адцура́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., каго-чаго.
Адрачыся, пакінуць прызнаваць роднае, блізкае, сваё; парваць сувязь, адносіны з кім‑, чым‑н. [Мужчына:] — Хто ж табе прынясе.. [зямлю]? Думаеш, сам пан Ёдка адцураецца ды прыйдзе, ды пакланіцца табе, ды скажа: — Дарагія мае мужчынкі! Так мне абрыдла гэта зямля! Скрыган. Хто роднага краю цураецца, той і маткі сваёй адцураецца. Прыказка. // Кінуць, забыць што‑н. у страху, паніцы. [Тварыцкага] апанаваў такі жах, што ён кінуўся адгэтуль ходу, адцураўшыся і знойдзенага на дарозе недаломка дугі. Чорны. // Пакінуць верыць чаму‑н., перастаць прызнаваць за ісціну што‑н. А цётка Магда не стрывае І Дзівака свайго палае: — Чаго, кацьмак, там заваліўся? Пайшоў бы ў цэркву, памаліўся, Зусім ты бога адцураўся: Пятнаццаць год як спавядаўся! Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
курта́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. З кароткім хвастом (пра жывёл). Так і здавалася, што тут ад шуму нашай машыны падымуцца і закружаць імклівыя куртатыя качкі. Скрыган.
2. Недастатковага росту; малы, кароткі. У натоўпе, што імгненна радзеў, Міхась заўважыў куртатага няўклюднага чалавека і вельмі ўзрадаваўся. Асіпенка. Хвойнік на балоце расце на купінах. Ён там куртаты, нізкі і напалову сухі. Галавач. / Пра пальцы. Калі Дарошка прыкурвае, я заўважаю, што вялікі палец на яго правай руцэ нейкі куртаты. Шынклер.
3. Кароткі, цесны (пра адзенне). Куртаты пінжак.
4. перан. Іран. Абмежаваны, няпоўны. Руху ўперад няма і ў жартах А. Паўловіча: куды ні зірні — усё той жа куртаты змест, гумар [якога] зусім знікае ў надзвычайна расцягнутых вершах. Багдановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мяня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Рабіць узаемны абмен; абменьвацца. Мяняцца кнігамі. Мяняцца месцамі. □ — Гэй, — кажа пан вазаку, — давай мяняцца: бяры маіх чацвёра коней, а мне аддай свайго. Якімовіч.
2. Замяшчаць адзін аднаго; зменьвацца. Два разы за ноч Васіль з Андрэем мяняліся на дзяжурстве. Скрыпка.
3. Рабіцца іншым; зменьвацца. Кажуць, чалавек можа мяняцца абліччам, характарам, але голас у яго ніколі не мяняецца. Скрыган. Надвор’е сапраўды мянялася. Спачатку ў паветры, быццам шэрыя матылі, закружыліся асобныя сняжынкі. Мокры снег гусцеў і гусцеў, і нарэшце.. халепа запаланіла ўсё навокал. Шчарбатаў. У залежнасці ад характару падзей мяняўся і тон дзедавага апавядання. Колас.
4. Зал. да мяняць.
•••
Мяняцца з твару — набываць іншы выгляд (пад уплывам перажыванняў, пачуццяў і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мясці́цца, мяшчуся, месцішся, месціцца; незак.
1. Змяшчацца, знаходзіцца, размяшчацца. Там жа, дзе пачынаўся за вясковымі платамі выган, мясціўся і будынак школы. Галавач. Пакой, у якім мясціўся сельгасаддзел, быў не так вялікі. Сабаленка. // Мець прыстанішча, жыць. У хутарскіх хатах, разам з гаспадарамі, і мясціліся палонныя з лесапільні. Чорны.
2. Займаць зручнае месца; уладкоўвацца. Хутка сястра пайшла, а хворы, крэкчучы і стогнучы, пачаў мясціцца пад коўдрай. Быкаў. Я чую, як варочаецца на паліцы жанчына, пэўне, месціцца, каб зручней было гутарыць. Галавач.
3. Умяшчацца, змяшчацца. Народ не месціцца ў хаце. Скрыган. Цеснавата калгаснаму дабру .. мясціцца ў старых будынінах. Палтаран. / Аб думках, пачуццях, перажываннях. У галаве .. [Лемеша] не месціцца, як гэта можна пайсці супраць начальства? Колас. Радасць гэткая ў сэрцы не месціцца. Бураўкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бе́глы, ‑ая, ‑ае.
1. Гіст. Які, ратуючыся, тайна, самавольна збег з месца жыхарства. Беглы селянін. / у знач. наз. бе́глы, ‑ага, м.; бе́глая, ‑ай, ж. Не вельмі ўважлівы, павярхоўны. Загорскі падаў жанчыне табурэтку, яна падзякавала, села, агледзела пакой беглым позіркам. Мележ.
2. Дастаткова свабодны, які праходзіць без усякіх цяжкасцей. Беглае чытанне.
3. Які адзначае толькі асобныя рысы, асаблівасці чаго‑н.; зроблены на скорую руку. Беглы агляд. □ Пасля кароткага, але вельмі насычанага змястоўнага гістарычнага экскурсу аўтар перайшоў да мастацкай сучаснасці Савецкай Беларусі, кінуў некалькі беглых, але трапных заўваг адносна яе стану. Ліс.
4. Непастаянны, часовы. Яшчэ два гады [Сцяпан] прашлындаў, наймаючыся то ў сельпо, то ў прамкамбінат на якую беглую работу. Скрыган.
•••
Беглая галосная гл. галосны.
Беглы агонь гл. агонь.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бязла́дны, ‑ая, ‑ае.
1. У якім няма ніякага парадку, ладу; хаатычны. Да моста рынуўся бязладны натоўп пехацінцаў, іх да парэнчаў прыціскалі коннікі. Грахоўскі. Збіраў [Блешчык] думкі, якія разляталіся бязладныя роем. Лынькоў.
2. У якім няма пэўнай сістэмы, паслядоўнасці, рытму. Наколькі можна было зразумець яе [дырэктрысы] бязладны ад хвалявання расказ, Томі быў адвезены дахаты яшчэ раніцай нейкай жанчынай. Лынькоў. Паволі прыходзілі ў .. парадак дагэтуль неасэнсаваныя, бязладныя думкі. Пестрак. Няйначай, як у іх тут была вялікая бязладная гамонка Ці нейкі невядомы рытуал, кожны рабіў што хацеў. Скрыган.
3. Пазбаўлены пэўнай арганізаванасці, планамернасці. У зале пасяджэнняў Камітэта, які займаўся справамі каланіяльных краін, падапечных і залежных тэрыторый, панавала тая бязладная атмасфера, калі кожны быў заняты сваімі справамі. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
задушы́ць, ‑душу, ‑душыш, ‑душыць; зак., каго-што.
1. Пазбавіць жыцця, гвалтоўна спыніўшы дыханне. Пагранічнікі.. накінуліся на дазорнага [немца]. Яны хацелі задушыць яго моўчкі, каб ён не ўзняў трывогу. М. Ткачоў. Пан і да аднаго доктара і да другога — ніхто не можа скулы вылечыць. А яна вось-вось задушыць яго. Якімовіч. // Не даць магчымасці дыхаць; атруціць (пра дым, пыл і пад.). — Хадзем, курцы, надвор, — сказаў Андрэй. — Тут пыл задушыць. Чарнышэвіч. // Разм. Загрызці, разарваць (пра драпежнікаў). Надоечы перад самым досвіткам жарабя задушылі [ваўкі]. Скрыган.
2. перан. Падавіць, не даць развіцца на поўную сілу. Задушыць паўстанне. □ Як ні імкнуліся царскія сатрапы задушыць баявое, рэвалюцыйнае купалаўскае слова, ім гэта не ўдавалася. Івашын. Максім адчуваў, як закіпае ў глыбіні грудзей злосць, і намагаўся задушыць яе. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. распіраць — расперці.
2. Р мн. ‑рак. Брус, які выкарыстоўваецца ў розных канструкцыях і збудаваннях для фіксацыі іх у пэўным становішчы. // Тое, чым распіраюць што‑н. і прадухіляюць збліжэнне паміж чым‑н. Праўда, майстры і тут ведалі, што рабіць. У ход ішлі распоркі, клін, кувалда, і дошкі станавіліся на сваё месца. Сапрыка.
3. Разрэз, распорак. На мне быў кароткі кажушок з аблямаванай распоркаю ззаду. Скрыган. Пярэдняя полка з засцежкай (распоркай), якую прыкрываў фартушок, амаль заўсёды рознілася ад іншых арнаментам. «Помнікі». // Разрэзанае, разарванае па шву месца. Шапка была б.. ніштаватая, каб яшчэ да яе казырок і каб не распоркі скрозь па швах. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ро́зны, ‑ая, ‑ае.
1. Неаднолькавы, непадобны. [Тацяна:] — Вы такія розныя, ані не падобныя адна на адну. Васілёнак.
2. Другі, іншы, не той самы. Трэба будзе ехаць рознымі дарогамі, каб, барані божа, ніхто не заўважыў. Скрыган.
3. Разнастайны. Сялянскія фурманкі партызанскіх абозаў развозілі па ўсіх кутках пушчы розныя віды зброі. Брыль. Пакуль Марыся ўпраўлялася на кухні, Іваноў гасцінна ўсаджваў Пятра і Міколу, гаварыў пра розныя дробязі. Новікаў. / у знач. наз. ро́знае, ‑ага, н. Лезе ў галаву рознае: вайна, незасеяны агарод, які не прыдумаць чым сеяць, і Глёкава Каця стаіць у вачах. Сяркоў.
•••
Апынуцца (быць) на розных берагах гл. апынуцца.
Гаварыць на розных мовах гл. гаварыць.
На розныя лады гл. лад 1.
Розных масцей гл. масць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
натра́піцца, ‑плюся, ‑пішся, ‑піцца; зак.
Разм.
1. Выпадкова сустрэцца, трапіцца. Мабыць, я доўга блукаў бы па гэтых дарогах і сцежках, як у дрымучым лесе, калі б чалавек, якога я хацеў перш-наперш убачыць, не натрапіўся мне сам. Хадкевіч. Пачыналася квартальная справаздача, старшы наш бухгалтар Наўроцкі збіраўся пасля яе пайсці на пенсію, трэба было даць яму некага ў памочнікі. Якраз на гэты час натрапіўся Собіч. Скрыган. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выпадкова знайсціся. [Любе] натрапілася ў рукі адна рэч. Гэта быў зусім змяты і пацёрты заклеены канверт. Чорны.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выдацца, выпасці; надарыцца. Прымаючы ў сваю групу чалавека, Алёша пытаў у яго: — Гарэлку п’еш?.. — Калі натрапіцца, — адказваў часам.. хлопец. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)