Разя́піць ’шырока адкрыць (дзверы)’ (Раст.): «Нашто гэта акно разяпілі?» (Полымя, 1970, 2, 134), сюды ж разе́па ’разява’ (Гарэц.), разя́па ’тс’ (Мат. Маг.). Апошняя форма скіроўвае ў бок зя́па ’рот, пашча’ (гл.), што выводзіцца з прасл. *zěpati ’пазяхаць, крычаць; цяжка дыхаць’ (Фасмер, 2, 94; БЕР, 1, 671). Аднак укр. роззя́пити ’адкрываць, раскрываць’, серб.-харв. razjápiti ’адкрыць рот’, чэш. дыял. rozjapiti, rozjapnouti ’хутка раскрыць (руку)’ даюць падставы для рэканструкцыі прасл. *orz‑zьjapiti, дзе *zьja‑p‑ звязана з ст.-слав. зьяти ’адкрываць рот, пазяхаць’ (Саднік-Айцэтмюлер, 1, 23). Немец (Этимология–1997–1999, 126) узводзіць чэш. дыял. rozjapati (ovoce) ’хутка разабраць’ да выклічніка (j)ap, паралельнага да chap, гл. хапаць. Інакш адносна ст.-чэш. japati, jápati ’назіраць; разумець’ і аднакарэнных Махэк₂, 216 (< *op‑), Трубачоў, ЭССЯ, 1, 71–72 (< *apati).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
уздрыгну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Здрыгануцца; задрыжаць. Стары ўздрыгнуў. Яму здалося, што запыталіся ўсе трое разам. Лупсякоў. Адкрыў [Мікола] вочы і ўвесь уздрыгнуў ад радасці — перад ім стаяла Маечка. Краўчанка. Бусел, які дагэтага стаяў нерухома, уздрыгнуў і хутка паклыпаў насустрач. Аляхновіч. / Пра часткі цела, голас і пад. Але голас .. [Фені] сцішэў і прыкметна ўздрыгнуў. Ракітны. У .. [выкладчыка] ўздрыгнуў левы край рота і левае вока, ён адышоўся і не прамовіў ні слова. Ермаловіч. Уздрыгнулі шырокія бровы, страпянуліся вейкі. Глебка. // перан. Затрымцець. Былі сярод прачытаных слоў і незразумелыя, але сэрца ўздрыгнула, нібы адчула важнасць таго, што даручыў .. [Мані] брат. Місько.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Тое, што і уздрыгнуцца (у 2 знач.). [Каця] ўключыла матор. Трактар уздрыгнуў і пачаў паволі рухацца. Чарнышэвіч. Шыбы ўздрыгнулі ціха і тонка. Арочка. Пракаціўся гром — аж зямля ўздрыгнула. Мыслівец. // Ускалыхнуцца, гайдануцца (пра агонь, полымя і пад.). Полымя на экране ўздрыгнула і патухла. Гамолка. Раз раніцой, калі ўсміхнулася сонца з-за лесу і дзед Панкрат выйшаў з хаты запрагаць сівага,.. — уздрыгнула нешта паветра, нібы хто кашлянуў чыгунным горлам дзесьці далёка-далёка. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кіру́нак, ‑нку, м.
1. Тое, што і напрамак (у 1 знач.). Самалёт Бурмакова ўзяў кірунак на поўнач. Шыцік. Тысячамі дарог і ў розных кірунках збягае вясною снегавая вада. Колас.
2. перан.; чаго або які. Шлях развіцця, накіраванасць якога‑н. дзеяння, з’явы і пад. Кірунак навуковай дзейнасці. Кірунак палітыкі. □ Загаварылі пра сям’ю, і гаворка адразу набыла іншы кірунак. Пальчэўскі.
3. Грамадская, навуковая, літаратурная і пад. плынь; школа, групоўка. Літаратурныя кірункі. □ Часцей матэрыялы пра творчасць Я. Купалы з’яўляліся ў друку левага кірунку. «Полымя».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
маза́іка, ‑і, ДМ ‑заіцы, ж.
1. Узор або малюнак з рознакаляровых кавалачкаў шкла, дрэва, мармуру і пад., шчыльна падагнаных адзін да аднаго. Высокія брамы [палаца] багата ўпрыгожаны мазаікай. В. Вольскі. // зб. Кавалачкі мармуру, дрэва, шкла і пад., якімі выкладваюць такія ўзоры. // перан. Пра сумесь разнародных элементаў. Уважлівыя адносіны да кожнага факта дазволілі даследчыку стварыць надзвычай багатую мазаіку культурнага і літаратурнага жыцця. «Полымя».
2. Майстэрства рабіць такія рысункі, узоры. Майстар мазаікі.
3. Вірусная хвароба раслін, якая характарызуецца з’яўленнем стракатых плям на лістах, пладах.
[Фр. mosáïque.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
павуча́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які можа навучыць чаму‑н., можа быць выкарыстаны як прыклад. Павучальны ўрок гісторыі. Павучальныя вынікі. □ Шмат яшчэ цікавага і павучальнага расказаў .. [стары] у гэты вечар. Ляўданскі. Жыццё Леніна — павучальны прыклад для моладзі. «Полымя».
2. Які ўтрымлівае ў сабе павучанне, мае характар павучання. Павучальная гутарка. □ Я. Купала пісаў і павучальныя байкі, у якіх высмейваў паасобныя недахопы, уласцівыя людзям. Казека. // Які бывае звычайна пры павучанні. Спакойны павучальны лад гаворкі Шкробата распякаў Насціну ганарыстасць. Мележ. Іван усміхаўся, адчуўшы павучальны тон сваіх слоў. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́лены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад паліць 1 (у 2 знач.).
2. у знач. прым. Абпалены. Паленая вапна. □ У даляглядзе пад яркім сонцам горы колеру паленай цэглы лезуць адна на адну. Бядуля.
3. у знач. прым. Які апаліўся, падгарэў. Запахла паленай збажыной, полымя абняла палову палёгка, пакідаючы чорныя прагаліны. Гурскі. Ад гарачыні з буракоў пацёк на цэглу сок, і ў хаце доўга пахла паленым цукрам. Пальчэўскі. / у знач. наз. па́ленае, ‑ага, н. Узляцеў фантан іскраў, засмярдзела паленым. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пра́гна, прысл.
З вялікай ахвотай, жаданнем. Чалавек прагна піў ваду, і з кожным глытком яе да яго нібы варочалася страчаная моц. Лынькоў. Павел, які сядзеў на канапе і прагна курыў, уздрыгнуў і баязліва паглядзеў на сястру. Шамякін. / у перан. ужыв. Языкі полымя прагна пачалі лізаць здабычу. Новікаў. // перан. З вялікай цікавасцю, інтарэсам; нецярпліва. Аленка прагна, але дарэмна ловіць словы — нічагутк[і] не чуваць. Колас. Як там, на далёкай чужыне, Так прагна ён вестак чакаў. Ад родных сваіх і ад сына. Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ра́курс, ‑у, м.
Кніжн.
1. Перспектыўнае скарачэнне формы прадмета, якое зменьвае яго звычайныя абрысы (пры назіранні зверху або знізу). // Перадача, адлюстраванне прадмета ў перспектыве з ілюзорным скарачэннем аддаленых ад пярэдняга плана частак. [Тадароўскі] смела шукае незвычайныя ракурсы, яго камера ўвесь час у руху, кампазіцыя кадра заўсёды цікавая. «Звязда».
2. Пункт погляду, з якога што‑н. разглядаецца; аспект. Падаць праблему ў розных ракурсах. □ Аўтара цікавіць вайна не толькі ў яе, як бы сказаць, батальным ракурсе — і гэта неабходна падкрэсліць як прынцыповы момант. «Полымя».
[Фр. raccourcir — скарачаць.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распаўсю́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.
1. Пашырыць сферу дзеяння на каго‑, што‑н. Маркс і Энгельс пераадолелі ідэалізм і метафізіку розных філасофскіх плыняў, злучылі матэрыялізм з дыялектыкай, распаўсюдзілі яго палажэнні на пазнанне грамадскіх працэсаў. «Звязда». Грамада распаўсюдзіла свой уплыў на тысячы беларускіх вёсак. «Полымя». // Перанесці, разнесці (заразу). // Зрабіць што‑н. вядомым, даступным многім. Распаўсюдзіць чутку. Распаўсюдзіць ілжывыя звесткі.
2. Раздаць, прадаць многім. Распаўсюдзіць латарэйныя білеты. □ Літаральна праз два тыдні пасля крывавых падзей 1905 года ў Пецярбургу таварыства распаўсюдзіла рэвалюцыйныя пракламацыі. «ЛіМ».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сентымента́льнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць, якасць сентыментальнага (у 2 знач.). Сентыментальнасць адносін. // Залішняя чуллівасць, сентыментальныя адносіны да каго‑, чаго‑н. [Яраш] ніколі не бачыў у яе праяў сентыментальнасці, [Маша] заўсёды была строгая і маласлоўная. Шамякін. [Канькоў:] — Тамарка, родная... — А вось гэта ўжо лішняя сентыментальнасць. Асіпенка. // звычайна мн. (сентымента́льнасці, ‑ей). Сентыментальныя ўчынкі; сентыментальныя выразы. Гаварыць сентыментальнасці. □ Уборачная? — угадвала Андрэева думкі Ніна. Андрэй усміхнуўся. — Не, Ніначка, не ўборачная... Так, сентыментальнасці. Лобан.
2. Асаблівасці, характэрныя для сентыменталізму як літаратурнага кірунку. П’еса «Машачка» [А. Афінагенава] не пазбаўлена рыс сентыментальнасці. «Полымя».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)