заяві́ць, ‑яўлю, ‑явіш, ‑явіць; што, аб чым, пра што або са злучн. «што» і без дап.; зак.

Паведаміць, сказаць аб чым‑н. адкрыта, катэгарычна. Заявіць аб сваім намеры. □ Даведаўшыся ад Міхася, што ён .. збіраецца ў Адэсу, старая заявіла: — І я паеду з мужыкамі. Не кожны дзень такое бывае. Б. Стральцоў. — Трэба зразумець, хто намі кіруе і чаму, трэба голасна заявіць аб сваім праве і падтрымаць гэтае права сілаю. Колас. // Паведаміць у якія‑н. органы. Заявіць у міліцыю. □ Праз хвілін дзесяць .. [Міхал] быў ужо ў сельсавеце і заявіў, што бачыў каля рэчкі труп. Чорны. [У Зосі] зусім даспявае намер: «Усё роўна ж заяўлю. Скажу заўтра ў хаце, што пайду бацькі даведацца, а сама пайду і заяўлю». Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зво́нкі 1, ‑ая, ‑ае.

Гучны, гулкі; проціл. глухі. Звонкі крык. Звонкая песня. □ Звонкі голас пакаціўся па люстранай роўнядзі ракі і шматразовым рэхам адгукнуўся ў лесе. Шчарбатаў. // Здольны гулка, выразна гучаць. Звонкае шкло. □ А каля масткоў на чыгунцы стаяў вясёлы гоман звонкіх кропель, сцякаючых у ажыўшыя рачулкі і ручайкі. Колас. // Здольны гучна адбіваць гукі, даваць адгалоскі. Здароў, марозны звонкі вечар! Здароў, скрыпучы мяккі снег! Багдановіч. Паветра было, як шкло, празрыстае і звонкае. Шамякін. // Які ўтвараецца з удзелам голасу (пра гукі). Звонкі зычны.

•••

Звонкая манета гл. манета.

зво́нкі 2, ‑нак; адз. звонка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Картачная масць, якая абазначаецца чырвонымі ромбікамі. — Звонкі козыры, — здаў Паўлюк карты і абцёр пот са лба. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здушы́ць, здушу, здушыш, здушыць; зак., каго-што.

1. Абхапіўшы, з сілаю сціснуць. І не паспеў Сяргей зрабіць і аднаго руху, як на яго ззаду навалілася нейчае, як дуб, крэпкае цела, і жалезныя рукі, як абцугі, здушылі плечы. Колас. // Акружыўшы, абступіўшы з усіх бакоў, заціснуць. Здушылі ў натоўпе. □ Усё цела ў [Шуры] ныла. Мусіць, ад таго, што каля варот моцна здушылі. Арабей. // перан. Пазбавіць свабоды; заняволіць. О вы, што век цэлы адзеты і сыты, .. Вы рады б і песню здушыць, апляваць. Купала.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сціснуць (горла, грудзі), перашкодзіўшы дыханню. Спазмы здушылі Вялічкава горла. Чорны. // перан. Выклікаць пачуццё прыгнечанасці, душэўнага болю (у грудзях, сэрцы). Сум зноў балюча здушыў Машына сэрца. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

з’е́хацца, з’едуся, з’едзешся, з’едзецца; зак.

1. Сабрацца дзе‑н., прыехаўшы з розных месц (пра многіх, многае). — Я пачала ўжо не без трывогі чакаць, калі скончацца канікулы, з’едуцца настаўнікі і я прыйду ў школу. Шамякін. З’ехалася ўся радня, якая толькі была ў шляхецкай акрузе, і вырашыла, што Казімір павінен жаніцца. Пестрак.

2. Разм. Едучы, сустрэцца з кім‑н. дзе‑н. Хочацца пакінуць гэтыя цёмныя вазы, гэтых людзей, з якімі давялося.. разам з’ехацца, калі выязджалі з вёскі ў горад. Чорны. — Якраз з Алесем Садовічам на станцыі з’ехаліся і разам дадому ішлі, — як бы апраўдваўся Лабановіч за свой «парожні» выгляд. Колас.

3. Разм. Паспець ехаць разам з кім‑, чым‑н. На веласіпедзе з машынай цяжка з’ехацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́муж,

1. прысл. У выразах: пайсці (выйсці, зайсці) замуж за каго — стаць чыёй‑н. жонкай. [Марына] друга мілага знайшла І выйшла замуж за Данілу. Колас; пайсці (выйсці, зайсці) замуж куды — пажаніўшыся, пераехаць у тую мясцовасць, дзе жыве жаніх. — Жыве .. [бабка Мар’яна] ў суседнім сельсавеце, у Забалоцці: выйшла некалі туды замуж. Якімовіч; выдаць (аддаць) замуж за каго — зрабіць чыёй‑н. жонкай, садзейнічаць уступленню ў шлюб жанчыны. Са старою паняй жыла адзіная дачка, якую з-за ваеннага ліхалецця і нецікавага выгляду не ўдалося выдаць замуж. Брыль; браць (узяць) замуж — жаніцца з кім‑н.

2. у знач. наз. за́муж, ‑а, м. Замужжа, шлюб. І Марфа — не маленькая. Сам чуў — яна прыходзіла да Кляновіча і з яго жонкай гутарыла. Няўдалы замуж, гаворыць. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замяні́ць, ‑мяню, ‑меніш, ‑меніць; зак., каго-што.

1. кім-чым. Узяць, скарыстаць, паставіць узамен другога. Замяніць зношаныя дэталі новымі. □ Казанцаў замяніў сваю паласатую піжаму бездакорным светла-шэрым касцюмам. Васілевіч. // Падмяніць адно другім. Работу словам не заменіш. Прымаўка.

2. Заняць месца каго‑, чаго‑н., выконваючы яго абавязкі, ролю. З жалем зірнуў Андрэй на маці і зразумеў, што яна больш не работніца. Ён павінен замяніць яе, каб трымаць сям’ю. Чарнышэвіч. Панаса забралі як заложніка, каб дзед Талаш прыйшоў і замяніў сына. Колас.

3. З’явіцца на змену каму‑, чаму‑н. Сум заменіць песня. □ Я быў рад усяму, Што пісала яна, І адпісваў. Зіму замяніла вясна. Нядзведскі.

4. Выпадкова або наўмысна ўзяць чужую рэч замест сваёй; падмяніць. Замяніць кніжку. Замяніць галошы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запрэ́гчы, ‑прагу, ‑пражэш, ‑пражэ; ‑пражом, ‑пражаце, ‑прагуць; пр. запрог, ‑прагла і ‑прагла, ‑прагла і ‑прагло; заг. запражы; зак., каго-што.

1. Вупражжу злучыць (запражную жывёліну) з калёсамі, санямі і пад.; упрэгчы. На другі дзень на захадзе сонца запрог дзядзька Марцін чорнага коніка.., каб завезці пляменніка на станцыю. Колас. Загадаў пан запрэгчы тройку коней, сеў з фурманам і памчаўся даганяць мужыка. Якімовіч. / Пра калёсы, сані і пад. Зараз жа загадаў [пан] запрэгчы брычку і разам з аканомам паехаў у Сячанку... Чарот.

2. перан. Разм. Нагрузіць цяжкай работай, прымусіць многа працаваць. Запрэгчы ў работу. □ Маці нашай не заставалася нічога іншага, як запрэгчы ў гаспадарку мяне. Брыль.

•••

Запрэгчы ў аглоблі (у хамут) — узяўшы над сваю ўладу, прымусіць працаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́раз, прысл.

1. У сучасны момант, у гэты час, цяпер. Усе цяпер на копцы бульбы, Дораг зараз кожны дзень. Панчанка. Дзе раней быў мох, там зараз канюшыны стог. З нар. // Толькі што, зусім нядаўна. Расказаная зараз гісторыя. // У самым скорым часе, хутка (пра дзеянні, падзеі, якія маюць вось-вось адбыцца). Ціха, дзеці, калі ласка, Раскажу вам зараз казку. Муравейка.

2. (звычайна з часціцай «жа»). Неадкладна, у гэты ж момант. [Цімафею Міронавічу] закарцела тады як-небудзь паказаць .. сваю сілу, зараз жа, неадкладна праверыць дзейнасць яе на якім-небудзь аб’екце. Зарэцкі.

зара́з, прысл.

Адразу, за адзін раз, адначасова. Рабіць дзве работы зараз. □ Богут ветлівым паклонам Гасцей вітае дарагіх І раскрывае сваё лона, Каб прытуліць зараз дваіх. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засе́дзецца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца і засядзе́цца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

Разм. Затрымацца, доўга праседзець дзе‑н. Заседзеліся позна. Перад гаспадарамі паўстала праблема: дзе пакласці гасцей спаць? Корбан. Недзе блізка на суседскім двары раз-пораз маці клікала дачку, якая позна засядзелася, відаць, з хлопцам на прызбе. С. Александровіч. // перан. Доўга пражыць на адным месцы, прабыць у адным стане і пад. І ўсім гэтым неабсяжным прасторам зямель і лясоў валодае адзін старадаўні род польскага князя Радзівіла. Ці не занадта доўга заседзеўся ён у сваім нясвіжскім княжацкім гняздзе? Колас.

•••

Заседзецца ў дзеўках — не выйсці своечасова замуж. [Антаніна] была перастарак, даўно заседзелася ў дзеўках і хоць добры мела пасаг, ніхто не квапіўся на яе багацце. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паспрабава́ць, ‑бу́ю, ‑бу́еш, ‑бу́е; зак.

1. што, чаго і з інф. Тое, што і папрабаваць. Паспрабуйце на язык [соль], калі не верыце — прапанаваў шафёр. — Я не хлушу! Кулакоўскі. Шмат вёсак і гаспадароў абышоў Пракоп, але прыпынку ўсё не знаходзілася. Прыходзілася паспрабаваць і жабрацкага і батрацкага хлеба. Колас. [Толік] сеў у кабіну, каб паспрабаваць машыну самому, і завёў матор. Ракітны. Вечарам, прылёгшы на канапцы, Міця паспрабаваў чытаць. Навуменка. [Лях:] — Сёння і шчупак павінен браць. Можна будзе на жыўца паспрабаваць. Лобан.

2. заг. паспрабу́й(це). Разм. Ужываецца як пагроза або перасцярога. — Толькі паспрабуй даць згоду, тады і дадому не прыходзь! — папярэдзіла яна мужа. Паслядовіч. — Толькі рот паспрабуй раскрыць, не ўбачыш болей ты свету. Лынькоў.

•••

Паспрабаваць шчасця — пачаць якую‑н. справу з надзеяй на поспех.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)