дары́ць 1, дару, дорыш, дорыць; незак.

1. што. Даваць у якасці падарунка, аддаваць бязвыплатна. Дарыць кветкі. □ Падарункі, вядома, могуць быць розныя. Гэта ўжо ў залежнасці ад матэрыяльных магчымасцей таго, хто дорыць. Лынькоў. Дзяўчаты з усмешкай Дарылі [салдатам] букеты. Танк.

2. каго. Даваць каму‑н. падарунак, падарункі; абдорваць. Дарыць маладых. // чым. Даваць каму‑н. міласціну. [Марыля:] Чым больш на жабраку торбаў, тым лепш такога дораць. Купала.

дары́ць 2, ‑рыю, ‑рыеш, ‑рые; зак., што.

Скончыць рыць; вырыць да канца ці да якога‑н. месца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дасту́пны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, да якога можна прайсці, падысці. Глухое, даступнае толькі заядлыя рыбакам,.. [возера] сягоння стала зборышчам людзей. Арочка. // Адкрыты для зроку. Даступны для назірання.

2. Магчымы, пасільны для ўсіх, многіх. Даступныя цэны.

3. Лёгкі для разумення, даходлівы. Перадаць думку ў даступнай форме. □ Купала па-майстэрску перадае старажытны тэкст у форме, лёгка даступнай нашаму мастацкаму ўспрыманню. Палітыка.

4. Які лёгка выклікае прыхільнасць да сябе; просты, абыходлівы. Невысокі, кучаравы, у панто[ф]лях і чорнай рабочай кашулі, .. [К. Чорны] быў увесь нейкі хатні, даступны. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ба́цькаўскі, ‑ая, ‑ае, н.

1. Які належыць бацьку. Ты зжылося з намі, бацькаўскае слоўца, Як бы корань з дрэвам, як бы з небам сонца. Купала. // Уласцівы бацьку. Паглядзіць на свайго сына Сцяпан, і напоўняцца яго вочы вялікай бацькаўскай радасцю. Кулакоўскі. // Набыты, спраўлены бацькам. [Ганцы] было вельмі прыемна выводзіць з аглабель за повад уласнага бацькаўскага каня. Чорны.

2. Звязаны з бацькаўшчынай, радзімай. Клічуць дарогі ў бясконцыя далі... Самы ты вольны, край бацькаўскі наш! Кірэенка. На ім [гербе] — каронай залатой — Спляліся спелыя калоссі Бязмежных бацькаўскіх раўнін. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́тчын, ‑а.

1. Які належыць матцы (у 1 знач.). Матчына хата. Матчын голас. □ Аленка і Юрка садзяцца на зямлі каля матчынага ложка. Купала. // Які мае адносіны да маткі (у 1, 2 знач.), уласцівы ёй. Матчына ўцеха. Матчына ласка. □ Паўгода я быў матчынай нядоляй: кашляў, кашляў і кашляў. Бядуля. Наталля з матчыным пачуцц[ё]м глядзела на Клаву. Чорны. // Такі, як у маткі (у 1, 2 знач.). Вочы ў Святланы карыя і хітраватыя, матчыны, а валасы светлыя, бацькавы. Мехаў.

2. Родны; народны. Матчына мова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павуча́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які можа навучыць чаму‑н., можа быць выкарыстаны як прыклад. Павучальны ўрок гісторыі. Павучальныя вынікі. □ Шмат яшчэ цікавага і павучальнага расказаў .. [стары] у гэты вечар. Ляўданскі. Жыццё Леніна — павучальны прыклад для моладзі. «Полымя».

2. Які ўтрымлівае ў сабе павучанне, мае характар павучання. Павучальная гутарка. □ Я. Купала пісаў і павучальныя байкі, у якіх высмейваў паасобныя недахопы, уласцівыя людзям. Казека. // Які бывае звычайна пры павучанні. Спакойны павучальны лад гаворкі Шкробата распякаў Насціну ганарыстасць. Мележ. Іван усміхаўся, адчуўшы павучальны тон сваіх слоў. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., каго-што.

1. Знішчыць, разбурыць узрывам. Падарваць танк. Падарваць мост. □ Каб не здавацца ў рукі ворагу, «Вараг» падарвалі і падтрымалі славу рускага флоту. Колас.

2. перан. Нанесці шкоду, аслабіць, разладзіць. Падарваць аўтарытэт. □ Гераічная барацьба лепшых сыноў рабочага класа падарвала ўстоі самаўладства, устоі векавечнай цемры, няволі. Купала. // Разм. Сапсаваць сваё або чыё‑н. здароўе. [Асмалоўскі:] — Хоць бы пасаромеўся, што нябожчыцу-жонку падарваў на рабоце. Сіўцоў.

•••

Падарваць жывот (жываты) — тое, што і надарваць жывот (жываты) (гл. надарваць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падслу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Употай прыслухоўваючыся, пачуць што‑н. (сказанае другім, для другіх). [Буднік:] — Дужа часта соваў.. [Мікіта] не ў сваю справу нос, любіў падслухаць, дзе хто што гаворыць, паглядаў, хто куды пайшоў. Галавач. / у вобразным ужыванні. Цёмныя ночы тояць нейкі ўрачысты спакой, і неба ніжай нахіляецца да зямлі, каб падслухаць яе адвечную скаргу. Колас. // перан. Улавіць, зразумець чые‑н. пачуцці, думкі і пад. Фурсу здалося, што Вронісь падслухаў яго думкі. Баранавых. Родзяцца ў сэрцы дзіўныя думы, Хочацца пушчу падслухаць. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

про́дак, ‑дка, м.

1. Асоба, якая з’яўляецца папярэднікам у сям’і, родзе, племені па бацькоўскай або мацярынскай лініі. Сярод продкаў Максіма Багдановіча было нямала таленавітых людзей. Майхровіч. Ці то жартам, ці то ўсур’ёз Дзед Хрушч расказаў, што яго продкам быў нейкі невядомы драгун. Колас. // Родапачынальнік якога‑н. віду або роду жывёл і раслін.

2. толькі мн. (про́дкі, ‑аў). Людзі, якія жылі задоўга да цяперашняга часу. Пакінем спадчыну мы для патомкаў Інакшую ад той, Што ўзялі мы ад продкаў на абломках Гісторыі сваёй. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разбіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да разабраць.

2. што і чаго. Разм. Выбіраць, адбіраць, уважліва разглядаючы, углядаючыся. Не разбіраючы сцежкі,.. пабеглі.. [людзі] цераз балота да лесу. Чорны.

3. Разм. Тое, што і разбірацца (у 3 знач.). [Сцяпан:] — Маўчы, баба!.. Ты, каханенькая, родненькая, нічога не разбіраеш. Валасы доўгія, а розум кароткі. Купала. — Дурніца яшчэ [Зоська]: не разбірае нічога... Павер, — няйначай к табе вернецца, — пачакай адно... Гартны. — Эх вы, смаркачы. Нічога вы не разбіраеце. Вам толькі табліцу грызці: два ў два — чатыры. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разбо́р, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. разбіраць — разабраць (у 1–7 знач.).

2. (звычайна з прыназоўнікамі «з» і «без»). Разм. Выбар, адбор. Лес тут быў калгасны, высякалі яго многа і без разбору. Б. Стральцоў. Я разумею: крытыкаваць .. трэба, без гэтага нельга, але крытыкуй з разборам. Хадкевіч.

3. Разгляд судовай справы. Судовы разбор. □ [Сымон:] Адбудую хату нанава, гаспадарку нанава завяду.. Вось толькі .. разбору дзела дачакацца! Купала.

•••

На (пад) шапачны разбор; на разбор шапак — пад канец справы, пад канец (прыйсці, паспець, з’явіцца і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)