Раство́р ’аднародная вадкасць, атрыманая растварэннем якога-небудзь рэчыва’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк.), ’рэдкая гразь’ (Касп., Нас.), роство́р ’непраходная гразь’ (ТС). Вытворныя ад раствары́ць ’разбавіць, замяшаць, рашчыніць’ (Сл. ПЗБ), што да тварыць (гл.); параўн. заўвагу Жураўлёва (Язык и миф, 553) аб тым, што значэнне ’рэдкі, няцвёрды’ ўзнікае ў рус. раствор дзякуючы ўзаемадзеянню семантыкі кораня са значэннем прыстаўкі раз‑/рас‑, што дае агульнае значэнне ’ліквідаваць вынік дзеяння, названага матывуючым дзеясловам’, для якога пастулюецца ідэя ’згушчэння, зацвярдзення’, параўн. тварог (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скрып ‘хвошч палявы, Equisetum arvense’ (ваўк., Сл. ПЗБ, Скарбы, Кіс., Інстр. 2). Укр. дыял. скрип ‘тс’, рус. скрыпу́н ‘хвошч палявы’, польск. skrzyp, skrzyb ‘хвошч, Equisetum L.’, чэш. дыял. skřip ‘тс’, славац. дыял. škrip, в.-луж. šćipk ‘тс’. Да скрыпець, таму што расліна скрыпіць, калі яе мнуць або калі ёй чысцяць што-небудзь (Махэк₂, 550). Борысь (Etymologie, 665–666) разглядае паўночнаславянскае *skrip ‘Equisetum’ як супольную інавацыю часткі славянскіх дыялектаў, што ўзнікла ў перыяд распаду праславянскай моўнай супольнасці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тро́нак ‘дзяржанне ў розных прыладах (вілах, чапяле, рыдлёўцы, памяле, нажы і інш.)’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шат., Ласт., Касп., Сл. ПЗБ, ЛА, 2, 4, Сцяшк.), тро́нок ‘тс’ (Тарн., Арх. Вяр., ТС, Лекс. Бел. Палесся), тро́нак ‘ствол’ (Рэг. сл. Віц.), трон ‘цэп’ (Хромчанка, Паўн.-маст. гав.). З адаптаванага польск. trzonek ‘рукаятка, ручка’ < trzon ‘аснова, састаўная частка чаго-небудзь; рукаятка, ручка’, што адпавядае беларускаму чаранок (гл.). Сюды ж ст.-бел. троновый зуб ‘карэнны зуб’ (ГСБМ) з польск. ząb trzonowy ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трына́нцаць ‘трынаццаць’ (Некр. і Байк., Растарг.; валож., Стан.): трынанцаць завуць чортавым тузінам. Калі як‑небудзь з гасцей будзе трынанцаць, та з іх хтось хутко памрэ (Сержп. Прымхі). Паводле Карскага (2–3, 93–94), форма ўзнікла пад уплывам адзінанцаць, дзе н у выніку «ўзмоцненага вымаўлення» перайшло ў ‑на‑ з ‑нна. Станкевіч (Язык, 231) разглядае як вынік прыпадабнення — другое н на месцы д з’явілася пад уплывам н папярэдняга. Гл. таксама Цыхун, Зб. Супруну, 270–272. Параўн. трынаццаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

уладкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак.

Разм.

1. што. Прывесці ў належны парадак што‑н.; наладзіць як след. Старэйшыя дзяўчынкі сталоўку падмятаюць, хлопцы асцярожна ёлку ў кут перасоўваюць. Назаўтра, да снедання, трэба ўсё ўладкаваць. Нядзведскі. Раніцаю на завод .. [Міхал] пайшоў з жаданнем як мага хутчэй вярнуцца, каб уладкаваць яшчэ што-небудзь у кватэры. Карпаў. // Давесці да канца якую‑н. справу. — Яшчэ не снедалі? — спытала Таня. [Максім:] — Снеданне потым... Перш-наперш трэба з начальствам пагутарыць, усё ўладкаваць. Машара. Каб я расказаў усю праўду гэтаму даволі прыстойнаму і добрасумленнаму чыноўніку, ён, мабыць, справу ўладкаваў бы. Карпюк. // Узгадніць, прымірыць, урэгуляваць непаразуменні, канфлікты і пад. Думаў [Азарчук] памагчы ўладкаваць .. адносіны [Змітрака] з Інай, хацеў памірыцца з Змітраком, пасябраваць, а выйшла наадварот. Ваданосаў.

2. каго-што. Стварыць неабходныя ўмовы для жыцця, існавання. Не ставала часу, каб падумаць пра самога сябе, неяк уладкаваць асабістае жыццё. Шахавец. // Прыстроіць каго‑н. куды‑н., даць месца для жылля і пад. Пусціўшы ў ход свае здольнасці, я нават уладкаваў .. [Стасю] ў гасцініцу. Навуменка. [Таня і Вера:] «Калі надыдзе пара радзіць, мы зможам уладкаваць цябе ў радзільны дом». Машара.

3. каго. Дапамагчы паступіць на работу, вучобу. Прыехаў дзядзька-рачнік, забіў аполкамі дзверы і вокны хаты і забраў з сабой Максіма ў горад, уладкаваў на параход матросам... Каршукоў. Пасля Новага года ў той жа Рызе мяне ўладкавалі добрыя людзі на прыватныя вячэрнія курсы для дарослых. Мядзёлка.

4. каго-што. Зручна размясціць, палажыць, паставіць і пад. [Іліо] дапамог байцам хутка ўладкаваць Васіля Іванова на насілкі .. і даў знак хутчэй несці цяжкапараненага камандзіра. Кавалёў. Рыбак памог .. [Сотнікаву] перабрацца на лаўку, уладкаваў на ёй параненую нагу. Быкаў. — Перадайце яму, Максімку, што будуць у яго галубы, — хрыплым голасам папрасіў .. [дзядзька Барыс]. — Я галубятню сваю дзе-небудзь паблізу ўладкую... Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абяца́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак. і незак.

1. з інф. Даваць абяцанне што‑н. зрабіць. Крысціна ідзе на спатканне з незнаёмым мужчынам, які абяцаў знайсці ёй працу. Васілевіч. Сам не мае, а другому абяцае. Прыказка. // каго-чаго, каго-што і каму-што. Даваць абяцанне каму‑н. аддаць, перадаць што‑н. у яго распараджэнне. За галаву Ціхана мінскі губернатар абяцаў тады вялікія грошы. Бядуля. Нашы сцежкі сышліся зусім нечакана. Ды я ні разу яшчэ не падумаў, што лёс абяцаў мне не гэтую. Брыль.

2. што і без дап. Выклікаць якія‑н. спадзяванні, падаваць надзеі на што‑н. Глядзеў, ці хіліцца ўніз дым, — Дажджу нішто не абяцала. Колас. Я хапаўся за ўсякую думку, якая магла абяцаць які-небудзь ратунак. Якімовіч.

•••

Абяцаць залатыя горы — вельмі многа абяцаць, не клапоцячыся аб выкананні абяцанага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

захіну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. Засланіць, прыкрыць чым‑н. Пеця спачатку прысеў, пасля лёг у разору і Рукамі захінуў галаву. Сіняўскі. На нейкі Міг наперадзе мільгануў твар Яльцова, але яго тут жа захінулі нейчыя плечы. Савіцкі. // Пасунуўшы (фіранку і пад.), закрыць што‑н. Дзірынг загадаў захінуць фіранкі на вокнах. Новікаў.

2. Ахінуць чым‑н., закруціць у што‑н. Збанок ён захінуў кажушком. Хомчанка. [Ранены] не чуў.., як захінулі яго ў пасцілку, перанеслі ў хату і, перавязаўшы раны, паклалі на цёплую печ. Стаховіч. // Закінуць адзін край адзежыны на другі. Глушак захінуў полы кажуха, і зноў нагнаў на твар санлівасць. Мележ.

3. Схаваць куды‑н., за што‑н. Міроніха стала.. рознымі знакамі паказваць.. [Аўдулі], каб яна захінула куды-небудзь малако. Ермаловіч. [Ігар] паспрабаваў зазірнуць у сумку, але Андрэй захінуў яе за сябе. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карыкату́ра, ‑ы, ж.

1. Малюнак, на якім хто‑н. або што‑н. намаляваны ў скажоным выглядзе для высмейвання. Моладзь тоўпілася перад газетай, жартавала з трапных карыкатур на Івана Гомана, на Радніка, на Гольдзіна. Шамякін. Пад карыкатурай, на якой быў намаляваны дзябёлы хлопец і каля яго малы, худзенькі юнак, стаяў подпіс: «Адгукнуўся на заклік». Арабей. // Пра сатырычны наказ з’яў рэчаіснасці ў іншых відах мастацтва, а таксама аб творах такога характару. Залішняя схільнасць да пераўвелічэння нарадзіла тут гратэск, які часам даходзіць аж да карыкатуры. Кучар.

2. перан. Смешнае, недасканалае падабенства да каго‑, чаго‑н. Можна і трэба даваць партыі тактычныя ўказанні і на выпадак перамогі, і на выпадак паражэння паўстання, і на выпадак склікання сапраўды ўстаноўчага схода рэвалюцыйным шляхам, і на выпадак склікання царом якой-небудзь карыкатуры на народнае прадстаўніцтва. Ленін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нагада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго-што. Паказацца падобным на каго‑, што‑н. Косця ў гэты момант нагадаў Веры пакрыўджанае дзіцё, і ёй захацелася зрабіць яму што-небудзь прыемнае. Шыцік. Раптам, аднекуль зверху, данёсся жалобны пералівісты звон, які нагадваў звон маленькага ляснога вадаспада. Аляхновіч.

2. што, пра што, аб чым, з дадан. сказам і без дап. Напомніць каму‑н. пра што‑н., выклікаць успамін. Заспявалі пеўні, як гарністы, Нагадалі, што ўставаць пара. Скарынкін. У кішэньках астаткі махоркі Нагадалі мне восені пах. Хведаровіч. Помнік, што ўзняўся да зор, Парой нагадае былое... Кляўко.

3. што і без дап. Разм. Успомніць. У аповесці ёсць час — другая палова дваццатых гадоў, ёсць тапаграфія мясцовасці, ёсць добра выпісаны пейзаж. Варта нагадаць хоць бы ваколіцы Зялёнай Дубровы. Шкраба. Часамі, калі ў думках нагадаеш тую раннюю пару, уяўляюцца ласкавыя рукі маці. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

не́калі 1, безас. у знач. вык.

Няма калі, бракуе часу. Некалі сумаваць за работай. Барадулін. — Хутчэй, дачушка, а то мне некалі. Васілевіч. — Некалі мне цяпер ні сварыцца, ні мірыцца, — адказала [Волька] непрыязна, суха. — Працы хапае і дома, і ў калгасе... Ваданосаў.

•••

Некалі (няма калі) дыхнуць — надта заняты, перагружаны работай.

не́калі 2, прысл.

1. Калісьці, даўно; у далёкім мінулым. Кіраваўся Мікола да таго дома, дзе некалі сустракаўся з сакратаром абкома. Новікаў. Гэта быў стары, пашарпаны, некалі пафарбаваны ў бела-блакітны колер маршрутны маленькі аўтобус. Ракітны. Жылі некалі ў адным краі людзі ў згодзе ды ў ладзе. Якімовіч.

2. Калі-небудзь у будучым. Маці расказвае ўсё, што толькі ведае пра горад, у якім і сажа была ўсяго разы са тры; расказвае і ніколі не забудзе абнадзеіць: — Вось і ты некалі вырасцеш і паедзеш у горад. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)