нахапа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Захапіць, схапіць многа чаго‑н. [Сынклета Лукічна:] — Не давай [коней]! Амелька будзе па начах сваю сядзібу апрацоўваць... Нахапаўся [зямлі] і на дачку і на сына... Шамякін.

2. перан. Неадабр. Павярхоўна, выпадкова засвоіць што‑н. Нахапацца новых слоў. □ За шмат гадоў работы Бялоцкі нахапаўся сяго-таго з сельскагаспадарчых ведаў. Але ж гэта былі абрыўкі, лахманы, адарваныя часам ад.. навукі. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыплы́сці і прыплы́ць, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. прыплыў, ‑плыла, ‑плыло; зак.

Плывучы, дасягнуць якога‑н. месца, прыбыць куды‑н. У тыю ж ноч, пад раніцу, прыплылі на лодцы са старым рыбаком дзедам Лаўрэнам Цімох Бураў і Алена Рыгораўна. Шамякін. Шмат год таму назад, калі яшчэ на месцы сённяшняй сталіцы Ісландыі было голае месца, першымі сюды прыплылі нарманы. Матрунёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суці́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад суцішыць.

2. у знач. прым. Які прыйшоў у стан спакою; супакоены. Суцішанае дзіця. // Стомлены працай. Маці была добрая, шмат працавала, увечары прыходзіла змораная і суцішаная. Быкаў.

3. у знач. прым. Прыцішаны, ціхі. У чайной суцішаны смех, шэпт. Васілевіч. // Аслаблены ў сваім праяўленні. Міша баяўся выпадковым словам развярэдзіць яе [Полі] свежы, яшчэ не суцішаны боль. Арочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

далёка, прысл.

1. На вялікай адлегласці ад чаго-н.

Школа знаходзіцца д.

2. у знач. вык. Пра значную адлегласць да каго-, чаго-н.

Д. пайсці (таксама перан.: дабіцца поспехаў у жыцці). Д. зайсці (таксама перан.: выйсці за межы дапушчальнага). Д. завесці (таксама перан.: мець сур’ёзныя вынікі). Далей у лес — больш дроў (прыказка). Да вёскі яшчэ д.

3. у знач. вык. Пра няскоры надыход чаго-н.

Да зімы д.

4. безас., у знач. вык. Шмат чаго не хапае ў параўнанні з кім-, чым-н.

Мне да цябе д.

Далёка хадзіць не трэба за чым (разм.) — лёгка прывесці прыклад, доказ для пацвярджэння чаго-н.

За прыкладамі далёка хадзіць не трэба.

Далёка не заедзеш чым або на чым (разм.) — многага не даб’ешся, не будзе толку.

На хлусні далёка не заедзеш.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Баб-. Аснова, ад якой, магчыма, утвораны назвы розных круглых і тоўстых прадметаў (гл. баба і бабка). Паходжанне асновы дакладна невядомае. Шмат якія даследчыкі лічаць, што bab‑ тая ж аснова, што і ў baba ’жанчына’, і ўжываецца метафарычна (’жанчына’ → ’круглы прадмет’). Параўн. асабліва Шулан, SSlav., 5, 153–165. Іншыя думаюць, што для абазначэння круглых прадметаў служыла асобай прасл. аснова bab‑ (|bob‑|bǫb‑). Гэту ідэю выказвае Попавіч, ЈФ, 19, 159–171 (параўн. яшчэ Мяркулава, Очерки, 36–37).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ві́льгаць ’сырасць, макрата; вада, вадкасць’ (БРС, КТС, Нас.; КЭС, лаг.; Мал., Бяльк., Шат., Касп.); ’адліга’ (Нас.). Укр. ві́льгість ’вільгаць, сырасць’. Лексема запазычана з польск. wilgoć ’тс’ (Шатэрнік, 46; Пальцаў, Лекс. і грам., 38; Цвяткоў, 60) ці дакладней са ст.-польск.: ст.-бел. вилкость (з XV ст.) ст.-польск. wilkość (Карскі, Труды, 310). У сучаснай бел. мове маецца вельмі шмат новаўтварэнняў з пачатковым вільгаць‑: вільгатнець, вільгацеабмен, вільгацеаддача, вільгацелюбівы, вільгацепадʼёмны, вільгаціць, вільгацеёмістасць, вільгацястойкі, вільгацяўстойлівы і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Заміна́ць ’перашкаджаць’. Рус. замина́ть ’перашкаджаць, прыпыняць’, укр. замина́ти (розмову) ’прыпыняць (размову)’, балг. замина̀вам ’ад’язджаць’, макед. замине ’ад’язджаць, мінаць’. Ст.-рус. заминати ’ўтойваць, перашкаджаць’ (XVII ст.). Параўн. рус. зами́нка ’затрымка’. Значэнне ’перашкаджаць’ у кораня, прадстаўленага ў дзеяслове мінаць ’праходзіць’ (гл.), вынікае пры спалучэнні з прэфіксам за‑, які мае шмат значэнняў, у тым ліку і значэнні прасторавага абмежавання (В. С. Ільїн. Префікси в сучасній українській мові, 1953, 87–94). Копечны, Zákl. zásoba, 206; Фасмер, 2, 624.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раскапу́сціцца ’празмерна шырока рассесціся’ (ТСБМ, Нас., Мат. Гом., Ян.), ’расшырыцца, заняць шмат месца’ (Варл.), ’разрасціся’ (Мат. Гом.), укр. роскапу́ститися ’тс’, рус. смол. раскапуститься ’тс’. Яшчэ Насовіч тлумачыў ’сесці шырока, падобна да капусты, што займае сваімі лістамі вялікую прастору на градзе’ (Нас.), гл. таксама Фасмер, 2, 188. Сюды ж раскапу́сціцца ’апусціцца, пасці духам’ (Касп.), відаць, пад уплывам раскі́снуць (гл.) або капу́ціцца ’канаць, здыхаць’ (Нас.), гл. капут. Параўн. рус. разм. і дыял. раскапу́ститься з падобнай семантыкай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Такве́ле ’столькі’ (гродз., ЛА, 5), такве́ля ’тс’ (карэліц., навагр., капыл., Жыв. сл., Скарбы, Сцяшк., Жд. 2, Сл. Брэс.; нясвіж., Жд. 2; стаўб., Нар. сл.), ’столькі (многа), так шмат’ (Сцяц. Сл.), ’ледзьве’ (клец., Жд. 1), такве́ля таго ’хай сабе’ (Марц.), такве́ля бяды́ ’такой бяды’ (узд., Мілк.). Штучны паланізм, утвораны на мясцовай глебе з так і веле (гл.) або на глебе “пальшчызны крэсовай” спалучэннем польск. tak і wiele з развіццём семантыкі: ’гэтак многа’ → ’столькі’. Параўн. такеля, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

поря́дочноI нареч. (много) даво́лі (-такі) шмат (мно́га); нішто́ сабе́; (значительно) зна́чна; (хорошо) даво́лі (-такі) до́бра; ла́дна; (достаточно) даво́лі, до́сыць;

ждать пришло́сь поря́дочно чака́ць давяло́ся даво́лі (-такі) до́ўга;

я поря́дочно уста́л я до́бра-такі стамі́ўся.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)