папрыстава́ць, ‑стае; ‑стаём, ‑стаяце, ‑стаюць; зак.

1. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Прыстаць, прыліпнуць у многіх месцах. Да кары і сучкоў папрыставалі шматкі чорнай і рыжай поўсці. Сачанка.

2. Далучыцца да каго‑, чаго‑н. — пра ўсіх, многіх. Хлопцы папрыставалі да кампаніі. // Застацца дзе‑н. з якой‑н. мэтай — пра ўсіх, многіх. Браты папрыставалі па чужых вёсках у прымы. Місько.

3. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Прычаліць да берага — пра ўсё, многае або пра ўсіх, многіх. Караблі папрыставалі да прыстані.

4. Вельмі стаміцца, прыстаць — пра ўсіх, многіх. Папрыставалі коні ў дарозе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парэ́чкі, ‑чак; адз. парэчка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

1. Кустовая ягадная расліна сямейства агрэставых. У гародчыку буялі парэчкі і дзікая ружа з агрэстам. Пташнікаў. Грышка пераскочыў цераз плот у сад, пасля папоўз між кустоў парэчак і агрэсту аж у канец саду, дзе ўжо пачынаўся лес. Чарот. Ідуць радамі ў шапках шэрых Кусты парэчак і ажын. Глебка.

2. зб. Кіславата-салодкія ягады гэтай расліны чырвонага, жоўтага або чорнага колеру. Віно з парэчак. □ І я, задаволены гэткай сустрэчай, Успомніўшы Прыпяць і вёску сваю, Купіў на дарогу празрыстых парэчак ў жанчыны, падобнай на маці маю. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паце́рціся, патруся, патрэшся, патрэцца; патромся, патрацеся; пр. пацёрся, ‑церлася; заг. патрыся; зак.

1. Падушыцца, памяцца. Ягады пацерліся.

2. Знасіцца, выцерціся ў выніку доўгага ўжывання. [Макс] патрусіў калашыной сваіх старэнькіх штаноў, якія так пацерліся і знасіліся, што амаль прасвечваліся. Шамякін.

3. Разм. Пажыць, пабыць некаторы час дзе‑н., сярод каго‑н. Нягледзячы на свае маладыя гады, хлапец пацёрся ўжо каля людзей, шмат бачыў і добрага і благога. Гурскі. Гадоў пяць назад, дэмабілізаваўшыся з арміі, .. [Пётр] тыдняў з тры пацёрся ў вёсцы і раптам знік. Караткевіч.

4. Церціся некаторы час. Коні пацерліся пысамі аб .. [Кастусёвы] плечы. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перагаво́р, ‑у, м.

1. толькі мн. (перагаво́ры, ‑аў). Дзелавы абмен думкамі пры высвятленні якіх‑н. пытанняў, умоў і пад. Дыпламатычныя перагаворы. □ Пачынаючы з верасня 1920 г. Савецкая Расія вяла мірныя перагаворы з Польшчай. «Весці».

2. Разм. Размова. Дзе ж ты быў цэлы дзень? — запытала .. [Марта] мужа. — А табе цікава ведаць? — Вядома, што цікава! — Зося нібы не чула гэтых перагавораў: яна .. цішком сядзела на лаве, абапёршыся локцем на стол. Гартны. [Наганаў:] А ў мяне сёння на міжгародняй перагавор. Губарэвіч. // Кароткая спрэчка. [Кравец:] — Нешта перагавор з жонкаю быў? Жывучы, братачка, усяго бывае. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́гань, ‑і, ж.

Разм. пагард. Пра тое, што выклікае агіду; нешта паганае, непрыемнае. Вера злуе на сябе і спехам мяркуе, ці яшчэ не позна выгнаць яе, гэтую кулацкую погань. Зарэцкі. — Кажуць, — дадавалі другія, — што гэта не павадыр яго быў, а паўстанец, які ішоў пана нашага забіць — шкада, што не забіў гэту погань... Чарот. Ведаеш чалавека, здаецца, як не трэба лепш, і раптам ён такім зробіцца, што ніколі не падумаў бы. Усё роўна, як у тых страшных казках, дзе злы чараўнік ператварае чалавека ў жабу ці яшчэ якую погань... Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прапіса́ць, ‑пішу, ‑пішаш, ‑піша; зак.

1. каго. Афіцыйна зарэгістраваць факт пражывання каго‑н. дзе‑н. Прапісаць кватарантаў. □ Праўда, без даведкі ў горадзе не прапішуць, і на работу ўладкавацца цяжка, і на вучобу не паступіш. Савіцкі.

2. што і з інф. Выпісаць, назначыць (якое‑н. лякарства, лячэнне). Прапісаць лякарства. Прапісаць пасцельны рэжым хвораму.

3. што і без дап. Пісаць некаторы час. Прапісаць увесь дзень.

4. каго. Разм. Паведаміць у друку аб чыіх‑н. учынках, паводзінах і пад. [Праціеўскі:] Ну, а як ён цябе ў газету прапісаў?! Чорны.

•••

Прапісаць іжыцу каму — зрабіць строгае ўнушэнне, прачытаць натацыю, адлупцаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасціна́, ‑ы; мн. просціны, ‑цін; ж.

Прадмет пасцельнай бялізны — доўгі і шырокі кавалак тканіны, пераважна белай, які рассцілаецца на матрац або падкладваецца пад коўдру. Палатняная прасціна. □ Таццяна асцярожна несла дзіця, якое моўчкі прытулілася да яе і глядзела назад, дзе засталася яго маці. — На, загарні яго, — сказала адна жанчына і, выцягнуўшы з кошыка прасціну, падала яе Таццяне. Шамякін. Страшна было спаць .. на беленькіх, хатняй палатніны, таксама расшытых па краях просцінах. Караткевіч. На многіх сенніках былі ўжо засланы просціны, ляжалі падбітыя падушачкі, а самі гаспадыні прыхарошваліся. Пальчэўскі. // Доўгі і шырокі кавалак спецыяльнай тканіны, якім выціраюцца пасля купання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыве́ціць, ‑вечу, ‑веціш, ‑веціць; зак., каго-што.

Уст. Разм. Прыязна, ласкава сустрэць каго‑н., аднесціся да каго‑н. Людзі тут сустрэнуць і прывецяць, Бо не горш, як іншыя, жывуць. Аўрамчык. Бабулька шчыра перажывае, што сама ў гасцях, што не можа прывеціць .. незнаёмага чалавека. Сіпакоў. Я кажу: «Ты даўно на прыкмеце, Мая хата багата і маці прывеціць». Панчанка. // Даць прытулак каму‑н. Не заходзячы ў хату, Ты ведаеш добра наперад, Як цябе тут прывецяць. Кляўко. Цётка Хіма, здаецца, не ведала, дзе пасадзіць Галю з Вадзімкам, што ім даць есці, чым іх прывеціць. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыго́дны, ‑ая, ‑ае.

Такі, які падыходзіць для чаго‑н., які можа спатрэбіцца для чаго‑н.; здатны да чаго‑н. — А вы Васіль Майсеевіч не крыўдуйце. Вам знойдуць больш прыгодныя дзялянкі, і там, калі ласка, бушуйце хоць з атамнымі піламі. Паслядовіч. — На сівізну маю не глядзіце. Калі ў касцы не прыгодны, то косы кляпаць магу. Пальчэўскі. Была .. [група] малалікая, нявопытная, але прыгодная для выканання прасцейшых заданняў. Асіпенка. // Які прыносіць карысць; прыдатны да выкарыстання. Прыгодная зямля. Прыгодная глеба. □ Край наш бедны, край наш родны! Лес, балоты і пясок... Чуць дзе крыху луг прыгодны... Хвойнік, мох ды верасок. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прымасці́цца, ‑машчуся, ‑мосцішся, ‑мосціцца; зак.

Разм. Размясціцца, уладкавацца дзе‑н. (звычайна ў нязручным месцы). Дзве маладзейшыя выхавальніцы .. прымасціліся на адной табурэтцы ля цёплай грубкі і таксама аб нечым гаварылі, час ад часу паглядаючы на дырэктара. Нядзведскі. Побач з .. [Якубовічам] сядзелі Паходня і Зося Валынец, а далей каля агню прымасціліся — хто на карчы, хто на падасланым сене — Кузёмка Дзерах, чарнавусы Марцін. Хадкевіч. Госці ўжо сядзелі за сталом.. [Вара] прымасцілася на самым разу. Дуброўскі. / у вобразным ужыв. Па суседству з дубам, між кустоў чаромхі, прымасцілася сасонка. Пальчэўскі. Ля вежы прымасцілася невялічкая драўляная будыніна. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)