавальненне чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэ́ці, ‑яя, ‑яе.

1. Ліч. парадк. да тры. Трэці год. Трэці па парадку. Трэці дом з краю. Трэцяя дзея п’есы. □ Прайсціся трэці раз Сцёпка не адважыўся: лёгка магло стацца так, што хто-небудзь з суседзяў мог бы звярнуць на яго ўвагу. Колас.

2. Асабіста не зацікаўлены ў чым‑н., што датычыцца дзвюх другіх асоб; пабочны. Усю гэтую гутарку чула трэцяя асоба. Чарнышэвіч.

3. у знач. займ. Хто‑, што‑н. з ліку некалькіх асоб або прадметаў пры іх пералічэнні. [Несцяровіч:] — Мільён людзей, скажам, працуе. Адзін муруе, другі цэглу робіць, трэці дрэва чэша, чацвёрты зямлю арэ. Кожны робіць сваё, а разам — гэта адна справа. Чорны.

4. перан. Не галоўны па значэнню, трэцярадны. На трэціх ролях. // Які выконвае дапаможную партыю. Трэці голас. // Ніжэйшы, горшы па якасці за другі. Трэці сорт. Чай трэцяга сорту.

5. у знач. наз. трэ́цяе, ‑яга, н. Страва, якая падаецца пасля другой; салодкая страва. На другі дзень з харчаваннем справа наладзілася, з’явіліся нават і трэція. Дубоўка.

6. у знач. наз. трэ́цяя, ‑яй, ж. Трэцяя частка, трэць. Адна трэцяя.

7. у знач. пабочн. трэ́цяе. Па-трэцяе.

•••

Трэцяе пакаленне — унукі.

Трэцяе саслоўе гл. саслоўе.

Трэцяя асоба гл. асоба.

Да трэціх пеўняў — да світання.

З трэціх рук; праз трэція рукі гл. рука.

Чуць з трэціх вуснаў гл. чуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гурто́к, ‑тка, м.

1. Памянш. да гурт (у 1, 2 знач.). Зося стаяла ў гуртку дзяўчат ля Сёмкінай хаты. Гартны. Другі гурток другой жывёлы, Дзесятак кур, пявун вясёлы Каля платоў чарвей шукалі. Колас.

2. Група людзей, аб’яднаных агульнасцю поглядаў, інтарэсаў. Рэвалюцыйны гурток. Марксісцкі гурток.

3. Група людзей, з якой праводзяцца заняткі па набыццю якіх‑н. ведаў, навыкаў. Агратэхнічны гурток. Драматычны гурток. Харавы гурток.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гу́шкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Рытмічна калыхаць, гайдаць з аднаго боку ў другі або зверху ўніз. Ганна, якая пачапіла ўжо калыску на сук, гушкала малую. Мележ. [Ксаня] ўсё гушкала малое, аднастайна пеючы ціхую калыханку. Лынькоў.

2. Падкідаць каго‑н. на руках, выражаючы любоў, захапленне і пад. Дзеда Тодара ссадзілі са сцэны. Гушкалі, крычалі: «Брава!.. Давай, дзеду, барыню!..» Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падма́зка, ‑і, ДМ ‑зцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. падмазаць (у 1 знач.).

2. Тое, чым падмазваюць што‑н. Влінец быў халодны, ранішні, але Міця, мусіць, не да такіх прывык ў час валацужніцтва. Нават і падмазку з’еў, што трапілася з блінцом. Арочка. А то другі раз аладкі возьмецца [жонка] пячы... Скаварада нагрэлася, сіпіць на ўсю хату, а яна яе падмазкай мазь, мазь. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мата́цца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Рухацца з аднаго боку ў другі, знаходзячыся ў вісячым становішчы. У руках абедзвюх жанчын маталіся белыя хустачкі. Гартны.

2. Разм. Праводзіць час у раз’ездах, клапоцячыся аб чым‑н. [Муж] усё прападаў у камандзіроўках. Матаўся па ўсёй Мурманскай вобласці. Кудравец.

3. Зал. да матаць ​1 (у 1 знач.).

мата́цца 2, ‑аецца; незак.

Зал. да матаць ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нізі́на, ‑ы, ж.

1. Нізкае месца. Цяпер пайшла ўжо нізіна; пад нагамі чвякала і пырскала вада. Маўр. Я бачу, як адным сваім краем сяло ўдаецца ў жыты. Другі канец яго ападае ў нізіну. Скрыган.

2. Раўніна, якая знаходзіцца не вышэй 200 м над узроўнем мора. Дождж грымеў над неабсяжнымі прасторамі дрыгвяной калхідскай нізіны. Самуйлёнак. Палеская нізіна — рэзервуар вільгаці для ўсёй Беларусі. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ка́тэр, ‑а, м.

1. Невялікае самаходнае судна для транспартных, спартыўных, ваенных і прамысловых мэт. Катэр на падводных крылах. Тарпедны катэр. Дэсантны катэр. □ Прыняўшы на борт пасажыраў, катэр накіраваўся да парахода. «Звязда». Як толькі прайшоў крыгаход, на рацэ затарахцеў буксірны катэр і пацягнуў з аднаго на другі бераг вялізны паром. Грахоўскі.

2. Тып ваенна-марской парусна-грабной шлюпкі.

3. Старадаўняе паруснае аднамачтавае судна.

[Англ. cutter.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)