ссу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Зрушыць, скрануць што‑н. Людзі ўсталі, Сталы з месца ссунулі. Калачынскі. // Скрануць з прызначанага месца. Ссунуць акуляры на лоб.

2. Сунучы, скінуць што‑н.; перамясціць. Ссунуць снег са страхі. □ Скончыўшы наразаць,.. [Кашын] акуратна нажом ссунуў селядца на вузкую даўгаватую талерку, паглядзеў так-гэтак, паправіў. Карпаў. // Сунучы, спусціць на ваду. Я ссунуў байдарку з пясчанай водмелі і паплыў па забалочанай рачулцы туды, дзе яна зліваецца з Пінай. В. Вольскі. // Зняць што‑н. Пры калёсах корпаецца дзядзька Ігнат. Ссунуў кола і шчодра і клапатліва, нібы масла на хлеб, намазвае на вось каланіцу. Хадановіч.

3. Сунучы, зграбаючы, сабраць у адно месца. Хлопцы і дзяўчаты яшчэ цясней ссунулі вакол Міколы скрыні, на якіх сядзелі. Новікаў. // Адсунуць што‑н. Тым часам жанчына ссунула з краю стала абрус, паклала некалькі лустак хлеба, драўляную лыжку, пачала даставаць з печы чыгун. Бураўкін.

4. Перамясціць (пра галаўны ўбор). Дзед Талаш ссунуў з ілба шапку, нібы яна замінала яму думаць. Колас. Аксіння Хвядосаўна энергічна ссунула з галавы хустку. Шамякін. На хвілінку спыніўся [Валюжынец], глянуў, .. ссунуў на патыліцу шапку, махнуў рукой і павярнуў у праўленне. Б. Стральцоў. // Зняць з сябе што‑н. зусім або не поўнасцю (пра адзенне, абутак). Ссунуць з ног боты. □ Было пакутна і балюча, і ўсё ж ён [Сотнікаў], расшпіліўшы, ссунуў да каленяў таксама скрываўленыя штаны. Быкаў.

5. Рухаючы, наблізіць адзін да другога. Тады Баран унёс «рацыяналізатарскую прапанову»: усім сесці на канапе, а замест стала ссунуць дзве табурэткі. Дамашэвіч. // Насупіць, нахмурыць (пра бровы). Колька падставіў пад буйныя кроплі свой кірпаты вяснушкаваты тварык, ссунуў бровы. Грахоўскі. Ссунуў чорныя бровы, Суровыя бліснулі вочы: — Я на вецер, — адрэзаў ён, — словы Кідаць не ахвочы. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страпяну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Мімаволі ўздрыгнуць, страсянуцца (ад страху, узрушэння і пад.); выйсці са стану нерухомасці, знямення. Нешта было шаснула, калі я нагнуўся ды глядзеў у чорную яму. Я страпянуўся, узняў галаву, .. — Юзіка не было відаць. Баранавых. Толькі тады страпянуўся, як рука лягла мне на плячо і я пачуў басавіты, немалады ўжо голас. Сабаленка. — Горш няма, як ляжаць у засадзе ў такі холад... — ціха сказаў Алег камандзіру ўзвода і страпянуўся: з дарогі далятаў гул машын. «Маладосць». Раптам [дзед Агей] сам страпянуўся ўвесь: — Сынку, лаві! Вуду лаві! Вунь на бервяне паплыла. Крапіва. // Схамянуцца, успомніўшы што‑н. важнае, істотнае. — Слухайце, — страпянуўся Міша. — дагаварыліся мы, і я ледзь не забыўся. Вы [лейтэнант] вось сказалі, што вы гэта не вы, а мой старэйшы брат Іван. Яно б добра было, толькі ж уся вёска ведае, што адзін у мяне брат — Юрка. І не старэйшы, а малодшы. Курто. // Зварухнуцца, уздрыгнуць. Пальцы натыкаюцца на мяккую поўсць .. Націскаю — не страпянуўся, значыць, мёртвы. Жычка. Уздрыгнулі шырокія бровы, Страпянуліся вейкі — крозы. Зазвінелі буйныя слёзы. Глебка. / у перан. ужыв. Страпянуўся лес. Пытае: — У каго бяда якая? Калачынскі. // Забіцца мацней, часцей (пра сэрца). З дзвярэй дыхнула цёплым малаком і салёнымі агуркамі .. Сэрца страпянулася і балюча сціснулася. Дома! Асіпенка. І як страпянулася яго сэрца, калі ў першых радах .. [Джыавані] заўважыў сваю маці. Лынькоў.

2. Разм. Хуткім рухам цела страсянуцца, абтрэсціся. Калі я [Варташэвіч] наблізіўся, кот раптам страпянуўся і так хутка скочыў у кусты, нібы ў паветры хто правёў белую рысачку. Карпюк. Хлапчук ледзь не наступіў на .. [птушку] нагою. Жаваранак страпянуўся і ўзняўся ўгору. Пальчэўскі. Акуньчык спрытна страпянуўся. Колас.

3. перан. Пачаць актыўна дзейнічаць, праявіць сябе. Паны яшчэ страпянуцца. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

струме́нь, ‑я, м.

1. Вузкі паток вады або якой‑н. вадкасці. А снег над белым полем заіскрыцца, у студзені ўдараць халады — булькоча нестрыманая крыніца струменямі празрыстае вады. Грахоўскі. Насупраць Бунтароўкі .. [рэчка Альхавянка] разбівалася на некалькі струменяў, гублялася ў балотнай твані вузенькімі рукавамі. Дуброўскі. // Рух вады ў рэках і пад.; цячэнне. Трымаецца .. [вусач], як правіла, далёка ад берагоў, на галоўным струмені. Матрунёнак. // Вузкі паток вады, якой‑н. вадкасці, які сцякае, цячэ ўніз; цурок. Дождж не спыняўся. Ён, здаецца, яшчэ болей узмацніўся, ліў суцэльнымі струменямі. Навуменка. Пад каштан падлога фарбавана, Сцены, столь — бялейшыя за снег; Ледзь рукою дакрануўся крана — З-пад яго струмень вады пабег. Непачаловіч. // перан.; чаго або які. Нешырокая паласа святла, дыму, агню, паху і пад. Улетку бываюць такія дзіўныя вечары, калі нагрэтае за дзень паветра не вее, а цячэ гарачымі струменямі. Чарнышэвіч. Непадалёку, пускаючы струмені пары, стаяў паравоз. «Звязда». Праз кожны міг бесперастанку Струмень агню рос удвая. Смагаровіч. Прыпаўшы да зямлі,.. [Арцём] ужо дзьмуў пад кучу вільготнага лісця, над якім цягучым струменем валіў бела-жоўты дым, як на шляху, за валам, пачуўся матацыкл. Ракітны. // Пра паток сыпкіх рэчываў. Струмень пяску. □ Камбайн рушыў. Пад нажамі яго зазвінела салома, у бункер пасыпаўся густы струмень важкага зерня. Дуброўскі. Цэлыя струмені перасечанай саломы сыпаліся на ток. Колас.

2. перан. Вялікая колькасць людзей, што ідзе, рухаецца ў адным напрамку. Раптам струмень пешаходаў зацішыў хаду, затоўкся на месцы, нарэшце збіўся ў натоўп. Гартны. У гэтым жывым чалавечым струмені давялося і рушыць наперад. Чорны.

3. перан.; чаго або які. Напрамак, рыса ў чым‑н. Струмень вынаходніцтва. □ Адметнаю рысаю мастацкай манеры К. Крапівы з’яўляецца наяўнасць у яго творчасці гумарыстычна-сатырычнага струменя. «ЛіМ».

•••

Бабровы струмень — сакрэт мускусных залоз рачнога бабра.

Кабарговы струмень — мускус.

Унесці свежы струмень у што гл. унесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стук 1, ‑у, м.

1. Кароткі адрывісты гук ад удару або падзення цвёрдых прадметаў. А сёння падвечар пад самымі вокнамі свайго дома .. [Макар] пачуў ажыўлены гоман, вясёлы смех і стук абуха аб сухое дрэва. Дуброўскі. Прыгадвалася [Сяргею] рознае, і часцей за ўсё дробязь: вясковы вечар, вогнішчы на вуліцы — вараць бульбу; стук праніка на сажалцы ранняй вясной. М. Стральцоў. / Пра гукі, якія ўтвараюцца машынай, рознымі механізмамі. Стук цягніка аддаляўся, заціхаў, пакідаючы тут цішыню і пустэчу невялічкай станцыі. Арабей. З сярэдзіны будынка прабіваўся рытмічны стук лінатыпаў і прыглушаны гул ратацый. Хадкевіч. / Пра гук выстралу (выстралаў). Замоўк той кулямёты стук, Вось-вось яшчэ паўторыцца, баюся. Я пад нагамі згледзеў сук І першы раз цябе спалохаў, бусел. Маляўка. // Шум, які ўтвараецца рытмічнымі скарачэннямі сэрца. [Андрэй] пачуў стук сэрца і адчуў цеплыню ў грудзях. Шамякін.

2. Удар (у дзверы, акно і пад.), які апавяшчае аб прыходзе або просьбе дазволіць зайсці. Не бачыла [настаўніца], як аднаго разу ў клас зайшоў кіраўнік школы, нізенькі, даўганосы. Зайшоў без стуку, не зачыніўшы за сабою дзверы. Адамчык. Да матулі заехаў — пабыць у гасцях. І калі яна выйшла на стук нецярплівы, — Колькі радасці стрэціў у родных вачах! Колькі ўцехі!.. І быў я бясконца шчаслівы. Гілевіч. Лёгкі стук у шыбу сігналізаваў Лапку, што ён апазнаны. Колас.

•••

Ні стуку ні груку — ціха, без шуму.

стук 2, выкл.

1. Выкарыстоўваецца гукапераймальна для абазначэння адрывістых гукаў. Раптам нехта ў дзверы — стук, стук! Якімовіч. І ён [Дрозд] забракаваў Вавёрчыну работу, Матывы падабраў і не пусціў у друк. Бяжыць Вавёрка ў рэдакцыю. «Стук, стук!» Да Дзятла. Корбан.

2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. стукаць — стукнуць. [Уладзік:] — Выцягнуў — куніца! Я яе мордачкаю аб хвою — стук! стук! ды на дол. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сушы́ць, сушу, сушыш, сушыць; незак., каго-што.

1. Рабіць сухім (што‑н. сырое, вільготнае, мокрае), трымаючы на паветры або ў цёплым месцы. Сушыць бялізну. □ Палажы сушыць валёнкі — Сам адпачывай. Астрэйка. Волька сядзела на печы — сушыла галаву пасля жыцця. Васілевіч. // і без дап. Рабіць празмерна сухім, пазбаўляючы неабходнай вільгаці. Сонца паліла няшчадпа, сушыла апошнія жнівеньскія травы. Шамякін. [Ліда] сама і не чула б, здаецца, таго, што ад рання сушыла смага. Брыль. / у безас. ужыв. А ў той год вельмі сушыла. Зямля, як жывая, енчыла, прасіла піць. Хомчанка. Ад смагі баляць патрэсканыя губы. Сушыць у роце. Сяргейчык. // Рабіць асушэнне, адводзячы ваду. А старыя і чуць не хацелі: — Не, не можна балота сушыць!.. Багун. // Выдаляць (ваду, вільгаць); асушаць. А як паднялося вышэй .. [сонца] і пачало сушыць расу на траве, тады павуціна доўгімі бліскучымі ніткамі пачала паўзці ў паветры. Нікановіч.

2. Нарыхтоўваць у запас, выдаляючы вільгаць з раслін, пладоў і пад.; высушваць, засушваць. Сушыць грыбы. □ Збіраў .. [Лявон] таксама розныя расліны і ягады, сушыў іх, потым даваў людзям ад розных хвароб. Кулакоўскі. Мяса .. [марскія людзі] не прывыклі запасіць надоўга, напрыклад, сушыць. Маўр.

3. перан. Разм. Падрываць здароўе, даводзячы да худзізны, знясілення. Гарачка сушыла сілы, як спякотлівы летні дзень высушвае расу. Асіпенка. Абхадзіў я за плугам палетак, Хоць яшчэ быў зусім малалетак. Працаваў аж да сёмага поту, Заядала, сушыла работа. Хведаровіч. // Мучыць, мардаваць. Твар [дзяўчынкі] быў учарнелы і завостраны. Вялікі неспакой сушыў яго. Чорны.

4. перан. Рабіць сухім, чэрствым, нячулым. У глыбокім маўчанні з прыроднаю сілай Зліваюцца душы, Збліжае нас час да [вячэрняга] схілу — А сэрцаў не сушыць! Буйло.

•••

Сушыць вёслы — трымаць вёслы над вадой, кінуўшы веславаць.

Сушыць галаву (мазгі) — клопатам, думкамі займаючы галаву, падрываць сабе здароўе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; ‑ляцім, ‑леціце; зак.

1. Падняцца ў паветра, узняцца ўверх. Узляцелі самалёты. □ На Кладках загаманілі, і адтуль узляцела ўгару зялёная бліскучая ракета — пусцілі ваенныя. Пташнікаў. У кронах мільгнула вавёрка, З-пад ног узляцеў цецярук. Калачынскі. Матылёк устрапянуўся, спрабуючы ўзляцець. Аляхновіч. / у перан. ужыв. [Адзінцоў:] Ты [Калатухін] так высока ўзляцеў, што я палічыў за лепшае не напамінаць... пра беднага знаёмага! Мележ. / Пра дым, цару і пад. Угору ўзляцела воблака пылу. Шамякін. Падкіньце ў касцёр абярэмак галін, Каб іскры ўзляцелі вышэй вершалін. А. Вольскі. / Пра падкінутыя ўверх, раскалыханыя прадметы. Арэлі ўзляцелі высока. □ Узляцелі ў вышыню пілоткі, Грымнула «ура!» — канец вайне... Смагаровіч. / перан. Пра высокі голас, гучную песню. Вясёлы зухаваты голас узляцеў і апаў. Савіцкі.

2. Перамясціцца па паветры на верх, паверхню чаго‑н. больш высокага. Узляцелі вераб’і на страху. □ Узляціць на галінку адзін шчыгол, абтрасецца, нібы толькі што з вады, заспявае, а за ім другі. Федасеенка.

3. перан. Узарвацца, разляцецца на часткі ад узрыву. [Калядка:] — Бачыце, колькі тут бочак. Адна запалка — і ўсё гэта ўзляціць полымем у неба. Гэта ж не горш пораху — смала. Чарнышэвіч.

4. Разм. Вельмі хутка ўзбегчы, уз’ехаць на верх чаго‑н. Узляцець па лесвіцы на трэці паверх. □ Узляцеўшы на гару, убачыў [Васіль] перад сабой знаёмую дарогу з пабурэлым курганам. Мележ. // Хутка ўзняцца, падняцца. Тонкія пальцы Голуба нервова сціснулі смык — ён узляцеў у паветры і лёгка крануўся струн. Васілевіч. Рукі бандытаў вокамгненна ўзляцелі ўгору. Чарнышэвіч. Цёмныя Ядзіны вейкі здзіўлена ўзляцелі ўгару, яна паглядзела на Васіля вачыма, поўнымі нямой удзячнасці. Шашкоў. // перан. Узняцца ўверх. Яшчэ ляжыць пясок, і жвір, і друз, А сцены гмаху ў вышыню ўзляцелі. Звонак.

•••

Узляцець у паветра — тое, што і узляцець (у 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упі́цца 1, уп’юся, уп’ешся, уп’ецца; уп’ёмся, уп’яцеся; зак.

1. Прысмактацца да чаго‑н. Упілася п’яўка ў цела. Упіўся камар у шыю. // Прыпасці губамі. А яна куды там — абхапіла мяне аберуч за шыю, упілася ў вусны. Быкаў. // перан. Глыбока ўрэзацца ў што‑н. Гаспадыня звязала [Дзячкову] рукі. Вяроўка балюча ўпілася ў цела. Асіпенка. // перан. Моцна ўхапіцца, учапіцца за што‑н. Тонкія пальчыкі дзяўчыны ўпіліся ў колцы кантролераў. Арабей.

2. Уваткнуцца вастрыём, глыбока ўвайсці, улезці ў што‑н. Першы мядзведжы ўзмах — і сякера ўпілася ў карычнева-сівы камель. Брыль. Блізка праракатаў аўтамат... Кулі ўпіліся ў яліну, пасыпалася кара. Ставер. [Асколак] прабіў халяву бота і ўпіўся да косткі. Федасеенка. Ніна басанож ступіла на абрывак калючага дроту. Калючкі на ўсю даўжыню ўпіліся ў нагу. Мележ. [Генадзь] ляжаў на мастку, унурыўшы галаву, і чакаў, што вось-вось увап’юцца воўчыя іклы ў цела. Сабаленка. // Усадзіць зубы, кіпцюры і пад. у што‑н. І тады і пасля.. [Шурка] не памятаў, як кінуўся на п’янага айчыма, як упіўся зубамі ў яго чорны, прамазучаны маслам і бензінам кулак. Васілевіч. Надзя з прагнасцю ўпілася зубамі ў сала і чэрствы, прапахлы кменам хлеб. Бураўкін. // перан. Утаропіцца (пра вочы, позірк). [Хлопец] стаяў па ўскрайку катка без канькоў, і чорныя жывыя вочы яго.. нібы ўпіліся ў Надзю. Хадкевіч. Глянуў туды і Андрэй, куды упіўся напружаны і павесялелы позірк байца. Кулакоўскі.

•••

Упіцца вачамі — пільна, уважліва глядзець на каго‑, што‑н.

упі́цца 2, уп’юся, уп’ешся, уп’ецца; уп’ёмся, уп’яцеся; зак.

1. Напіцца дап’яна. [Сваха:] — Мае галубочкі, да мяне і першую чарку пускалі, і другую, і... я ўжо ўпілася. Чорны.

2. перан. Атрымаць асалоду, зачаравацца чым‑н. Упіцца водарам. Упіцца музыкай. □ Сэрца Косці ўпілося такім нямым шчасцем, якога ён яшчэ ні разу не адчуваў. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ха́та, ‑ы, ДМ хаце, ж.

1. Жылая сялянская пабудова, зрубленая з бярвення. Дзе была адна пустыня — Елкі ды бярозкі. — Поле будзе, пушча згіне, Стануць хаты, вёскі. Купала. Прасторная хата-пяцісценка, хляўчук, пуня. Верхавінне гонкіх сосен гойдаецца над гонтавым дахам. Хадкевіч.

2. Унутраная частка такой жыллёвай пабудовы; жылое памяшканне. На гэты дзень і сама хата Была прыбрана зухавата: Памыты лавы, стол, падлога. Колас. У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Мележ. У печы патрэсквалі і стралялі на хату чырвонымі вугельчыкамі дровы. Адамчык. // Падлога (з дошак або глінабітная). А месяцы праз два так хата зарасла, Што і зайсці ў яе агідна стала. Корбан. Не хітруе і лісіца, Ёй таксама не ляжыцца: Як мятлой, хвастом пушыстым Падмятае хату чыста. Муравейка. Дзе багата гаспадыняў, там хата не мецена. Прыказка. // Птушынае гняздо. Ластаўка ўецца віхураю — Над хатаю новай клапоча. Чарот. Натрудзіць дзяцел сваю дзюбу, збудуе сабе хату, і не паспеў яшчэ ў ёй асталявацца, як, глядзіш, ужо і кватарант з’явіўся: рыжая белка ці сама.. драпежніца-сава. Якімовіч.

3. Асобны сялянскі двор, гаспадарка; асобная сям’я. Вёска на пяцьдзесят хат. □ Тады, у тую восень, і нарабілі зямлянкі пад Курачовымі Цянямі. Збіраліся хатамі — і рабілі. Пташнікаў.

4. У назвах некаторых сельскіх устаноў. Хата-чытальня. Хата-лабараторыя.

•••

Адбіцца ад хаты — не быць дома, не глядзець гаспадаркі.

Выносіць смецце з хаты гл. выносіць.

Мая хата з краю — мяне гэта не датычыцца; гэта не мая справа.

На ўсю хату — а) вельмі моцна плакаць, гаварыць, крычаць. [Агапа] моцна заплакала на ўсю хату. Мурашка; б) займаць многа месца.

Чужую хату пільнаваць гл. пільнаваць.

Чым хата багата — форма ветлівага запрашэння.

Як у сваёй хаце — тое, што і як дома (гл. дома).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хі́тры, ‑ая, ‑ае.

1. Вынаходлівы, умелы, дасціпны. — Ну і хітры ж мужык ты, Васіль Захаравіч. На тры аршыны пад сабою бачыш, — сказаў Розаў. Грахоўскі. Бульбу, хоць і скараспелку, капаць яшчэ ранавата было. Таму яе хітрыя гаспадыні нейкі час не капаюць, а «падкопваюць», гэта значыць выбіраюць пад карчамі большую, а малую пакідаюць, прысыпаючы зямлёю. Якімовіч. // Які дзейнічае скрытна, не яўна. Аленка бачыла Сцёпку. Стаяла ў хаце каля акна і бачыла, як Сцёпка прайшоў па вуліцы. Падумайце, якая хітрая! Стаілася каля акна і за Сцёпкам цікуе, а сама не паказваецца. Колас. / Пра жывёл, птушак. Часам я можа б і сам адважыўся пакінуць Паўла і павесці сваю кабылу ў гурт, але гэтаму перашкаджала тое, што мая стракатая была жывёлінай натурыстай і вельмі хітрай. Кулакоўскі. // Які выражае хітрасць. [Маці:] Па вачах пазнаю, вачэй не пераменіш. Вунь якія яны.. Калючыя ды хітрыя. Крапіва. [Камендант:] — А гаспадарыць хто? — Мы, — адказала настаўніца з хітрай усмешкай. Маўр. Голас [Сарокі] быў ліслівы, прытоена хітры. Мележ.

2. Разм. Які для дасягнення чаго‑н. ідзе не прамым, падманным шляхам. Хітры бандзюга, ён [Смілга] не хацеў ні паміраць, ні здавацца.. Ён не быў нават паранены, але ляжаў як нежывы. Ён думаў, што цяпер на яго ніхто не будзе звяртаць увагі, і пакуль ішла перастрэлка, яму ўдалося дакаціцца да ўсходцаў. Чарнышэвіч.

3. Разм. Зроблены з вялікім умельствам, выдумкай, сакрэтам. Выбірае замок для дзвярэй чалавек, Выбірае замок, ды такі, каб — навек! Самы моцны з усіх, самы хітры замок, Каб ключы падабраць аніхто ўжо не змог! Гілевіч. Пад хітрай цацкаю нахмурыў бровы, Каб здагадацца: што там за нутро? Гаўрусёў. А летам гасцінцы дзед носіць з лесу — то шапку суніц, то хітры кошык з бяросты. Лынькоў. // Які патрабуе асаблівай праніклівасці, кемлівасці. Не хітрая, урэшце, справа Адолець атам урана. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Тое, што і цягнуць (у 1, 2, 5, 6, 8, 10 і 13 знач.) з той розніцай, што цягаць абазначае шматразовае дзеянне, якое адбываецца ў розныя часы і ў розных напрамках. Самае страшнае — смерць Казачэнкі, начальніка штаба, які цягаў з сабой сумку з дакументамі. Навуменка. [Ілья:] — Сёння рыбка павінна здорава брацца. Толькі паспяваў цягаць. Васілёнак. Аліку, відаць, было весела, бо ён з захапленнем цягаў за вяровачку свой сіненькі грузавік. Арабей. Малое такое, што ні яго дома пакінуць, ні яго з сабою цягаць. Крапіва. Дарэмна здалёку Паўнюткія вёдры цягала [маці], Той камень у спёку Вадой і слязьмі палівала. Куляшоў. / у перан. ужыв. Цяпер і ён такі ж прапашчы, Ланцуг жыцця цягае ледзь. Жылка.

2. Красці. [Дзямід:] — Ліса яшчэ часам малых парасят цягае. В. Вольскі. — Прыкусі язык! — крыкнуў.. [Сяўрук] на Хвядосіху. — Ты думаеш, што як пры немцах тут усё валакла, цягала, дык і цяпер... Кулакоўскі.

3. Насіць доўгі час (адзенне). Тое, што маці берагла на свята, Дар’я пачала цягаць штодня. Паслядовіч. — Не пужайце вельмі, не баімся! — злавалася Каця [на брыгадзіра]. — Апошняе зімовае паліто на работу цягаю — ніхто не бачыць. Мыслівец.

4. Тузаць за што‑н. Абапёршыся плячом на сцяну, стаяла Каця, .. якую Рыгор не раз цягаў за косы. Ваданосаў. Віктар успомніў, як прыйшоў да іх Адам і пачаў цягаць Паўла за вушы. Гроднеў. Здаецца, зусім нядаўна ён [Міша] з іншымі малышамі цягаў ноччу за гэты дрот, адводзіў увагу гаспадара і сабакі ад таго месца, дзе іншыя хлопцы абіралі яблыкі. Карпюк.

5. Валачы па зямлі. Цягаць хустку па зямлі. □ Віцю, разведчыка, эсэсаўцы прывязалі да хваста каня і цягалі па бруку вуліц. Брыль.

•••

Ледзь ногі цягаць (цягнуць, валачы, перастаўляць) — а) з цяжкасцю ісці; б) пра старога, слабага чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)