Касы́нка, ’касынка, хустачка’ (ТСБМ, БРС, Сцяшк.). Слова, вядомае толькі ва ўсх.-слав. мовах. Акрамя бел. мовы, гэта лексема ёсць у рус. і ўкр. Параўн. рус. косы́нка ’хустачка трохвугольнай формы на галаву, па шыю’ (зафіксавана ўжо ў Ганчарова, Ляскова і іншых пісьменнікаў). Укр. коси́нка, якое прыводзіць Шанскі без указання крыніц, можа быць русізмам. Паводле Бернекера, I, 585, звязана з прыметнікам *kosъ ’косы’. Шанскі (2, К, 356) удакладняе, што касы́нка — гэта непасрэднае вытворнае ад іменніка рус. косыня ’касынка, хустачка’, якое яшчэ сустракаецца ў дыялектах і з’яўляецца дэрыватам ад прыметніка косой суфіксам ‑ын‑я. Гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 11, 179–180.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Касі́р ’касір’ (ТСБМ). Рус. касси́р, укр. каси́р. Бел. і ўкр. лексемы, здаецца, запазычаны з рус. мовы. У рус. мове гэта слова было запазычана з ням. у Пятроўскую эпоху. Гл. Фасмер, 2, 207; Шанскі, 2, К, 86. Зыходнай ням. формай было спачатку Kassierer, адкуль узята рус. касирер (у паперах Пятра I). Сучасная форма касси́р упершыню ў рус. мове фіксуецца ў Слоўніку Нордстэта 1780 г. (Шанскі, там жа). Усё ж такі не вельмі ясным, у высвятленні Шанскага, застаецца пытанне аб узаемадзеянні форм ням. і італ. паходжання. Паводле Шанскага атрымліваецца, што ням. Kassier (< італ. cassiere) не адлюстроўваецца ў старых рус. паперах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бузава́ць ’біць, лупцаваць’ (Бяльк.), буза́ніць ’біць’. Рус. бузова́ть ’тс’, укр. бузува́ти ’тс’; ’рабіць вымову’. Запазычанне з польск. buzować ’тс’ (параўн. і buza ’лаянка, вымова’). Рыхардт, Poln., 38; Кюнэ, Poln., 47; Шанскі, 1, Б, 216. Польскае слова ўзята з італ. far buzzo ’злавацца’ (Брукнер, 51). Вельмі няпэўная сувязь усёй групы слоў з бузіна́ і да т. п., як і сувязь (Мацэнаўэр, Cizí sl., 127) з літ. baũsti ’прымушаць, караць’ (Фасмер, 1, 233; яшчэ Шанскі, там жа). Надта няпэўным з’яўляецца вывядзенне ўсх.-слав. (укр.) слоў прама з італ. мовы (так Рудніцкі, 241). Аб бузава́ць ’пэцкаць і да т. п.’ гл. пад буза́2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́йка1 ’казка, басня, небыль’ (Нас., Шат., Касп., Бяльк.), ’гаворка, мова’ (Хрэст. дыял., 333). Рус. ба́йка, укр. ба́йка і г. д. (гл. Шанскі, 1, Б, 12–13). Слав. bajьka, вытворнае з суфіксам ‑ьka ад *bajati ’гаварыць; вядзьмарыць’. Махэк₁, 22; Слаўскі, 1, 25. Ужо ў ст.-бел. мове: ’казка, басня, выдумка’ (Нас. гіст.), ’выдумка’ (Бярында, 5).

Ба́йка2 ’саматканая спадніца’ (Бяльк.), спадніца, сатканая з ільну і сукна’ (ДАБМ, 934), ба́йка ’від тканіны’, рус., укр. ба́йка. Запазычанне з польск. baja, bajka ’тс’ (< гал., ням. baai, Boi < лац. badius светла-карычневы’). Гл. Фасмер, 1, 107; Шанскі, 1, Б, 12. Параўн. баёвік (баечка, баю́ўка).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гале́та ’галета’ (БРС). Рус. гале́та, укр. гале́та. У бел. і ўкр. мовах гэта, відавочна, запазычанне з рус. мовы. Першакрыніцай з’яўляецца франц. galette, якое трапіла ў рус. мову ў сярэдзіне XIX ст. Гл. Фасмер, 1, 386; Шанскі, 1, Г, 15.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Глаго́ліца ’глаголіца, назва адной са ст.-слав. азбук’. Рус. глаго́лица, укр. глаго́лиця. Утварэнне ад ст.-слав. глаголъ ’слова’. Гл. Фасмер, 1, 409; Шанскі, 1, Г, 85 (там і агляд праблематыкі). Як назва азбукі з’явілася прыблізна ў сярэдзіне XIX ст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дрызі́на ’дрызіна’ (БРС). Рус. дрези́на, укр. дрези́на. Бел. лексема, магчыма, запазычанне з рус. У рус. мове гэта слова запазычана ў сярэдзіне XIX ст. з ням. Draisine, Dräsine (ад імя вынаходніка дрызіны). Гл. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 188–189.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дынаміт ’дынаміт’ (БРС). Рус. динами́т, укр. дунамі́т. Назва, якую прыдумаў вынаходнік дынаміту Нобель на аснове грэч. δύναμις ’сіла’ і якая зрабілася міжнароднай. Параўн. ням. Dynamit, франц. dynamite. Гл. Фасмер, 1, 515 (дадатак Трубачова); Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 122.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бі́блія. Рус. би́блия, укр. бі́блія, би́блія. Старое запазычанне з лац. biblia ’тс’ < грэч. βιβλία (мн. ад βιβλίον ’кніга’, па назве. г. Біблос, адкуль грэкі імпартавалі папірус). Фасмер, 1, 164; Шанскі, 1, Б, 116. Ст.-бел. библия, библея (Булыка, Запазыч.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Валды́р ’пухір, гуз’ (Касп.). Фасмер (1, 338) лічыць слова няясным. Бел. валдыр, магчыма, з’яўляецца русізмам (рэгіянальным запазычаннем). Не выключана бел. валдыр < вадыр ’пухір, гуз, нарыў’; параўн. рус. волдырь ’вадзяны пухір’. Гл. яшчэ Праабражэнскі, 1, 91; Шанскі, 1, В, 147.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)