няго́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. звычайна мн. (няго́ды, няго́д і ‑аў). Няшчасце, ліхая гадзіна; непрыемнасці. Прамінуў час бяды і нягод, Каб ён больш не прыходзіў ніколі! Астрэйка. Як ні кажы: удваіх усё-такі лягчэй жыццёвыя нягоды пераадольваць, чым аднаму. Ігнаценка.

2. Дрэннае надвор’е; непагода. На дварэ нягода крыху супакоілася. Вецер сціх, толькі церушыўся дробны рэдзенькі дождж. Чарнышэвіч. Цёплаю парою, калі не было нягоды, Канстанцін Міхайлавіч сядзеў заўсёды.. [пад вязам]. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Вокладка з кардону, скуры і пад. для захоўвання папер, малюнкаў і пад. Галоўны інжынер уважліва праглядаў паперы ў папцы, што ляжала ў яго на каленях. Карпаў. Адзін з.. [харыстаў] — той, што выконваў абавязкі бібліятэкара, — застаўся збіраць папкі з нотамі. Мехаў. // Від партфеля (звычайна без ручак). Хадзіў.. [выкладчык] у капелюшы, заўсёды пры гальштуку, насіў з сабой не партфель,.. а жоўтую папку. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праслы́ць, ‑слыву, ‑слывеш, ‑слыве; ‑слывём, ‑слывяце; пр. праслыў, ‑слыла, ‑слыло; зак.

Разм. Заслужыць якую‑н. рэпутацыю, стаць вядомым у якасці каго‑, чаго‑н. Вось чаму і не хацеў верабей уступаць цяпер ластаўцы гнязда. Уступіць — азначала б паказаць не толькі сваю слабасць, але і праслыць на ўвесь вераб’іны род баязліўцам і хвальком. Пальчэўскі. Бляхару чамусьці вельмі хацелася праслыць рэвалюцыянерам, і ён нават дробязныя свае дзеянні заўсёды выстаўляў напаказ. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разарва́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад разарваць.

2. у знач. прым. Парваны, разадраны. Разарваны мех. □ — Толькі вось разлупіў... — Федзя павярнуўся да хлопцаў спінай, паказваючы разарваныя ніжэй пояса штаны. Ваданосаў. І цені белых вадзяных лілей на дне става былі, як заўсёды, чамусьці не круглыя, а нагадвалі разарваныя пальмавыя лісты. Караткевіч. // Пашкоджаны выбухам. Варожы танк нерухома застыў з разарванымі гусеніцамі. Гурскі.

3. у знач. прым. Адрывачны, пазбаўлены сувязі, цэласнасці. Разарваныя фразы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страж, ‑а, м.

1. Высок. Ахоўнік, абаронца. Армія — страж нашых граніц. / у вобразным ужыв. [Лес] спрадвеку стаіць, нібы нязменны і зоркі страж, вакол вёскі, дзе я нарадзіўся і вырас. Сачанка.

2. перан. Той, хто заўсёды на варце, за працай. — Будзем знаёмы: Волкаў Антон Пятровіч. Дык вы, малады чалавек, не паспелі на кватэру стаць, а ўжо адразу і за працу. Хаця, я вас разумею, вы, так сказаць, страж пяра... Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узаемаадно́сіны, ‑еш; адз. няма.

1. Адносіны, якія склаліся ў выніку ўзаемадзеяння тых ці іншых сіл, з’яў і пад. Узаемаадносіны філасофіі і прыродазнаўства. □ Папаўненне лексічнага саставу беларускай мовы ў XIX — пачатку ХХ стст. адбывалася ва ўмовах своеасаблівых узаемаадносін з іншымі мовамі. Гіст. лекс. бел. мовы.

2. Узаемныя адносіны паміж кім‑, чым‑н. Паміж выхаванцамі і настаўнікамі існавалі таварыскія ўзаемаадносіны. Сяргейчык. Праблема ўзаемаадносін народа і інтэлігенцыі заўсёды хвалявала Змітрака Бядулю. Каваленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

факты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да факта (у 1, 2 знач.); які адпавядае фактам; сапраўдны. Фактычных доказаў на Тварыцкага не было: у той час ён, як і заўсёды, быў дома, нікуды .. не адыходзіў. Чорны. Сустракаюцца ў кнізе і фактычныя памылкі і недакладнасці. Шкраба. // Які існуе ў наяўнасці, але не ўзаконены юрыдычна. Фактычныя шлюбныя адносіны. □ Цяжка ўразіла ўсіх вестка аб арышце Багуцкага, фактычнага кіраўніка ўсіх дыверсій на чыгунцы. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяля́тнік, ‑а, м.

1. Хлеў для цялят. Раптам у шырокіх дзвярах цялятніка з’явіліся дзве постаці. Колас. Даверлівыя тупыя пысы .. [цялят] заўсёды радавалі Алёну, калі яна заходзіла ў цялятнік. Ермаловіч.

2. Той, хто даглядае цялят. Вопытны цялятнік.

3. Разм. неадабр. Таварны вагон, прызначаны для перавозкі жывёлы; цяплушка. Доўгі эшалон цяплушачных цялятнікаў падпоўз да дзівоснага і нязграбнага зборышча чорных рыштункаў. Чорны. Ехалі дамоў у таварным вагоне-цялятніку. Эшалон доўга выстойваў на станцыях. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

што-не́будзь, чаго-небудзь і пад. (гл. што ​1), займ. неазначальны.

Які‑н. прадмет, з’ява і пад. з шэрага падобных або ўсё роўна які прадмет, з’ява і пад. [Лена] заўсёды што-небудзь прывозіла .. [Андрэю] з дарогі. Скрыган. І вось, бывала, калі ён [Цімошка] гнаў каровак на пашу, то Кустрэй .. кожны раз што-небудзь скажа яму. Колас. [Гаспадар:] «Але і я не без галавы. Што-небудзь і я кумекаю. Не лыкам шыты». Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

выпадко́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’явіўся, узнік выпадкова, нечакана; непрадугледжаны. Выпадковы спадарожнік. Выпадковы госць.

2. Які адбываецца ад выпадку да выпадку, не заўсёды. Выпадковыя наведванні. Выпадковыя заработкі.

3. Не агавораны пэўнымі правіламі, патрабаваннямі. Выпадковы рэпертуар. Выпадковыя назіранні. // Пра чалавека, які займае якое‑н. месца беспадстаўна.

4. Не абумоўлены непасрэднай прычынай. Выпадковы поспех.

5. Учынены без намеру. [Ягупла].. сказаў у прысутнасці прафесара лішняе і хацеў цяпер, каб словы ягоныя прафесар прыняў як выпадковыя. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)